Вы тут

Крывашэеў: Мінчане давяраюць нашаму газетнаму і медыйнаму брэнду


Сімвалічна, што гэтае папулярнае сёння выданне з'явілася акурат у той год, калі беларусы святкавалі 900-годдзе Мінска. Зрабіўшы сабе такі падарунак да прыгожай даты, гарадскія ўлады наладзілі больш якасную і аператыўную сувязь з народам. А яшчэ «Вечерний Минск» стала летапісам гарадскога жыцця — дзякуючы газетным падшыўкам, можна падрабязна вывучаць гісторыю развіцця беларускай сталіцы.


Сёння перыядычнае выданне з'яўляецца адным з найбольш уплывовых медыя інфармацыйнага агенцтва «Мінск-Навіны». Як развіваецца «Вечерний Минск», у чым перавагі гарадской прэсы і якія тэндэнцыі сучаснай журналістыкі варта выкарыстоўваць у выдавецкай дзейнасці, расказаў генеральны дырэктар інфармацыйнага агенцтва «Мінск-Навіны», старшыня Беларускага саюза журналістаў Андрэй Крывашэеў.

— Андрэй Яўгенавіч, як мінчане ўспрынялі выхад газеты «Вечерний Минск» у лістападзе 1967 года і наколькі яна была неабходная менавіта ў той гістарычны перыяд?

— «Вечерний Минск» адразу стала галоўнай народнай гарадской газетай і была вельмі запатрабаваная. Акрамя найважнейшай грамадска-палітычнай інфармацыі, якая ў ёй друкавалася, — маштабныя выступленні, падрыхтоўка да з'ездаў кампартыі Савецкага Саюза, ключавыя даклады, якія на іх гучалі, кіраўнічыя рашэнні мінскіх уладаў — з першага ж нумара з'явілася зваротная сувязь газеты з гараджанамі. Цікава гартаць старую падшыўку, даведвацца аб пытаннях, якія хвалявалі тагачаснага чытача: распаўсюджванне тэлевізійнага сігналу ў Мінску, экалогія горада, будаўніцтва метро, самаадчуванне працоўных калектываў, праблемы, з якімі ў 1960-х гадах сутыкаліся сталічныя прадпрыемствы. Выданне першапачаткова выбрала для сябе гэтую нішу, якую мы беражліва захоўваем, застаючыся народнай карыснай газетай — галоўнай газетай для мінчан.

— Працяглы час чытачы атрымлівалі «Вячорку» менавіта вечарам — аб гэтым сведчыць і назва газеты. У апошнія гады выданне пачалі бясплатна раздаваць у метро. Як цяпер газета трапляе да спажыўца інфармацыі?

— У нас засталася тая цудоўная магчымасць, і статысячны тыраж «Вечернего Минска», які выходзіць цяпер раз у тыдзень (па чацвяргах), распаўсюджваецца бясплатна. Прычым не толькі ў метро. Гэта і найбуйнейшыя прадпрыемствы сталіцы, куды мы развозім свежую «Вячорку», і ўніверсітэцкія кампусы, гарадкі, інтэрнаты, самі ўніверсітэты, і адміністрацыі раёнаў, адкрытыя прыёмныя буйных грамадскіх аб'яднанняў. Выданне карыстаецца вялікай папулярнасцю: у новых медыя нямала забаўных ролікаў, якія дэманструюць, як раніцай мінчане ў метро чакаюць дастаўку газеты, потым актыўна яе разбіраюць. Акрамя таго, у нас ёсць падпіска, а значыць, і пастанныя чытачы «Вячоркі», якія хочуць, каб газету ім дастаўлялі дадому або на рабочае месца, — гэта яшчэ прыкладна чатыры тысячы чалавек. У цэлым, тыраж газеты складае 104 — 105 тысяч экзэмпляраў. Плюс падчас найважнейшых грамадска-палітычных кампаній у Рэспубліцы Беларусь — такіх, як напрыклад, правядзенне рэферэндуму па змяненнях і дапаўненнях у Канстытуцыю — у нас выходзяць спецыяльныя тыражы. Да рэферэндуму па канстытуцыйных навацыях выйшлі два спецыяльныя выпускі агульным тыражом 400 тысяч экзэмпляраў. Мінчане вельмі ўважліва чыталі «Вячорку», паколькі давяраюць нашаму газетнаму і медыйнаму брэнду. Пры гэтым, падкрэслю, «Вечерний Минск» застаецца менавіта народнай газетай. Гэтая народнасць — практычная частка нашай газеты, якая звязана з аглядам найважнейшых палітычных і культурных падзей горада. Афіша, магчымасць працаўладкавання, агракаляндар (так званы каляндар дачніка), праграма перадач, анонсы тэатральных сезонаў — тое, што заўсёды падабаецца мінчанам.

— У гарадской прэсы — свая спецыфіка. У чым перавагі «Вечернего Минска» ў параўнанні з той жа рэспубліканскай перыёдыкай?

— У «Вечернего Минска» як у галоўнай гарадской газеты пераваг нямала. З аднаго боку, гэта вялізны давер і аўтарытэт у нашых чытачоў, слухачоў, гледачоў, паколькі «Вячорка» сёння — кросмедыйны прадукт. З іншага, мы карыстаемся такім жа заслужаным даверам у нашых заснавальнікаў: Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта і Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў, якія падключаюць нас, журналістаў, да выпрацоўкі рашэнняў яшчэ ў працэсе іх абмеркавання. Дапусцім, калі тое датычыцца гарадской забудовы, пытанняў ЖКГ, экалогіі, буйных інфраструктурных праектаў, у нас ёсць унікальная магчымасць арганізаваць на сваёй пляцоўцы — у рэдакцыі, на старонках нашай газеты або на партале — абмеркаванне таго ці іншага перспектыўнага рашэння або пытання. Плюс яшчэ адна наша вялікая перавага заключаецца ў тым, што мы даходзім да самых, як здаецца з пункту гледжання буйных рэспубліканскіх медыяхолдынгаў, нязначных пытанняў — таго, што ў журналістыцы называецца драбнатэмнасцю. На самай справе, для гарадской газеты няма нязначных тэм. Для нас усё важнае: і даступнасць дзіцячага садка або школьных сняданкаў, і правядзенне капрамонту таго або іншага дома або квартала, і арганізацыя зон адпачынку ці будаўніцтва школьнага стадыёна. Мы карыстаемся сваёй перавагай, што можам дайсці да кожнага пад'езда, кожнага нашага чытача. Акрамя таго, у нас ёсць шырокі канал зваротнай сувязі: гэта кросмедыйныя праекты, якія існуюць у «Вячорцы», на партале, нашых стрымах, у радыёэфіры. Мінчане праз нас адрасуюць пытанні таму ці іншаму гарадскому кіраўніку, начальніку, дэпутату. Апошні год актыўна развіваем яшчэ і гарадскія стрымы — дыскусійныя пляцоўкі, на якіх узнімаюцца і гарадскія, і рэспубліканскія, і міжнародныя тэмы. Гасцямі стрымаў, з аднаго боку, становяцца, напрыклад, старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў або Андрэй Бугроў, старшыня Мінгарсавета дэпутатаў, дэпутаты, кіраўнікі рознага ўзроўню ў залежнасці ад тэм і запытаў, якія паступілі, з іншага боку, самае шырокае прадстаўніцтва мінчан. У «Вячорцы» па выніках такіх стрымаў мы даём сур'ёзную аналітыку — робім высновы грамадскіх дыскусій. Гэта яшчэ адна перавага, якая прыцягвае да нашай газеты дадатковую ўвагу аўдыторыі.

— Медыйная прастора сёння развіваецца ва ўмовах глабальнай трансфармацыі. На ваш погляд, якіх рашэнняў патрабуюць друкаваныя СМІ, каб як мінімум захаваць тыражы і па-ранейшаму заставацца прывабнымі для чытачоў?

— Газеты сыходзяць ад падзейных навін у больш глыбокае інфармаванне і аналітыку. Канкурыраваць з хуткасцю падачы матэрыялаў у тэлеграм-канале газета, натуральна, не можа. Аднак яна здольная значна глыбей, больш дакладна і пераканаўча разгарнуць тую ці іншую тэму, якая падаецца ў стужцы навін. Праз QR-коды ёсць магчымасць адсылаць чытача друкаванага выдання да відэа- і аўдыякантэнту, у прастору інтэрнэт-стрымаў або радыёэфіру — для таго, каб атрымаць яшчэ і аўдыявізуальны вобраз падзеі, аб якой людзі чытаюць у газеце. Мы гэтым таксама актыўна карыстаемся. «Вячорка» — сямейная газета, і калі яна з'яўляецца ў сям'і, старэйшае пакаленне, вядома, аддасць перавагу друкаванай версіі выдання, а маладыя члены сям'і з дапамогай свайго гаджэта змогуць перайсці па QR-коду і атрымаць відэа- або аўдыярад, больш каментарыяў, пазіцый, якія прадстаўлены ў прасторы так званых сацыяльных медыя. Кажучы пра газеты, мы ўяўляем не столькі папяровы варыянт, колькі калектыў, рэдакцыю — тых самых журналістаў, якія рыхтуюць выданне да выпуску. Нашы карэспандэнты ўжо працуюць у кросмедыйным фармаце. Навіны ў скарочаным фармаце яны апісваюць для сацыяльных сетак і месенджараў, удзельнічаюць у стрымах, уключаюцца ў радыёэфір з месца падзей, а ўжо потым з улікам сабранай аналітыкі выдаюць матэрыял у газету. Публікацыя ў прэсе — фінішны этап жыцця навіны. Праз газету мы падводзім вынікі той ці іншай падзеі або дыскусіі.

— Адным словам, у вас працуюць універсальныя журналісты... А ці вялікая каманда сёння стварае «Вячорку»?

— У нас аб'яднаная рэдакцыя «Вечернего Минска» і «Минского курьера». Гэта прыкладна чатыры дзясяткі творчых супрацоўнікаў, якія забяспечваюць такую кросмедыйнасць, перацяканне навін ва ўсіх медыйных асяроддзях.

— Юбілей — не толькі час, калі прынята падводзіць пэўныя вынікі. Прыгожая дата з'яўляецца добрай нагодай і для пастаноўкі задач на перспектыву...

— Самая галоўная задача для ўсіх медыйшчыкаў Беларусі — стаць заканадаўцамі мод у інфармацыйнай прасторы свайго рэгіёна, краіны ў цэлым, а яшчэ лепш, у руска- і беларускамоўным сегментах нашага інфармацыйнага поля. Добрым вынікам стане тое, калі інфармацыйны парадак дня не будзе падкідвацца нам звонку, а мы самі будзем фарміраваць тыя навінныя, аналітычныя, грамадскія і эканамічныя трэнды, якія знойдуць адлюстраванне на старонках нашых медыя. Гэта задача нумар адзін. Адсюль — і кросмедыйнасць, і ўніверсальнасць журналістаў, і патрабаванні да якасці нашага аўдыявізуальнага рада, якія ўжо блізкія да класічнай тэлевізійнай журналістыкі. Актуальнай застаецца і бясконцая, вечная гонка журналіста за навіной: менавіта наш журналіст, прынамсі ў Мінску, павінен першы даведвацца, што адбываецца ў горадзе, і даносіць тое да аўдыторыі, адлюстроўваючы як мага больш меркаванняў і пазіцый, раскрываючы тую ці іншую падзею. Гэта асноўная задача. Калі мы з ёй справімся, то наша інфармацыйная прастора — гарадская, рэспубліканская, прастора Саюзнай дзяржавы — будзе абароненая, і грамадства панясе значна менш выдаткаў ад так званых інфармацыйных, гібрыдных, кагнітыўных ужо сёння войнаў.

Вераніка КАНЮТА

Фота з архіва Андрэя КРЫВАШЭЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

Што губляюць работнік і дзяржава?

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.