Вы тут

Як выхаваць асобу выяўленчым мастацтвам? Навыкі чатырох «К»


Сёлета Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя А. К. Глебава святкуе сваё 75-годдзе. За гады свайго існавання ён набыў статус адной з вядучых устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў краіне. Што да святкавання ўрачыстай даты, то яе ў каледжы адзначаюць на працягу года. А фінальным штрыхом стане вялікі канцэрт у Вялікай зале Белдзяржфілармоніі 2 снежня. У ім прымуць удзел прадстаўнікі Вялікага тэатра оперы і балета, Акадэміі музыкі, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры, а таксама каледжаў. Як ажыццяўляецца сёння дзяржаўная падтрымка таленавітай моладзі, па якіх напрамках вядзецца прафарыентацыя і папулярызацыя выяўленчага мастацтва ў Беларусі, спецыялісты культурнай сферы нядаўна абмяркоўвалі ў коле выкладчыкаў і аднадумцаў.


Фота: sb.by

Сярод самых вядомых выпускнікоў каледжа можна назваць Міхаіла Савіцкага, Мая Данцыга, Віктара Грамыку, Івана Міско, Васіля Шаранговіча і многіх іншых. У розныя гады выкладчыкамі навучальнай установы былі заслужаныя дзеячы мастацтваў Леў Лейтман, Андрэй Бембель, Натан Воранаў, Альгерд Малішэўскі, Оскар Марыкс, Віталь Цвірка. Месцам прыцягнення для таленавітых дзяцей застаецца «Глебаўка» і да сёння.

«Студэнты, якія патрэбныя нам, абсалютна спецыфічныя»

— Нам неаднаразова прапаноўвалі паўдзельнічаць у нейкіх мерапрыемствах, звязаных з прафарыентацыяй. Аднак, паспрабаваўшы нават рэпрэзентаваць сябе на гарадскіх кірмашах вакансій, мы паступова адмовіліся ад гэтага, таму што студэнты, якія патрэбны нам, абсалютна спецыфічныя, і з імі трэба працаваць і размаўляць зусім не так, як, скажам, з вучнямі 8-9 класаў агульнаадукацыйнай школы, — дзеліцца дырэктар Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А. К. Глебава Аляксандр ШАНТАРОВІЧ. — Тым больш па тэндэнцыі апошніх гадоў бачым, што да нас прыходзіць больш ахвотных, чым мы можам узяць. Калі на заяўленыя 60 месцаў мы атрымліваем 250 заявак, то гэта нават не супадае з нашымі магчымасцямі па арганізацыі ўступнай кампаніі — што датычыцца наяўнасці планшэтаў, мальбертаў, табурэтак. Сярэдні конкурс сёлета ў нас быў 7-8 чалавек на месца (кажу пра ўсе спецыяльнасці). Спецыялізацыя «Дызайн» б'е рэкорды па колькасці заявак — там сёлета конкурс быў 13 чалавек (18 чалавек летась) на месца.

Разам з тым кіраўнік навучальнай установы звярнуў увагу на некаторыя нюансы ўступнай кампаніі. Так, напрыклад, усё яшчэ сустракаюцца сярод будучых навучэнцаў дзеці, якія маюць не зусім яснае ўяўленне аб тым, куды яны ідуць. Хочуць, каб было, як у сюжэтах замежных фільмаў: герой успамінае, што марыў быць мастаком, а праз некалькі дзён вось вам ужо і персанальная выстаўка, поспех... Не разумеюць, што для такога выніку патрэбна вялікая і карпатлівая праца. Аднак радуе выкладчыкаў сёння ўжо тое, што знікла такая ўстаноўка бацькоў: калі дзіця не мае здольнасцяў да дакладных навук, то можна аддаць яго ў творчасць. Хоць раней, гадоў пяць таму, такі пасыл яшчэ можна было назіраць. І апошнім часам паступаць у «Глебаўку» ўсё часцей прыходзяць навучэнцы з высокім сярэднім балам.

— Зараз абмяркоўваецца пытанне агульнаадукацыйнага кампанента, у тым ліку і для ўстаноў культуры. І я думаю, тое, што прапаноўваецца сёння стандартным для ўсіх каледжаў, нам не падыходзіць. Я, напрыклад, выкладаю ў нашай установе матэматыку, але 240 гадзін гэтай дысцыпліны нам не патрэбна. У той час як па 80 гадзін на рускую і беларускую літаратуру — гэта ўвогуле нішто, — кажа Аляксандр Валер'евіч. — Няма такой галіны ведаў, дзе мог бы сабе хоць крыху не разбірацца мастак. Як і няма тэм, на якія б не мог пісаць творчы чалавек. Мы павінны навучыць нашых студэнтаў лагічна мысліць, развіваць іх апарат аналізу і сінтэзу. І ў гэтым дапамагае не толькі матэматыка, але і вялікі пласт літаратуры.

Практыканты — на пленэр

У працяг размовы выказаліся па тэме прафесійнай арыентацыі і папулярызацыі выяўленчага мастацтва сярод моладзі таксама і прадстаўнікі сталічных мастацкіх школ, цэнтра дадатковай адукацыі і іншых навучальных устаноў. Так, сацыяльны педагог Беларускага дзяржаўнага каледжа імя А. К. Глебава Юлія Сяргеева распавяла, што для таго, каб мець попыт сярод будучых абітурыентаў, іх калектывам праводзіцца вялікая работа па прафарыентацыі. Тут і майстар-класы, і дні адкрытых дзвярэй, а яшчэ выстаўкі-прэзентацыі і пленэры.

— Мы імкнёмся задзейнічаць усе магчымыя формы работы з дзецьмі. Падключаем да гэтага працэсу СМІ, бацькоў і ўсіх зацікаўленых людзей. Тыя ж майстар-класы праводзім у час канікул, што дае магчымасць наведаць іх як мінчанам, так і іншагароднім дзецям. Праходзяць заняткі ў фармаце рэпетыцыйнага экзамену, трапіўшы на яго, можна паказаць выкладчыкам свае работы, параіцца, як можна зрабіць іх лепшымі. Таксама на майстар-класах дапамагаюць нашы студэнты, што таксама спрацоўвае ў плюс, паколькі так дзецям лягчэй раскрыцца і гаварыць пра тое, што цікавіць, — кажа Юлія Аляксандраўна. — І ў інтэрнэце ў нас добра пабудавана работа ў гэтым кірунку. На сайце ці на нашым YouTube-канале можна знайсці відэа з адказамі на пытанні. Вельмі спрыяе папулярызацыі каледжа і прафарыентацыі тое, што з трэцяга курса ў студэнтаў пачынаецца практыка. У рамках яе ёсць магчымасць знаёміць дзяцей у мастацкіх школах з нашай навучальнай установай. На пленэры стараемся выязджаць у розныя гарады. І сёлета, у Год гістарычнай памяці, мы максімальна імкнуліся пашырыць геаграфію. А па выніках пленэраў ладзім выстаўкі, куды запрашаем людзей, што таксама працуе на прафарыентацыю.

Колькі павінна доўжыцца мастацкая адукацыя?

Аднак адна справа гаварыць пра дзяцей, якія мэтанакіравана выбіраюць навучанне ў той альбо іншай установе, студыі, а зусім іншая, калі гэта вывучэнне мастацтва ў агульнаадукацыйнай школе. Там, як адзначыла метадыст аддзела метадычнага забеспячэння гуманітарнай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі Вольга Пішчык, вельмі часта пасля дзевяці класаў мастацка-эстэтычнае выхаванне дзяцей заканчваецца. Пры гэтым, на думку спецыяліста, застаецца недаацэненым патэнцыял выяўленчага мастацтва. Бо з яго дапамогай можна ў кожнага дзіцяці фарміраваць вельмі важныя навыкі «чатырох «К» (камунікацыі, кааперацыі, крэатыўнага і крытычнага мыслення). І для гэтага патрабуецца наяўнасць добрых вучэбных матэрыялаў, добра падрыхтаваныя кадры і правільна арганізаваны адукацыйны працэс. Паколькі праз вывучэнне выяўленчага мастацтва ідзе фарміраванне асобы. Таму надзвычай важна ўдзяляць увагу кожнаму дзіцяці, і ўжо з першага класа весці іх па гэтым шляху...

Імкнуцца актыўна працаваць у кірунку прафарыентацыі і папулярызацыі заняткаў выяўленчым мастацтвам і мастацкія школы сталіцы. Ёсць свайго кшталту сімбіёз паміж імі і «Глебаўкай», бо дзеці, гледзячы на тых жа студэнтаў каледжа, імкнуцца туды паступіць, а на выхадзе кожная ўстанова атрымлівае творчых спецыялістаў і выкладчыкаў для сябе. І калі школы мастацтваў — адна з прыступак, якая дазваляе па-сапраўднаму таленавітым дзецям добра рыхтавацца да паступлення ў іншыя профільныя навучальныя ўстановы і самаўдасканальвацца, то разнастайныя выставачныя праекты, конкурсы — гэта магчымасць зірнуць на сябе ў кантэксце тых, хто побач стварае мастацтва, звярнуць на сябе ўвагу і, можа, нават атрымаць падтрымку для далейшага развіцця і самаўдасканалення. Так, напрыклад, з 14 да 19 лістапада 2022 года на базе каледжа пройдзе ХІІІ Рэспубліканскі адкрыты мастацкі конкурс імя М. А. Савіцкага. Дадзенае творчае спаборніцтва адзінае ў нашай краіне дазваляе заяўляцца ў якасці лаўрэата на стыпендыю Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. Шкада толькі, што праходзіць яно раз на тры гады. Гэта змяншае шанцы таленавітых маладых людзей.

Таленту патрэбна падтрымка

— Што датычыцца дзяржаўнай падтрымкі, то ўсе мы ведаем пра існаванне спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Аднак, калі мы гаворым, у прыватнасці, пра мастакоў, то гэта і мой боль. Паколькі ў тых жа дзяцей, якія займаюцца музыкай, шанцы атрымаць спецыяльную стыпендыю большыя, бо конкурсаў больш. І, можа, варта было б ладзіць конкурсы і для таленавітых дзяцей больш юнага ўзросту, каб і яны маглі выходзіць на падтрымку фонду, — дзеліцца намеснік старшыні экспертна-мастацкай камісіі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, начальнік аддзела адукацыйных праектаў і сувязяў з грамадскасцю Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Белдзяржуніверсітэта культуры і мастацтваў Вольга МАСАЛАВА. — Не менш важны складнік для павышэння матывацыі навучэнцаў — і адукацыя іх выкладчыкаў. Але не так шмат у нас сёння ахвотных павышаць кваліфікацыю.

Радуе ўсё ж і верыцца, што ў нашай краіне шмат апантаных сваёй справай выкладчыкаў, бо ў творчасці немагчыма інакш. Запаліць вочы дзяцей любоўю да мастацтва і спрыяць раскрыццю іх патэнцыялу магчыма пры ўмове, што такі агонь ужо ёсць у вас. Таму тыя, хто жадае самаўдасканальвацца, шукаюць новыя формы і падыходы ў арганізацыі навучальнага працэсу. У прыватнасці, у «Глебаўцы» думаюць, як запазычыць вопыт пермскіх калег, дзе кожны навучальны год распачынаецца нестандартна 25 жніўня. Студэнты і дзеці, якія толькі што паступілі, адпраўляюцца на дзесяцідзённы пленэр, і там працуюць на прыродзе і ў атмасферы творчага пошуку. Прысутныя на сустрэчы змаглі адчуць такую атмасферу на выстаўцы маладых выкладчыкаў каледжа.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі. 

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.