Вы тут

Літары з душой


Цурчанне крыніцы ў летнюю спёку, храбусценне галля падчас шпацыру па баравікі пад ужо не гарачым, але яшчэ лагодным восеньскім сонцам. Прыемны трэскат палення ў цёплай бабулінай хаце. Гэта гукі шчасця. А яшчэ... Шмат чаго. Усе яны — такія моманты, калі па целе мурашкі, а на сэрцы хораша — могуць ажыць нават сярод вірлівага натоўпу ў метро альбо ў сучасным офісе на высокіх паверхах гарадской піраміды дасягненняў. Ажыць пад шэпт кніжных старонак. Хтосьці скажа: «Гэта кансерватыўны метад атрымання інфармацыі». Не, не кансерватыўны, а самы гарманічны. Бо такая інфармацыя не кілабайты лічбаў і ўжо загадзя падрыхтаваныя факты і фэйкі — нібы аксіёмы. Яна не ператварае наш мозг у «флэшку», а калі што не так, то можна і адфарматаваць. Бо такая інфармацыя для разваг, а не бяздумнага глытання. Лічбавая альбо кніжная. Канешне, усё залежыць ад самой «ежы» для інтэлекту: фаст-фуд альбо духмяны бохан хлебу.


Трэба разумець, што кніга — гэта не толькі развіццё тыпаграфічнай справы і занятасць інжынераў чалавечых душ. Гэта штосьці велічнае і сапраўднае. Элітарнае. Марыш быць шляхетным? Май зносіны з кнігамі, а не гаджэтамі. Бо калі паглынаеш інфармацыю праз пошукавік, то здаецца, што гэта праца. А калі з кніжных паліц — адпачынак. Бо ў друкаваных літарах застаецца штосьці жывое і сапраўднае. Душэўнае. Дарэчы, і кнігі ў сівую даўніну друкавалі дзеля распаўсюджвання рэлігійных тэкстаў — маральных прынцыпаў.

А Свята беларускага пісьменства заўжды прываблівае сваёй адмысловай прастатой і душэўнай веліччу. Здаецца, нібы вялікая сямейная гутарка. Цікава атрымліваецца. Імёны ёсць, мастацкі шарм прысутнічае, а вось зайздрасці і напышлівасці не існуе. Чаму так? Бо сама беларуская мова прыгожая і сціплая. Нават цнатлівая. Як пяснярская прыгажуня Алеся ці купалаўская Алена.

Але мова не можа быць інструментам палітыкі. Каб зразумець, дастаткова паглядзець навіны з Данбаса. Усё пачыналася з моўнага пытання. І, дарэчы, моўная спадчына Купалы, Коласа і Багдановіча па стылістыцы лагодная і ласкавая, трапяткая. Няма ў нас характэрных «глухіх» зычных. Таму чулай беларускай мове непатрэбны крывавы і жорсткі мэйнстрым. Як у суседзяў. Нельга сілай навязваць моўную любоў.

Бо мова — не толькі сродак зносін, найперш — душа народа. Наша надта аздоблена дыялектамі. Багатымі і пявучымі. Працяглымі, як «беларуская Амазонка» — Прыпяць. Альбо звонкімі і радаснымі, як жыхары Віцебскага Паазер'я. А вось амаль акадэмічнае, спакойнае маўленне у жыхароў павольнай Гарадзеншчыны.

Калі мова — ментальнасць, то пісьменства — знак дзяржаўнасці. Пісьмовыя крыніцы — нібыта невычэрпныя крыніцы геапалітычнай самадастатковасці. Калі некаторыя нашы суседзі палявалі адзін на аднаго, мы аркушамі, што выходзілі з-пад прэса друкарскага станка, кожнай новай літарай, кожным новым абзацам, кожнай старонкай уціскалі сябе ў сусветную гісторыю. І пра зубра, і пра залаты час. І калі «выкіпальны» кацёл нацый пачне казырыцца даўніной сваёй дэмакратыі, беларусам дастаткова адкрыць вокладку вядомага помніка юрыспрудэнцыі. Тое сімвал нашай адукаванасці і дзяржаўнасці. Ёсць у нашай пісьменнасці штосьці няўлоўнае, але не менш важкае, чым літары закона. Тое правілы, па якіх жыве чалавечнасць. Вы заўважылі, што няма на беларускай мове агідных «бестселераў». Якую старонку беларускай паэзіі ні адкрый — ляціць душа над роднымі шатамі, уздымаецца над аднатыпнымі лакацыямі глабалізацыі. Зберагчы сваю культуру, аўтэнтыку — значыць зберагчы ў гэтым стракатым свеце сябе, сваю Бацькаўшчыну, свой радавод. І сярод шматлікіх мультыкультурных іконак, сярод усяго гэтага лічбавага масмаркету мы працягваем выводзіць літары з душой.

Яўген ПУСТАВОЙ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.