Вы тут

Пераможца конкурсу выканаўцаў «Моладзь — за Саюзную дзяржаву» Вольга Булай: «Я ўнікальны артыст, без сумненняў!»


Яе шлях да музыкі пачаўся ў роднай вёсцы Цяпіна Чашніцкага раёна. У дзяцінстве яна любіла глядзець канцэрты, спяваць і танцаваць, апранаць прыгожыя строі і ўяўляць сябе артысткай. У мясцовай школе педагог разглядзела ў дзяўчынцы патэнцыял і парэкамендавала яе маме Святлане Францішкаўне аддаць таленавітую дачку ў музычную школу. Сёння Вольга Булай — яркая зорка на небасхіле беларускай эстрады, артыстка Маладзёжнага тэатра эстрады, педагог, лаўрэат міжнародных конкурсаў, а нядаўна перамагла ў конкурсе выканаўцаў маладзёжнай песні «Моладзь — за Саюзную дзяржаву». Аб гэтым і яе шляху да творчага Алімпу пагаворым з Вольгай у нашым інтэрв'ю.


Шлях да музыкі для гераіні ў прамым сэнсе быў нялёгкі.

— У другім класе бацька Аляксандр Іванавіч адвёз мяне ў Чашнікі. Там ёсць эстраднае аддзяленне — такое рэдка сустрэнеш у маленькім гарадку. Мяне ўзялі ў падрыхтоўчы клас. Дабірацца трэба было за дзесяць кіламетраў ад дому. Было нялёгка ездзіць тры разы на тыдзень, бацькі шкадавалі мяне, прапаноўвалі кінуць заняткі. Сем гадоў — то на спадарожным аўтамабілі з настаўнікамі, то на веласіпедзе, то калі-небудзь пехатою прыходзілася дабірацца да музычнай школы. Аднак маё шчырае жаданне займацца музыкай і мэта бачыць сябе на сцэне пераадольвалі ўсе перашкоды, — расказвае Вольга.

Творчасці ў жыцці будучай артысткі стала больш. Яна перамагала ў раённых і абласных конкурсах. Увесь свой час аддавала музыцы, сальфеджыа, іграла на фартэпіяна, якое падарылі родныя. Ёй было цікава пагружацца ў музычны свет. Але калі прыйшоў час вызначацца з будучай прафесіяй, маці Вольгі параіла выбраць сур'ёзную справу для жыцця.

— Ну якая музыка! — сказала мне мама (смяецца). — Давай, паступай на ўрача: песенькамі на жыццё не заробіш.

Я, вядома, паслухалася маці. Заканчвала дзясяты клас і музычную школу, а паралельна рыхтавалася паступаць у медыцынскі інстытут у Віцебску.

Аднак Сусвет распарадзіўся па-іншаму. У 2014 годзе дзякуючы «Настаўніцкай газеце», якая арганізоўвала конкурс «Звонкая раніца», у лёсе Вольгі ўсё кардынальна змянілася.

— Я ўдзячная арганізатарам гэтага конкурсу, газеце, якую мая мама-настаўніца выпісвае ўвесь час, за тое, што так змянілі маё жыццё. Гэта была настолькі яркая падзея!!! Кастынг праходзіў у Бешанковічах. Як цяпер памятаю ўсё яскрава, нават нумарочак 368. Божа, колькі канкурсантаў было! Два тыдні мы правялі ў НДЦ «Зубраня». Тады я не ўяўляла, што магу перамагчы. Глядзела на іншых дзяцей і думала, што яны такія таленавітыя, моцныя канкурэнты. Для мяне было нечакана выйграць Гран-пры гэтага конкурсу і прыз — паездку ў Львоў.

У той момант Вольга зразумела, што будзе толькі спяваць. Калі прыехала дамоў, абвясціла, што выбірае творчую прафесію. З жаданнем дачкі быць артысткай пагадзіліся і бацькі.

— Мы доўга шукалі, куды падаць дакументы. У Мінску паўсюль быў вялікі конкурс. Я выбрала эстраднае аддзяленне ў Мінскім дзяржаўным каледжы мастацтваў. Конкурс — каля сямі чалавек на месца, аднак была ўпэўнена, што прайду: усе экзамены здала на «дзясяткі».

З паступленнем у каледж у Вольгі пачаўся новы этап у жыцці. Яна вельмі ўдзячная гэтай установе. Скончыла яе з «чырвоным» дыпломам. Вакалістка лічыць, што там працуюць найлепшыя выкладчыкі, якія далі ёй добрую музычную базу.

— Адзначу свайго педагога па вакале Святлану Аляксандраўну Борахаву, якая і цяпер з'яўляецца маім творчым настаўнікам, загадчыцу аддзялення Алену Віктараўну Атрашкевіч, члена Саюза кампазітараў. Я максімальна аддалася ведам і музыцы. А з трэцяга курса стала ўдзельнічаць у конкурсах. Гэта асобны пункт майго развіцця.

Вольга пералічвае свае перамогі: у 2016-м — Гран-пры рэспубліканскага конкурсу «Белазаўскі акорд», у 2017-м — Гран-пры Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне і спецыяльны прыз У. Мулявіна.

— Я была на той момант выпускніцай каледжа. І пасля маладзечанскага конкурсу мяне запрасілі без экзаменаў у Інстытут культуры і мастацтваў.

Сёлета Вольга скончыла ўніверсітэт і цяпер выкладае вакал на эстрадным аддзяленні каледжа мастацтваў.

— Я рада, што вярнулася сюды ў якасці педагога, бо вельмі люблю нашу ўстанову.

Вольга Булай лічыць творчасць у сабе асновай першараднай.

— Для мяне самае галоўнае на сцэне — шчырасць і поўная аддача гледачу. Магу сказаць, я ўнікальны артыст, без сумненняў! Да напісання свайго аўтарскага матэрыялу мне прыходзілася выконваць розныя музычныя творы. І цяпер у рэпертуары ёсць сусветна вядомыя хіты аўтарскай апрацоўкі. Песня The Cranberrіes «Zombіe» незвычайная ў плане рокавай падачы і стылістыкі. Я вельмі ўпарта працавала над ёй, каб дабіцца класнага выніку, і яна загучала па-новаму — публіка прымае проста на «ўра». Гэта датычыцца і ўсім вядомай «Белай акацыі», якая гучыць у больш класічнай манеры. Я магу спяваць абсалютна розныя па сваім напаўненні кампазіцыі. Падыходжу да выканання матэрыялу сур'ёзна і ніколі не імкнуся кагосьці капіраваць.

Гэтай восенню спявачка стала ўладальніцай дыплома І ступені, лаўрэатам конкурса выканаўцаў маладзёжнай песні фестывалю «Моладзь — за Саюзную дзяржаву», што праходзіў у Смаленску.

— Абсалютна выпадкова даведалася, што пасля двухгадовага перапынку конкурс зноў збірае таленты. На падрыхтоўку было літаральна два-тры дні. Праходзіў ён у два этапы, адпаведна, выконвала дзве кампазіцыі — першая «Мой родны кут» (муз. І. Лучанка, сл. Я. Коласа), а другая — «Я цябе адваюю» (муз. І. Крутога і сл. М. Цвятаевай). На песню «Мой родны кут» мы з Аленай Віктараўнай Атрашкевіч зрабілі акустычную лірычную версію. Літаральна за гадзіну нарадзілася найпрыгажэйшая фартэпіянная партыя гэтага твора. Цяпер мне кажуць, што ў песні — новае жыццё.

У другога конкурснага твору «Я цябе адваюю» таксама свой лёс: з ім мая гераіня двойчы спрабавала свае сілы ў адборы на «Славянскі базар» і двойчы не хапала ўсяго толькі бала. Гэтым разам песню Вольгі ацанілі высока.

— Мяне перапаўняюць эйфарыя, эмоцыі радасці, гордасці, шчасця. Перамагаць заўсёды радасна, складана перадаць пачуцці.

Спявачка лічыць, што кожны артыст павінен мець свой рэпертуар, сваё аблічча. Пэўны час яна шукала «свайго» кампазітара. Летась звярнулася да Валерыя Шмата, кіраўніка арт-гурта «Беларусы», які напісаў для яе песню на роднай мове «Проста кава». Трэк можна пачуць па радыё і на ўсіх лічбавых пляцоўках. Таксама Вольга супрацоўнічае з Ганнай Благавай, якая з'яўляецца аўтарам песень «Веру табе» і «Адпускаю». Апошняя ўзарвала чарты Еўропы, а кліп на YouTube набраў сто тысяч праглядаў.

— Я паступова папаўняю скарбонку свайго рэпертуару. Гэтыя кампазіцыі карыстаюцца вельмі высокай папулярнасцю, і я думаю, што мая новая песня «Веру табе», якая нядаўна выйшла ў свет, таксама знойдзе свайго слухача.

Для мяне стала адкрыццём, што мая маладая суразмоўніца не толькі артыстка, а ўжо і маці чатырохгадовай Ксюшы. Дзякуючы бацькам і сябрам, якія дапамагаюць з дачкой, Вольга можа цалкам аддавацца творчасці.

— Сям'я для мяне таксама вельмі важная, як і кар'ера. Шчыра, сумяшчаць нялёгка, але пры жаданні можна паспець усё. Тут ужо залежыць ад мэт, якія ты ставіш.

У Вольгі ёсць добрая падтрымка ад яе каханага, дарэчы, таксама музыканта, які накіроўвае ў творчасці.

— З ім мы пішам новую песню і, спадзяюся, яна выйдзе да майго дня нараджэння. У нас шмат творчых планаў.

На кожным жыццёвым этапе, гаворыць спявачка, вельмі важна выконваць песні, што адлюстроўваюць стан душы. Тады шчырасць выканання зашкальвае. Дзяўчына ўдзячна сваім канкурэнтам і зайздроснікам за тое, што яны прымушаюць рухацца далей і станавіцца лепшай версіяй сябе. Вользе не хапае гадзін у сутках — акрамя ўсяго, з мінулага года яна адкрыла свой арт-цэнтр «Сірыус», дзе займаецца вакалам з дзецьмі.

— Сваім выхаванцам я кажу: калі хочаце ісці ў свет музыкі, трэба пачаць з мэты, а пасля пачынаць з задач — слухаць шмат музыкі, атрымліваць спецыяльную адукацыю, бо, калі яе няма, гэта відаць.

На развітанне задаю пытанне Вользе: ці часта ўдаецца бываць у родных краях?

— Вельмі рэдка. Але калі прыязджаю, першае, што раблю, атрымліваю асалоду ад водару дому. Ён у нас касмічны і чароўны, у мяне ўнутры з'яўляецца задавальненне і шчасце, што я дома. Вельмі сумую па родным Цяпіне. Планую дадаць у свой рэпертуар песню на гэтую тэму і нават ужо пачала яе пісаць (усміхаецца).

Надзея ЗУЕВА

Фота з архіва спявачкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».