Вы тут

Аграгародок Карма — дзе сучаснае суседнічае з мінулым. Фотарэпартаж


Калі з аграгарадка Карма ўглядацца ў плынь ракі часу, то ў далечыні мінулых стагоддзяў можна разглядзець далёкі 1760 год, адметны тым, што мясцовыя майстры на сродкі вернікаў у той час пабудавалі тут невялікую драўляную Пакроўскую царкву.


Хіба ж маглі тады ўявіць тагачасныя дойліды, што праз стагоддзі наканавана ў гэтых мясцінах узняцца новаму велічнаму блакітнасценнаму храму ў выглядзе крыжа з пяціграннай апсідай, адзначанаму ззяннем залатых купалаў? Менавіта такім паўстае сёння гэты храм, сэрца Іаана-Кармянскага жаночага манастыра. А вакол яго (азірніцеся ў захапленні!) за стракатымі кветнікамі, за прыціхлай старой сцяной з брамаю такога ж нябеснага колеру віруе сучаснае жыццё. Дарэчы, усё сучаснае на гэтых вуліцах выгадна суседнічае з тым, хто захавалася ад мінулага. Уздоўж манастырскай сцяны па асфальце катаюцца хлапчукі на скейтбордах, каля прыпыніўшагася экскурсійнага аўтобуса конна праязджае вясковец, пад вокнамі драўлянай хаты з бліскучымі сучаснымі шклопакетамі, абрамленымі ўзорыстай шалёўкай красуецца новенькая легкавушка...

Не спыняецца рэчка часу, у гэтым зноў і зноў пераконваешся, калі глядзіш на яе з Кармы. Сядайце ў віртуальны човен, вяслуйце у мінулае, разглядайце аддаленыя часам твары славутых землякоў. Сярод іх (згодна з календаром мінулага стагоддзя) — Герой Сацыялістычнай Працы народны пісьменнік Беларусі Іван Шамякін, Герой Савецкага Саюза генерал-лейтэнант Аляксей Церашкоў, протаіерэй Іаан Гашкевіч, прылічаны да святых Беларускай праваслаўнай царквы...

Пра сёння жыхароў Кармы вам вычарпальна раскажа Аляксандр Пейган (на здымку), які выконвае абавязкі старшыні мясцовага сельвыканкама. Насельніцтва аграгарадка невялікае, ледзь перавышае тысячу чалавек. Сярод мясцовых ёсць перасяленцы, якія пераехалі сюды з вёсак, забруджаных у выніку чарнобыльскай катастрофы. Людзі тут працавітыя, на ўсе рукі майстры. У гэтым пераконваешся, аглядаючы мясцовыя хаты: дагледжаныя, прыгожа расфарбаваныя, упрыгожаныя традыцыйнай драўлянай разьбой.

Зразумела, што сапраўднай рэчкі часу тут не ўбачыш, але вялікая сажалка па другі бок вуліцы ад манастыра таксама шмат аб чым паведае. Кажуць, што бруяць тут у глыбіні крыніцы, і таму не перасыхае, не забруджваецца яе люстраная плынь.

Яўген ПЯСЕЦКІ

Фота аўтара

Добрушскі раён

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.

Здароўе

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

«Апрацоўваць гародніну і садавіну сродкам для мыцця посуду нельга».

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».