Вы тут

Віртуальныя праваднікі, краязнаўцы даследчыкі і захавальнікі каштоўнасцяў


Стагадовы юбілей Нацыянальная бібліятэка правяла за круглымі сталамі, дыялогамі, прафесійнымі размовамі. У яе дзень нараджэння прайшоў ІХ Міжнародны кангрэс «Бібліятэка як феномен культуры», які сабраў больш за чатыры сотні дэлегатаў з сямі краін свету.


На адкрыцці маштабнага форуму намеснік міністра культуры Сяргей Саракач адзначыў, што ў фондах бібліятэк (а сёння гэта 7 тысяч публічных і спецыяльных бібліятэк з агульным аб'ёмам фондаў больш за 180 мільёнаў экзэмпляраў) знаходзіцца багатая інтэлектуальная спадчына, важны складнік духоўнай і матэрыяльнай спадчыны нацыі. Сучасныя бібліятэчныя інфармацыйныя тэхналогіі забяспечваюць не толькі высокі ўзровень абслугоўвання насельніцтва, але і ў значнай меры садзейнічаюць развіццю і павышэнню інтэлектуальнага патэнцыялу дзяржавы.

А галоўны вучоны сакратар Нацыянальнай акадэміі навук Васіль Гурскі заўважыў, што Нацыянальная бібліятэка сёння працуе ў звязцы з Акадэміяй навук: калі вучоныя генерыруюць веды, бібліятэкары іх захоўваюць і распаўсюджваюць.

Змена падыходаў

Тэма кангрэса сёлета выбрана надзвычай актуальная: «Лічбавая трансфармацыя бібліятэк». Бібліятэчным супрацоўнікам даводзіцца хутка перастройвацца ў свеце, які прырастае новымі крыніцамі інфармацыі ў геаметрычнай прагрэсіі. Падчас кангрэса не раз прагучала думка, што адсутнасць у анлайне адзначае поўную адсутнасць на рынку. Гэта правіла распаўсюджваецца і на бібліятэкі. Праўда, сёння многія ўстановы навучыліся выкарыстоўваць яго на сваю карысць. Электронныя рэсурсы адкрылі доступ да новай аўдыторыі. Дзякуючы віртуальным рэсурсам, колькасць людзей, якія больш часу праводзяць за вывучэннем навуковай, прафесійнай, краіназнаўчай, мастацкай літаратуры, няхай і праз экраны гаджэтаў, імкліва расце. Адпаведна растуць і аб'ёмы інфармацыі, якую спажываюць сучасныя чытачы. І тут важна не забывацца, што лічбавыя сэрвісы фарміруюць новыя звычкі і новую культуру. Роля бібліятэк значна вырастае. Прысутнасць іх у віртуальнай прасторы надзвычай важная — менавіта яны фарміруюць густ, паказваюць праўдзівыя крыніцы, спрыяюць захаванню нацыянальнай і сусветнай культуры, падказваюць, як арыентавацца ва паскораных патоках інфармацыі.

Сучасныя тэхналогіі хутка перакройваюць жыццё бібліятэк. Здавалася, аўтаматызацыя многіх працэсаў па абслугоўванні чытачоў стала пагрозай, і прафесія бібліятэкара можа знікнуць. Насамрэч без такіх спецыялістаў у сучасным свеце не абысціся. Яны з'яўляюцца праваднікамі ў кніжны свет, здольны адкрываць чытачу крыніцы, пра існаванне якіх той мог не ведаць; дзякуючы алічбоўцы робяць магчымым доступ да рарытэтаў. Але важна не забывацца і пра сацыякультурную дзейнасць бібліятэк. Так, сёння цяжка пералічыць колькасць наведвальнікаў бібліятэкі, якія ідуць на разнастайныя мерапрыемствы, якія ладзіць кніжніца. Гэта выстаўкі, круглыя сталы, лекцыі, прэзентацыі, сустрэчы з аўтарамі кніг, краязнаўцамі, мастакамі, вучонымі, майстар-класы ад рамеснікаў, кансультацыі юрыстаў і г. д.

Прадстаўнікі старэйшага пакалення могуць згадаць, як у старым будынку галоўнай бібліятэкі, якую помняць як «Ленінку», не абслугоўваліся нават студэнты першых курсаў. Сёння «Нацыяналка» пачынае рыхтаваць для сябе чытачоў з самага юнага ўзросту. Часта ў яе будынку можна сустрэць сем'і з маленькімі дзеткамі, дзіцячыя экскурсійныя групы з усёй Беларусі. Бібліятэка стала выдатным адукацыйным і культурным рэсурсам для школьнікаў і студэнтаў. Тут удзяляецца вялікая ўвага патрыятычнаму выхаванню, праводзіцца мноства мерапрыемстваў, прысвечаных Году гістарычнай памяці, сярод якіх адукацыйныя лекцыі, канферэнцыі, конкурсы. У галоўнай бібліятэцы краіны ладзяцца вучэбна-пазнавальныя заняткі «Славутыя імёны Бацькаўшчыны», якія не проста даюць магчымасць дзецям і падлеткам замацаваць веды, атрыманыя ў межах школьнай праграмы, але і адкрываюць новыя факты і магчымасці — юныя чытачы даведваюцца пра фонды бібліятэкі, якімі ў далейшым могуць скарыстацца ў сваёй даследчыцкай працы. Гасцям дэманструюцца мультымедыйныя прэзентацыі пра жыццё і творчасць пэўнага дзеяча культуры. Да таго ж дзеці ўдзельнічаюць у тэматычных віктарынах, разгадваюць красворды і збіраюць пазлы. Ужо распрацаваны заняткі, прысвечаныя Рагнедзе, Ефрасінні Полацкай, Францыску Скарыну, Янку Купалу, Якубу Коласу, Уладзіміру Карткевічу, Максіму Багдановічу, Кандрату Крапіве, Янку Маўру, Марку Шагалу і іншым. Папулярнасцю карыстаецца экскурсія «Помнім боль і страты твае, Беларусь...», якая знаёміць з жыццёвым і творчым шляхам пісьменнікаў — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны: Васіля Быкава, Аркадзя Куляшова, Пімена Панчанкі, Максіма Танка.

Асяродак культуры

Нацыянальная бібліятэка стала месцам, дзе акумулююцца звесткі пра творчыя і культурныя праекты ўсіх бібліятэк краіны.

Падчас кангрэса ўрачыста былі ўзнагароджаны пераможцы ХХХ Рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры», у якім сёлета прыняло ўдзел каля чатырох дзесяткаў публічных бібліятэк краіны: ад цэнтральных да гарпасялковых і сельскіх. Найлепшыя ўстановы адзначаны ў чатырох намінацыях: «За пошукавую і даследчую дзейнасць», «За значны ўнёсак у выхаваўчую працу з падрастаючым пакаленнем», «За падтрымку і развіццё чытання», «За навацыі ў галіне бібліятэчнай справы».

Сёння бібліятэкары — асобы, якіх на раёнах чытачы ведаюць у твар і за чыімі віртуальнымі праектамі сочаць у інтэрнэце. Так, бібліятэкары Гомеля праз інтэрнэт раяць кнігі для чытання, ладзяць праекты «А вы ведаеце, што?» і «Усё пра ўсё». Юныя чытачы падчас школьных канікул у YоuTubе слухаюць «Алесіны казкі» хітры ход бібліятэкараў: дзяўчына з Палесся ў нацыянальным касцюме знаёміць з народнымі і аўтарскімі казкамі. Відэаролікі рыхтуе для чытачоў і Барысаўская раённая бібліятэка — праект «Казкі на канапе», а ў Ганцавічах чытачы далучаюцца да літаратурных чэленджаў, якія папулярызуюць творчасць землякоў.

Бібліятэкары сёння — адны з галоўных краязнаўцаў на раёне. Праект Лескаўскай сельскай бібліятэкі «Скарбы з бабулінай скрыні» адзначаны журы рэспубліканскага конкурсу. Сёння гэта ўстанова нагадвае цэнтр рамёстваў: тут дзеці шчыруюць з саломкай, вышываюць, робяць тэкстыльных лялек. У адрозненне ад падобных школьных гурткоў, у межах праекта дзеці не толькі набываюць не толькі практычныя навыкі, але і даведваюцца пра гісторыю рамяства.

Рэчыцкая сельская бібліятэка можа пахваліцца маштабным праектам «Спадчына ад продкаў». Яна збірае краязнаўчую інфармацыю і дзеліцца ёй з чытачамі праз выдадзеныя зборнікі, альбомы, брашуры, разам з цэнтральнай раённай бібліятэкай горада Чэрыкава стварае электронную краязнаўчую базу. Ёй падрыхтаваны альбом, прысвечаны славутым землякам, летапіс «З гісторыі Вохарскага манастыра». Створаны і зборнік народных песень, сабраны аўтэнтычны фальклор. Асобны альбом прысвечаны мясцовым майстрам, рамеснікам. У бібліятэцы маецца этнаграфічны куток, пры якім дзейнічае клуб юных фалькларыстаў, тут ладзяцца вячоркі і этнаграфічныя заняткі.

Шарашэўская горпасялковая бібліятэка, якая прадстаўляе Пружанскую цэнтралізаваную бібліятэчную сістэму Брэсцкай вобласці, прадставіла на конкурс краязнаўчы каляндар, распавяла пра пешаходную экскурсію па гарадскім пасёлку.

Іўеўская раённая бібліятэка вяртае забытыя імёны. Адна з такіх прызабытых асоб, звязаных з гэтым краем, — святар, пісьменнік, асветнік Ідэльфонс Бобіч, у свой час вядомы пад псеўданімам Пётр Просты. Ён напісаў 214 твораў, і дзякуючы намаганням бібліятэкі сёння некаторыя з іх становяцца вядомымі сучасным чытачам. Пры Дубровенскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэме працуе краязнаўчы клуб «Пошукавік», які вяртае імёны воінаў, што загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

І гэта далёка не ўсе праекты, якімі беларускія бібліятэкары робяць уклад у агульную справу патрыятычнага выхавання.

Ганна ПЯТРОВА

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.