Вы тут

Ратуючы сэрцы. «Беларусьфільм» здымае фільм аб беларускіх урачах-кардыёлагах


Звычайна, калі ідзеш міма бальніцы, чуеш асаблівую цішыню. Нават людзі, якія наведваюць сваіх блізкіх, размаўляюць у паўгалоса. Але каля галоўнага ўваходу ў РНПЦ кардыялогіі было ажыўлена: камеры, медыцынскія работнікі, перамовы па рацыях. Здымаюцца першыя сцэны мастацкай стужкі «Ліст чакання», якая распавядае аб лёсах беларускіх урачоў-кардыёлагаў.


Каардынуе здымачны працэс рэжысёр-пастаноўшчык, народны артыст Беларусі Аляксандр Яфрэмаў. Здаецца, ён паспявае ўсё: адрэпетыраваць сцэну з акцёрамі, выстраіць будучы кадр, і нават паразмаўляць з пастановачнай групай. 

—Кіно — гэта заўсёды чаканне, — кажа рэжысёр. — Мы будзем здымаць фільм аб людзях, якія аддаюць сваё жыццё, прафесію і майстэрства самаму галоўнаму: здароўю, маралі і этыцы.

Галоўнымі героямі стужкі стануць выдуманыя асобы, якія не маюць прататыпаў у рэальным жыцці. У большай ступені гэта зборныя вобразы. Але пры гэтым здымачнай камандзе дапамагалі кансультанты, у склад якіх увайшлі супрацоўнікі РНПЦ кардыялогіі. Як адзначыў Аляксандр Яфрэмаў, іх прозвішчы абавязкова з’явяцца ў тытрах.

— Наша задача як навуковых кансультантаў заключалася ў тым, каб зрабіць сцэнарый максімальна прыбліжаным да жыцця, — распавёў заслужаны ўрач Рэспублікі Беларусь, кардыёхірург Юрый Астроўскі. — Мы імкнуліся зрабіць так, каб стужка не капіравала тое, што ўжо было створана раней. Акрамя таго, мы прадаставілі запісы нашай першай і пяцісотай трансплантацыі, якія былі запісаны ў рэжыме рэальнага часу. Канешне, мы не ўмешваемся ў сцэнарый, але дапамагаем зрабіць яго больш праўдзівым. Не заўсёды тыя рэчы, якія прыгожа выглядаюць у кіно, такія ж ладныя ў жыцці.

Удзел у стужцы прымаюць беларускія і расійскія акцёры, адну з роляў урача выконвае народны артыст СССР Геннадзь Аўсяннікаў. Пакуль здымачная група не спяшаецца раскрываць усе карты, але аб здымачным працэсе распавёў акцёр Дзмітрый Сутырын, у фільме ён будзе іграць прафесара: 

— Хачу адзначыць, што рэпетыцыі праходзілі выдатна. Я пазнаёміўся з выдатнымі людзьмі: добрымі акцёрамі, прафесійнымі аператарамі і, канешне ж, з Аляксандрам Васільевічам Яфрэмавым.

Генеральны дырэктар кінастудыі «Беларусьфільм» Уладзімір Карачэўскі распавёў, што фільм здымаецца па заказе Міністэрства культуры:

— У апошнія гады мы атрымліваем прапановы на стварэнне не толькі ваенных і дзіцячых фільмаў, але і студэнцкіх работ, кіно для капрадукцыі. Канешне, такая важная тэма, як гісторыя аб урачах, была падтрымана Міністэрствам культуры — мы атрымалі фінансаванне ў поўным аб’ёме. Спадзяюся, вясной глядач ужо ўбачыць вынікі нашай працы не толькі на кінаэкранах, але і на тэлеканалах. Гэты фільм распавядае аб сённяшніх беларусах, аб людзях, якія кожны дзень клапоцяцца аб іншых.

Запланавана, што стужка выйдзе ў дзвюх частках. Акрамя таго, фільм адаптуюць як для шырокага пракату ў кіно, так і для паказу па тэлебачанні. Здымкі адбудуцца ў чатырох медыцынскіх установах. Магчыма, у кадр патрапяць і звычайныя пацыенты, калі яны дадуць на гэта згоду.

— Тэма фільма вечная: пра дабро і зло, каштоўнасць жыцця. Гэта асабліва важна ў нашым турбулентным свеце, — адзначыў міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч. — Выратаванне жыцця адбываецца буднічна. І вельмі важна, што фільм паказвае гэтую грань у рэчаіснасці нашых беларускіх урачоў: штотыднёвы подзвіг разам з працай.

Талерка разбіта, камеры настроены, рэжысёр на пляцоўцы. Нягледзячы на восеньскую непагадзь, настрой у каманды выдатны. Кіно, асабліва на такую важную тэму, павінна атрымацца. 

Арына КАРПОВІЧ

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.