Вы тут

Як Добруш адсвяткаваў Дзень беларускага пісьменства


Святкаванне XXІX Дня беларускага пісьменства ў Добрушы завяршылася. За гэтыя два дні падзей адбылося шмат: адкрылі помнік народнаму пісьменніку Беларусі, ураджэнцу Гомельшчыны Івану Шамякіну, згадалі 140-годдзе з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа, а таксама ўручылі Нацыянальную літаратурную прэмію. І гэта толькі маленькая частка з таго, што арганізатары падрыхтавалі для гасцей і жыхароў Добруша. Як горад мастоў адзначыў галоўнае літаратурнае свята краіны, чытайце ў рэпартажы «Звязды».


Калі ўязджаеш у Добруш на аўтобусе, горад адразу сустракае сваімі галоўнымі сімваламі: папяровай фабрыкай, якая была пабудавана ажно ў 1870 годзе графам і генерал-ад'ютантам Фёдарам Паскевічам, а таксама ракой Іпуццю. Менавіта дзякуючы ёй горад атрымаў прыгожае параўнанне з Венецыяй: шматлікія астраўкі і затокі, утвораныя Іпуццю, аплятаюць Добруш. Калі вы прагуляецеся па горадзе, то знойдзеце 15 мастоў.

На адным з берагоў размясціліся палаткі часоў Вялікай Айчыннай вайны, у неба падымаецца дымок ад вогнішча: гэта ваенна-гістарычная рэканструкцыя, якая распавядае аб партызанскім лёсе Добруша. Але мы накіроўваемся крыху далей, у цэнтр горада, дзе адбываюцца галоўныя падзеі свята.

Стварыць партрэты песняроў

Сёлета перад арганізатарамі стаяла нялёгкая задача: адлюстраваць адразу некалькі важных для гісторыі нашай краіны і культуры дат. Да Года гістарычнай памяці, 140-гадовага юбілею з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа і 100-годдзя Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі былі створаны адмысловыя павільёны. Падыходзячы да пляцоўкі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, адразу заўважаю вялікі фаліянт, які гартаюць наведвальнікі:

— Да юбілею Брэста мы выдалі Брэсцкую Біблію. У Беларусі ёсць усяго два яе факсімільныя выданні, адно з якіх захоўваецца ў самім горадзе, а другое — у бібліятэцы Акадэміі навук, — распавядае галоўны бібліятэкар сектара арганізацыі кніжных выставак Нацыянальнай бібліятэкі Святлана Зайко. — Таксама для наведвальнікаў мы зрабілі інтэрактыўную зону: можна прыняць удзел у віктарыне і атрымаць невялікі сувенір ад бібліятэкі.

Непадалёк размясцілася часовая экспазіцыя да 140-годдзя класікаў беларускай літаратуры. Супрацоўнікі павільёна, звяртаючыся да мяне, прапаноўваюць... намаляваць Купалу або Коласа. Партрэт, надрукаваны на вялікай паперы, разбіты на мноства фрагментаў. «Трэба закрэсліць фламастарам квадрацік, які вам падабаецца», — тлумачаць мне. Такім чынам, кожны ахвотны можа прыняць удзел у стварэнні агульнага малюнка. І сапраўды, не паспяваю я дафарбаваць свой квадрацік, як да нас падыходзяць падлеткі, якія таксама просяць маркеры. Акрамя гэтага, у павільёне, прысвечаным юбілею песняроў, можна паўдзельнічаць у розных інтэрактыўнасцях: сабраць пазлы з фотаздымкаў Якуба Коласа, пагуляць у настольную гульню і паразгадваць рэбусы.

Звяздоўскія «зоркі»

А я тым часам падыходжу да пляцоўкі Выдавецкага дома «Звязда»: каля яго — дзіцячы натоўп. Здаецца, яшчэ і з-за таго, што выдавецтва прапаноўвае кнігі з прыемнымі зніжкамі:

— На нашых стэндах прадстаўлены як упадабаныя чытачамі выданні, так і навінкі, напрыклад, новая кніга Кацярыны-Хадасевіч Лісавой «Сакрэты аднаго каралеўства». Наша выдавецтва прапануе шырокі спектр літаратуры, пачынаючы з мастацкай і заканчваючы навуковай і асветніцкай. Напрыклад, у нас можна набыць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, — адзначае намеснік дырэктара Выдавецкага дома «Звязда», галоўны рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва» Аляксей Чарота.

Апроч таго, Выдавецкі дом «Звязда» ладзіць аўтограф-сесіі з аўтарамі. Так, падчас Дня беларускага пісьменства з чытачамі сустрэліся пісьменнікі Іна Фралова, Ірына Карнаухава і Уладзімір Гаўрыловіч. Побач заўважаю калекцыянера і пісьменніка Уладзіміра Ліхадзедава, кніга якога «Адзінства непераможнага народа» таксама пабачыла свет у нашым выдавецтве:

— Я прадстаўляю тры ўнікальныя выданні: «Адзінства непераможнага народа», каталог выстаўкі «Бацькаўшчына» ў Нацыянальным гістарычным музеі і кнігу «Тры сястры», у якой сабраны здымкі Гомельскай, Бранскай і Чарнігаўскай абласцей, некаторыя з якіх друкуюцца ўпершыню. Напрыклад, фота страчанай царквы ў вёсцы Насовічы Добрушскага раёна.

Славутасці Добруша

Дзень беларускага пісьменства — добрая нагода, каб пазнаёміцца з гісторыяй краю. Так для гасцей свята была арганізавана выстава, якая распавядала аб гісторыі друку Гомеля, а таксама пра фотамайстэрства. У экспазіцыі былі прадстаўлены фотаапараты розных часоў. Дакрануцца да народнага мастацтва дапамагла выстава вырабаў майстроў. Мастакі прэзентавалі мноства прыгожых рэчаў традыцыйнай беларускай культуры: ручнікі, лялькі, вышыванкі. А з літаратурнай Гомельшчынай удзельнікі пазнаёміліся падчас прэзентацыі найлепшых праектаў бібліятэк краю.

Час ляціць незаўважна, і пакрысе мы набліжаемся да галоўных падзей Дня беларускага пісьменства. У адным з цэнтральных сквераў горада ўзвышаецца пабудова, прыкрытая тканінай. Зусім хутка адбудзецца ўрачыстае адкрыццё помніка Івану Шамякіну. Пісьменнік нарадзіўся ў вёсцы Карма, што непадалёк ад Добруша. Для жыхароў горада гэта ганаровая падзея. У невялікім скверыку амаль не прадыхнуць: усім цікава ўбачыць, якім жа будзе помнік народнаму пісьменніку. «Я прачытаў усяго Шамякіна», — распавядае мне пажылы дабрушанін.

Скіроўваем увагу на скульптурную кампазіцыю: тканіна злятае, і мы бачым задумлівага чалавека з кнігай у руках. Удзел у адкрыцці помніка прыняла дачка пісьменніка Алеся Шамякіна, яна адзначыла, што работа скульптараў Уладзіміра Піпіна і Канстанціна Касцючэнкі ўдалася.

Тое, што натхняе

Увесь дзень падчас свята ў горадзе было сонечна, надвор'е стаяла амаль летняе. Але вечарам адчувалася, што прыйшла восень. Людзі, хутаючыся ў паліто і курткі, спяшаліся да галоўнай сцэны...

Пачынаецца ўрачыстае адкрыццё XXІX Дня беларускага пісьменства. Намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка агучыў віншаванне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у якім кіраўнік краіны адзначыў, што менавіта пісьменства з'ядноўвае мінулае, цяперашняе і будучыню, зберагаючы як найвялікшы скарб сувязь пакаленняў.

Да наведвальнікаў урачыстага адкрыцця звярнуўся міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў:

— Амаль тры дзесяцігоддзі Дзень беларускага пісьменства з'яўляецца адным з важных свят на тэрыторыі суверэннай Беларусі. Пісьменcтва, літаратура, кніга ў жыцці нашага народа былі і застаюцца сродкам спазнання свету, спосабам выхавання асобы, развіцця духоўных каштоўнасцяў. Паэзія і проза беларускіх класікаў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча і вашага земляка, народнага пісьменніка БССР Івана Шамякіна і зараз з'яўляюцца крыніцай гонару і творчага натхнення. Нашы продкі пакінулі нам гераічную гісторыю, якую мы павінны не толькі памятаць, але і захоўваць. Гэта яскрава дэманструецца на сённяшнім свяце ў Добрушы, якое праводзіцца ў Год гістарычнай памяці. Шчыра жадаю ўсім удзельнікам і гасцям цікавых знаёмстваў, нечаканых адкрыццяў, якія будуць садзейнічаць больш глыбокаму спазнанню гісторыі і культуры нашай роднай Беларусі.

Увечары канцэртная пляцоўка выглядае відовішчна: усё зіхаціць чырвона-аранжавымі агеньчыкамі. У сюжэтнай лініі канцэрта арганізатары свята спалучылі адразу некалькі тэм: Год гістарычнай памяці, традыцыі Добруша і расповед аб класіках і сучасніках айчыннай літаратуры. З музычным суправаджэннем Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь на добрушскай сцэне выступілі заслужаныя артысткі Ірына Дарафеева і Алена Ланская, артысты Тэа і Вольга Рыжыкава. У выкананні ансамбля «Бяседа» і Нацыянальнага акадэмічнага хору імя Цітовіча прагучалі фальклорныя спевы. А вось за сучаснасць адказвала група «Дразды» — гасцям вельмі спадабалася песня пра сланечнікі. Прыемным сюрпрызам стала з'яўленне на сцэне любімых з дзяцінства герояў «Калыханкі» — мядзведзіка Топы і Бусліка. Фінальным акордам канцэрта стала выступленне народнага артыста Беларусі Анатоля Ярмоленкі. Першы святочны дзень скончыўся феерверкам.

Арына КАРПОВІЧ

Фота Андрэя ФЕАКЦІСТАВА

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.