Вы тут

Вольга Чамаданава: Калі бацькі думаюць, што «дзіцяці цяжка», то потым цяжка будзе ім


Фраза «Хочаш змяніць свет, пачні з сябе» для начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгарвыканкама, старшыні Мінскай гарадской арганізацыі БСЖ Вольгі Чамаданавай ключавая і ў прафесіі, і жыцці.


Мы бачым і чуем кожнага

— Вольга Мікалаеўна, часам кажуць, раней моладзь была іншая. Што вам хочацца сказаць у абарону маладога пакалення?

— Мне адразу хочацца спытаць у адказ: а іншая — гэта якая? Сучасная моладзь, безумоўна, больш прасунутая. Усебакова зацікаўленая, каб сябе праявіць і максімальна рэалізаваць, — і гэта выдатна. Маладыя людзі могуць сабе дазволіць больш, чым мы некалі маглі гэта зрабіць. Свет не стаіць на месцы, таму і новае пакаленне іншае. Мы ў Беларусі можам ганарыцца сваёй моладдзю, граматнай, зацікаўленай у росце і росквіце, як сябе, так і сваёй краіны.

— Ведаю, што ёсць праект «Мінская змена», дзе маладыя людзі могуць прадставіць свае ідэі. А што яшчэ для самарэалізацыі моладзі ёсць у сталіцы?

— Шмат праектаў у Рэспубліканскага аб’яднання БРСМ. Частка з іх сталі ўжо традыцыйнымі, як той жа «Сто ідэй для Беларусі». Ёсць у іх і розныя валанцёрскія праекты. Шэраг уласных ініцыятыў — у вышэйшых навучальных устаноў і ў цэлым устаноў адукацыі. Унутрыведамасна кожны праводзіць свае нейкія акцыі, рэалізоўвае тыя ці іншыя мерапрыемствы, праграмы. І ўсе яны без выключэння прапануюць магчымасці для самарэалізацыі і развіцця ў тым напрамку, у якім зацікаўлены малады чалавек. Такія праекты, як «Мінская змена», пра які вы згадалі, — яны не аднаго дня і нават месяца. Ён у нас працаваў больш за паўгода. І ўжо з кастрычніка даём старт чарговаму этапу. Гэта будзе ўжо абноўленая версія «Мінскай змены». Ёсць вялікае жаданне прыцягнуць да ўдзелу ў ім прадпрыемствы, каб вывучыць запыт на новыя ідэі і даць магчымасць моладзі адразу рэалізоўваць іх. Гэта тое, што будзе ў даляглядзе. Акрамя гэтага, сёння ў нас рэалізуецца шэраг мерапрыемстваў у рамках Года гістарычнай памяці. Максімальна прыцягваем моладзь у правядзенне акцый, накіраваных на патрыятычнае выхаванне. Гэта і мітынгі-рэквіемы з ускладаннем кветак, стварэнне інтэрактыўных карт па месцах гістарычнай славы. Гэта і каласальны ўдзел падлеткаў і юнацтва ў добраўпарадкаванні тых месцаў пахавання часоў Вялікай Айчыннай вайны, якія размешчаны ў межах горада. Ні адна добрая справа не застаецца без нашай увагі. Ідэалагічная работа засяроджана на тым, каб любая карысная ініцыятыва з боку моладзі атрымала падтрымку. Дзверы гарвыканкама адчынены для ўсіх тых, хто хоча мець зносіны з прадстаўнікамі гарадской улады. Самае важнае — адсутнасць абыякавасці да жыцця горада, зацікаўленасць і імкненне моладзі самім прапаноўваць рэалізоўваць ідэі па тым, каб жыццё ў сталіцы адпавядала сучасным патрабаванням і патрэбам яе жыхароў і гасцей. Думаецца, нехта з тых, хто сёння толькі прыходзіць да нас са сваімі прапановамі, праз нейкі час зможа вырасці ў кампетэнтнага кіраўніка.

— Гэта перспектыва самых ініцыятыўных, а як быць з усімі астатнімі?

— Самае галоўнае, што ў нас ёсць прыклады сярод моладзі, на якія можна раўняцца. І людзі побач таксама ў курсе ўсяго, што адбываецца вакол іх. Але актыўныя дзяўчыны і хлопцы не павінны абасоблівацца. Іх задача — весці за сабой, уцягваць у свае ініцыятывы тых, хто, магчыма, яшчэ не сфарміраваўся канчаткова ў сваёй грамадзянскай пазіцыі і як асоба ў цэлым...

У мяне быў вельмі доўгі пэрыяд непасрэднай работы з моладдзю і дзецьмі. Я ніколі не дзяліла іх на сваіх ці чужых, сацыяльна небяспечных ці шчасных, ніводнаму падлетку не сказала, што ён «цяжкі». Дзецям такое ў прынцыпе нельга казаць. Не бывае чужых дзяцей. Мы павiнны сумесна займацца iх выхаваннем. Наша моладзь, школьнікі і малыя павінны мець дачыненне да ўсяго таго, што адбываецца ў Беларусі. Для гэтага павінна быць правільная атмасфера ў сям’і, у доме, потым у двары, у школе, у грамадстве. Таму сёння мы бачым і чуем кожнага.

— Якія пытанні і тэмы ў вашай рабоце патрабуюць больш пільнай увагі і неардынарных рашэнняў?

— Улічваючы, што я яшчэ і старшыня гарадской арганізацыі «Беларускі саюз жанчын», то сёння хацела б убачыць актыўную работу «маладзёжнага крыла» нашай арганізацыі. Нядаўна мы з нашымі дзяўчатамі пачалі работу над вялікім і працяглым праектам «Моладзь супраць наркотыкаў». Там будуць выкарыстоўвацца максімальна інавацыйныя метады супрацьдзеяння па ўцягванні моладзі ў збыт наркотыкаў. Вырашэнне гэтай праблемы патрабуе кансалідацыі ўсяго грамадства. Бо як атрымліваецца часам: дзеці ўстаюць на злачынны і згубны шлях па сваім няведанні і неразуменні маштабаў наступстваў сваіх дзеянняў. Асаблівую ўвагу звяртаем на тое, што злачынцы шукаюць сабе ахвяр у інтэрнеце. Упор робім на прафілактыку, асвету. Наша задача — максімальна спыніць уцягванне дзяцей у гэты злачынны вір. Удзельнікі працэсаў па незаконным абароце наркотыкаў атрымліваюць вялікія тэрміны, ламаюцца лёсы дзяцей.

Важна своечасова распазнаць праблемы

— Усё пачынаецца з сям’і. Але ці заўсёды бацькі ў сілах засцерагчы ўласнае дзіця ад уплыву сяброў, інфармацыйнага ўздзеяння ў тым жа, напрыклад, інтэрнэце, і хто павінен дапамагаць ім у гэтым?

— Калі ў сям’і дзіцяці не хапае увагі, разумення і даверу, ён шукае ўсё гэта на вуліцы. У гэтым я не сумняваюся і шмат разоў пераконвалася на практыцы: проста так дзеці на вуліцы не аказваюцца. У зоне рызыкі дзеці з няпоўных сем’яў, дзе ёсць элементы няшчасця ў частцы амаральнага ладу жыцця аднаго з бацькоў.

— У падлеткавым узросце нават дзеці з шчаслівых сем’яў робяць нейкія рэчы, каб быць сваім у кампаніі, даказаць, што «не слаба»?

— Так было ва ўсе часы. Важна, каб бацькі не баяліся размаўляць са сваім дзіцём на ўсе тэмы, якія лічаць актуальнымі. Ніхто не вызначыць, з якога ўзросту трэба прагаворваць нейкія моманты. Гэта варта рабіць тады, калі яны гатовы вас слухаць і чуць. Бацькі павінны сфарміраваць са сваім дзіцём даверлівыя адносіны да таго, як, напрыклад, ён даведаецца, што такое наркотыкі і якімі спосабамі на іх можна зарабіць грошай.

— Як выкарыстоўваеце досвед работы прэс-сакратаром МУС і ў інспекцыі па справах непаўналетніх на цяперашняй пасадзе?

— Гэта была добрая трэніроўка ў сэнсе дысцыпліны, падрыхтоўкі, адказнасці і ўмення прымаць рашучыя меры па тых ці іншых пытаннях. Гэта карысны досвед, але любая чарговая прыступка ў рабоце патрабуе новых ведаў, падыходаў, фокусу прафесійнага зроку. Усё гэта я цяпер і асвойваю, таму што ідэалогія ахоплівае абсалютна ўсе кірункі жыццядзейнасці чалавека пачынаючы ад яго нараджэння.

Для мяне заўсёды была важная наяўнасць дысцыпліны і парадку. Кожны на сваім месцы павінен выконваць работу якасна, адчуваць адказнасць за рэзультат. Словы павінны падмацоўвацца справай. І ва ўсім тут павінна быць пэўная вытрыманасць і дакладная пазіцыя. Шмат чаму ў гэтым навучыла папярэдняя пасада. Але сёння мая службовая дзейнасць стала значна больш маштабнай. Работа з людзьмі — гэта вялікая адказнасць.

— Скажыце, што вас матывавала ў свой час прыйсці ў сістэму МУС?

— Служыць у міліцыю я пайшла выключна з-за свайго характару і жадання паспрабаваць сябе ў гэтай прафесіі. Сёння магу з упэўненасцю сказаць: усё атрымалася. Я працавала з дзецьмі, з сем’ямі — часам ад мяне залежала вельмі шмат у іх лёсе. Памятаю, як спачатку проста жыла гэтай работай, заробак быў на другім плане. Мне важна было рэалізавацца там, дзе я сябе бачыла і дзе вельмі хацела быць. Часам было складана псіхалагічна, але з часам выпрацоўваецца навык кіравацца не эмоцыямі, а розумам. І пры гэтым было вялікае жаданне працаваць.

— З мужам вы пазнаёміліся ў той час ці раней?

— Так, тады, калі толькі пачала службу ў органах унутраных спраў. Мусіць, гэта быў лёс прыйсці туды і знайсці свайго чалавека для стварэння сям’і. І цяпер мы выхоўваем дваіх дзяцей.

Побач — значыць разам

— Раскажыце, якая вы ў коле сям’і?

— Я бываю розная. Дома я гаспадыня. Люблю гатаваць. У мяне ўсё заўжды ляжыць на сваіх месцах. Усімі справамі па хаце займаюся сама, без старонняй дапамогі.

— А ў выхаванні дзяцей вы строгая мама?

— У нас у сям’і дзеці прывучаны да парадку і дысцыпліне. Яны ведаюць свае абавязкі і выконваюць усё, як мы дамаўляемся. Дзіця павінна атрымліваць заданні кожны дзень, пачынаючы з садка, і адчуваць адказнасць за тое, што яму даручылі. Напрыклад, калі ён заўсёды будзе прыбіраць за сабой талерку і кубак пасля ежы, выціраць стол, складаць свае рэчы, то атрымае элементарныя навыкі падтрымання парадку. Калі бацькі думаюць, што «дзіцяці цяжка», то потым цяжка будзе ім.

— Сёння кожнай жанчына сумяшчае шмат розных роляў. Як гэтая шматзадачнасць адбіваецца на вашым жыцці?

— Цяпер я ўжо магу сказаць, што маю каласальны вопыт. Мне не складана сумяшчаць работу і сям’ю. Я навучылася планаваць час для самарэалізацыі ў розных сферах жыцця. Калі чалавек абвыкае да такога рытму, то іншы для яго становіцца ўжо нехарактэрным. У мяне ўсё выбудавана, і я кіруюся рацыянальнасцю, не паддаючыся эмоцыям і слабасцям. Вядома, бывае адчуванне стомленасці, магу адысці ад плана — усё залежыць ад абставін.

— На што вы без шкадавання можаце выдаткаваць вольны час?

— Толькі на сям’ю, на сваіх дзяцей. Калі ёсць магчымасць схадзіць з імі ў краму, у кіно, з’ездзіць куды-небудзь, то ў такія моманты для мяне не важна, калі я нешта не паспела зрабіць па працы ці па хаце.

— Кажуць, што за паспяховым мужчынам стаіць жанчына, якая яго кахае. А хто стаіць за моцнай жанчынай?

— Таксама мужчына, які яе кахае. З мужам я магу і шчыра пагаварыць, і за парадай да яго звярнуцца. Я вельмі ўдзячная мужу, што ў нас у сям’і ёсць такое разуменне і падтрымка адно аднаго. Ад таго, які чалавек, побач залежыць твой поспех у жыцці.

— На форуме «Мір у руках жанчын» вы сказалі, што «Ва ўсе часы роля жанчыны вельмі адказная: яна і жыццё чалавеку дае, і краіну абараняе...» Як вам падаецца, што сёння можа зрабіць кожная з нас, каб жыццё ў Беларусі стала яшчэ лепш?

— Як сказаў Прэзідэнт, кожны на сваім месцы павінен добра выконваць сваю работу. Калі гэта будуць рабіць усё, то, паверце, у нас усё атрымаецца, мы станем самай шчаслівай і паспяховай краінай у свеце. Адзінства павінна быць не проста па нейкім пытанні, у пэўнай тэме трэба быць адзінымі ў цэлым, у чалавечых адносінах. Сёння нельга быць абыякавымі адно да аднаго. А часам людзі забываюцца пра элементарнае: падаць руку, падзякаваць, прывітацца, усміхнуцца. Пачынаць у першую чаргу трэба з самога сябе, сваіх дзяцей і таго атачэння, дзе ты знаходзішся.

Алена ДРАПКО

Фота з асабістага архіва Вольгі Чамаданавай

Друкуецца ў часопісе «Алеся».

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».