Вы тут

Дзіцячы рай і зорнае неба. Чым уражвае новая Целяханская бібліятэка


Новае — наш немінучы спадарожнік, тое, што дорыць жыццё, каб адчуваць радасць зноў і зноў: новы дзень, новае адкрыццё, новае знаёмства, новы ласунак, новае пачуццё... Новы дом для кнігі... Целяханская гарпасялко¬вая бібліятэка справіла сваё наваселле сёлета падчас свята абласных дажынак. Нядаўна я завітала да сябе на малую радзіму ў Івацэвічы, і дзякуючы клопату блізкіх мне пашчасціла пазнаёміцца з чароўным целяханскім сусветам. Асаблівага натхнення дадала залатая пара кастрычніка. Ды, прызнацца, не толькі яна. А яшчэ — адна невялікая, але важная насельніца, якая сустракае каля бібліятэкі. Чулая гаспадыня — матухна сава, якую выразаў з дрэва майстар М. Задрэйка падчас ХХ абласнога пленэру рэзчыкаў паркавай скульптуры «Телеханский бечевник», запрашае ўсіх на экскурсію па цікавостках новай Целяханскай бібліятэкі. Хочаце даведацца, што ўразіла?


Дружны калектыў Целяханскай гарпасялковай бібліятэкі: Валянціна Леановіч, Таццяна Луцэвіч, Ларыса Янковіч.

Эфектны імідж 

Раней бібліятэка знаходзілася па адрасе Вараб’ёва, 1. Сёння — па вуліцы 17 Верасня, 19. Таксама тут — Целяханскі сельскі Савет дэпутатаў, выканаўчы камітэт, Цэнтр дзіцячай творчасці, аддзяленне школы мастацтваў... Вір творчасці і прастора для добрых спраў, а яшчэ — плённы ўзаемаабмен. Ды галоўнае — прадстаўнічы будынак у жывапісным цэнтры. Па сутнасці, адна са славутасцей краю. Гордасць кніжніцы — яе фонд, які таксама абнавіўся: дадалося больш чым 1500 кніг, і ўсяго іх цяпер 30 663. Пра гэта паклапаціліся многія неабыякавыя да лёсу кніжніцы, у тым ліку кіраўнікі вядучых прадпрыемстваў рэгіёна. Сярод спонсараў — ТАА «Паліполь Мэбля Бел», ААТ «Целяханы-Агра», ААТ «Косава», ААТ «Горталь», ААТ «Квасевічы», ААТ «Івацэвічдрэў». Бібліятэка расквітнела, і традыцыйнае амплуа храма ведаў пашырылася да сучаснага інфармацыйнага цэнтра, прыемнага месца сустрэч, прадукцыйнага баўлення вольнага часу. І хто сказаў, што бібліятэкі рызыкуюць страціць сваю вагу ў грамадстве? Гаджэты гаджэтамі, але жывыя зносіны ў камфортнай абстаноўцы, калі бачыш захопленыя вочы, здольны вылечыць адзіноту, дэпрэсію, сум і любыя душэўныя раны. Бо толькі радасць дае пра¬гу жыць, а яна тут, у бібліятэцы! 

— Думаецца, людзі нацешыліся гаджэтамі, — лічыць бібліятэкар Таццяна Луцэвіч. — І кніга не перастае прыцягваць. У нас шмат пастаянных чытачоў. Акцэнтуем увагу і на творчасці, нясём культуру ў масы. 

Атмасфера творчасці 

Кампазіцыя са старых кніг у цэменце, што зрабіла бібліятэкар Валянціна Леановіч, якая працуе ў дзіцячым сектары, можа стаць сімвалам Целяханскай бібліятэкі. І як толькі магчыма вырабіць такі цуд сваімі рукамі?! Яшчэ плён яе творчасці — лялькі, зробленыя для імправізаванага тэатра ў дзіцячым пакоі. Адзенне для іх шые бібліятэкар Таццяна Луцэвіч. Разглядаць іх — захапленне і работай, і крэатывам майстрых! 

Новы інтэр’ер.

Творчасць сілкуюць асобы, якія праслаўляюць свой край. Бібліятэкар Ла¬рыса Янковіч прэзентуе кнігі адметных аўтараў, якія ўшанавалі Целяханы ў сваіх творах. Веніямін Бычкоўскі, краязнаўца, хоць прыехаў да нас з Расіі, асталяваўся ў вёсцы Бабровічы, там пабудаваў каплічку, стварыў музей, вельмі цікавая асоба: адгортваеш яго кнігу і чытаеш на першай старонцы: «Я не саромеюся слёз, выкліканых прыгажосцю або любоўю». Таццяна Цыркунова родам з Целяхан, выдала ў гэтым годзе зборнік вершаў. Таксама яе кніга — «Нашы Целяханы», падораная бібліятэцы, прэзентабельная, вельмі цікавая, займальная, асабліва для карэнных жыхароў мястэчка, такіх як, напрыклад, бібліятэкары Ларыса Янковіч і Валянціна Леановіч. Пісьменніца Нэлі Фурс, таксама родам з Целяхан, адданая гэтаму краю. Яшчэ з такіх — Таццяна Сакалоўская. 

Кнігасховішча з новымі стэлажамі 

Святая святых любой бібліятэкі — кнігасховішча. Звычайна, калі трапляеш у пакой, дзе зверху данізу на цябе глядзяць тысячы кніг, акуратна расстаўленыя кожная на сваім месцы па алфавіце і галіне ведаў, сустракае намолены пыл і спецыфічны пах. Вядома, прымаеш яго з пашанай: кніга — святое, старая кніга — як пажылы чалавек, сасуд, поўны мудрасці. Але гэтым разам адбылося па-іншаму: сустрэў водар новай тыпаграфскай фарбы. Кнігі стройна красуюцца на сучасных чыстых стэлажах. Новы інтэр’ер выклікае безліч эмоцый. Што і казаць, у камфорце настрой лепшы і хочацца ствараць, упрыгожваць сябе і свет, рабіць яго лепшым, удасканальваць, адштурхоўваючыся ад прыгажосці, якая створана ў доме кніг — бібліятэцы. 

Інтэрактыўны стэнд.

Тэхналагічныя навінкі 

Тэлевізар на паўсцяны — для сучасніка рэч звыйчайная, ды, пагадзіцеся, прыемна, што цяпер ён ёсць і ў бібліятэцы. І колькі адразу вырашаецца задач! А колькі магчымасцей для рэлаксу наведвальнікаў! І не думайце, што яны забудуцца пра кнігу, утаропіўшыся ў навамодны экран! Пані кніга заўсёды на першым месцы. Ды і калі раптам аддадуць перавагу відэараду, яна, як высакародная збіральніца мудрасці, не пакрыўдзіцца, бо ведае сабе цану. Наступны прадстаўнік сучасных тэхналогій, які захапіў, — інтэрактыўны стэнд, рэч у бібліятэцы, як сказалі, пакуль нераспаўсюджа¬ная, ды вельмі актуальная. «Як вялікі мабільны тэлефон!» — жартуе Ларыса Янковіч. Чытач можа падысці, выбраць раздзел і пачаць вывучаць. Прызнацца, захапляе. І дорыць радасць адкрыццяў новага. 

Глобус зорнага неба.

Зорнае неба 

Глобус, на якім паўстаюць сузор’і і, здаецца, такая недасяжная галактыка. А ў Целяханскай бібліятэцы ты можаш дакрануцца да гэтага рукой. Для лепшага і больш яркага эфекту можна ўключыць у разетку — і зорнае неба пачынае ззяць, як ноччу. Дзіва! Гэтую прыгажосць падарыла кіраўніцтва Івацэвіцкай раённай бібліятэчнай сеткі: дырэктар Галіна Міхнюк і намеснік дырэктара Аксана Місейко. Колькі радасці дастаўляе момант, калі круціш глобус касмічнага неба! А ўявіце рэакцыю малышоў! Няма лепшага, а галоўнае, патрэбнага і сучаснага падарунка! Як жа ініцыятары ідэі Галіна Міхнюк і Аксана Місейка трапілі ў цэль, а дакладней, у сэрцы наведвальнікаў! 

Стымул удасканальвацца 

Чытачоў цягне новае, таму іх заўважна прыбавілася з наваселлем кніжніцы. Ходзяць па пакоях, як па музеі, фатаграфуюць, захапляюцца. У прыватнасці, чытачка Галіна Палуяновіч, якая працуе выхавальніцай у мясцовай школе-інтэрнаце, выказалася так: «Якая прыгажосць! Так і хочацца... жыць!» 

Сава работы майстра М. Задрэйкі.

— Усе заходзяць з захапленнем, змены падабаюцца, асабліва дзецям, — дзеліцца Ларыса Янковіч. — Хоць спачатку цяжкавата было расставацца са старым месцам: здаецца, прывыклі... Але калі ступілі сюды, падумалі: а як мы жылі без такой прыгажосці дагэтуль? Ды, згадзіцеся, пераезд — справа не з лёгкіх, спатрэбілася шмат сіл і падтрымкі, каб новую прастору засяліць кнігамі і абсталяваннем. Але гэта таго варта! 

Бібліятэка ў будучыні патрэбна адназначна, пераканана Ларыса Янковіч, гаджэт не здольны замяніць кнігу. Яна жыве вякамі і застаецца той жа надзейнай крыніцай спазнання, а гаджэты ўдаска¬нальваюцца кожнае імгненне і за прагрэсам не паспяваеш. Сапраўды, прагрэс патрабуе нямала высілкаў, каб засвойваць яго новыя опцыі, што бывае складана. Кніга ж простая і, па сутнасці, тая ж на працягу стагоддзяў. І прыйдзе на выручку, калі раптам адключаць электрычнасць. А гаджэт? «Электронны носьбіт можа зламацца, і што тады?» — разважае Ларыса Янковіч. 

Цуды ў дзіцячым пакоі.

Дзіцячы рай 

Аранжава-салатавы дызайн дзіцяча¬га абанемента найлепш настройвае на цуды і казку. Хочацца ўзяць кнігі Эліса Хармана «Усё пра тэхніку і тэхналогіі», Амеліі Коб «Ільвяня на паветраным шары». А колькі цацак! Таму дзяцей тут процьма, асабліва пасля абеду — не прайсці! Яшчэ вабіць лялечны тэатр з унушальнай калекцыяй лялек, у тым ліку работы бібліятэкара Валянціны Леановіч, той чараўніцы, якая і кнігі з цэмен¬ту вылівае, і робіць скульптурныя кампазіцыі. А вы б ведалі, як прыемна сесці ў дзіцячым абанеменце за стол у камфортныя канапы і згуляць, напрыклад, у шашкі, або адарваць чароўны пялёстак з самаробнага рамонку! Дарослы тут умомант забудзе пра свой узрост і стане дзіцем, як я. І гэта не сорамна, паверце! Атмасфера ўтульнасці + чараўніцтва — што яшчэ патрэбна для таго, каб ператварыць сваё жыццё ў казку?! 


Чулая гаспадыня кніжніцы матухна сава шчыра рада вітаць усіх, хто хоча паслухаць яе цікавыя расповеды пра кніжны цэнтр Целяхан — новую бібліятэку! 

Наталля СВЯТЛОВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Перш чым ісці вайной на суседзяў, варта вывучыць «Правілы карыстання жылымі памяшканнямі».

Эканоміка

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

У рамках дзелавой праграмы выставы пройдзе каля 20 тэматычных семінараў і канферэнцый.