Вы тут

Карэспандэнт «Звязды» паспрабавала сябе ў ролі ваеннага курсанта


Ваенная акадэмія — галоўная кузня армейскіх кадраў. Гэта 11 факультэтаў, 39 кафедраў, 35 спецыяльнасцяў, тысячы прафесійна падрыхтаваных афіцэраў. Лічбы ўражваюць. Але абітурыенту цікава іншае: што схавана за фасадам будынка, як пражываюць свой дзень курсанты, як выглядае іх дом на чатыры гады. Карэспандэнту ўдалося прыадкрыць заслону жыцця будучых афіцэраў і хоць часова, але пабыць курсантам Ваеннай акадэміі.


Каб цалкам пагрузіцца ў курсанцкія будні, я вырашыла не проста правесці дзень за партай у акадэміі, а ад світання да змяркання з курсантамі факультэта сувязі і аўтаматызаваных сістэм кіравання пражыць маленькае жыццё.

Паўгадзіны на зборы

Кожная раніца будучых афіцэраў пачынаецца з зарадкі. Пасля пад'ёму ёсць усяго некалькі хвілін, каб прачнуцца, хутка апрануцца і выйсці на пастраенне. Відовішча зачароўвае: з усіх бакоў сыходзяцца людзі. У прыцемках ліхтара можна разглядзець толькі сонныя сілуэты. Але літаральна праз дзесяць хвілін на тварах курсантаў ужо і ўсмешка, і чырвань. І ўсё роўна — на вуліцы плюс або мінус 20 — заняткі заўсёды пачынаюцца ў адзін і той жа час.

Праз сорак хвілін мы вяртаемся ў інтэрнат: прыняць душ, навесці парадак у пакоі — на ўсё гэта паўгадзіны. Праўда, дзяўчатам трэба крыху больш часу: прыгажосць, нават у сценах ваеннай ВНУ, ніхто не адмяняў. Дарэчы, першае, што павінен зрабіць курсант Ваеннай акадэміі, пераступіўшы парог навучальнай установы, — здаць мабільны тэлефон. Выкарыстоўваць мабільныя прыстасаванні можна толькі ў вольны час, а гэта або вечар, або выхадныя.

Перад тым як пайсці на сняданак — зноў пастраенне. Старшы афіцэр дасканала правярае вонкавы выгляд. На заметку будучым курсантам: калі вы не прызвычаіліся снедаць, то пасля фізкультуры і ранішніх працэдур вы будзеце абганяць усіх па дарозе да сталовай — абы хутчэй пакласці ў рот запаветную лыжку цёплай кашы. У ранішнім меню — аўсяная каша, варанае яйка, салодкі чай, батон і кавалачак сметанковага масла. Гэта вельмі смачна. Наступны прыём ежы — бліжэй да гадзіны дня, таму ў талерках нічога не застаецца.

Навучанне для інтэлектуалаў

На тэрыторыі акадэміі — дзясяткі будынкаў і пабудоў. У бясконцых калідорах аднаго толькі галоўнага корпуса можна заблукаць. Белыя калоны, на сценах — партрэты легендарных военачальнікаў. Той, хто пераступае парог КПП, усведамляе: тут рыхтуюць ваенную эліту, людзей, здольных абараніць сваю краіну.

Сучасны профіль навучання ў Ваеннай акадэміі ўлічвае прыярытэтныя напрамкі ваеннай справы: супрацьпаветраную абарону, авіяцыю, сілы спецыяльных аперацый, сувязь і аўтаматызаваныя сістэмы кіравання. Дарэчы, менавіта па апошняй спецыяльнасці я і буду праходзіць навучанне. Пасля першых двух заняткаў становіцца зразумела, наколькі няпроста гуманітарыю асвойваць гэтую спецыяльнасць. Любы кірунак патрабуе інтэлектуальнай падрыхтоўкі.

Працэс навучання ў акадэміі ўражвае. Дух захоплівае толькі ад таго, як тут вітаюць выкладчыка. Сучасныя навучальныя класы, дзе замест партаў — навінкі ўзбраення. Унікальны падыход да навучання: курсант імгненна асвойвае не толькі тэорыю, але і практыку. Каб азнаёміцца з узорамі тэхнікі для сувязі, не трэба выязджаць на палігон — яны ўстаноўлены адразу ж у аўдыторыях. Тут размешчаны і сапраўдныя радыёрэлейныя станцыі. Стаяць і апаратныя, з якіх курсанты факультэта сувязі вядуць кіраванне самімі станцыямі: атрымліваюць розныя каардынаты, наладжваюць кантакт з атрымальнікам. Чым жа яны адрозніваюцца ад тых, што знаходзяцца на палях? Толькі тым, што гэта стацыянарныя станцыі, а там — мабільныя. Да сярэдзіны дня ўдалося авалодаць тэрміналогіяй сувязістаў, і я ўжо лёгка тлумачыла аператарам, чым адрозніваюцца радыёрэлейныя станцыі ад трапасферных.

Насычаны дзянёк!

Дзень настолькі насычаны, што першы час без нататак не абысціся — усё трэба запісваць. Пара, яшчэ пара, практыка ў вайсковай часці. Што там далей? Агнявая, страявая, марш-кідок. Потым усё? Як не? Яшчэ пары?

Я паспяваю наведаць заняткі па агнявой падрыхтоўцы і асвяжыць навыкі стральбы з пісаталета Макарава. Пасля мы скідваем бронекамізэлькі і ляцім на пляц. Затым экіпіруемся і выходзім на старт. Наперадзе — марш-кідок на пяць кіламетраў. Для курсантаў гэта не мяжа: бегаюць яны і па 10, і па 30 кіламетраў. Я ўжо стамілася, а яшчэ толькі абед. Пасля невялікага перапынку пераапранаемся — і зноў на факультэт. Наперадзе яшчэ тры пары.

Завяршаецца дзень вячэрняй паверкай. Для курсантаў гэта штодзённасць, для мяне — цэлая падзея. Увесь факультэт строіцца на пляцы акадэміі. Курсавыя называюць прозвішчы: трэба пераканацца, ці ўсе на месцы.

Некаторым курсантам яшчэ няма і дваццаці гадоў, але яны ўжо добра разумеюць, што такое вернасць і абавязак. Многія з іх дагэтуль і цяжкасцяў не ведалі, а тут з годнасцю пераносяць усе нягоды і пазбаўленні. Усе з іх упэўненыя ў сваім выбары — стаць курсантамі галоўнай ваеннай ВНУ краіны.
А значыць, беларускімі афіцэрамі і прафесіяналамі ваеннай справы.

Ганна ЧЫЖ-ЛІТАШ

Фота з архіва аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Юная артыстка, якая арганічна падае сябе ў розных вобразах і жанрах. 

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.