Вы тут

Апошні дзень бабінага лета


У панядзелак пад вечар выпала ехаць па прыгожай дарозе, яе з абодвух бакоў акаляе лясны масіў. І якая там была прыгажосць! У пэўныя моманты аж сэрца заходзілася ад яркай сонечнай урачыстасці стракатай лістоты і сасновай зелені, асаблівай яснасці паветра, што бывае толькі ў такія асеннія дні. Не ведаю, як тое выказаць словамі, падумалася, можа, падобныя эмоцыі ахопліваюць у раі? А яшчэ было адчуванне, што гэтыя пачуцці ўжо аднойчы авалодвалі.


Фота: pixabay.com

Сапраўды, у памяці найбольш трывала фіксуюцца не даты і падзеі, а ўражанні. Вавёрка, якая ўзялася невядома адкуль, перабегла нам дарогу і схавалася, нібы злілася з рознакаляровай лістотай, абудзіўшы той успамін, нагадаўшы адчуванні.

Гэта было ў першыя гады маёй работы, на курсах павышэння кваліфікацыі. Маладыя, заўважана, наогул любяць ездзіць на курсы: новыя месцы, новыя сустрэчы, новыя ўражанні. Нас, супрацоўнікаў аддзелаў сельскай гаспадаркі раённых газет, сабралася цэлая група. Дзяўчат было нямнога, чалавек шэсць, і верхаводзіла намі 35-гадовая каляжанка, сямейная, але ж на рэдкасць кампанейская, вясёлая. Ёй падабалася гэткая роля «мамкі», а мы з задавальненнем падыгрывалі. Тым больш што Ніна магла сапраўды з нічога зрабіць, як яна казала, чайную цырымонію, калі ў адной на гэты час выпаў дзень нараджэння. А яшчэ нейкім дзіўным чынам умела знайсці магазін, дзе ўсе набывалі сабе сякія-такія абноўкі, хоць яшчэ не мінуў час татальных дэфіцытаў. Яна шмат што ўмела.

Звычайна мы прыходзілі з заняткаў, і старшая абвяшчала «праграму на вечар». Нядзеля ў нас была свабодным днём, некаторыя нават збіраліся з'ездзіць дадому, але Ніна напярэдадні стала адгаворваць, бо прыдумала на гэты дзень асаблівае мерапрыемства — вылазку ў лес. Надвор'е стаяла, вось як цяпер, чароўнае. Не ўспомню дакладна год, а дзень да гэтай пары памятаю — 26 кастрычніка. Было цёпла, дрэвы стаялі ў яркай лістоце. Наўрад ці сёлета хараство датрымаецца да той даты...

Мы праехалі электрычкай два прыпынкі ад сталіцы, выйшлі, а яна ўжо знала кірунак, без усякіх навігатараў і карты ў тэлефоне. Талент у чалавека, што тут скажаш. Аказалася, напярэдадні распытала калегу, які родам адгэтуль, і прывяла нас у дзівосную лясную мясціну з відам на бераг возера. Тады, на мяжы 1980—1990-х гадоў яшчэ не было павальнай завядзёнкі ў выхадныя рушыць на прыроду. Гэта цяпер у радыусе 30 кіламетраў ад вялікага горада прыедзь у маляўнічую мясціну, асабліва ў пагодны дзень, і не знойдзеш свабоднага лапіка, да таго ж пашанцуе, калі наваколле не будзе засмечанае папярэднімі адпачывальнікамі. А тут мы былі адны. Рэшткі былога кастра сведчылі пра тое, што людзі паяўляліся тут не раней, чым тыдні два таму.

Мы развялі невялікае вогнішча не адразу. Гадзіну ці больш проста хадзілі і амаль моўчкі любаваліся прыгажосцю. Было рэдкае спалучэнне цяпла, цішыні, сонечнасці, спакою і асаблівага паху восені, які наводзіць на роздум. Не на сум, хандру, настальгію, а менавіта на роздум пра вечнае кола прыроды, пра радасць існавання, пра шчасце мець сяброў, родных, што ты тут і ўсё гэта бачыш. І неяк па-іншаму сталі пачувацца людзі, якія знаходзіліся побач. Нас у той паход выбралася ўсяго чалавек сем, большасць дзяўчат і двое хлопцаў. Дык вось, самы сціплы з нас, з якога раней і слова асабліва не выцягнеш, перад тым, як разліць каву, што прыгатаваў на агні, над кастром спярша грэў кубкі. І мы гэта, несумненна, ацанілі.

А Ніна, якую дагэтуль лічылі проста весялухай, гэткай «камсамолкай, спартсменкай», прачытала верш Караткевіча «У векавечнай бацькаўшчыне клёны», і так лёг гэты верш на душу, так адлюстраваў тое, што кожны не мог альбо не ведаў, як выказаць, што зрабілася асабліва гожа-шчымліва на сэрцы. З той пары названы верш — адзін з любімых маіх паэтычных твораў беларускай літаратуры. Думаю, зусім не зашкодзіць і тым, хто ў самым пачатку жыццёвага шляху, і тым, хто ўжо абцяжараны жыццёвым вопытам, пасадай, адказнасцю, часам згадваць радкі пра тое, як увосень зямля «...Раняе золата пад ногі людзям, каб мы яе любілі й бераглі».

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Юная артыстка, якая арганічна падае сябе ў розных вобразах і жанрах. 

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.