Вы тут

Пра галоўнае


Ёсць прамовы, што ўвайшлі ў сусветную гісторыю, сталі ўзорамі аратарскага майстэрства. А ёсць тыя, якія найперш кранулі чалавечыя сэрцы. Не ведаю, як у будучыні назавуць на старонках падручніка па гісторыі беларускай дзяржаўнасці зварот нашага прэзідэнта 17 верасня 2022-га. Восеньскай прамовай, Вераснёўскай альбо Прамовай яднання. Пакажа час. Але тое, што яна насамрэч гістарычная — дакладна.


Гэта адчуванне адзінства і паразумення — усё пройдзем, усё вытрымаем. Калі разам. Так хораша, калі разам уся Беларусь! Не шукайце шчасця і праўды на чужыне. Не атрымаецца. Не знойдзеце ні сэнсу, ні сябе. Лягчэй знайсці папараць-кветку ў родным лесе. Паглядзіце ў вочы тых, хто з'ехаў, збег — збянтэжанасць і пустэча. І ніякія карцінкі шыкоўнага ўрбанізму не закрыюць тую бездань.

Калі галоўныя медыя мяцежнай прапаганды хорам, як па камандзе, пачалі дзяўбці вызваленчы паход Чырвонай Арміі на захад Беларусі, тое, мабыць, стала момантам ісціны нават для самых ашалелых і неверагодных аматараў еўрацэнтрызму. Стала зразумела, на каго працуе нібыта беларуская апазіцыя. Ну калі вы і цяпер супраць 17 Верасня — то вы не беларусы. Нават і без карткі паляка — не беларусы. Куды вы злівалі нашу краіну? З марамі аб міфічным мінулым — у мінулае і злівалі. Пад бізун паньства з Кракава і абцасы асаднікаў з Варшавы.

Некалькі пытанняў. Дзе беларускія навукоўцы з часоў панавання над намі Польшчы? Польшчы інтэлігентнай і адукаванай.... А пры «быдлаватых» Саветах з хат з саламянымі стрэхамі і земляной падлогай да нябесаў дабраліся Клімук і Кавалёнак. І да вяршынь сусветнай дыпламатыі — Грамыка. Няўжо халопам так хораша жылося «за польскім часам», што нават дзверы замест замкоў перавязвалі каўбасамі? Пра той час шмат фэйкаў напладзілі. І пра жыццё пры Пілсудскім, і пра народны дух барацьбы Каліноўскага. Што мы ўкладвалі ў галовы нашых дзяцей? Павагу да «праклятых» салдат, ці да паноў, што нарадзілісія на нашых землях і зневажалі іх сапраўдных жыхароў?

А памятаеце, як нас з 1990-х разам з пафабарванай вяндлінай з Беластока насычалі нянавісцю да гэтага вызвалення? Убівалі ў мазгі, што камуністы — тое ж, што і нацысты. Але ёсць жа гістарычная рэчаіснасць. Па-першае, мы — беларусы — аказаліся разам. Нарэшце. Па-другое, менавіта Пілсудскі з Гітлерам хадзілі побач, абдымаліся... А ў Варшаве, якую ад знішчэння нацыстамі выратавалі былыя халопы, у канцы 1930-х намагаліся паставіць помнік Гітлеру. Дарэчы, трапна, лепш не скажаш, адзначыў Прэзідэнт Беларусі. Мы іх вызвалілі, а яны нам адказалі — байполамі, байсоламі і белсатамі. «Змагары»... Чаму вы ніколі не расказвалі пра 600 тысяч загінулых савецкіх салдат падчас вызвалення Варшавы? Асабісты боль. З 18 хлапцоў, прызваных з вёскі майго дзядулі, пасля штурму Варшавы засталося толькі двое... Дуда і Маравецкі, вы штосьці пра рэпарацыі. Лепш маўчыце. Мінута маўчання. Па тых, дзякуючы каму вы дыхаеце паветрам.

І апошняе, калі не першае, пра Польшчу. Нацыянальныя «героі» — палітычны істэблішмент Варшавы — збеглі ад вайны ў Лондан. Паны аказаліся падпанкамі. Лакеямі лордаў. А сёння што змянілася? Хіба на кансультацыі не трэба ездзіць — зум-канферэнцый даволі...

Так, мы можам і нават павінны ганарыцца перамогамі сівой мінуўшчыны, велічнымі замкамі і палацамі, тэатрамі Радзівілаў, паясамі слуцкіх мануфактур. Але павінны памятаць Гусляра і Бандароўну — яны, хай сабе і літаратурныя героі, таксама з нашай, нявыдуманай, гісторыі. І сёння нам усім — і камбанерам, і айцішнікам — неабходнае гэтае ўпэўненае веданне і разуменне: пасля 17 верасня 1939 года адбылося яднанне дзяржавы, народа, людзей, сем'яў. А яшчэ коолішнія халопы адчулі сябе людзьмі. Без гэтага пачуцця годнасці нас бы не было. І сёння мы не пад харунжымі, не пад панамі, не пад алігархамі. Мы самі. І разам.

Дзесьці недалека ад трасы, што злучае два заходнія пункты адзінай Беларусі, «Высокае — Слонім», стаіць помнік загінулым падчас вайны 1812 года. Дык вось, на тым помніку напісана, што тут ляжаць нашы продкі, якія змагаліся па розныя бакі. Затое ляжаць разам — зямелька аб'яднала. Дык давайце ж разам будзем не ў сваёй зямлі, а на ёй.

Яўген ПУСТАВОЙ

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.