Вы тут

Мінус бульба, плюс гіперінфляцыя. Куды рушыць Латвія?


У Латвіі адзін з найвышэйшых паказчыкаў сацыяльнай няроўнасці ў Еўрапейскім саюзе, піша neatkarіga.nra.lv. Цяпер чвэрць жыхароў Латвіі знаходзіцца на мяжы беднасці. Экс-міністр фінансаў Латвіі Дана Рэйзніецэ-Озала ў эфіры «Латвійскага радыё-4» распавяла, што краіна ўваходзіць у крызіс, які «адчуе на сабе кожная сям», піша lsm.lv. «Нават хатнія гаспадаркі з сярэднім узроўнем даходу, дзе людзі атрымліваюць дастаткова добры заробак, павінны будуць адмовіцца ад вельмі многага з таго, да чаго яны ўжо прывыклі», — выказала меркаванне экс-міністр. Яна адзначыла, што «якасць жыцця будзе падаць, таму што даходы не павышаюцца настолькі хутка, як цяпер растуць выдаткі». Латвія па-ранейшаму ў сумным топе Еўрасаюза па ўзроўні інфляцыі, якая ў кастрычніку тут склала 21,8 працэнта сярэднім па ЕС удвая менш — 10,7 працэнта). Пры гэтым рост цэн у прыбалтыйскай дзяржаве працягваецца — у параўнанні з вераснем яны павялічыліся на 0,9 працэнта. Жыхары краіны ў адчаі. Куды ж рушыць Латвія, чаго чакаць надалей?


Гародніна становіцца раскошай

У Латвію вяртаюцца напаўзабытыя часы таварнага дэфіцыту. Прыбалтыйскую краіну чакае недахват уласнай бульбы. Прычына — недахоп мінеральных угнаенняў, які ўзнік з-за санкцый, уведзеных супраць расійскіх і беларускіх вытворцаў. Таму ўгнаенні выкарыстоўвалі ў мінімальнай колькасці, што адбілася на якасці і аб'ёме ўраджаю. Гэта ўдарыла па ўсёй сельскай гаспадарцы краіны. Прадуктовыя магазіны ўжо чакаюць хуткага і заўважнага росту цэн на бульбу.

У той жа час плошча палеткаў пад дадзенай сяльгаскультурай няўхільна скарачаецца — з 27 тысяч гектараў у 2010 годзе да 7,5 тысячы гектараў сёлета. Па словах мясцовых экспертаў, скарачаюцца плошчы пасадак бульбы не толькі ў Латвіі, але і ў цэлым па Еўрасаюзе. «Ураджай клубневых сёлета значна горш ад папярэдняга», — паведаміла кіраўнік праўлення Саюза бульбаводаў Айга Краўкле. Паводле яе слоў, сабранай бульбы хопіць толькі на насенне. Эксперт прадказвае, што, «хутчэй за ўсё, буйныя гаспадаркі скончаць гэты год без прыбытку, паколькі выдаткі значна выраслі». У сваю чаргу, кіраўнік Сялянскага сейма Юрыс Лаздзіньш лічыць, што міністр земляробства Каспарс Герхардс не павінен займаць пасаду ў новым урадзе, паколькі «ён не правёў ніякіх рэформаў, нават тых, што прапаноўвалі мы самі».

Мясцовыя памідоры і агуркі таксама стануць раскошай, паведаміў партал bb.lv. Ужо цяпер вядома, што пабудаваныя ў 1980-х гадах цяпліцы плошчай каля чатырох гектараў у Марупе будуць ліквідаваны, бо іх эксплуатацыя больш не выгадная. Старшыня праўлення таварыства Latvіjas Darznіeks Яніс Берзіньш расказаў, што раней гародніна спела ў цяпліцах да сярэдзіны ці канца кастрычніка, а сёлета частка работ была спынена ўжо ў верасні. Прычына — імклівы рост цэн на энерганосьбіты. Тыя кампаніі, якія вырабляюць уласную электрычнасць і цяпло для патрэб цяпліц, працягнуць работу, а іншыя ўжо разглядаюць пытанне аб тым, ці не варта наогул адмовіцца ад такой справы, адзначыў Яніс Берзіньш.

Для спажыўцоў жа гэтая навіна азначае, што мясцовых агуркоў і памідораў зімой будзе значна менш, а іх кошт адчувальна ўзрасце. Ужо ў сярэдзіне верасня праўленне Latvіjas Darznіeks праінфармавала Міністэрства земляробства і Савет па супрацоўніцтве фермерскіх арганізацый аб крытычнай сітуацыі ў галіне. «З-за падаражання сродкаў вытворчасці, асабліва энергарэсурсаў, складана вырабляць прадукцыю па канкурэнтных рыначных цэнах, асабліва ў закрытых памяшканнях. Апошняе пагаршаецца паступленнем у гандаль таннай агародніны, як правіла, з краін, у якіх добра падтрымліваецца вытворчасць», — адзначаецца ў лісце, падпісаным старшынём праўлення таварыства Янісам Берзіньшам.

Няма даверу

Латвійская газета Dіena піша, што ў найбліжэйшыя месяцы, калі большую частку штодзённага даходу давядзецца накіроўваць на аплату камунальных паслуг, жыхарам краіны прыйдзецца стаць яшчэ больш асцярожнымі ў выдатках і на ўсім эканоміць. «Інфляцыя вымушае нас выдаткоўваць больш, але пры гэтым мы набываем менш тавараў і паслуг. Плацяжы па банкаўскіх картках паказваюць, што выдаткі хатніх гаспадарак з папраўкай на інфляцыю ў апошнія месяцы маюць тэндэнцыю да зніжэння. Даныя аб рознічных продажах сведчаць аб тым жа», — распавяла выконваючая абавязкі галоўнага эканаміста латвійскага філіяла банка Swedbank Агнесэ Буцэніецэ.

85 працэнтаў жыхароў Латвіі вельмі занепакоеныя ростам цэн на прадукты харчавання, сведчаць даныя апытання, праведзенага даследчай кампаніяй Kantar. У параўнанні з летам бягучага года ўзровень занепакоенасці павялічыўся на шэсць працэнтных пунктаў. У той жа час 82 працэнты жыхароў Латвіі занепакоеныя чаканым ростам цэн на камунальныя паслугі. Рост кошту нафты, газу і паліва гэтай восенню трывожыць 77 працэнтаў насельніцтва, таксама столькі ж жыхароў занепакоеныя агульным узроўнем інфляцыі ў краіне.

Большая частка насельніцтва чакае дзеянняў па рашэнні надзённых праблем ад палітыкаў і дзяржорганаў, асабліва ў адносінах да эфектыўнага кіравання дзяржавай (87 працэнтаў) і развіцця эканомікі краіны (86 працэнтаў). У кантэксце росту цэн на камунальныя паслугі (84 працэнты) і высокай інфляцыі (83 працэнты) людзі таксама чакаюць дзеянняў ад палітыкаў і дзяржаўных органаў. Апытанне паказала, што 72 працэнты апытаных чакаюць ад палітыкаў і ўрада вырашэння праблемы росту цэн на прадукты харчавання.

Латвійскае грамадства давярае ўраду менш, чым у сярэднім па краінах Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (АЭСР), заявіла палітычны аналітык Дырэктарата публічнага ўпраўлення АЭСР Мар'яна Пратс. Кабміну давярае толькі чвэрць жыхароў Латвіі.

Толькі 25 працэнтаў латвійскага грамадства пераканана, што ўрад гатовы рэагаваць на будучыя пандэміі, што нашмат ніжэй за сярэдні паказчык па АЭСР (49 працэнтаў).

Старшыня праўлення Латвійскага саюза бізнесу Эдуард Філіпаў заявіў, што неабходна паляпшаць супрацоўніцтва паміж прадпрымальнікамі і дзяржаўным кіраваннем, а таксама ўмацоўваць узаемны давер. Па словах прадстаўніка Латвійскай гандлёва-прамысловай палаты Яніса Ліелпетэрыса, ёсць адчуванне, што нізкія паказчыкі даверу палітыкам не матывуюць іх гэты давер павышаць.

Радыкальныя рашэнні

Вялікія рахункі за ацяпленне і электраэнергію вымушаюць жыхароў Латвіі абдумваць радыкальныя рашэнні адносна свайго месца жыхарства. Прыкладна пятая частка ўсіх латвійцаў плануе змяніць жыллё і пераехаць у месца, дзе плацяць менш. У тым ліку 11 працэнтаў жыхароў Латвіі разглядаюць магчымасць пераезду ў іншую краіну, піша mіxnews.lv.

Як сведчаць даныя апытання даследчага цэнтра Norstat Latvіja, праведзенага па заказе Bіgbank Latvіja, 74 працэнты апытаных настроеныя перажыць энергарэсурсны крызіс у сябе дома і ўстрымацца ад кардынальных змен. У сваю чаргу, 21 працэнт рэспандэнтаў дапускае магчымасць зніжэння затрат за кошт змены месца жыхарства. 11 працэнтаў латвійцаў увогуле разглядаюць магчымасць пераезду за мяжу — у асноўным гэта моладзь, а таксама сем'і з непаўналетнімі дзецьмі.

Ва ўзроставай групе ад 18 да 29 гадоў 15 працэнтаў апытаных плануюць правесці зіму ў больш цёплым і танным месцы. Аналагічнае рашэнне разглядае 23 працэнты ўсіх апытаных сем'яў з трыма дзецьмі, 13 працэнтаў з двума дзецьмі і 16 працэнтаў з адным дзіцем.

Апытанне паказала, што больш за ўсё ўзнятыя рахункі палохаюць рыжан. Са сталіцы выехаць за мяжу вырашыла 13 працэнтаў рэспандэнтаў, а з сельскай мясцовасці — 7 працэнтаў. Акрамя таго, яшчэ 6 працэнтаў гараджан не выключае магчымасці з'ехаць жыць у сельскую мясцовасць — спадзеючыся, што там атрымаецца скараціць выдаткі. У асноўным гэтым хочуць займацца маладыя людзі — ва ўзроставай групе ад 18 да 29 гадоў дзясятая частка апытаных плануе рухацца менавіта ў такім напрамку. Пры гэтым толькі 1 працэнт усіх апытаных хоча тым часам з'ехаць з вёскі ў горад.

Таксама даследаванне паказвае, што тры працэнты жыхароў Латвіі вырашылі правесці поўную рэканструкцыю свайго жылля, каб прадухіліць страты цяпла і тым самым паменшыць рахункі за ацяпленне. Яшчэ тры працэнты людзей вырашылі пачаць будаўніцтва новага энергаэфектыўнага дома, каб у найбліжэйшыя дзесяцігоддзі значна менш турбавацца аб ваганнях цэн на энергарэсурсы.

Пад трыма коўдрамі

Апасенні людзей небеспадстаўныя. Так, стала вядома, што ў бальніцы Ліепаі (якая абслугоўвае не толькі гэты горад, але і ўвесь заходні рэгіён Латвіі) так холадна, што хворыя накрываюцца адразу трыма коўдрамі, піша партал bb.lv. Прадстаўнік медустановы Індра Грасэ пацвердзіла газеце Kurzemes Vards, што ў шпіталі можа быць халаднавата. Яна ад імя ўстановы прынесла прабачэнні жыхарам.

Нядзіўна, што ў Латвіі попыт на каміны і печы на дровах узрос больш чым на 100 працэнтаў. Пакупнікам давядзецца чакаць выбраны тавар некалькі месяцаў. Пра гэта распавёў кіраўнік ТАА Baltіcpropertіes Group Latvіa Томс Дынвіеціс, паведаміла jauns.lv. Паводле яго слоў, на рынку энергарэсурсаў склалася вельмі нестабільная і непрадказальная сітуацыя. Вытворцы печаў і камінаў перагружаныя заказамі і часта сутыкаюцца з недахопам сыравіны. «Я працую ў галіне больш за 20 гадоў, і раней было запланаванае павышэнне цэн на тры-чатыры працэнты ў год, але цяпер два гады запар я сутыкаюся з шасцю ці сямю незапланаванымі павышэннямі цэн ад маіх вытворцаў», — распавёў Дынвіеціс. У сваю чаргу, у кампаніі SІA «CSS» пацвердзілі, што пакупнікам давядзецца чакаць печы і каміны даўжэй за 3,5 месяца. Попыт на іх прадукцыю павялічыўся на 40—70 працэнтаў.

У Рызе прапанова серыйных кватэр з пачатку года ўзрасла амаль удвая. Асабліва павялічылася адпаведная прапанова ў трэцім квартале гэтага года, паведамілі агенцтву Leta ў банку Lumіnor.

Як заявіў кіраўнік аддзела жыллёвага крэдытавання Lumіnor Bank Каспар Саўсайс, «з набліжэннем зімовага сезона колькасць кватэр, выстаўленых на продаж у серыйных дамах савецкай пабудовы, павялічваецца». Паводле яго слоў, за апошнія два кварталы больш за ўсё ўзрасла прапанова чатырохпакаёвых і трохпакаёвых кватэр. Саўсайс дапускае, што «людзі спрабуюць змяніць сваё жыллё на меншае або прадаць другую нерухомасць, якая да гэтага часу прызначалася для здачы ў арэнду ці не была заселеная, перш чым атрымліваць астранамічныя рахункі за ацяпленне».

Перспектывы — несуцяшальныя. Эканаміст SEB Bank Дайніс Гашпуйціс адзначыў, што эканоміка сышла ў глыбокі мінус, паведаміў bb.lv. Гэта адбылося з-за таго, што крызіс і нявызначанасць пачалі распаўсюджвацца на розныя галіны. Як перакананы Дайніс Гашпуйціс, у канцы года паніжэнне актыўнасці можа быць яшчэ больш выразным. З ім згодныя і міжнародныя эксперты. Стала вядома, што Міжнародны валютны фонд абваліў прагноз росту ВУП Латвіі на наступны год. У сваім апошнім аглядзе сусветнай эканомікі МВФ прагназуе, што эканоміка гэтай прыбалтыйскай краіны ўзрасце на 2,5 працэнта сёлета і толькі на 1,6 працэнта налета.

«Адзіны шанц разбагацець — гэта стваральная эканоміка», — падкрэсліў у эфіры TV24 прадпрымальнік, член праўлення Latvіjas Formula 2050 Гіртс Рунгайніс. Латвія, на яго думку, выглядае нават сярод краін Балтыі горш за ўсіх. На жаль, латвійскія ўлады вельмі далёкія як ад надзённых патрэб простых людзей, так і ад стваральнай эканомікі. Адсюль і вынікі.

Пётр ДУНЬКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

Што губляюць работнік і дзяржава?

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.