Вы тут

Дзень бацькі завершыць Тыдзень бацькоўскай любові


21 кастрычніка ў Беларусі ўпершыню адзначаць Дзень бацькі. Першы раз сёлета ў краіне праводзіцца і Тыдзень бацькоўскай любові. Пачаўся ён у Дзень маці, 14 кастрычніка, а скончыцца 21 кастрычніка, у Дзень бацькі. У гэты час праходзіць шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных сямейным каштоўнасцям і традыцыям.


Ініцыятыва аб заснаванні Дня бацькі прагучала падчас звароту Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з Пасланнем беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу 28 студзеня 2022 года. У выніку Указам Прэзідэнта ад 9 чэрвеня 2022 года было ўсталявана новае свята — Дзень бацькі.

Дата 21 кастрычніка ўзнікла невыпадкова. 14 кастрычніка адзначаецца Дзень маці. З'явілася ідэя з 14 да 21 кастрычніка арганізаваць «бацькоўскі тыдзень». Гэтымі днямі праводзяцца розныя мерапрыемствы, прысвечаныя сям'і, мацярынству і бацькоўству, дабрачынныя акцыі для дзяцей.

У Дзень маці ў Мінску прайшоў фінал V Рэспубліканскага конкурсу «Сям'я года». Падчас Тыдня бацькоўскай любові адбудуцца прамыя тэлефонныя лініі з супрацоўнікамі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны па пытаннях дзяржпадтрымкі сем'яў з дзецьмі, круглыя сталы па фарміраванні здаровага ладу жыцця, канцэрты, выстаўкі, спартакіяды, духоўныя сустрэчы.

Напрыклад, 21 кастрычніка Міністэрства па надзвычайных сітуацыях арганізуе конкурс «Сямейнае прызванне». Міністэрства абароны з 14 да 21 кастрычніка праводзіць конкурс сярод асабовага складу ў злучэннях, воінскіх часцях і арганізацыях Узброеных Сіл на найлепшы аповед пра ваенныя ці працоўныя сямейныя дынастыі «Па прыкладзе бацькоў».

Мінскі гарвыканкам, рэспубліканскае дабрачыннае аб'яднанне «Клуб ільвоў» сумесна з Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны 21 кастрычніка арганізуюць рэспубліканскі форум «Быць татам цяпер!». Мерапрыемства ставіць сваёй мэтай прыцягнуць увагу да тэмы свядомага бацькоўства, удзелу таты ў жыцці і выхаванні сваіх дзяцей, рабоце па доме, папулярызацыі здаровага ладу жыцця ў сям'і і ўмацавання сямейных каштоўнасцяў. Падчас форуму будзе арганізавана шэсць дыскусійных пляцовак, дзе ўдзельнікі абмяркуюць пытанні практычнай работы «Тата-школ» і ролю бацькі для дзіцяці, гарманічнае развіццё дзяцей ранняга ўзросту, канфлікты ў сям'і, мужчынскае здароўе, эмацыянальны інтэлект мужчыны, прафілактыку стрэсаў і выгарання.

Міністэрства ўнутраных спраў і Гродзенскі аблвыканкам правядуць фінал рэспубліканскай акцыі «Сям'я! Служым разам!». А па ініцыятыве Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі ў «бацькоўскі тыдзень» праходзіць праект «Тата-зала». Мужчыны ў гэты тыдзень могуць бясплатна трэніравацца разам з сынамі ці дочкамі.

У Дзень бацькі мужчыны з дзецьмі могуць бясплатна наведаць некаторыя музеі, у прыватнасці Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж» і замкава-паркавы комплекс «Мір».

Дзень бацькі адзначаецца амаль у 60 краінах свету. У Расіі ён святкуецца ў трэцюю нядзелю кастрычніка, сёлета прайшоў 16 кастрычніка. У трох дзясятках краін, у тым ліку ЗША, Нідэрландах, Вялікабрытаніі, Францыі, Кітаі, Японіі, Казахстане, яго святкуюць у трэцюю нядзелю чэрвеня. А, напрыклад, у Італіі, Іспаніі і Партугаліі — 19 сакавіка.

Адзначаюць свята за мяжой па-рознаму. У Аўстраліі гэта нагода выбрацца на прыроду, у Фінляндыі спачатку ходзяць на могілкі і ўшаноўваюць памяць памерлых блізкіх, а затым арганізоўваюць свята дома. Магчыма, у беларусаў з'явяцца і свае традыцыі ў гэты дзень, а пакуль жа можна проста павіншаваць тату — асабіста, па тэлефоне ці хаця б паштоўкай.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі? 

Культура

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

«Пласт роднай зямлі — п’едэстал для паэта...» 

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.