Вы тут

Падарожжа ад Вярбоўкі да Віхры. Мсціслаўскі «Парыж», Раснянская «Вільня»


«...Ёсць гарады, звязаныя з табою нябачнай повяззю, самой музыкай свайго імя, або нечым трывалым, што вяжа з імі назаўсёды, нават супраць твайго жадання.

Ёсць для мяне некалькі такіх гарадоў на Беларусі. І адзін з іх — горад маёй маці, Мсціслаў».

Так пісаў у сваім эсэ пра падарожжа ў адзін з найстаражытнейшых гарадоў Беларусі Уладзімір Караткевіч.

Праз трыццаць гадоў пасля яго ў Мсціслаў у межах праекта «У пошуках страчанага» з'ездзілі мы з гісторыкам і калекцыянерам Уладзімірам Ліхадзедавым. Вынікам стаў матэрыял «Руины тридцать лет спустя» («Беларусь сегодня», 17.08.2012).

Яшчэ праз дзесяць гадоў (і праз сорак пасля падарожжа Караткевіча) мне давялося зноў наведаць Мсціслаў. Напрыканцы лета, напярэдадні навучальнага года і Дня беларускага пісьменства, калі самы час абіраць фонам для падарожжа гісторыю беларускай кнігі...


Казка пра горад з сарака цэрквамі

А пачалося наша падарожжа з Расна. Сёння — невялікай вёскі на колішнім паштовым тракце з Магілёва ў Мсціслаў. Год заснавання паважаны — 1335. Ёсць легенда, што на месцы вёсак Расна і Малое Заполле калісь існаваў вялікі горад Вярба з сарака цэрквамі... Міфалагічнасці дадае і назва найбліжэйшай чыгуначнай станцыі Цёмны Лес, і Грымячая крыніца са святой вадой, шум ад якой чуваць здалёк, і ціхая рэчка Вярбоўка.

Ну, сарака храмаў у сённяшняй вёсцы дакладна няма. Затое руіны касцёла Святога Казіміра дужа адметныя. Бо гэты касцёл — паменшаная копія віленскага кафедральнага сабора. Сёння пра гэта сведчаць хіба велічныя калоны, якія яшчэ падпіраюць аблезлыя порцікі з чатырох бакоў будынка... З-пад пабелкі вызірае чырвань цэглы. І дах у касцёла самы высокі, які можа быць, — бо замест яго — неба.

Касцёл Святога Казіміра пачалі будаваць у Расна ў 1812 годзе, на месцы згарэлага драўлянага, што належаў езуітам. Было тут васямнаццаць акон і тры ганкі па тры прыступкі... Сёння тут улюбёнае месца для фотасесій, на нашых вачах пад'ехалі дзве экскурсіі. Унутры касцёла расце пустазелле.

Наведалі мы і яшчэ адзін храм... Толькі яго ўжо зусім не пазнаць. У 1929-м у Расна арганізавалі дзіцячы дом. Дырэктар, аматар паэзіі, нават дамогся, каб прысвоілі дому імя Аляксандра Пушкіна. На канцэрты і спектаклі, зладжаныя навучэнцамі, сыходзіліся з усяго раёна... Падчас вайны дзяцей не паспелі эвакуіраваць — фашысты высадзілі дэсант. Хтось з выхаванцаў загінуў падчас бамбёжак на дарогах, кагосьці прытулілі добрыя людзі... Частка, дзясяткі два, вярнулася ў Расна. І два гады і тры месяцы ў акупацыі дзеткамі апекаваліся дзве выхавальніцы, а кармілі мясцовыя жыхары.

Вось у 1950-х дзіцячаму дому і перадалі будынак царквы, якая стаяла побач...

Каб убачыць, што тут была царква, трэба абысці вакол. Так, вось тут — паўкруглая частка... Высокі ганак, каля ўвахода — абраз святога Мікалая. Царква святога Мікалая тут была заснавана яшчэ ў канцы XVІ стагоддзя. Гэтая, новая, каменная, збудавана ў 1891-м. Зачынена ў 1937-м, у канцы 1940-х перабудаваная ў някідкі прастакутнік...

Сёння тут — дапаможная школа-інтэрнат для дзетак з асаблівасцямі і сацыяльных сірот. Што ж, намоленае месца павінна іх ахоўваць...

Палацы, скарбы і разруха

Ёсць у Расна і звычайная школа... Да 1990-х яна месцілася ў былым палацы Спытковых. Маёнтак калісь належаў Стахоўскім, але паколькі ўладальнікі ўдзельнічалі ў паўстанні 1864 года, яго канфіскавалі. На шэрай тынкоўцы колішняга палаца ёсць ахоўная шыльда, але заняпад усё мацнее... Вокны забітыя дошкамі, да сцен караскаецца кустоўе. Рэшткі былой раскошы XІX стагоддзя ўнутры — хіба бела-блакітныя калоны, шмат разоў фарбаваныя. Але падлога праваленая, дах праломлены...

Падышлі мы яшчэ паглядзець на колішні бровар Спытковых. Ён у лесе, у самым гушчары — там захаваліся рэшткі некалькіх гаспадарчых будынкаў. Жнівеньская жамяра ўчыніла цэлы аркестр у шатах дрэў, што счапляліся над лясной сцежкай: ходзяць тут немавед чаго двуногія...

На выездзе з Расна, у засені старых дрэў, — высокі залаціста-белы абеліск: «Слава героям-землякам совхоза «Заветы Ленина», погибшим в годы Великой Отечественной войны 1941—1945 г. в борьбе с немецко-фашистскими захватчиками за свободу и независимость нашей Родины». І ніжэй — дзясяткі прозвішчаў.

А яшчэ Расна на рэчцы Вярбоўка — запаведнік скарбаў. У 1910-м сяляне аралі поле і знайшлі скарб залатых і сярэбраных манет з Францыі, Бельгіі, Іспаніі, Польшчы і Расіі. Наторкнуўся плуг непадалёк ад руін касцёла на схаваны чыгунок і ў 2013-м. Праўда, ужо не манеты там былі, а сервіз 1920-х з парцалянавага завода ў Дулева. Для ўладальніка была, значыць, найвялікшая каштоўнасць.

Мальвы і кармеліты

А праз паўгадзіны мы заязджаем у Мсціслаў. Працытую кнігу гісторыка Уладзіміра Краснянскага 1912 г.: «Благодаря высокому положению, город ярко вырисовывается с своими церквами и садами уже за 10 верст, с какой стороны ни приближаешься к нему, и представляет картину, достойную кисти художника».

І першай нашай лакацыяй сапраўды быў храм. «Кармеліцкі касцёл Успення Божай Маці. Гэты храм мог бы зрабіць гонар кожнаму гораду, тым больш што ў ім зберагліся вельмі рэдкія на Беларусі фрэскі на свецкія тэмы. Зроблены яны па свежых слядах здарэння, і зроблены здорава», — пісаў Уладзімір Караткевіч. Фрэскі тыя прысвечаны «Трубяцкой разні» — у 1654-м Мсціслаў быў узяты войскамі князя Трубяцкога. Палова жыхароў горада і ўсе мніхі кармеліцкага кляштара тады загінулі.

У гародчыках вакол касцёла квітнеюць мальвы, падкрэсліваючы бель велічных сцен... А вось унутр не трапілі. Толькі праз шчыліну паглядзелі на бляск пазалоты дзівоснага алтара з разьбой, які рэстаўрыруецца... Ды на будаўнічыя рыштаванні. Шарэюць, як і дзесяць гадоў таму... Як і сорак, падчас візіту Уладзіміра Караткевіча. На маруднасць рэстаўрацыі яшчэ ён наракаў.

Не ўдалося на гэты раз спусціцца ў сутарэнні, з якіх вялі хады ва ўсе храмы горада... Значыць, і ў езуіцкі касцёл Святога Міхаіла Архангела.

Чаму адварочваецца Пётр Мсціславец?

Вакол касцёла таксама будаўнічыя лясы... А побач — помнік Пятру Мсціслаўцу. Устаноўлены ў 1986 годзе, гэта дыпломная работа скульптара Мікалая Маліноўскага. Цікава, што, калі шукаеш ракурс для фатаграфавання, юны бронзавы Мсціславец упарта адварочваецца так, каб у аб'ектыў не траплялі руіны касцёла... Ясна, што тады, у савецкія часы, помнік адмыслова арыентавалі так, каб за ім былі «правільныя» будынкі мясцовай адміністрацыі, а не заняпалае культавае збудаванне.

«І каб малы Мсціслаў нават нікога больш не даў чалавецтву — хапіла б і гэтага, каб людзі засталіся навекі ўдзячныя яму. І, як слабую даніну падзякі, паставілі б Пятру Мсціслаўцу помнік у ягоным родным горадзе. Помнік, які пакуль што ўзвышаецца толькі ў сэрцах жыхароў Мсціслава», — пісаў Караткевіч сорак гадоў таму.

Сёння помнікаў першадрукару ў Мсціславе аж два. Так і хочацца іх назваць «Пётр Першы Мсціславец» і «Пётр Другі Мсціславец». Другі адкрыты 2 верасня 2001 года падчас Дня беларускага пісьменства, сталіцай якога быў Мсціслаў. Пачула амаль анекдот: быццам бы аб'ёмныя надпісы з новага помніка, «Пётр» і «Мсціславец», па чарзе скрадвалі нейкія няўдалыя злодзеі — прынялі фарбаваныя чыгунныя літары за бронзавыя. Проста як Панікоўскі і Шура Балаганаў у «Залатым цяляці».

Караткевіч пісаў пра Пятра Мсціслаўца: «Мы не ведаем года яго нараджэння і смерці, не ведаем, дзе ён вучыўся друкарскай справе, на радзіме ці яшчэ недзе (друкаваная старажытнабеларуская кніга лічыла тады за сабою ўжо амаль палову стагоддзя). Адзіныя вехі ягонага жыцця — гэта кнігі, выдадзеныя ім».

Сёння вядома крыху больш. Нарадзіўся Петр Цімафеевіч Мсціславец у купецкай сям'і Цімафея і Еўдакіі. Разам са стрыечным братам маці — майстрам-будаўніком Васілём трапіў на заробкі ў Маскву. Там разам з Іванам Фёдаравым, які, дарэчы, тамсама родам з Беларусі, старажытнага шляхецкага роду герба «Шрэнява», выдаў «Апостал» — пачатак адліку расійскай друкаванай кнігі... Потым з тым жа Фёдаравым працаваў у Заблудаўскай друкарні, потым — у Віленскай, купцоў Мамонічаў, потым — у Астрожскай... «Ёсць звесткі, што, па прыкладзе Скарыны, нашы майстры хацелі выдаць усё гэта ў перакладзе на простую мову, «каб научение людем ширилося». Чамусьці гэта не атрымалася. А шкада», — піша Караткевіч пра Заблудаўскі перыяд біяграфіі друкара.

Замак і яблыкі

Караткевіч увесь час вучыў, што беларусам трэба перастаць азірацца на чужое і навучыцца цаніць сваё... Будынак з чырвонай цэглы, цырульня пад гучнай назвай «Парыж». Гучна абураюся — зноў правінцыйнае імкненне да «высокага». Пакуль не прачытваю шыльдачку: «Будынак былога дваранскага сходу і гасцініцы «Парыж». Канец XІX — пачатак ХХ стагоддзя» . Назва, аказваецца, гістарычная!

Перамогай гістарычнай справядлівасці выглядае і Замкавая гара. Месца, дзе ўзнік горад, дзе бараніў Мсціслаў князь Сямён Лугвен... Калі мы падымаліся сюды дзесяць гадоў таму, толькі марылі, каб тут аднавіць стары драўляны замак... Бо і тады тут праводзіліся рыцарскія фэсты і від зверху фантастычнай прыгажосці... Дык вось, ёсць замак! Вядома, збольшага ўмоўны, але турыстам ёсць дзе пахадзіць, падзівавацца, падняцца на вежы...

З яблынь у двары Мсціслаўскага замка падаюць пакуль не стаптаную рыцарамі траву спелыя яблыкі.

Яшчэ навіна: на падыходзе да Замкавай гары цяпер — узведзеная ў гонар 905-годдзя Мсціслава капліца благавернага князя Расціслава Мсціслаўскага, які і заснаваў тут у 1135 годзе горад.

А дарогі такія, што ўвесь час успамінаеш паездкі ў горныя мясціны — рэчка Віхра пастаралася... І дамы ўпрыгожаныя адмыслова, такога, здаецца, больш нідзе не бачыла: то там, то там на ганку — чатыры невялікія разныя калоны, фарбаваныя ў сіні, жоўты, зялёны, брунатны... Шкада, не вырабляюць у мястэчку адмысловую мсціслаўскую кафлю, рознакаляровую, з малюнкамі, як умеў мясцовы майстар Сцяпан Палубес, вывезены ў XVІІ стагоддзі ў Маскву, — яго працу там можна шмат дзе пабачыць, на Круціцкім падвор'і, у Крамлі...

Не толькі кафлю, але і кнігі тут стваралі адмысловыя. У 1920-х у Мсціслаўскім педагагічным тэхнікуме ўзнікла літаратурная група «Амсціслаўцы»: Змітрок Астапенка, Аркадзь Куляшоў і Юлі Таўбін. Яркія зоркі беларускага пісьменства. Ацалеў ад рэпрэсій адзін Куляшоў... Таўбіна расстраляюць у 1937-м, Астапенку з сібірскіх лагераў у 1942-м возьмуць у разведку — ён жа сцвярджаў, што валодае надзвычайнымі здольнасцямі і можа сарыентавацца ў любым месцы зямлі. Загіне ў Татрах... Зрэшты, ягоны лёс стане таямніцай, бо Аркадзь Куляшоў сцвярджаў, што бачыў сябра ў Маскве пасля вайны.

За дзень усё ў гэтым горадзе не агледзіш, у адным артыкуле не апішаш... «Абяцаная шапка на вушы не лезе», — папярэджваў у сваім «Слоўніку беларускіх прыказак і загадак» слынны Іван Насовіч, які жыў і працаваў тут, у Мсціславе.

Няхай жа для вас згадка пра старажытны беларускі горад будзе падставай наведаць яго ці хаця б прачытаць натхнёных ім пісьменнікаў.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.