Вы тут

Aksiniya Moon: «Любая выстаўка — маленькі крок наперад»


«Восеньскі салон» радуе незвычайнымі работамі маладых таленавітых мастакоў і фатографаў. Любы твор — гэта, па сутнасці, невялікі, але насычаны эпізод з жыцця яго стваральніка. Пра крыніцы натхнення, прафесійны шлях і стварэнне незвычайных кадраў распавядае фатограф Aksiniya Moon, некалькі работ якой можна было пабачыць на выстаўцы.


Aksiniya Moon.

— Давайце вернемся ў мінулае. Як вы пачыналі? Дзе вучыліся, як вырашылі займацца фатаграфіяй прафесійна? Ці былі настаўнікі, якія накіроўвалі, падказвалі?

— Мая першапачатковая адукацыя — вышэйшая эканамічная. Зараз атрымліваю ў сферы турызму.

Фатаграфіяй стала захапляцца пасля таго, як на дзень народзінаў, восем гадоў назад  мне падарылі першы ў жыцці фотаапарат Nikon 5100. Але, каб самой не разбірацца ў ім, вырашыла пайсці на базавыя курсы фатаграфіі. Чаму не працягнула навучацца далей? Хацела знайсці свой стыль метадам проб, эксперыментаў і памылак. А ўсе курсы і майстар-класы ўспрымаліся як чужы вопыт, погляд на свет. І няхай я ішла даўжэй, але сваім шляхам. Асабліва мяне натхняла творчасць Фрыды Кало і Сальвадора Далі. Я нават зрабіла татуіроўкі з іх партрэтамі.

— Як вы знайшлі свой стыль?

— Эксперыменты, назіральнасць, мноства кадраў і любоў да «мовы фатаграфіі».

— Галоўным героем многіх вашых фатаграфій з’яўляецеся вы самі. Чаму так?

— Таму што сябе і свой сусвет мы ведаем лепш за ўсё. Моцныя і слабыя бакі. Не трэба траціць час на знаёмства з чалавекам, яго поглядамі на жыццё. Мабыць, гэта прагучыць эгаістычна, але шчыра: мяне не цікавіць сусвет іншых людзей праз мой аб’ектыў. Прынамсі зараз. А здымаць вяселлі — увогуле для мяне страшэнны сон.

Я люблю нацюрморты, прадметы, прыроду. Усё тое, з чым не трэба дамаўляцца і чаму дагаджаць.

Red womam. 2020 г.

— Дарэчы, пра нацюрморты. Чым для вас прывабны гэты жанр?

— Я заўсёды любіла прыгожыя рэчы. Посуд, дэкор, тэкстыль, свечкі і ўсе натуральныя матэрыялы.

Але любіць і перадаць прыгажосць — розныя рэчы. Спачатку мае нацюрморты і кампазіцыі былі крыху «нязграбныя», «дакладна раскрадзеныя», пазбаўленыя жыцця. Пазней я стала адчуваць прадметы і бачыць карцінку ў перспектыве. Мне заставалася толькі націснуць кнопку.

А яшчэ ваза з кветкамі ці талерка з вінаградам не скажа потым, чаму яна не такая прыгожая атрымалася і чаму вінаград заплюшчыў вочы (усміхаецца).

З серыі «Дзіўныя нацюрморты». 2020 г.

— Як праходзіць працэс стварэння работы: ад ідэі да ўвасаблення?

Калі ўзяць серыю «Дзіўныя нацюрморты», то яна была створана па канцэпцыі, якую я выношвала доўга: чакала «таго самага натхнення». І нарэшце яно прыйшло раптоўна восенню 2021 на лецішчы. Я пабегла ў лес, стала збіраць мох, галінкі, лісце. Гэта быў канец кастрычніка, і ўжо з расліннага прыгожага матэрыялу пад нагамі засталося няшмат «мадэляў». На ўчастку знайшла кавалкі цэглы, старую аконную раму, у доме — ізастужку, фольгу, пачак запалак. Ідэя была ў тым, каб сумясціць натуральныя прыродныя прыгожыя матэрыялы са звычайнымі прадметамі ў доме. Гэткі «экалагічны калаж» у кадры. Ну і змяшэнне несумяшчальнага, розных стыляў — для мяне цікавы эксперымент.

Дарэчы, ведаеце, чым добры любы экперымент? Вы ад яго не чакаеце чагосьці незвычайнага, але ў выніку ён можа стрэліць.

Я паважаю ўсе стылі, напрамкі, віды мастацтва, але мне больш блізкі арт.

Тая, якая танцуе. 2020 г.

— Чорна-белая ці каляровая фатаграфія?

— Калі аўтапартрэт, тады чорнабелы, каб сканцэнтравацца толькі на чалавеку. Калі нацюрморт — безумоўна, колер. Дарэчы, на адкрыцці выстаўкі да маіх работ падышла пара, і малады чала­век сказаў дзяўчыне: «Не разумею, чаму амаль усе фотаграфіі тут чорна-белыя?» І прайшлі далей. Праз некалькі секунд хлопец вярнуўся і стаў фатаграфаваць мае работы на тэлефон. А я — яго.

— Пагаворым пра «Восеньскі салон». Як вам такі досвед?

— Памятаю, калі прыйшла ў маі на такую выстаўку, мяне моцна ўразіла, колькі таленавітай моладзі ў нас у Беларусі. Некаторыя работы па духу і стылі былі мне вельмі блізкія. Я вырашыла падаць заяўку на наступны салон. І вельмі ўзрадавалася, калі мае работы выбралі. З больш чым 700 мастакоў і фатографаў узялі 246. Я ўпершыню трапіла на такое мерапрыемства, вельмі хвалявалася і вырашыла, што, напэўна, трэба было прадставіць і іншыя работы. Ведаю, што працэс адбору ўласных твораў у многіх выклікае цяжкасці. Таму зрабіла гэта проста інтуітыўна. У асабістым кабінеце на сайце галерэі дадала яшчэ многа іншых фотаграфій.

— Вясной гэтага года ў вас была персанальная выстаўка. Як усё адбывалася? Арганізацыя сваёй экспазіцыі ўсё ж крыху адрозніваецца ад удзу ў групавых.

— Першая выстаўка маіх работы прайшла ў Гомелі ў музеі фотаграфіі і друку дзякуючы вельмі добраму чалавеку Ірыне. Ведаю, яна абавязкова пра­чытае гэтае інтэрв’ю. Я бы зараз хацела сказаць ёй вялікі дзякуй. Яна здзейсніла маю мару.

А атрымалася ўсё вельмі цікава. Мы былі ў Гомелі, зайшлі з музей на экскурсію. Разгаварыліся з Ірынай, і я паказала ёй свае работы. Так на аднаго прыхільніка маёй творчасці стала болей.

Работы я адбірала сама, але іх павінны былі потым узгадніць і адобрыць. Пасля чаго дызайнер музея зрабіў афішу. Яна ў мяне зараз вісіць у рамцы.

Справа ў тым, што пра першую выстаўку я ведала за год (які праляцеў вельмі хутка), а падрыхтоўка да «Восеньскага салона» была вельмі спантанная. Таму я нават, па маіх адчуваннях, не паспела зразумець, што адбылося.

Але, безумоўна, любая выстаўка — маленькі крок наперад.

Шклянкі. 2020 г.

— Дзе вы знаходзіце сюжэты? Што вас натхняе?

— Калі гаварыць пра аўтапартрэты, мяне натхняе музыка і асабісты шлях, за якім я ўважліва назіраю, аналізую і транслюю праз фотаграфію. Калі пра прадметную здымку — тады выпадкова знойдзены прыхожы і непрыгожы прадмет, які захочацца выкарыстаць у кадры. Гэта можа быць кавалак дрэва або каменьчык. Але дакладна не ўпрыгажэнне з золата.

— І даволі класічнае пытанне: што для вас мастацтва?

— Паветра, дзеля якога варта нарадзіцца, жыць і тварыць. І калі пасля сябе чалавек пакіне гэтае паветра, ён пражыў не дарма. Людзі сыходзяць, а іх творчасць застаецца. Мастацтва — гэта як працяг сусвету чалавека.

Гутарыла Арына ПРАНІКАВА

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.

Здароўе

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

«Апрацоўваць гародніну і садавіну сродкам для мыцця посуду нельга».