Вы тут

Наркотыкі — зло, а людзі — не тавар


 Беларусі ўпершыню шырока загаварылі аб наркаманіі ў 1980-х, калі былі зафіксаваны першыя факты масавага ўжывання наркотыкаў сярод моладзі ў Светлагорску. У 1990-х пачаў адзначацца далейшы рост наркаспажывання. На парадак дня паўстала пытанне здароўя нацыі, у сувязі з чым і ўзнікла патрэбнасць стварэння спецыялізаванай службы для барацьбы з распаўсюджваннем гэтага зла. У 1994 годзе быў створаны аддзел па барацьбе з незаконным абаротам наркотыкаў галоўнага ўпраўлення крымінальнай міліцыі МУС.


З цягам часу, на фоне гістарычна значных перамен і звязаных з імі геапалітычных фактараў, наркабізнес у краіне ператварыўся ў рэальную пагрозу нацыянальнай бяспецы і стабільнасці. Для адэкватнага адпору нарказлачыннасці ўзнікла неабходнасць у стварэнні ведамства, адказнага не толькі за выяўленне злачынстваў у сферы незаконнага абароту наркотыкаў, а і фарміраванне нацыянальнай антынаркатычнай палітыкі. У выніку 9 кастрычніка 1996 года з’явілася ўпраўленне па незаконным абароце наркотыкаў МУС Беларусі. 

Неўзабаве на авансцэну выйшаў і новы для Беларусі від крымінальнага замаху — гандаль людзьмі (ці трафікінг) для разнастайнай эксплуатацыі, якая прыносіць мільярдныя прыбыткі трансгранічнаму крыміналітэту. З улікам патрабаванняў часу ў чэрвені 2006 года падраздзяленне было перайменавана ва ўпраўленне па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі. 

У наркаабароце — непаўналетнія 

Правядзеннем комплексу мерапрыемстваў удалося значна знізіць узровень смяротнасці ад атручэнняў наркотыкамі ва ўсіх рэгіёнах рэспублікі (- 38%). Паводле даных крымінальнай статыстыкі, за восем месяцаў гэтага года ўзбуджаны 53 крымінальныя справы (за восем месяцаў 2021 года — 86) па фактах смерці ў выніку атручэння наркотыкамі 55 асоб (за восем месяцаў 2021 года — 85). За бягучы перыяд недапушчана росту перадазіровак сярод непаўналетніх.

— Аб павышэнні эфектыўнасці нашай працы сведчыць павелічэнне колькасці выяўленых нарказлачынстваў, — адзначае начальнік галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Міністэрства ўнутраных спраў палкоўнік міліцыі Алег Сільвестровіч. — У 1,6 раза ўзрасла колькасць завершаных расследаваннем злачынстваў, здзейсненых групай асоб — 724 (за 8 мес. 2021 г. — 455). У 1,8 раза (з 234 да 426) павялічылася колькасць злачынстваў у складзе арганізаванай групы, якія завяршыліся расследаваннем. На 40% больш выкрыта асоб, якія займаліся збытам наркотыкаў (з 485 за 8 мес. 2021 г. да 678 у справаздачным перыядзе).

Як паведамілі ў ведамстве, захоўваецца ўстойлівая тэндэнцыя выкарыстання інтэрнэту ў якасці спецыфічнага канала наркагандлю, што аказвае асноватворны ўплыў на аператыўнае становішча ў сферы процідзеяння незаконнаму абароту наркотыкаў на тэрыторыі Беларусі. Па матэрыялах супрацоўнікаў аналітычнай разведкі падраздзяленняў па наркакантролі, за восем месяцаў гэтага года спынена дзейнасць 12 інтэрнэт-крам, якія размяшчаліся ў ценявым сегменце сеткі інтэрнэт і займаліся збытам наркотыкаў пераважна на тэрыторыі Мінска і Мінскай вобласці. У асартыменце забароненых рэчываў, якія рэалізуюцца, у большасці выпадкаў прысутнічалі псіхатропныя рэчывы мефедрон і альфа-PVP, а таксама наркотыкі расліннага паходжання — марыхуана і гашыш.

Узбуджана 658 крымінальных спраў у дачыненні да 424 асоб, якія маюць дачыненне да незаконнага абароту наркотыкаў з выкарыстаннем розных вэб-рэсурсаў. У Міністэрства інфармацыі накіравана 224 апавяшчэнні (за 8 мес. 2021 г. — 187) аб неабходнасці абмежавання доступу да сайтаў, на якіх размяшчаўся пранаркатычны кантэнт.

Як заўважыў Алег Сільвестровіч, асаблівую занепакоенасць выклікае ўцягванне ў наркаабарот непаўналетніх. «Па выніках васьмі месяцаў 2022 года, колькасць скончаных расследаваннем злачынстваў, здзейсненых непаўналетнімі або з іх удзелам у сферы незаконнага абароту наркотыкаў, павялічылася ў 1,5 раза (з 73 да 106), — канстатаваў ён. — У асноўным падлеткі здзяйснялі злачынствы, звязаныя са збытам наркотыкаў. Абсалютная большасць нарказлачынстваў з удзелам непаўналетніх звязана з незаконным абаротам асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў альфа-PVP і мефедрон. Нароўні з ростам колькасці названых злачынстваў узрасла і колькасць непаўналетніх, якія іх здзейснілі».

У пагоні за «жывым таварам» 

Застаецца актуальнай для Беларусі, як і для ўсёй сусветнай супольнасці, і праблема гандлю людзьмі. Сёння гэта добра адладжаны і арганізаваны транснацыянальны від злачыннай дзейнасці, які прыносіць каласальныя даходы, супастаўныя з прыбыткам ад абароту наркотыкаў і зброі.

Беларусь з’яўляецца краінай паходжання «жывога тавара». Абяцанні з боку злачынцаў лёгкага заробку па-ранейшаму цягнуць за сабой нашых суайчынніц у краіны блізкага (Расійская Федэрацыя, Польшча) і далёкага замежжа (Кіпр, Турцыя, ААЭ, Ізраіль і іншыя) для заняцця прастытуцыяй. З 2005 па цяперашні час у Рэспубліцы Беларусь перакрыта 750 каналаў пастаўкі людзей за мяжу ці з-за мяжы для эксплуатацыі. З 2000 года выяўлена больш за 4500 злачынстваў, звязаных з трафікінгам. Ліквідаваны 22 злачынныя арганізацыі і 85 арганізаваных груп, якія ўчынялі злачынствы, звязаныя з гандлем людзьмі. З 2002 года ўстаноўлена больш за 6000 ахвяр гандлю людзьмі, з якіх 900 — непаўналетнія.

— У апошнія гады ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй і ўведзенымі большасцю краін абмежавальнымі мерамі па перасячэнні дзяржаўных граніц, а таксама дзякуючы мерам, якія прымаюцца, маштабы так званага «чыстага» гандлю людзьмі ў Беларусі ўдалося істотна знізіць, — расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС. — Сёння праваахоўнікамі выяўляюцца пераважна такія злачынствы, як сутэнёрства і ўцягванне ў прастытуцыю, выкарыстанне дзяцей у порназдымках. Практычна ўсе злачынствы здзейснены з мэтай сэксуальнай эксплуатацыі. Факты працоўнай эксплуатацыі можна пералічыць па пальцах.

Вераніка КАНЮТА.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?