Вы тут

Працягваць шлях удасканалення


Чалавек хутка абавязкова паляціць і будзе мець зносіны думкамі — па сутнасці, гэта магчыма ўжо цяпер: падумаў пра блізкага — і ён тэлефануе, кажа, адчуў. Ніхто не застанецца па-за працэсамі змен, якія непазбежны, у тым ліку бібліятэка, бо свет дынамічны. Агульнавядома, што стаячая вада гніе, таму рух неабходны, каб заставацца жывым і свежым. Развіццё нас немінуча вядзе да тэхнічных удасканаленняў, дзе побач робаты. Вось, дарэчы, нядаўна стала вядома, што новы рэзідэнт «Вялікага каменя» будзе вырабляць камплектуючыя для беспілотнага транспарту. Гэта, упэўнена, працуе на галоўную мэту — разгрузіць чалавека, зрабіць свабодным ад цяжкай, вымотвальнай фізічнай працы, каб ён аддаваў час і сілы творчасці і ўдасканаленню і набліжаў радасць новых уражальных адкрыццяў, як калісьці электрычнасць, рухавік, уласцівасці атама, інтэрнэт, QR-код... Цяпер для нас гэта звычайныя рэчы, а раней — мары адзінкавых рашучых людзей, якія верылі ў цуды. Што нас чакае наперадзе?! Уявіць толькі! Такія прыемныя, натхнёныя развагі міжволі віравалі ў душы падчас ІХ Міжнароднага кангрэса «Бібліятэка як феномен культуры», які стаў канцэптуальнай дамінантай вялікай даты — 100-годдзя Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Хочаце сягнуць у будучыню і натхніцца ўласным патэнцыялам, а можа, зразумець, што настаў час паверыць у сябе і адкрыцца? Тады чытайце, якімі наватарскімі думкамі ўражвалі ўдзельнікі кангрэса.


У кулуарах XXVI Агульнага сходу Бібліятэчнай асамблеі Еўразіі.

Хуткасць лічбы

Калі дапусціць, што адзін чалавек — космас ідэй, то ўявіце, што будзе, калі разам збяруцца больш як 400 чалавек з 7 краін свету! Выбух рашэнняў, ці, прынамсі, плённы ўзаемаабмен. Менавіта такое адчуванне падарыў кангрэс, дзе аднадумцы былі апантаны тэмай «Лічбавая трансфармацыя бібліятэк: пераемнасць і вектар развіцця» — абмаляваць будучыню і стаць на шлях увасаблення ідэй, жаданняў, мар. Кузня творчасці і самапазнання — Нацыянальная бібліятэка Беларусі — чулліва адазвалася на гэтыя добрыя памкненні — ці не таму многія дэлегаты і спікеры дазволілі сабе выйсці за межы пратакольнага плана і даць волю смелым думкам, быць адкрытымі. Гэта зараджала атмасферу даверам і прыязнасцю. І канструктыўныя рашэнні не пры­мусілі сябе чакаць. «У бібліятэкі ходзяць нагамі і пальцамі», — адзначыў Вадзім Дуда, генеральны дырэктар Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі, віцэ-прэзідэнт Расійскай бібліятэчнай асацыяцыі, віцэ-прэзідэнт Нацыянальнай бібліятэчнай асацыяцыі «Бібліятэкі будучыні». Навідавоку лічбавая дынаміка. Віртуальныя чытачы сталі вель­мі важнымі для бібліятэкі, як і натуральнымі — паслугі ў аддаленым доступе. Сёння карыстальнікамі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі з’яўляецца звыш 200 тысяч чалавек, прытым больш чым палова — 60 % — у аддаленым доступе, прывяла статыстыку Аксана Кніжнікава, генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Сучасныя патэрны спажывання

Змены ў камунікацыі і кіраванні данымі фарміруюць новыя чаканні, патрэбы ка­рыстальнікаў. І бібліятэка, як адзін з істотных «гульцоў» на полі інфармацыйнага ўдасканалення, адказвае на сучасныя павевы, укараняючы інавацыйныя сэрвісы абслугоўвання. Гэта абумоўлена мабільнасцю часу і даступнасцю, а галоўнае эфектыўнасцю электронных паслуг: чытач, напрык- лад, знаходзіць інфармацыю пра бібліятэку ў Яндэксе; прыязджае на метро, аплачваючы праезд праз Face Pay, альбо на каршэрынгу, кіруючы заказам праз мабільны дадатак; дарогу да бібліятэкі знаходзіць пры дапамозе Яндэкс.Карт або 2GIS; абедае з Яндэкс.Ежа альбо Delivery. Club; робіць пакупкі на Ozon, Wildberries... Сучаснікі, асабліва маладое пакаленне, прывыклі атрымліваць інфармацыю ў лічбавым асяроддзі.

Лічбавыя сэрвісы фарміруюць новыя патэрны спажывання і звычкі, развіццё асяродка, іншыя патрэбы, перакананы Вадзім Дуда: лічба вызначае хуткасць прыняцця рашэнняў. Павялічваючы хуткасць, мы можам зрабіць больш, а значыць, набліжаемся да хутчэйшай рэалізацыі жаданняў. Бачачы плён рэалізацыі адной задумы, натхняешся прыкладам і імкнешся рэалізаваць другую. Такая ланцужковая рэакцыя дае прадукцый- насць, свабоду. Развіццё бібліятэк непарыўнае з радыкальнай зменай парадыгмы. Бібліятэкі не могуць існаваць асобна ад прыярытэтных задач грамадства, бізнесу і эканомікі, лічыць Ва- дзім Дуда: «Стварэнне сучаснага лічбавага асяроддзя ведаў, беражлівае стаўленне да культурнай спадчыны сусветнага маштабу — найважнейшы складнік устойлівага развіцця ў цэлым і павышэння якасці адукацыі ў прыватнасці».

Лічбавізацыя некаторымі кансерватыўнымі слаямі ўспрымаецца часам з апасеннем, але ці ёсць для гэтага падстава? Дарэчы, варта размяжоўваць паняцці лічбавізацыі і аўтаматызацыі, лічыць Аксана Кніжнікава: «Аўтаматызацыя аблягчае працу, лічбавізацыя вядзе да павышэння яе вытворчасці. Бібліятэцы важна ісці ў нагу з тэхналагічным прагрэсам і адпавядаць тым чаканням, якія прад’яўляе грамадства».

Сапраўды, лічба павышае вытворчасць працы, чалавек пераразмяркоўвае свае абавязкі, беручы сабе галоўнае, а другаснае «дэлегуючы» тэхніцы. І робат зойме месца ў адпаведнасці з іерархіяй: чалавек застаецца вышэйшым, а значыць, распараджаецца сваімі планамі па ўдасканаленні светапарадку. Робат — як сродак для дасягнення мэты.

Робат не прымае рашэнняў

Не так даўно распрацавана палітыка рабатызацыі ў кантэксце лічбавізацыі, на чым засяродзіла ўвагу Анна Чулян, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Арменіі: «У прыватнасці, ёсць пункт, дзе сказана: “робаты прымаць рашэнні не будуць”, а толькі выконваць рашэнне чалавека». У той жа час, па звестках Сусветнага эканамічнага форуму, машыны ўваходзяць у наша жыццё, значна апярэджваючы прагнозы. Як лічаць спецыялісты, да 2025 года яны заменяць людзей на 85 мільёнах рабочых месцаў. Ды сёння разважаюць аб тым, як стварыць атмасферу для ўзаемадзеяння чалавека і робата, а не аддаць першынства камусьці аднаму. Так, у НББ да 100-гадовага юбілею пасяліўся сапраўдны робат — і гэта цікавы вопыт суіснавання чалавека і штучнага інтэлекту. Пачатак пакладзены.

Удзельнікі кангрэса.

У ХХІ стагоддзі нікога не здзівіш алічбоўкай, гэта мінулы этап, пераканана Анна Чулян: «Сёння мы павінны думаць, як стварыць магчымасці для ўкаранення мовы, кантэнту ў кіберпрастору». Анна Чулян разгледзела такую праблему на прыкладзе армянскай мовы, якая вельмі ўнікальная, але мае складанасці для адлюстравання ў электронным асяроддзі: не ўвасабляецца ні ў кірыліцу, ні ў лацініцу. Шмат гадоў распрацоўвалася спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для аптычнага рас­пазнавання знакаў армянскай мовы. І ў гэтым годзе ўдалося падпісаць дагавор з маладой кампаніяй, якая на высокім узроўні вырашыла гэтае пытанне. Пры тым, што армянская мова мае чатыры розныя віды. Такім чынам, інтэграцыя мовы ў кіберпрастору — адзін з этапаў паспяховай лічбавай адаптацыі.

«Калі мы кажам пра лічбавую трансфармацыю, то падразумяваем аўтаматызацыю, штучны інтэлект, — разважае Павел Кузьмін, генеральны дырэктар Усерасійскай дзяржаўнай бібліятэкі замежнай літаратуры імя М. І. Рудаміно. — А што зрабіць для таго, каб чытач быў індывідуальны, каб не ператварыўся ў штучны інтэлект, бо сённяшні празмерна вялікі аб’ём інфармацыі, да якой маюць доступ усе, перашкаджае глыбіннаму яе спасціжэнню». Гаворачы пра лічбавую трансфармацыю, трэба адштурхоўвацца перш за ўсё ад трансфармацыі ўспрымання інфармацыі, перакананы Павел Кузьмін. Бібліятэкі сёння сярод устаноў культуры выходзяць на перадавую па інфармацыйным забеспячэнні, гарантаванні бяспекі, бо біблітяэка аб’ядноўвае ў сабе ўсю магутнасць разнастайных культур, якія можа адкрыць кожны ахвотны.

Адкрытасць як знаходка

Зрэшты, адкрытасць — адметная ўласцівасць светабудовы, чалавечай псіхікі, сістэмы. Ды часам яна не даецца лёгка, а патрабуе праходжання этапаў, але ў выніку дорыць асалоду, падобную свабодзе: адкрытая душа. Адкрытая навука дзейнічае па такой жа схеме: у выніку дае зручнасць і карысць усім, хто мае да яе дачыненне. Адкрытая навука прадугледжвае адкрыты доступ — опцыя сучаснасці, абысціся без якой чалавеку, які цэніць мабільнасць, складана. «Цікавыя рэкамендацыі па адкрытай адукацыі дае ЮНЕСКА: дасле­даванні аб метадах адукацыі, педагогікі павінны быць адкрытыя, — дзеліцца Анна Чулян. — Калі распрацоўкі не будуць прадстаўлены ў адкрытым доступе, нас на шмат гадоў адкіне назад».

Бывае, адно выказванне здольна ўскалыхнуць да глыбіні душы і вызначыць вектар развіцця. Так здарылася з Аннай Чулян: падчас выступлення калегі Даны Шылер на ІФЛА ў 2016 годзе ўразіла фраза: «Выбачайце за нязручнасць — мы проста намагаемся змяніць свет». Анна Чулян пераканана: «Бібліятэкі гэта сёння павінны ўзяць як сцяг і не баяцца, што часам могуць ствараць нязручнасці, — мы павінны трансфармаваць прастору, дзе працуем сёння».

Думаецца, не толькі для мяне стагоддзе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі стала магнітам для сустрэч са знанымі асобамі, увасаблення доўгачаканых ідэй, выпрацоўкі новых планаў, адкрыцця сябе і жадання падзяліцца радасцю ад усведамлення далучанасці да такога свята. Верыцца, што пажаданне дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, ідэйнай натхняльніцы галоўнай кузні ведаў Аксаны Кніжнікавай не спыняцца на дасягнутым, а працягваць шлях удасканалення і далей будзе гарманізаваць інфармацыйную прастору.

Наталля СВЯТЛОВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Перш чым ісці вайной на суседзяў, варта вывучыць «Правілы карыстання жылымі памяшканнямі».

Эканоміка

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

У рамках дзелавой праграмы выставы пройдзе каля 20 тэматычных семінараў і канферэнцый.