Вы тут

Пра адзінства. І пра тое, чаму яно сёння тоеснае слову «шчасце»


Дзень народнага адзінства я буду адзначаць у месцы сімвалічна-гістарычным — на былым памежжы: кіруючы ў родную вёску з аўтобуса, не спяшаючыся, перайду з колішняй Заходняй Беларусі ва Усходнюю. Чаму «колішняй»? Таму што гэта «заходняя-ўсходняя» павінна назаўжды застацца толькі ў гістарычных нарысах ды дакументах. Беларусь — адна. Адзіная ва ўсіх сэнсах гэтага слова на нашай мове. Выбачайце за патэтыку, але свята заўтра ў нас маладое. Яму пакуль патрэбен вось гэты «непатрэбны», як скажуць скептыкі, антураж. Лозунгі і патэтыка, ідэалогія, калі хочаце. Толькі так гэта дата, гэты дзень стане ў нашай свядомасці святочным. Такая чалавечая псіхалогія, так вучыць гісторыя. Людзі па сутнасці сваёй не мяняюцца.


Мы паспрабавалі ўжо па-іншаму — без лозунгаў і патэтыкі, сарамліва, каб, крый божа, не пакрыўдзіць каго. Не асабліва расказваючы пра сваё, але з паважлівай уважлівасцю слухаючы чужое, яшчэ і спагадліва ківаючы ў адказ. Гасцінна расчыняючы дзверы ўсім, нават тым, хто зусім нядаўна выбіваў гэтыя дзверы нагой, здзекаваўся, прыніжаў, забіваў... Мы ўсім сваім выглядам паказвалі, што даравалі. Але дараваць — не значыць забыцца і адрачыся ад таго, што было важным.

Вынік вельмі яскрава і балюча паказаў 2020 год. Але, мне здаецца, трывожныя званочкі былі яшчэ раней, мы іх проста не заўважалі, дакладней, рабілі выгляд, што не заўважаем. Я вось зараз прыгадваю адну надзвычай складаную размову з маладой сваячкай, якая ну вельмі хацела атрымаць «карту паляка», яшчэ тады, як толькі гэта магчымасць была абвешчана. Яна прыгадала «памежную» біяграфію нашай сям'і і, спрабуючы знайсці хоць якую зачэпку, пачала пытацца ў мяне пра магчымую радню ў Польшчы. Так, сапраўды, бабулін ці то стрыечны, ці то траюрадны брат пасля вайны пераехаў туды, але ж гэта не падстава фактычна называцца палякам і за падачку ў выглядзе беспраблемнага атрымання візы і нейкіх прэферэнцый у працаўладкаванні, па сутнасці, адмаўляцца ад Радзімы. У нашым выпадку гэта выглядала яшчэ як здрада папярэднім пакаленням сям'і, якія ўпарта, нягледзячы на тое, што спрадвеку былі каталікамі, усюды запісвалі сябе беларусамі... Размова наша скончылася тым, што я пачула ў адказ на ўсе свае довады: «Ну, з табой усё зразумела, ты ж у нас ідэолаг». Гучала як абраза, бо так, мы самі вінаватыя, што для многіх сённяшніх трыццаці-трыццаціпяцігадовых «ідэалогія» — слова амаль непрыстойнае.

Так, мы вінаватыя і ў тым, што яны, трыццаці-трыццаціпяцігадовыя, калі пачынаем гаварыць пра штосьці добрае, што было за савецкім часам, абурана парыруюць: «Не згадвайце мне гэты «савок»!» І ў тым, што яны, прыйшоўшы на «Яму» — месца масавага расстрэлу яўрэяў, спявалі «Магутны Божа» — словы, якія напісала калабарацыяністка, якая актыўна супрацоўнічала з фашыстамі (выбачайце, што пішу пра гэта не першы раз, але для мяне асабіста гэта адно з самых моцных абураных уражанняў таго няпростага 2020-га). І ў тым, што і сёння яны, нават не пярэчачы і не робячы ніякіх супрацьпраўных дзеянняў, панура маўчаць або з'едліва ўсміхаюцца, калі чуюць пра тое, што маглі страціць два гады назад, пра тое, наколькі важна зберагчы тое, што маем сёння, пра гістарычную памяць і народнае адзінства, якія сёння — не ідэалогія і не патэтыка, а ўмова выжывання...

Але — і вось яно, самае галоўнае і складанае — гэтыя маўклівыя скептыкі са з'едлівымі ўсмешкамі — не іншапланецяне, не іншаземцы, яны нашы любімыя дзеці, унукі, пляменнікі, хрэснікі, малодшыя браты і сёстры. Іх не выкрасліш з жыцця, не адрачэшся. І вось у гэтым кантэксце таксама трэба гаварыць і думаць пра адзінства. Бо ў колькіх сем'ях пасля 2020-га не стала ладу, у колькіх сем'ях дзеці перасталі шчыра размаўляць з бацькамі, а хтосьці і рассварыўся і не размаўляе зусім. Гэта ёсць, гэта балючая і няпростая тэма, але пра яе трэба гаварыць. Бо адзінства народа, адзінства краіны немагчымае без гэтага адзінства «лакальнага маштабу». Бо для кожнай асобна ўзятай сям'і адсутнасць менавіта гэтага, лакальнага, адзінства — нават не няшчасце (стан аднамомантны), а нешчаслівасць (стан пастаянны). А ці шмат могуць нешчаслівыя людзі, ці шмат ад іх карысці і ў сям'і, і ў дзяржаве?

І нам трэба прызнаць гэта і зразумець, што яно само не разыдзецца. І спакойна (хоць «спакойна» — складана, амаль немагчыма, але — трэба, ды хтосьці ж павінен быць старэйшым і разумнейшым) размаўляць, тлумачыць, пераконваць. Шукаць кропкі судакранання, тое, што нас сапраўды аб'ядноўвае, — любоў (яна ж нікуды не падзелася, мы проста пра яе забыліся), спагада, агульныя простыя каштоўнасці, інтарэсы і ўспаміны. Станавіцца, калі хочаце, ідэолагам, выпраўляць «касякі», якія ўзніклі ў многім з-за нашага маўчання, абыякавасці, сарамлівасці. Гэта штодзённая нялёгкая праца, але ж мы не хочам быць няшчаснымі, мы ж хочам жыць у шчаслівай краіне, праўда? І гэта праца ўдзячная, яна абавязкова дасць вынік, бо не чужыя ж людзі, бо жывём у адным доме.

І тады сапраўды ўсе гэтыя «заходнія-ўсходнія», «свядомыя-несвядомыя» і іншыя не намі прыдуманыя супрацьпастаўленні застануцца ў гістарычных нарысах і дакументах.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».