Вы тут

Старонкі літаратурнай гісторыі


У 1927 — 1930 гады настаўнікам у Навагрудскай беларускай гімназіі працаваў мастак, празаік, паэт Язэп ДРАЗДОВІЧ (1888 — 1954), ураджэнец засценка Пунькі на Глыбоччыне, у Віцебскай вобласці. У свой «наваградскі» перыяд Язэп Драздовіч друкаваўся ў заходнебеларускіх перыядычных выданнях, такіх як «Маланка», «Сялянская ніва», «Сіла працы». Вершы творца змяшчаў пад псеўданімам Язэп Народнік. У Навагрудку Язэп Драздовіч правёў і сваю персанальную мастацкую выстаўку. Тры «наваградскіх гады» у лёсе таленавітага мастака і пісьменніка болей ясна выглядаюць, дзякуючы даследванню гродзенскага вучонага Андрэя МАЙСЯЁНКА (нар. 1 чэрвеня 1943 г. у Глыбокім на Віцебшчыне) «Язэп Драздовіч у Навагрудку», якое ён агучыў на Першых «Наваградскіх чытаннях» (яны прайшлі па ініцыятыве Гродзенскай краязнаўчай асацыяцыі, Гродзенскага абласнога і Навагрудскага раённага саветаў Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, Гродзенскага навуковага Таварыства гісторыкаў медыцыны, навагрудскага гісторыка-краязнаўчага музея 18 мая 1991 года). Андрэй Георгіевіч Майсяёнак — вучоны ў галіне біяхімі, урач, гісторык медыцыны, грамадскі дзеяч. Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2000), доктар біялагічных навук (1997), прафесар (1997). З 1985 г. А. Майсяёнак — супрацоўнік Інстытута біяхіміі АН БССР. У 1992 — 1996 гг. — намеснік дырэктара, у 1996 — 1998 гг. — в.а. дырэктара, з 1998 г. загадчык лабараторыі Інстытута біяхіміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. З 2006 г. — загадчык аддзела Інстытута біяхіміі біялагічна актыўных злучэнняў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У сваім дакладзе на «Наваградскіх чытаннях» Андрэй Георгіевіч зазначыў: «... Перыяд працы ў Навагрудку ім (Я. Драздовічам — А. К.) акрэсліваецца трыма вучэбнымі гадамі з 1927 па 1930 г. А дата звальнення 1 студзеня 1930 г. З цытуемага дакумента можна даведацца аб цяжкай працы мастака як выкладчыка Наваградскай гімназіі, аб яго творчых поспехах як удзельніка рэгіянальнай выставы, і паўночных таргоў, і Пазнаньскай усеагульнай выставы. У якасці прычыны звальнення Драздовіч зазначае цяжкія матэрыяльныя ўмовы, змяньшэнне выкладчыцкай працы да 13 гадзін у тыдзень і адпаведна заробкку да 80 злотых штомесячна...» Звальненне Язэпа Драздовіча адбывалася рашэннем бацькоўскага камітэта беларускай гімназіі ў Навагрудку ў снежні 1929 г. Зволілі без матэрыяльнай дапамогі. Педагагічная рада гімназіі прыняла на сябе абавязак выплаціць Драздовічу трохмесячную пенсію ў памеры 313 злотых... Яшчэ раней бацькоўскі камітэт «пастанавіў не запрасіць п. Драздовіча выкладаць у гімназіі ў 1929 — 30 гг. <...> Аднак, прыймаючы пад увагу, што пастанова гэтая прынята за м-ц да пачатку года школьнага і за такі кароткі час п. Драздовіч не зможа знайсці сабе новай працы, камітэт пастанавіў абвесьці да ведама п. Драздовіча аб сваёй пастанове і папярэдзіць яго, што калі хоць бы адзін факт указанага характару паўторыцца з яго, то ён будзе зараз жа звольнены...»


А. Г. Майсяёнак у сваім даследванні раскрыў змест, сутнасць зробленага мастаком і пісьменнікам у навагрудскі перыяд жыцця. «... ён вельмі актыўна працаваў у галіне этнаграфіі ія к збіральнік музейных экспанатаў, вандруючы ў наваколлях Наваградка і на Піншчыну. Некаторыя з сабраных этнаграфічных матэрыялаў мастак перасылаў у інстытут беларускай культуры ў Менск. За 4 зборы графічнага, этнаграфічнага і слоўнікавага матэрыяла ў 1928 годзе мастак атрымаў ад Беларускай акадэміі навук грашовую ўзнагароду (прэмію) у 75 рублёў або 38 доляраў праз Навагрудскага агэнта Англа-польскага Банка». І далей: «Увесну 1929 г. Я. Драздовіч адаслаў у Менск 3 альбомы, якія змяшчалі рысункі драўлянага будаўніцтва на Навагрудчыне і Піншчыне, драўлянага будаўніцтва (хаты) на Наваградчыне, харомнага драўлянага будаўніцтва на Наваградчыне, Дзісеншчыне...» І ўсё ж галоўным клопатам Язэпа Драздовіча было збіранне матэрыялаў для Віленскага беларускага музея. «...пералік экспантаў ад 1927 г. сведчыць аб шырокай геаграфіі пошукаў мастака, яго настолівым жаданні захаваць усё магчыма важнае ў спадчыне беларускай зямлі, зрабіць гэта здабыткам нашчадкаў. У пераліку — экспанаты з Мендоўгавай гары ў Навагрудку, «шведзскіх валоў» каля вёскі Грабнікі, мястэчка Турэц, Карэліч. Пазначаецца аўтар, дата і месца знаходак. Напрыклад: «Женя Картунянка з в. Грабніка пад наваградкам 24-4-27 знайшла на Грабніцкім полі медзяную манету... Пры пасрэдніцтве, і відаць, удзеле , Я. Драздовіча, 7 верасня 1927 г. вучні Наваградскай беларускай гімназіі перадалі дар Віленскаму беларускаму музею: «Рэзбаваная (з розам і ракавінай) з грабавага дрэва цукерніца — праца мастака-самавучкі, беларуса Гарбацэвіча з вёскі Міратчы каля воз. Світэзі ў Наваградку»... Даклад А. Майсяёнка завяршаецца наступнымі словамі (што ўжо таксама становіцца гісторыяй!): «...Прыйшла пара аддаць належнае „вандроўнаму мастаку“, неўрымсліваму дзеячу Беларускага адраджэння і на Навагрудчыне». І з гэтым не паспрачаешся... На шчасце, імем Язэпа Драздовіча сёння названы вуліцы ў многіх гарадах краіны. У Мінску, Оршы, Маладзечне, Глыбокім, Шаркаўшчыне, Радашковічах. І ў Навагрудку — таксама...

Вучнем Навагрудскай гімназіі быў і мемуарыст, педагог, журналіст, грамадскі дзеяч Аляксей Сцяпанавіч АНІШЧЫК (19.7. 1912, хутар Мондзіна Навагрудскага павета — 31.03. 2007, Вільнюс). Выступаў у друку пад псеўданімамі Андрэй Чэмер, А. Шпак). З Навагрудчынай Аляксея Анішчыка звязваюць многія адрасы. Навуку адольваць злопец пачаў у школе ў вёсцы Мондзіна. Пасля паступіў у трэці клас Навагрудскай беларускай гімназіі. Скончыў яе ў 1930 годзе. Пасля скончыў эканамічны факультэт Віленскага ўніверсітэта (1935). Магістр эканамічных навук. Працваў у псіхатэхнічным інстытуце ў Катавіцах (Польшча). Кіраваў у ім інжынерна-тэхнічнымі курсамі. У 1939 годзе запісаўся добраахвотнікам у батальён, які абараняў Варшаву ад немцаў. Пазней за ўдзел у гэтых баях быў узнагароджаны медалём. Пасля капітуляцыі Польшчы вярнуўся ў Навагрудак. Працаваў выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры Навагрудскай беларускай гімназіі. У 1940-1941 гг. — на Беласточчыне. Працаваў на тэкстыльным камбінаце ў гарадку, дырэктарам школы ў фабрычным пасёлку Чарнавесь. У 1941 — 1942 гг. — загадчык сямігодкі ў мястэчку Уселюб. З 1942 года — выкладчык Навагрудскай беларускай настаўніцкай семінарыі ў Навагрудку. У лютым — маі 1944 года — загадчык Навагрудскай друкарні. У 1945 — 1948 гг. — на журналісцкай і выдавецкай працы ў Польшчы. Арыштаваны савецкімі спецслужбамі ў маі 1948 года. За супрацоўніцтва з немцамі прысуджаны да расстрэлу, які замянілі на 25 гадоў зняволення. У 1962 годзе быў быў вызвалены. Працаваў эканамістам у Лідзе, на Навагрудчыне, у Воранаве. У 1967 г. выехаў у Літву. Пісаў на беларускай, рускай і польскай мовах. Літаратурна-крытычныя і публіцыстычныя артыкулы, апавяданні друкаваў ў заходнебеларуксіх часопісах «Калоссе», «Шлях моладзі», «Беларускі лелатпіс». У 1996 годзе выдаў дакументальную вершаваную аповесць «Мондзінская балада», у тым самым годзе — зборнік вершаў і перакладаў на рускай мове «Жыццё жывым належыць». Аляксей Анішчык — аўтар кніг «Навагрдзская беларуская гімназія» (1997), «Выбраныя Богам» (1999; пра Барыса Кіта і яго вучняў, іх повязь з Навагрудчынай).

Біябібліяграфічны слоўнік «Беларускія пісьменнікі» (Мінск, 1994; том 3) падказвае нам яшчэ адзін літаратурна-краязнаўчы навагрудскі штрышок. Гэтым разам — штрышок, які самым непасрэдным чынам звязаны з лёсам заходнебеларускага паэта (першы яго вершаваны зборнік — «Песні на загонах» — пабачыў свет у Вільні ў 1939 годзе) Анатоля ІВЕРСА (1912 — 1999), які нарадзіўся на Слонімшчыне: «...Чытаць па-руску паэта навучыў бацька, потым некалькі месяцаў хлапчук вучыўся ў мясцовай беларускай школе, але яна была закрыта. Летам 1926 года паступіў у Віленскую беларускую гімназію, у 1928 годзе выключаны за актыўную падпольную дзейнасць. Працягваў вучыцца ў Клецкай і Навагрудскай гімназіях, але закончыць поўны курс навучання польскія ўлады так і не далі...» Друкавацца ў заходнебеларускім друку Анатоль Іверс пачаў у 1934 годзе. У час Вялікай Айчыннай вайны стварыў антыфашысцкую падпольную арганізацыю ў Слоніме. Калі пачаліся арышты падпольшчыкаў, пайшоў у партызаны. Быў абраны сакратаром Слонімскага міжраённага антыфашысцкага камітэта. Пазней быў прызначаны намеснікам камандзіра партызанскага атрада імя Дзяржынскага па разведцы. Пасля вайны працаваў майстрам смалакурні, тэхнолагам хімзавода. Анатоль Іверс — аўтар кніг «З пройдзеных дарог» (1970), «Жыву ў бацькоўскім краі» (1982), «Я пайшоў бы ўслед за летам» (1987), а таксама — шэрагу выданняў, якія пабачылі свет ужо пасля смерці паэта. Шмат для захавання творчай спадчыны Анатоля Іверса зрабіў яго зямляк — слонімскі краязнаўца, добра вядомы ў нашай краіне даследчык мінуўшчыны, пісьменнік Сяргей Чыгрын.

Уладзімір СІЎКО (нарадзіўся ў Мінску 7 студзеня 1916 года) паходжаннем па сваіх бацьках з вёскі Ачукевічы каля мястэчка Любча. У 1933 годзе скончыў Навагрудскую гімназію. Вершы пачаў друкаваць у заходнебеларускім часопісе «Шлях моладзі». У 1937 — 1938 гг. служыў у польскім войску. У 1939 годзе ўдзельнічаў у нямецка-польскай вайне. Да 1941 года працаваў настаўнікам беларускай мовы ў Ачукевіцкай школе. У 1944 — 1945 гг. жыў і працаваў у Вільнюсе. Арыштаваны 25 жніўня 1945 года. Зняволенне адбываў на Калыме. Пасля вяртання ў Беларусь жыў у Любчы. Выязджаў у Расію. Затым жыў у Магілёве. З 1990-х гг. друкаваў вершы і ўспаміны ў мясцовым і рэспубліканскім перыядычным друку. Выдаў у Навагрудку ў 1996 годзе паэтычную кнігу «Познія кветкі».

На Навагрудчыне, у вёсцы Заполле, нарадзілася паэтэса Ніна ТАРАС (1916 — 2006), член Саюза савецкіх пісьменнікаў з 1940 года. Выступаць у друку з вершамі яна пачала ў 1936 годзе. Першыя публікацыі Ніны Тарас — у «Беларускім летапісе», часопісах «Шлях моладзі», «Летапіс ТБШ», газеце «Наша воля». Першы паэтычны зборнік заходнебеларускай паэтэсы Ніны Тарас — «На ўсход ідучы...» (1940). Звернемся да біяграфіі пісьменніцы, у якой праліваюцца досыць цікавыя кропелькі святла і на тое, як вырастаў, фарміраваўся яе мастацкі талент... «Бацька паходзіў з беднай сялянскай сям’і. Пяцігадовым хлопчыкам пайшоў ён на ўласны хлеб — ездзіў з анучнікам па вёсках і збіраў анучы. Пазней асвоіў прафесію сталяра. Зямлі на яго долю выпала мала, таму на гаспадарцы амаль не прыпыняўся, усё жыццё хадзіў па людзях у заробкі — будаваў масты, млыны, рамантаваў малатарні, наймаўся на розныя сталярныя работы. Некалькі гадоў трымаў у вёсцы краму, але залез з ёю ў даўгі і закрыў.

Колькі помніцца, бацька дома бываў мала. На гаспадарцы працавала адна маці, а мы, дзеці, ёй памагалі.

Нас было пяцёра: чатыры сястры і — самы малодшы — брат Віктар. Я ў сям’і была старэйшая. Раслі мы ўсе неяк разам, адно пад адным.

У нашай хаце вельмі любілі збірацца людзі. Як толькі ўправяцца вечарам па гаспадарцы, так і пачынаюць сходзіцца, асабліва ў доўгія зімовыя вечары... <...> колькі цікавых гісторый нагавораць за цэлы вечар! Была тут і праўда і выдумка, і сумнае і вясёлае. У суботу вечарам прыходзіў дамоў бацька і папаўняў „рэпертуар“ сваімі навінамі і жартамі, на якія ён быў добры майстар.

Помню, як у нашай хаце чыталі „Маланку“, спрачаліся пра тое, як змагацца за родную беларускую школу, а пазней — пра падзел зямлі на хутары.

Мы раслі-падрасталі і нават перарасталі, а ў вёсцы ўсё не было ніякай школы.

Бацька дастаў нейкія падручнікі на рускай мове і пачаў вучыць мяне сам. Педагог з яго быў не вельмі спрактыкаваны, сам скончыў толькі чатыры класы прыходскай школы, але мяне вучыў з усёй стараннасцю і неўзабаве навучыў чытаць, пісаць, лічыць. Да мае вучобы ў яго быў свой падыход. Ён ведаў, дзе пішуцца ўсе фіты і іжыцы, ведаў на памяць закон божы і ўсе малітвы, аднак маю ўвагу звяртаў больш на цікавыя апавяданні ў кніжках, чытаў вершы Пушкіна, Лермантава, Крылова, якіх ён завучыў вельмі многа...»

І далей з успамінаў — пра нараджэнне першага верша: «Нарэшце ў нашу вёску прыслалі настаўніка з Польшчы пана Рэксуляка, які стаў дырэктарам школы, а таксама настаўніцу Вінніцкую. Пачала працаваць польская школа. Мяне залічылі ў другі клас, які складаўся з трох вучняў. Вучылі нас толькі на польскай мове. Незадаволеныя бацькі пачалі дабівацца беларускай школы. Праз нейкі час прыслалі яшчэ настаўніка-беларуса па прозвішчу Шляхтун.

Акрамя заняткаў я мела яшчэ адзін абавязак: у нас была прыгожая, цёмна-вішнёвай масці, карова Альдона, якую я павінна была пасвіць. Альдона ў вялікую дружбу са мной не заходзіла, на праяўленне любой маёй пяшчоты пачынала грацыёзна ўпраўляцца рагамі. Але я любіла яе. Ганяла на пашу ў Азараўшчыну. Гэта былы зруйнаваны маёнтак, аб якім нагадвалі толькі рэшткі тоўстых мураваных сцен нейкіх збудаванняў ды высокія старыя таполі. Асталіся і далёкія нашчадкі пана, зусім збяднелыя паны Сакалоўскія. Я пасвіла іх каровы, а за гэта хадзіла на іхняй пашы і Альдона. Пашы хапала: вялікі дзядзінец, равы, стары сад. Усё гэта ўдзірванела, запусцела, пазарастала травою і палыном. Каровы спакойна скубуць траву, а я, прымасціўшыся дзе-небудзь на пні ці на схіленым паломаным дрэве, вучу польскую гісторыю, ды так, каб на ўсё жыццё запомніць, што Тадэвуш Касцюшка нарадзіўся ў Мэрэчаўшчызне 4 лютага 1746 года і г.д. Калі ж Альдона перабягала праз дарогу ў жыта, я займала статак і пераганяла на сенажаць, бліжэй да рэчкі. Тут больш свабодна, можна не толькі чытаць уголас, але нават спяваць, і ніхто не пачуе...

І вось, мабыць, у трэцім класе я склала свой першы ўласны верш «Пастушка», зразумела, на польскай мове.

Не помню цяпер, якім чынам верш трапіў у рукі дырэктару школы майму настаўніку пану Рэксуляку. З таго часу ён пачаў акружаць мяне сваімі «клопатамі» і нават раіў бацьку паслаць мяне вучыцца ў гімназію.

Праз нейкі час затрымаў мяне беларускі настаўнік Шляхтун і параіў пісаць толькі на роднай мове

Так пачала я пісаць вершы і пісала іх ужо на беларускай мове. Вершы пра рэчку, лес, птушак. Бацьку яны не задаволілі. Ён вельмі радаваўся маім літаратурным пачынанням, але аднойчы сказаў:

«Ты нікога не слухай, а толькі мяне, і я цябе навучу, як пісаць вершы па-сапраўднаму...»

У 1931 годзе, скончыўшы польскую сямігадовую школу ў мястэчку Турэц, у Навагрудскую гімназію паступіў Янка БРЫЛЬ (1917 — 2006), але вучыцца там з-за матэрыяльных абставін не змог. Родныя мясціны народнага пісьменніка Беларусі — Карэліччына. Турэц, Загор’е, Крынічнае... Многія сюжэты, многія персанажы прозы народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля — якраз адсюль... Але ж цяжка падзяліць Навагрудскі край, колішні Навагрудскі павет, Наваградчыну на раённыя межы. Як і самі вандроўкі Янкі Брыля па родных мясцінах... Чытаем у даўняй мініяцюры пісьменніка — «Голле чапае нас лістотай», напісанай ажно ў 1951 годзе: «Адзін з нашай рыбацкай валачашчай тройкі, навічок у гэтых мясцінах, казаў, што на Свіцязі ён адчувае нейкую незвычайную лёгкасць, як ні на адной іншай вадзе, якіх ён, дарэчы, аплаваў ды „абязрыбіў“ нямала. Пад яго кіраўніцтвам і Свіцязь раскрылася для мяне яшчэ адным сваім бокам. З лодкі, заякаранай каля легендарнага трыснягу, мы вылавілі за раніцу мноства бойкіх акунёў. І паплаўкі, жывыя паплаўкі на невыказна лёгкай і светлай вадзе, пойдуць за мною дзіцячымі снамі». І яшчэ — з той самай мініяцюры: «...Узгоркі Наваградчыны, калі глядзець з гары, ледзь не ў шахматным парадку ўкрытыя пералескамі. Дубы і грабы. Жытнія мэндлі. Грэчка ў пахкай красе. Жніўная песня. Рупліва махае рукамі жняярка. На гасцінцы, уздоўж бруку, над расквечаным адхонам — добрая сцежка для нашага брата-веласіпедыста. І цянёк ад прысадаў, і голле трохі зачапаецца лістотай. У цяньку каля хутара, на траве, да чорнага хлеба вельмі добра падыходзіць свежае малако.

...Пасля ўзгоркаў ды пералескаў, ад Карэліч на Любчу пачынаецца лагодная роўнядзь, з часцейшымі мэндлямі, светла-зялёнымі прасторамі слаўнага лёну, усыпанай кветкамі канюшыннай атавы, густых, зярністых аўсоў. Вёскі цягнуцца амаль неразрыўным ланцугом, дружна чапляючыся адна за адну, злучаныя звонка ўкатанымі дарогамі, абапал якіх густа стаяць то нізка каржакаватыя вербы, то велічныя красуні ліпы, з якіх яшчэ ўсё асыпаецца духмяны пыл. Рэшткі апетага Міцевічам: „ціхія грушы“ на межах... Хаця — межаў няма. Навокал стаіць густое, каласістае жыта, спакойна дыхаючы смачным, гаркаватым пахам. І на ўсім гэтым фоне — сведчанне часу — працуе камбайн.

... У Любчы — ужо шырокі пасля нашых Ярэміч, падкормлены водамі некалькіх рэчак Нёман. З яго адвояў — мы бачылі — сетка вымае на сонца шыраказяпых, выпасеных шчупакоў. За ракой, на зялёнай прасторы, што канчаецца на даляглядзе цёмнай сцяною лесу, ходзіць калгасны статак. Ад саламянага будана над Нёманам, дзе збіраюцца нанач каровы і куды прыязджаюць з бітонамі даяркі, увечары чуваць дзявочыя жарты і смех, а бліжэй — дзюрчанне ў звонкія вёдры духмянага сырадою. Блізкасць пушчы адчуваецца не толькі над ракой, берагі якой завалены падрыхтаванай для сплаву драўніны, але і ў самым гарадку...»

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?