Вы тут

Прытулак для «дваран»


34-гадовая Вольга Красная па дыпломе — эканаміст, працуе ў адным з кол-цэнтраў. А па прызванні яна зоаабаронца. Сама дзяўчына лічыць, што яна нарадзілася з любоўю да братоў нашых меншых. Колькі сябе памятае, яе заўсёды цягнула да чатырохногіх. У дзяцінстве з прыяцелямі падкормлівала бяздомных катоў і сабак. Тыя яе не аднойчы драпалі, кусалі, аднак яна ніколі не трымала на іх зла. Вольга Красная цвёрда ўпэўнена: «толькі ад жыцця сабачага сабака бывае куслівым». Ёй заўсёды хацелася абагрэць бадзяжных жывёл, падарыць ім дом. Калі была школьніцай, у іх сям’і з’явіўся кот Васька, пасля яго смерці ўзялі Барсіка. Зараз у Вольгі дома тры «хвасты»: 15-гадовая котка Дося з няпростым характарам, шасцігадовы таварыскі, інтэлігентны кот Кекс і  міралюбівы спакойны сабака, яго равесніца Рада. Усе яны «дваране», як жартуе зоаабаронца, бо знойдзены і падабраны ў дварах, на вуліцы.


— Узяць да сябе яшчэ кагосьці я не магу: не дазваляе жылая плошча і прыбытак, — тлумачыць Вольга. — Жывёл трэба ўтрымліваць у нармальных умовах, карміць, сачыць за іх здароўем. Не лічу нармальным, калі ў аднапакаёвай кватэры ствараюць «стыхійнік» з 20 катоў, якія хварэюць, за якімі не прыбіраюць, кормяць абы-чым. Але глядзець на пакуты чатырохногіх мне балюча. Таму стараюся дапамагчы знайсці ім клапатлівых гаспадароў. 

Ні ў адну з зоаабарончых арганізацый Вольга не ўваходзіць, хоць сябруе практычна з усімі: чым можа, падтрымлівае іх, а тыя ў сваю чаргу адгукаюцца на яе просьбы. Звычайна дзяўчына шукае прыстанак сваім «дваранам» праз сацсеткі. Калі кагосьці знаходзіць, гадаванца спачатку вязуць у клініку, падлечваюць, а потым аддаюць новым гаспадарам. Паездкі да лекара, стэрылізацыя, вакцынацыя — усё гэта патрабуе сродкаў, прычым немалых. 

— Раней валанцёраў было прыкметна больш; лягчэй і хутчэй знаходзіліся аўтадапамога, фінансавая падтрымка на лячэнне жывёл, — адзначае Вольга. Сёння ўсё стала праблемай. Асабліва ператрымка. Знайсці тых, хто гатовы часова ўзяць ката ці сабаку да сябе, пакуль не знойдзецца пастаянны гаспадар, практычна немагчыма. Здараецца, нехта падбірае з вуліцы бездаглядніка, звязваецца са мной. І калі тлумачу, што, на жаль, фізічна не магу дапамагчы, чую на свой адрас абвінавачванні, а то і абразы.

Адчуваючы востры недахоп фінансаў і валанцёраў, Вольга прыдумала і запусціла дабратворны праект «Handmade ў дапамогу бяздомным жывёлам». Сутнасць яго ў тым, каб знайсці дадатковыя сродкі на катоў і сабак, рэалізуючы тое, што створана сваімі рукамі. Сама Вольга як рамеснік у вольны час шые мяккія цацкі і прадае іх на розных кірмашах.

— Я перакананая: нельга вырашаць праблему з бяздомнымі жывёламі шляхам адлову і адстрэлу, — кажа мая суразмоўніца. — Патрэбна дзяржаўная праграма стэрылізацыі вулічных катоў ды сабак. Неабходна накладаць штрафы на безадказных гаспадароў, якія дапускаюць, каб чатырохногія пладзіліся, а потым выкідваюць іх на вуліцу. Можна не любіць жывёл, але трэба хаця б спачуваць ім і праяўляць элементарную гуманнасць.

Калі Вольга Красная чуе ад кагосьці нешта накшталт «Людзям трэба дапамагаць, а не сабакам і катам», заўжды пытаецца ў адказ: «А вы дапамагаеце — хоць камусьці? Вы дапамагаеце — людзям?» Зоаабаронца ўпэўнена: калі чалавек дапамагае сваім блізкім, ён і міма галоднага і замярзаючага кацяняці або шчанюка абыякава не пройдзе. І наадварот. Сама Вольга заўсёды працягвае руку дапамогі, калі нехта ў ёй мае патрэбу. Але далёка не ўсе і не заўсёды ёй плацяць той жа «манетай». А вось жывёлы адказваюць на любоў — любоўю, на клопат — падзякай.

Вось ужо 12 гадоў Вольга Красная займаецца валанцёрствам. Марнуе процьму часу, сіл, сродкаў. Часта не высыпаецца, стамляецца. 

— Колькі разоў заракалася: усё, гэта апошні раз, — прызнаецца Вольга. — Але нечакана «звальваецца» аднекуль чарговы кот, і я зноў не магу адмовіць, «упрагаюся», каб зладзіць ягоны лёс. І калі атрымліваецца, радуюся неверагодна.

А калі праз час ёй тэлефануюць і дзякуюць за «чацвераногі цуд», які стаў членам сям’і і прынёс шмат-шмат радасці, дзеляцца пацешнымі гісторыямі з жыцця хатняга гадаванца, то Вольга проста шчаслівая. Значыць, яе намаганні не марныя. Нават адзін сабака або котка, якія знайшлі дом, — гэта ўжо сёе-тое. А дзякуючы яе падзвіжніцтву такіх некалькі соцен. Вядома, гэтыя «дваране» абдзіраюць сцены, разбіваюць посуд, але з імі ў доме цяплей. Без ката, як вядома, і жыццё не тое.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ 

Фота аўтара і гераіні

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.