Вы тут

Яны насілі «байцоўкі»


Трэці працоўны семестр выйшаў на фініш, большасць студэнтаў беларускіх ВНУ ўжо вярнуліся ў вучэбныя аўдыторыі і прыступілі да заняткаў. Штогод студатрадаўскі рух аб'ядноўвае дзясяткі тысяч маладых людзей. Справа іх рук — не разавыя «акцыі» і кіруюцца яны не толькі жаданнем зарабіць, а магчымасцю быць датычнымі да ўзвядзення знакавых аб'ектаў краіны. Сярод іх — Нацыянальная бібліятэка, «Мінск-Арэна», стадыён «Дынама», Аўгустоўскі канал, Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Беларуская АЭС. У гэтым годзе статус Усебеларускай маладзёжнай будоўлі атрымала рэканструкцыя Дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу «Хатынь».


Маладыя гісторыкі займаліся вывучэннем публікацый пасляваеннага перыяду. Даследаваліся выпускі газет «Звязда» і «Советская Белоруссия» з 1945 да 1960-х гадоў.

З сакавіка ў краіне быў запушчаны промапраект «Выбіраем студатрад»: у кожнай установе адукацыі і ў кожным раённым камітэце БРСМ ішоў набор хлопцаў і дзяўчат, якія жадалі папоўніць іх шэрагі. У некаторых атрадах конкурс даходзіў да чатырох чалавек на месца, як, напрыклад, у педагагічным атрадзе «Сузор'е» Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта. У яго склад уваходзяць найлепшыя прадстаўнікі факультэтаў і інстытутаў гэтай ВНУ. Першакурснікаў сюды не бяруць, бо ім не хапае вопыту, — толькі студэнтаў пасля другога і трэцяга курсаў. Атрад працуе на базе Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра «Зубраня», дзе прад'яўляюцца вельмі высокія патрабаванні да работы важатых. За сямігадовую гісторыю атрад двойчы (у 2020 і 2021 гадах) станавіўся пераможцам Рэспубліканскага конкурсу «Працоўны семестр» у намінацыі «Найлепшы педагагічны атрад Рэспублікі Беларусь».

— Атрад «Сузор'е» — гэта сям'я, калектыў аднадумцаў, мы паважаем і памнажаем традыцыі студатрадаўскага руху, — сцвярджае камандзір атрада Аліна ВАСІЛЬЕВА. — Да працоўнага семестра пачынаем рыхтавацца яшчэ ў лютым. Для ахвотных трапіць да нас арганізоўваюцца і лекцыйныя, і практычныя заняткі, а на фінішы адбіраюцца найлепшыя. Лічу найвышэйшай ацэнкай нашай працы водгукі выхаванцаў, якія напрыканцы змены цікавяцца ў нас, як можна стаць важатымі. Я сама была некалі выхаванкай Нацыянальнага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра «Зубраня», потым валанцёрыла там, дапамагала важатым і зразумела, што мне вельмі падабаецца працаваць менавіта з маленькімі дзецьмі. Гэта дапамагло вызначыцца з прафесіяй, я паступіла на факультэт пачатковай адукацыі і цяпер сама ўжо выступаю ў ролі важатай. Адным словам, «Зубраня» не адпускае мяне ўжо дзесяць гадоў. Мы тлумачым дзецям, што трэба вывучыцца на педагога і піярым свой універсітэт.

Студатрад «Памяць і Слава» працаваў над добраўпарадкаваннем пахаванняў прафесарска-выкладчыцкага складу БДУ на Ваенных, Паўночных і Усходніх могілках Мінска.

— З прычыны спецыфікі ВНУ амаль усе ўніверсітэцкія студатрады ў нас педагагічнага профілю, — канстатуе начальнік упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю БДПУ Святлана МАЛІНОЎСКАЯ. — І яны вельмі запатрабаваныя студэнцкай моладдзю, бо даюць каштоўны педагагічны вопыт. Тут можна навучыцца рабоце ў камандзе, праявіць свае творчыя і арганізацыйныя здольнасці, лідарскія якасці, ну і, вядома, зарабіць першыя грошы. Гэтым летам у БДПУ былі створаны 43 педагагічныя і адзін сэрвісны атрад. Было працаўладкавана 680 студэнтаў. Нашы хлопцы і дзяўчаты працавалі на базе дзевяці дзіцячых аздараўленчых лагераў, двух аздараўленчых комплексаў, аднаго санаторыя, у Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Зубраня», у дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры «Жамчужына». Яшчэ тры атрады працавалі на працягу навучальнага года. Адзін дапамагаў работнікам «Белпошты» і два атрады факультэта дашкольнай адукацыі займаліся арганізацыяй адпачынку дзяцей падчас вясенніх канікул.

Педагагічныя атрады даюць каштоўны вопыт. Тут можна ўдасканаліць прафесійныя якасці, навучыцца рабоце ў камандзе, праявіць арганізацыйныя здольнасці і лідарскія якасці.

— БНТУ — флагман тэхнічнай адукацыі, ён вельмі шматпрофільны. Таму і студатрады ў нас разнайстайныя: і будаўнічыя, і вытворчыя, і экалагічныя, і сэрвісныя. Ёсць і педагагічны, таму што ва ўніверсітэце функцыянуе інжынерна-педагагічны факультэт. Але трапіць у педатрад пры жаданні могуць таксама і студэнты з іншых факультэтаў, калі пройдуць адпаведную падрыхтоўку. Яна, дарэчы, займае два месяцы. Каля 200 нашых студэнтаў гэтым летам працавалі з дзецьмі ў санаторыі-прафілакторыі БНТУ «Палітэхнік», — расказаў сакратар пярвічнай арганізацыі БРСМ Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Ягор НІКІЦІН. — Са студзеня бягучага года мы працаўладкавалі 1576 студэнтаў у складзе 49 студатрадаў. Але найбольшы ўпор рабілі, вядома, на лета. Студэнты працавалі на ўсіх знакавых аб'ектах і рэспубліканскіх праектах: «Аўтазаводзец», «Трактарабудаўнік-2022», «Атлант» , Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк, на рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу «Хатынь». Наш сэрвісны атрад працаваў у Расіі, у Туапсэ, у аздараўленчым лагеры. Акрамя таго, мы вельмі ўдзячныя кіраўніцтву нашай ВНУ, якое выдзеліла шмат месцаў для працаўладкавання непасрэдна ва ўніверсітэце: хлопцы і дзяўчаты працавалі на кампусе, у студэнцкім гарадку, таксама з метадычнай дакументацыяй на кафедрах. А пасля завяршэння работы ўсіх чакала вельмі цікавая і насычаная праграма з мноствам актыўнасцяў, пазнавальных экскурсій, культурных мерапрыемстваў, бо студатрад — гэта не толькі магчымасць зарабіць...

Гэтым летам у БДПУ былі створаны 43 педагагічныя атрады.

— У БДУ гэтым летам у складзе 39 атрадаў працавалі 986 студэнтаў: гэта былі сельскагаспадарчыя, сэрвісныя, педагагічныя, вытворчыя і будаўнічыя атрады, — паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення па выхаваўчай рабоце з моладдзю Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Ягор ПАДАЛЯК. — Сэрвісны атрад «Абітурыент» дапамагаў прыёмнай камісіі падчас уступнай кампаніі. У спартыўна-аздараўленчым комплексе «Брыганціна» ўсё лета працавалі нашы «педагогі». Але асобна хацеў бы спыніцца на рабоце студэнцкага сэрвіснага атрада «Памяць і Слава» імя першага рэктара БДУ Уладзіміра Пічэты. Яго ўдзельнікі на працягу летняга перыяду займаліся даследаваннем архіўных дакументаў для захавання і перадачы наступным пакаленням гістарычнай праўды.

Студэнты гістарычнага факультэта правялі маштабную работу па ўстанаўленні біяграфічных даных ваеннапалонных лагера «Шталаг-352» у Масюкоўшчыне. Хлопцы і дзяўчаты вялі пошук і верыфікацыю звестак аб вязнях па кнізе памерлых лазарэта лагера. Усяго ўдалося знайсці інфармацыю аб 789 людзях. Сабраны матэрыял папоўніць рэспубліканскую базу даных.

Таксама маладыя гісторыкі займаліся вывучэннем публікацый цэнтральнага перыядычнага друку Беларусі пасляваеннага перыяду ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Даследаваліся выпускі газет «Звязда» і «Советская Белоруссия» з 1945 да 1960-х гадоў. Студэнты знайшлі 63 навінавыя нататкі і артыкулы са звесткамі пра БДУ. Адной з цікавых знаходак стаў аўтарскі артыкул тагачаснага рэктара БДУ Парфёна Савіцкага аб аднаўленні ўніверсітэта і яго дзейнасці пасля Вялікай Айчыннай вайны, які быў апублікаваны ў пятым нумары газеты «Звязда» ад 7 студзеня 1944 года.

Акрамя таго, студатрад працаваў над добраўпарадкаваннем пахаванняў прафесарска-выкладчыцкага складу ўніверсітэта на Ваенных, Паўночных і Усходніх могілках Мінска. Усяго прыведзена ў парадак больш за 70 месцаў спачыну. Работа па пошуку і добраўпарадкаванні пахаванняў супрацоўнікаў БДУ вядзецца з 2020 года.

Як зазначыў Ягор Падаляк, нікога са студэнтаў не пакідаюць раўнадушнымі сустрэчы з ветэранамі студатрадаўскага руху, бо гэта дапамагае зразумець сувязь пакаленняў, што студатрадаўскі рух, які ў наступным годзе адзначыць сваё шасцідзесяцігоддзе, мае багатыя традыцыі і гісторыю. «Напрыклад, мая бабуля ў студэнцкія гады ў складзе будатрада працавала на ўзвядзенні Кургана Славы». І яе аповеды вельмі цікава слухаць...» — расказаў ён.

А вы ведаеце, што сёння кажуць байцы студатрадаў? «Мы едзем на цаліну». Так яны называюць месца работы і пражывання атрада, працу ў складзе будатрада на аб'ектах АЭС і не толькі. Савецкая тэрміналогія прыжылася і актыўна выкарыстоўваецца. Увогуле, у студатрадаўцаў ёсць свой слоўнік, які ўключае як сучасныя паняцці (хто такі камандзір, камісар, якія існуюць віды студатрадаў і г. д.), так і словы з гісторыі студатрадаўскага руху. Узаемавыручка, мэтанакіраванасць, адказнасць за справу — гэтыя паняцці ўласцівыя не толькі папярэднім пакаленням, але і сучасным байцам студатрадаў. Магчыма, студатрадаўскі рух — найлепшае, што сучасны Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі ўзяў ад камсамола.


Дарэчы, падчас трэцяга працоўнага семестра дзяржаўныя інспектары працы пабывалі ў 400 студэнцкіх атрадах і вывучылі іх дзейнасць. «У цэлым, усё адпавядала ўстаноўленым правілам: заключаліся працоўныя дагаворы пры накіраванні і прыёме на працу, праводзіўся медыцынскі агляд, інструктаж па тэхніцы бяспекі, азнаямленне са службовымі інструк-
цыямі, — расказаў першы намеснік дырэктара Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алег ТОКУН. — Заўважу, што прадпрыемствы, якія бяруць на работу студэнтаў, абавязаны забяспечыць адпаведныя дагавору аб'екты і віды работ, а таксама стварыць на кожным працоўным месцы бяспечныя ўмовы працы, забяспечыць іх сродкамі індывідуальнай аховы, спецвопраткай і іншым. Па ўсіх выяўленых парушэннях выдаваліся рэкамендацыі па іх выпраўленні, і ўсе яны пры магчымасці неадкладна выпраўляліся ў прысутнасці інспектараў».

Пастскрыптум ад бацькоў выхаванцаў НДЦ «Зубраня»:

• «Зацікавіць, арганізаваць пакаленне NEXT каштуе вялікай працы і каласальнага цярпення. У вас, паважаныя важатыя, усё атрымалася на 10+. Вялікі дзякуй вам за незабыўны адпачынак нашых дзяцей!»

• «Мілыя нашы важатыя, вы і ёсць малайцы! Шчыры дзякуй вам за вашу працу! Нават не сумняваюся, што дзеці ўжо заўтра будуць па вас сумаваць!»

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота bspu.bu

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?