Вы тут

«Эпоха Данілюк». Два дзесяцігоддзі спявачкі ў Вялікім тэатры


У сваіх дзённіках Святлана Данілюк пісала: «Які Мінск прыгожы горад. Як радасна сюды вяртацца!» Па нацыянальнасці ўкраінка, яна прынесла сваім голасам славу Вялікаму тэатру Беларусі і заўсёды была верная нашай краіне, куды б ні прывялі яе сцежкі жыцця.


Святлана Данілюк.

Святлана Піліпаўна нарадзілася 25 верасня 1939 года ў Кіеве. Падчас Вялікай Айчыннай вайны бацька, Піліп Данілюк, быў мабілізаваны і дадому ўжо не вярнуўся. Святлану выхоўвала маці. 

Адвучылася ў сямігодцы, паступіла ў Кіеўскі кінатэхнікум на аддзяленне абсталявання і эксплуатацыі кінаўстановак, дзе была самай актыўнай удзельніцай самадзейнай студыі. Па ўспамінах опернай спявачкі, выбрала гэтую навучальную ўстанову, таму што ў назве было слова «кіно». 

У 1963 годзе Святлана Данілюк скончыла Кіеўскую кансерваторыю па класе спеваў пад кіраўніцтвам вядомай савецкай і ўкраінскай опернай спявачкі Зоі Міхайлаўны Гайдай, якая адзначала прыродныя здольнасці дзяўчыны. Вядомы педагог мела складанасці з вызначэннем дыяпазону голасу — выбар стаяў паміж сапрана і мецца-сапрана. 

Пасля заканчэння кансерваторыі артыстка не пайшла працаваць у Акадэмічны тэатр оперы і балета УССР у Кіеве, а па запрашэнні дырыжора Барыса Афанасьева стала салісткай Пермскага акадэмічнага тэатра оперы і балета імя П. І. Чайкоўскага. 

Падчас працы ў Пермі ў 1965 годзе была ўдастоена другой прэміі на ІІІ Усесаюзным конкурсе вакалістаў імя Глінкі ў Маскве. 

Упершыню ў Беларусь Святлана Данілюк прыехала восенню 1965 года. Па запрашэнні вядомай спявачкі Ларысы Александроўскай салістка Пермскага тэатра дэбютавала ў Мінску. На сцэне Беларускага тэатра оперы і балета артыстка выканала партыю Кармэн у оперы Ж. Бізэ. Высокая, станістая, з непаўторнай знешнасцю, яна пакарыла гледачоў сваім унікальным голасам. 

Пераезд у сталіцу БССР тады так і не адбыўся. Неабходна было дачакацца сканчэння трохгадовага тэрміну — размеркавання. Толькі праз год Святлана Данілюк атрымала дазвол перайсці ў мінскую оперную трупу, дзе пазней стане сапраўднай зоркай оперы. 

«Эпоха Святланы Данілюк» — так назвала народная артыстка Беларусі Наталля Гайда перыяд працы спявачкі ў Беларускім тэатры оперы і балета. 

Гэтая эпоха распачалася ў 1966 годзе і цягнулася два дзесяцігоддзі. Святлана Данілюк выступала практычна ва ўсіх вядучых партыях мецца-сапранавага рэпертуару: Кармэн (Кармэн" Ж. Бізэ), Амнерыс, Азучэны, Эбалі («Аіда», «Трубадур», «Дон Карлас» Дж. Вердзі), Разіны («Севільскі цырульнік» Дж. Расіні), Сантуцы («Сельскі гонар» П. Масканьі), Артруды («Лоэнгрын» Р. Вагнера), Любашы («Царская нявеста» Н. Рымскага-Корсакава), Марыны Мнішак, Марфы («Барыс Гадуноў», «Хаваншчына» М. Мусаргскага), Канчакоўны («Князь Ігар» А. Барадзіна). 

У нацыянальным рэпертуары яна стварыла цудоўныя па сваёй глыбіні вобразы Алесі («Алеся» Я. Цікоцкага), Веранікі («Зорка Венера» Ю. Семянякі), Любкі («Сівая легенда» Д. Смольскага). 

«Мае ролі — мае спадарожнікі, мае сябры, мае любімыя. Усё творчае жыццё яны са мной. І не толькі я ўплывала на іх, ствараючы на сцэне і афарбоўваючы фарбамі сваёй душы, але і яны ўсё жыццё ўплывалі на мяне — якія больш, а якія менш. Гэта выкананыя мною Кармэн, Любаша, Амнерыс і Эбалі. Усе гэтыя трагічныя гераіні шмат прыўнеслі ў мой унутраны свет і, безумоўна, пакінулі след у маёй душы!» — не хавала пачуццяў Святлана Данілюк. 

Таленавітая артыстка шмат гастралявала па СССР. Голас беларускай дзівы прагучаў у Кіеве, Пярмі, Рызе, Ерэване і ў спектаклях маскоўскага Вялікага тэатра СССР. Запрашэнні прыходзілі і ад замежных оперных тэатраў (Балгарыя, Венгрыя, Польшча, Францыя). У Маскве запісала тры дыскі-гіганты на фірме «Мелодыя». 

Кадр з фільма «Святлана Данілюк». Фота з архіва Вялікага тэатра Беларусі.

Дзякуючы сваім надзвычайным здольнасцям, артыстызму і яскраваму вобразу ў 1972–1973 гадах спявачка была запрошана на стажыроўку ў самы прэстыжны тэатр свету «Ла Скала». У Мілане беларуская прыма асвойвала ўсю глыбіню опернага мастацтва пад кіраўніцтвам Маргарыты Кароза, адной з найвядомейшых оперных спявачак свайго часу. 

У дзённікавых запісах Святлана Данілюк занатавала: «Тое, што адштурхоўвала ў тэатры бутафорскай штучнасцю, у Мілане прыцягвала натуральнасцю. Нібыта я апыну¬лася сярод герояў, лёс якіх столькі разоў пражывала на сцэне. Тут хочацца спяваць». 

Казачная вандроўка ў сэрца сусветнай оперы пакінула след у душы спявачкі. Новы досвед, знаёмствы і музыка падаравалі новы імпульс творчасці дзівы. Вярнуўшыся ў Мінск, прыма раскрыла новыя грані свайго таленту перад публікай. 

Яскравая і непахісная, артыстка была нонканфармісткай і заўсёды абірала сваю дарогу. У сярэдзіне 1980-х гэта прывяло да канфлікту з тэатральным кіраўніцтвам. Праз рэзкую нязгоду з рэпертуарнай і пастановачнай палітыкай Беларускага тэатра оперы і балета Святлана Данілюк прыняла рашэнне пакінуць сцену, на якой яе голас гучаў 20 гадоў. 

У 1986 годзе перайшла ў Беларускую дзяржаўную філармонію, дзе і працавала да апошніх дзён салісткай. 

Разнастайны канцэртны рэпертуар Святланы Данілюк уключаў творы рускіх, беларускіх, украінскіх, заходнееўрапейскіх кампазітараў, рамансы, якія яна вельмі любіла і сваім выкананнем ператварала ў сапраўдны монаспектакль. 

Выступала з камернымі праграмамі, выконвала альтовыя партыі ў буйных вакальна-сімфанічных творах («Страсці па Мацвею» І. С. Баха, 9-я сімфонія Л. Бетховена, Рэквіем Дж. Вердзі, «Stabat Mater» Дж. Пергалезі, «Аляксандр Неўскі» С. С. Пракоф’ева і інш.). 

Беларуская публіка заўсёды прыязна сустракала спявачку. Усенародная любоў адлюстроўвалася і ва ўзнагародах, якія атрымала Святлана Данілюк. Так, усяго праз два гады пасля пераезду ў Мінск, у 1968 годзе, ёй было прысвоена званне заслужанай артысткі Беларускай ССР. Яшчэ праз тры гады, у 1971-м, салістка Беларускага тэатра оперы і балета стала народнай артысткай Беларускай ССР. 

У 1977 годзе спявачка атрымала званне, аб якім марыла яшчэ падчас вучобы ў Кіеўскай кансерваторыі, — «Народная артыстка СССР». За асабісты ўклад у развіццё беларускай оперы і шматгадовую плённую працу ў 1999 годзе Святлана Данілюк узнагароджана медалём Францыска Скарыны. 

У 2022 годзе Вялікі тэатр Беларусі ўшанаваў памяць вядомай спявачкі дзякуючы салістцы тэатра Аксане Волкавай і сыну опернай дзівы Максіму Федасееву. 

«PRIMA DONNA» — праект заслужанай артысткі Беларусі Аксаны Волкавай з цыкла «Зоркі Вялікага тэатра Беларусі», прысвечаны ўшанаванню памяці Святланы Данілюк. Нехарактэрны для опернага тэатра фармат быў прадстаўлены публіцы 28 кастрычніка. 

У першай частцы вечара гледачы мелі магчымасць убачаць дакументальны фільм «Святлана Данілюк», створаны ў 2021 годзе на студыі «Летапіс» Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм». Багаты на перыпетыі творчы і жыццёвы лёс Святланы Данілюк паўстаў у стужцы ў самых розных ракурсах, якія часта змяняюцца: як пры яркім святле тэатральных пражэктараў і сафітаў, так і пры камерным, амаль інтым¬ным асвятленні схаванага ад усіх свету яе думак і пачуццяў. 

І на сцэне, і ў жыцці Святлане Данілюк выпадаў шанц сыграць мноства самых розных роляў: ад «каралевы» да «простай настаўніцы». У фільме здымаліся зорка сусветнай опернай сцэны Марыя Гулегіна, народныя артысты СССР Тамара Сіняўская і Уладзіслаў П’яўко, народныя артысты Беларусі Аляксандр Анісімаў, Ніна Ламановіч, Наталля Гайда, Наталля Руднева, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Маргарыта Ізворска-Елізар’ева і іншыя. Аповед вядзецца ад імя сына спявачкі і адначасова рэжысёра Максіма Федасеева. 

Выстаўка ў Вялікім тэатры. Фота Яны Цэглы.

Святлана Данілюк і Віктар Федасееў пазнаёміліся ў Кіеве напярэдадні яе пераезду ў Перм. Толькі ў Мінску маладыя людзі змаглі пабрацца шлюбам. У сталіцы Беларусі і нарадзіўся сын спявачкі. 

У другім аддзяленні на сцэну тэатра выйшлі зоркі Беларускай оперы: Анастасія Масквіна, Аксана Волкава, Марыя Галкіна, Таццяна Гаўрылава, Марына Ліхашэрст, Уладзімір Громаў, Станіслаў Трыфанаў, Андрэй Валенцій, Дзмітрый Шабеця, Аляксандр Міхнюк. Спевакі выконвалі рамансы П. Чайкоўскага і С. Рахманінава. За раялем была ўладальніца медаля Францыска Скарыны Юлія Шчарбакова. 

У фае тэатра працягвае работу выстаўка, прысвечаная памяці Святланы Данілюк, дзе можна ўбачыць фатаграфіі спявачкі і касцюмы да знакавых спектакляў опернай дзівы. 

Уладальніца прыгожага моцнага голасу, непаўторнай яскравай знешнасці, Святлана Данілюк стала легендай беларускай оперы і заняла сваё пачэснае месца ў пантэоне славутых артыстаў Беларусі. 

Яна ЦЭГЛА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.