Вы тут

Горад Рагнеды і Ізяслава ці сэлфі ля «Эйфелевай вежы»


«А яшчэ ў паўгадзіне язды электрычкай ад Мінска знаходзіцца цяпер непрыкметны пасёлак, а ў даўнасці сталіца ўдзельнага княства — Заслаўе, або, як называлі яго пачатковыя летапісы, — Ізяслаўль. Тут захаваўся курган Рагнеды, ручаі, названыя старажытнымі жыхарамі ў памяць пра Рагнеду, — Княгінька і Чарніца, ёсць тут паблізу Свіслачы пагорак на месцы старадаўняга дзядзінца і высокі, парослы сакавітай травой вал старога замка», — гэта фрагмент з кнігі Кастуся Тарасава «Тры жыцці княгіні Рагнеды».


Да 1994 года, калі прачытала гэтую кнігу, у Заслаўі была некалькі разоў, і лічыла яго менавіта «непрыкметным пасёлкам». І зусім па-іншаму ўспрымаеш гэтае месца, калі ведаеш, якія падзеі разгортваліся ў горадзе дзесяць стагоддзяў таму.

Гісторыя

Заслаўе было заснавана ў 985 годзе, праўда, тады яно называлася Ізяслаўль — у гонар сына Рагнеды і Уладзіміра. Прыкладна ў 987 годзе Уладзімір выслаў Рагнеду з сынам у гэты горад. Вядома ж, ніякіх артэфактаў з Х стагоддзя не засталося, хоць вядома месца, дзе была крэпасць, у якой жыла княгіня з сынам. Сёння гарадзішча «Замэчак» адзначана памятным крыжам, а некаторыя мясцовыя жыхары называюць гэтую лакацыю магіла Рагнеды. Пасля смерці княгіні гарадзішча апусцела.

Жыццё перацякло на гарадскі вал. Тут захаваўся фрагмент мура XVI стагоддзя, у той час тут быў пабудаваны Заслаўскі замак — адзін з самых ранніх бастыённых замкаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Найцікавы аб’ект у Заслаўі — Спаса-Праабражэнскі сабор, пабудаваны ў 1570-я гады. Калі вельмі коратка, то яго гісторыя такая: кальвінскі сабор, касцёл Міхаіла Архангела, касцёл пры дамініканскім манастыры, уніяцкая царква, праваслаўная царква, пашкоджаны ў гады Вялікай Айчыннай вайны, музей рамёстваў і народных промыслаў, Спаса-Праабражэнская царква.

Вясной 1922 года царкву разрабавалі. У1930 пабудавалі побач з ёй клуб і па модзе тых гадоў ладзілі ў ім антырэлігійныя мерапрыемствы. У 1935 годзе царкву зачынілі, а іканастас спалілі ў мясцовай лазні.

Многія памятаюць рэзананснае здарэнне: у ноч з 19 на 20 кастрычніка 1996 года ў касцёле здарыўся пажар. Як пазней высветлілася, гэта быў падпал, які здейсніла секта сатаністаў. Шкода была нанесена велізарная, але нешта і выратаваць удалося.

І зноў храм адрадзіўся, была і грунтоўна добраўпарадкавана тэрыторыя вакол яго. У 2014 годзе царква ў Заслаўі атрымала статус кафедральнага сабора Мінскай епархіі.
Уражвае і касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, размешчаны на Рынкавай плошчы. Перад касцёлам помнік князю Ізяславу.

Касцёл быў пабудаваны ў 1774 годзе. Затым яго гісторыя такая: перададзены праваслаўнай царкве, пашкоджаны ў гады Вялікай Айчыннай вайны, доўга пуставаў, перададзены каталікам, рэстаўраваны.

Па дарозе да касцёла размешчаны музейна-выставачны комплекс. Акрамя яго, у «Гісторыка-культурны музей-запаведнік «Заслаўе». уваходзяць этнаграфічны комплекс «Млын і Кузня», Дзіцячы музей міфалогіі і лесу і музей ДАК (по русски ДОТ — долговременная огневая точка). Дарэчы, у апошнюю сераду кожнага месяца наведванне музея-запаведніка для ўсіх бясплатна.

У выхадныя ў Заслаўі можна ўбачыць аўтобусы з турыстамі. Вельмі зручны маршрут нават зімой — светлавога дня хапае, каб усе агледзець. Сустракаюцца тут і невялікія сяброўскія кампаніі, якія вандруюць без гідаў.

Сучаснасць

У Заслаўі ёсць некалькі прадпрыемстваў. Наўскідку: дрэваапрацоўчае, вытворчасць дэкаратыўнай касметыкі, кандытарская фабрыка, прадпрыемства лёгкай прамысловасці, лагістычныя комплексы. Роскід заробкаў даволі вялікі, дзесьці 700 рублёў, а дзесьці 2300. На працу сюды ездзяць з бліжэйшых вёсак, Маладзечна і Мінска. А жыхары Заслаўя едуць на работу ў сталіцу — такая вось працоўная міграцыя ў радыусе крыху менш за 30 кіламетраў.

Горад умоўна падзелены на дзве часткі чыгункай. Дарэчы, станцыя называецца «Беларусь» і, Заслаўе — першы горад, куды пачалі хадзіць гарадскія электрычкі ў 2011 годзе. Акрамя іх сюды можна дабрацца на электрычках эканом-класа і маршрутках.

Адна частка горада-гістарычная, другая — сучасная. У апошняй размешчаны прадпрыемствы, жылы прыватны сектар і шматпавярхоўкі: ад «хрушчовак» да сучасных дамоў.

У гэтай частцы горада на многіх прыпынках грамадскага транспарту, а тут ходзяць аўтобусы, ёсць павільёны з гарачымі напоямі, выпечкай і нават салатамі і супамі. Нажаль, у гістарычнай частцы няма дзе купіць філіжанку кавы, але можна паабедаць у кафэ.

Амаль адразу за станцыяй — дзіцячы парк. Малышня любіць скульптуру «Кот, Чарапаха і слон-жанглёр» — дакладна такая ж ёсць каля цырка ў Мінску. А дарослыя робяць сэлфі каля копіі Эйфелевай вежы.

Маргарыта ДРАЗДОВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?