Вы тут

Навум Гальпяровіч: З вышыні Замкавай гары


Вядомага ў Беларусі тэлевядучага, радыёжурналіста, паэта, празаіка, перакладчыка добра ведаюць айчынныя тэлегледачы, радыёслухачы, айчынныя чытачы. Аўтар многіх кніг паэзіі і прозы, перакладчык на беларускую мову вершаў Казі Назрула Іслама (Бангладэш), паэтаў Кітая, Расіі. Нарадзіўся Навум Якаўлевіч на Віцебшчыне, у Полацку. Частку жыцця правёў у Полацку і Новаполацку. Дарэчы, з’яўляецца Ганароваым грамадзянінам Полацка. З 1997 года жыве ў Мінску. За творчыя і грамадскія здабыткі адзначаны медалём Францыска Скарыны, званнем заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь. 


Фота: planetabelarus.by

І, канешне ж, многія творы Навума Якаўлевіча нараджаюцца ў дарозе, дзякуючы сустрэчам з тымі ці іншымі мясцінамі. Вось што расказвае пісьменнік пра сваё адкрыццё Навагрудчыны, Навагрудка:

— Першы раз мне давялося пабываць у Наваградку ў пачатку васьмідзесятых гадоў мінулага стагоддзя разам з сябрамі Наваполацкага літаб’днання «Крыніцы». Тады пры садзейнічанні Наваполацкага гарадскога камітэта камсамола і яго першага сакратара Генадзя Голуба мы зрабілі своесаблівы аўтобусны тур па памятных мясцінах Беларусі і адным з пунктаў нашай вандроўкі быў старажытны Наваградак... Хоць мы і цікавіліся гісторыяй, а як жа было інакш на старажытнай полацкай зямлі, ды пра першую сталіцу Вялікага Княства Літоўскага ведалі зусім мала, бо ў той час пра гэты перыяд шукаць звесткі можна было толькі ў рэдкіх выданнях.

Сапраўды, яшчэ не былі выдадзены кнігі Міколы Ермаловіча пра вытокі беларускай дзяржаўнасці... 

— Маленькі ціхі правінцыйны горад сустрэў нас патрыярхальнай цішынёй,дробным асеннім дожджыкам. І, здавалася, нічога не нагадвала пра былую славу і веліч места, працягвае свой расповяд Навум Якаўлевіч. — Але гэтае адчуванне раптам знікла, калі мы падняліся на Замкавую гару.

Проста ў цэнтры горада сярод драўляных хат — высокая гара з рэшткамі велічных муроў. Тады мы пачулі пра тое, што тут, у былым замку, адбылася каранацыя князя Міндоўга. З вышыні гары адкрывалася велічная панарама — аж захоплівала дух: зялёныя палі , маленькія думікі , павілястыя сцяжыны... Нібы з вышыні самалёта... Гэтае адчуванне вышыні і палёту заўсёды агортвала мяне, калі я бываў у гэтым горадзе.

Але ж, відаць, былі і наступныя сустрэчы, —пытаюся ў Навума Якаўлевіча.

Так, наступным разам я пабываў у Наваградку ў 1996 годзе на Дні беларускага пісьменства. Памятаю грандыёзнае свята, цікавыя сустрэчы з сябрамі-літаратарамі, выступленні на пляцоўках горада. І тое даўняе душэўнае трапятанне, калі падымаўся на Замкавую гару, памятаю таксама...

— Навагрудак цесна звязаны з жыццёвым і творчым лёсам Адама Міцкевіча...

— Я адкрыў для сябе і музей Адама Міцкевіча, яго славутыя радкі «О, Айчына мая!»... Я палюбіў гэты горад, такі непадобны на мой родны Полацк, але блізкі сваім беларускім духам, веліччу нашай сумеснай гісторыі. У адным з вершаў, прысвечаным майму сябру Алесю Пісьмянкову я пісаў:

Ты помніш, як ты гаварыў,

Нібы радок адчуўшы ў вершы: 

«З вышыняў Замкавай гары

Мне бачыцца краіны веліч»

Я ж пра Сафійкавы званы,

Пра горад вечны над Дзвіною...

І мы былі, нібы сыны,

З’яднаны веліччу адною.

І тут, ля Замкавай гары,

Сярод высокіх аблачынаў

З нас кожны праўду гаварыў,

Бо ёсць народ і ёсць Айчына.

Я думаю , што Наваградак, як і мой Полацк, будзе не раз натхняць паэтаў на высокія шчымлівыя радкі любові вернасці роднаму краю.

Гартаючы старонкі літаратурнай гісторыі, узіраючыся ў творчыя здабыткі сённяшніх пісьменнікаў, у чарговы раз разумееш, што натхненне, новыя творы нараджаюць нашы спрадвечна багатыя на гісторыю мясціны. Яны, паселішчы, сядзібы, перадаюць своеасаблівы творча-генетычны код памяці, памяці,я кая ідзе ад нашых продкаў... Зазірніце ў кнігі Навума Гальпяровіча «Востраў душы», «Струна», «Шляхі і вяртанні», «Святло ў акне», «Голас і рэха», «Сюжэт для вечнасці» — і вы знойдзеце на іх старонках шмат цікавых памятак, адбіткаў яго падарожжаў і адкрыццяў...

Кастусь ЛЕШНІЦА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.