Вы тут

Зварот у рэдакцыю. Калі навісла небяспека, або ці правамерна высякаюць ясені ды клёны ў горадзе?


Азеляненне гарадоў важнае не толькі для прыгажосці, але і для здароўя людзей. Навукоўцы сцвярджаюць, што адно дрэва сярэдняй велічыні за 24 гадзіны аднаўляе столькі кіслароду, колькі неабходна для дыхання трох чалавек. Акрамя таго, расліны змяншаюць запыленасць і загазаванасць паветра, выпрацоўваюць фітанцыды (лятучыя рэчывы, якія забіваюць бактэрыі), уплываюць на вільготнасць і іанізацыю паветра, нейтралізуюць шкодныя злучэнні азоту і серы, засцерагаюць ад лішку сонечнай радыяцыі... Але разам з карысцю старыя дрэвы могуць стаць і крыніцай небяспекі.


Фота: pixabay.com

У апошнія дні жніўня і ў пачатку верасня наш чытач назіраў, як спецыялісты праводзілі санітарную высечку дрэў, якія аджылі свой век, у лесапарку Заводскага раёна.

«Старыя высахлыя і трухлявыя дрэвы, акрамя таго, што становяцца ачагамі і разносчыкамі хвароб і паражэнняў шкоднікамі здаровых раслін, пры падзенні пад напорам ветру і так, па сваёй старасці, уяўляюць патэнцыйную небяспеку, бо могуць траўміраваць адпачывальнікаў у парках, — піша Леанід Мялешка, урач прафілактычнай медыцыны Мінскага гарадскога клінічнага цэнтра псіхіятрыі і псіхатэрапіі. — Разам з тым, пры правядзенні гэтых работ, на мой погляд, не ўлічваецца адна вельмі важная акалічнасць, якая тычацца ўсіх старых паркаў. У многіх выпадках над пешаходнымі дарожкамі навісаюць вялізныя высахлыя і гнілыя галіны здаровых дрэў. Вось іх патэнцыйная небяспека пакуль і не ўлічваецца. Гэта небяспека ўзрастае ў зімовы перыяд, калі на іх утвараюцца глыбы намерзлага лёду. А ў гэты час паркі запаўняюцца аматарамі лыжных прагулак. Не перашкодзіла б да прыходу зімы з дапамогай вышак зачысціць ад небяспечных навіслых старых галін дрэвы, што стаяць побач з пешаходнымі дарожкамі і лыжнымі трасамі. Нават калі гэта зберажэ здароўе і жыццё хаця б аднаго чалавека, ужо цудоўна».

Па каментарый мы звярнуліся ў «Зелянбуд» Заводскага раёна горада Мінска.

Там падкрэслілі, што догляд зялёных насаджэнняў у Мінску — працэс пастаянны.

— Санітарную высечку небяспечных аварыйных дрэў і абрэзку сухіх (хворых, пашкоджаных, тых, якія перакрыжоўваюцца) галін па меры выяўлення мы праводзім круглы год, — удакладніла вядучы інжынер па ахове навакольнага асяроддзя КУП «Зелянбуд Заводскага раёна горада Мінска» Яўгенія ПЛІСКО. — Фармовачная і амалоджвальная абрэзка праводзіцца ў перыяд з кастрычніка да сярэдзіны сакавіка (да пачатку сокаруху), каб не нашкодзіць дрэву. Ёсць парадак і тэхналогія правядзення абрэзкі, якіх мы прытрымліваемся. Стараемся самі своечасова выяўляць сухія галіны, якія навісаюць над пешаходнымі дарожкамі. Іншая справа, што не ўсе паспяваем выдаліць у адзін момант, робім гэта паступова, бо Заводскі раён немалы (у нас на абслугоўванні 900 гектараў, гэта паркі, лесапаркі, скверы, пасадкі ўздоўж дарог). Плюс ён яшчэ і немалады, тут вельмі шмат сярэдняўзроставых і ўзроставых дрэў. Зразумела, нешта можам і не заўважыць, таму штосьці робім па прадпісанні ДАІ, дзесьці людзі падказваюць. Жыхары раёна звяртаюцца на нумар 115, пішуць на электронную пошту «Зелянбуда». Была такая скарга, што кіроўцам і пешаходам замінаў куст. Мы выехалі, паглядзелі, ён вырас трохметровым і сапраўды закрываў агляд, мы яго прыгожа абрэзалі, і цяпер усё цудоўна відаць.

Так што і Леанід Сямёнавіч Мялешка можа ўсе свае заўвагі і прапановы перадаць напрамую ў «Зелянбуд» Заводскага раёна. Для таго, каб нікуды не бегаць, ёсць служба 115.бел, можна патэлефанаваць і пакінуць інфармацыю. Будзе прынятая заяўка і па ёй выкананыя работы.

Я пацікавілася, ці былі няшчасныя выпадкі па прычыне, якую ўказаў наш чытач.

— Зразумела, што ўзімку, калі ёсць вецер, снег асыпаецца з дрэў, — кажа Яўгенія Пліско. — Але такога, каб пад цяжарам снегу ці лёду падалі цяжкія сухія галіны, дзякуй богу, не было. Спадзяюся, і не будзе. Вельмі шмат турбот, канешне, выклікаюць дрэвы, якія знаходзяцца ў аварыйным стане і пагражаюць падзеннем. Сёння (на момант нашай размовы — Аўт.) у мяне быў мужчына, які штодзень глядзіць праз акно сваёй кватэры на дрэва ў раёне Сляпянскай воднай сістэмы. Сказаў, што яно нахілілася над пешаходнай дарожкай. Спецыялісты выедуць паглядзець, і калі яно сапраўды аварыйнае, то мы яго выдалім. Праўда, часам вельмі складана вызначыць, што дрэва знаходзіцца ў аварыйным стане. Летам была сітуацыя, калі візуальна абсалютна здаровы зялёны ясень упаў на тры машыны ў руху. Пасля падзення мы яго абследавалі з Інстытутам батанікі. Спецыялісты выявілі, што ў ясеня толькі пачыналася ствалавая гніль, была толькі частка каранёў, што немагчыма вызначыць загадзя. Дзякуй богу, усе жывыя-здаровыя, машыны таксама не моцна пашкоджаныя. Я размаўляла з Інстытутам батанікі, пыталася, чаму апошнім часам так часта падаюць дрэвы. Прычын шмат. Гэта і будаўнічыя работы, закладка новых дарожак, пракладка асфальту, падчас якіх закранаюцца часткі каранёў. Хоць будаўнікі і ставяць шчыты пры раскопках, але ўсё адно пашкоджваюць каранёвую сістэму. Плюс расліны ўздоўж дарог рэгулярна падвяр-
гаюцца ўздзеянню супрацьгалалёдных рэагентаў, адходаў нафтапрадуктаў, аказвае свой уплыў летам і спякота ад нагрэтага асфальту.

Паводле слоў Яўгеніі Пліско, шмат скаргаў паступае ад мінчан, якім тое ці іншае дрэва замінае без важкіх прычын, проста таму, што яно высокае.

— Людзі баяцца, і іх непакой зразумелы, бо апошнія гады ўчасціліся падзенні дрэў. Але заканадаўства не дазваляе зносіць дрэва проста таму, што так хоча жыхар, альбо проста таму, што яно старое. У спрэчных выпадках, калі ёсць сумненні, мы прыцягваем спецыялістаў Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі, і яны робяць больш дэталёвы агляд. Дрэва павінна адпавядаць вызначаным крытэрыям для выдалення, якія прапісаныя ў Законе аб раслінным свеце.

Як паведамілі ў Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі, сёння ў нашай краіне дасягнута 83 працэнты азелянення ў гарадах і раёнах, што адпавядае экалагічным нормам і патрабаванням. Гэтае сур'ёзнае дасягненне — як на постсавецкай прасторы, так і ў свеце.

«Без важкіх прычын ні адно дрэва не выдаляецца»

Нашых чытачоў з Мінска цікавяць і іншыя пытанні, звязаныя з высечкай дрэў. Мы іх задалі начальніку аддзела кантролю за аховай і выкарыстаннем зямель, лясоў жывёльнага і расліннага свету Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Таццяне Шамянковай.

— Побач з трохпавярховым домам, у якім жыве Аляксандр А., расце на выгляд здаровае дрэва. Суседзі напісалі заяву з просьбай, каб яго высеклі, бо яно ім перакрывае святло ў кватэры. Наш чытач, які змагаецца за кожнае дрэва ў сваім двары, лічыць, што яго варта пакінуць. Хто мае рацыю?

— Кожны грамадзянін, калі ён лічыць, што з-за дрэва ў яго кватэры днём цёмна, мае права звярнуцца ў службу «Адно акно» адміністрацыі свайго раёна. Пасля гэтага на месца выедуць спецыялісты і памераюць, ці адпавядае асветленасць устаноўленым нарматывам. Можа, чалавек лічыць, што яму цёмна, а насамрэч там усё ў парадку, і няма законных падстаў для выдалення дрэва. Адно і тое ж дрэва можа аднаму чалавеку замінаць, іншы ж перакананы, што яно павінна тут расці. Таму Закон аб раслінным свеце і прадугледжвае дакладныя крытэрыі і падставы, калі выдаленне дапускаецца. Кожны выпадак разглядаецца індывідуальна.

— Гараджане і іх рэакцыя цалкам зразумелая, заўсёды вельмі балюча ўспрымаюць высечку дрэў у сталіцы, і не толькі ў сувязі з ушчыльненнем. У прыватнасці, Аляксандр Пратасевіч з вуліцы Беларускай у Мінску распавёў, што каля яго дома 1947 года пабудовы шмат шыкоўных акацый. Ім, напэўна, гадоў па 70—80. Дрэвы ствараюць цудоўны мікраклімат у цэнтры горада. Прыемна выйсці зранку і зрабіць у такім зялёным дворыку зарадку. Мужчына сцвярджае, што за 34 гады, што ён там жыве, у наваколлі спілавалі 30 з лішнім дрэў. Аляксандр перажывае, каб не дайшла чарга і да акацый. Ці рэальна адстаяць права зялёных насаджэнняў на жыццё?

— Выдаленне аб'ектаў расліннага свету разглядаецца як самая крайняя мера. Яно дапушчальна толькі ў выпадках, калі без гэтага не абысціся. У кожным канкрэтным выпадку павінна быць важкая прычына, чаму гэта дрэва трэба выдаліць. Проста так ніхто нічога не выдаляе. Але ў горадзе заўжды імкнуцца шукаць альтэрнатыву. Напрыклад, калі трэба вызваліць будаўнічую пляцоўку, як правіла, вывучаюць, ці можна перасадзіць зялёныя насаджэнні ў іншыя месцы. Калі ж зрабіць гэта нельга і знос дрэва непазбежны, прадугледжаны кампенсацыйныя пасадкі ў колькасці, вызначанай дзеючым заканадаўствам. Мы сочым за тым, каб яны выконваліся своечасова. Закон прадугледжвае, што неабходна загадзя інфармаваць аб запланаваным выдаленні дрэў грамадзян, калі гэта закранае іх інтарэсы. Хацелася б, каб гэты момант строга выконваўся. Калі б людзі разумелі, чаму тут адбываецца выдаленне і што гэта законна, магчыма, гэта зняла б нейкае непаразуменне, і частку зваротаў можна было б папярэдзіць.

— Дапусцім, чалавек бачыць праз акно, што ў скверы побач з яго домам сякуць дрэва. Як яму праверыць правамернасць яго выдалення?

— Самы просты варыянт — зайсці на сайт адміністрацыі раёна і знайсці інфармацыю аб запланаваным выдаленні. Як правіла, яны размяшчаюць такую інфармацыю. Акрамя таго, можна падысці і спытаць: «Хто вы і чаму вы пілуеце дрэва?». У спецыялістаў, якія ажыццяўляюць выдаленне дрэва, пры сабе павінен быць афіцыйны дазвол на правядзенне адпаведных работ.

— Ці павінны яны па просьбе паказаць яго?

— У Законе аб раслінным свеце напісана, што яны павінны знаходзіцца на месцы выдалення з адпаведнымі дакументамі на руках. Слова «паказваць» там няма. Але калі чалавек падышоў і яму патлумачаць: маўляў, мы работнікі «Зелянбуда», дрэва аварыйнае, у нас ёсць усе дакументы, вось заключэнне аб небяспецы, не хвалюйцеся, усё ў парадку, і скажуць гэта карэктна і спакойна, то часткі скаргаў з гэтай нагоды, магчыма, можна будзе пазбегнуць. Разам з тым усе людзі розныя, хтосьці скажа «дзякуй, усе зразумела», а кагосьці гэта ўсё адно не задаволіць. Пра факты незаконнай высечкі можна паведаміць у адміністрацыю раёна альбо нам, у Мінскі гарадскі камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

— А чым пагражаюць незаконная высечка дрэў і няякасная абрэзка галін?

— Такую працэдуру, як абрэзка галін, не варта ўспрымаць як нешта негатыўнае. Гэта адно з асноўных мерапрыемстваў па доглядзе насаджэнняў. Проста трэба разумець, што абрэзка павінна праводзіцца ў строгай адпаведнасці з біялагічнымі асаблівасцямі росту і развіцця раслін, а таксама з улікам рэкамендацый, якія змяшчаюцца ў правілах утрымання азелянёных тэрыторый, зацверджаных пастановай Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У гэтым дакуменце ёсць раздзел, прасвечаны абрэзцы, прыведзена інфармацыя аб відах, мэтах, правілах, часе і тэхніцы ажыццяўлення такіх работ. Калі абрэзку выканалі няправільна і нашкодзілі насаджэнню, як і пры незаконным зносе дрэў, вінаватага пакараюць. За шкоду, нанесеную расліне пры няправільным доглядзе, заканадаўствам прадугледжана адміністрацыйная адказнасць. Плюс да гэтага спагоняць і кампенсацыю шкоды, нанесенай навакольнаму асяроддзю.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.