Вы тут

Карлюкевіч: Для ўсіх нашых калег галоўны плён — выдадзеныя кнігі


З нагоды XXIX Дня беларускага пісьменства ў Добрушы мы задалі шэраг надзённых, часам і не зусім святочных, пытанняў старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктару — галоўнаму рэдактару Выдавецкага дома «Звязда» Алесю Карлюкевічу.


— Алесь Мікалаевіч, свята — гэта…

— ...турботныя клопаты падрыхтоўкі. Сам дзень свята, самі ўрачыстасці — гэта фініш, падсумоўванне, ды і ў нейкай ступені вызначэнне задач, спраў на заўтра.

— А што значыць для вас асабіста XXIX Дзень беларускага пісьменства ў Добрушы?

— Новы адрас, новае знаёмства з пункту гледжання адкрыцця мясціны як літаратурна-краязнаўчага, літаратурна-мастацкага цэнтра. Часам, нават калі Дзень пісьменства ладзіўся ў больш-менш вядомай мясціне, якая на слыху, якая гістарычна адзначана, не здагадваешся, пакуль не пабываеш тут, колькі памятак даўніны звязана з краем, колькі славутых ураджэнцаў гэтай старонкі спрычыніліся да прыгожага пісьменства. Складваецца ўражанне, што праз святы такога характару ў краіне выбудоўваюцца новыя літаратурныя маршруты, акрэсліваецца, калі хочаце, літаратурны ландшафт той ці іншай прасторы... У вас, напрыклад, не ўзнікала жадання, пабываўшы на Дні беларускага пісьменства ў Міры ці Нясвіжы альбо Навагрудку, Пінску, вярнуцца туды ды прайсціся ў цішыні, затрымаць у памяці некаторыя выявы, вуліцы і помнікі?..

— Згодна, нешта ў такім падыходзе ёсць. Але хачу ўдакладніць: усё ж з якімі надзеямі вы едзеце на Гомельшчыну, у Гомель?

— З адной галоўнай надзеяй і адным галоўным спадзяваннем — веру, што пасля свята ў Добрушы з’явіцца болей чытачоў у беларускай кнігі!

— Што адмысловага падрыхтаваў Саюз пісьменнікаў да XXIX Дня беларускага пісьменства?

— Для ўсіх нашых калег галоўны плён — выдадзеныя кнігі. І, магчыма, — яшчэ і адзнакі чытачоў, увага літаратурна-мастацкай крытыкі. Дык вось, што, несумненна, радуе — кніг выдадзена за 2021 год і студзень — жнівень 2022 года даволі шмат. Размова — пра сотні і сотні кніг прозы, паэзіі, публіцыстыкі. Мне як чытачу прыйшліся даспадобы творы паэта і празаіка Алеся Бадака, празаічная кніга «Заўтра была адліга-2» паэта Віктара Шніпа, нядаўнія раманы Сяргея Трахімёнка, Анатоля Матвіенкі, Уладзіміра Гаўрыловіча, Ганны Чыж-Літаш. Па перыёдыцы сачу і з задавальненнем чытаю прозу і паэзію Анатоля Рэзановіча, Анатоля Аўруціна, Тамары Красновай-Гусачэнкі, бацькі і сына — Расціслава і Анатоля Бензерукоў, Таццяны Дземідовіч, Алены Брава, Анатоля Казлова, Сяргея Белаяра, Аляксандра Валковіча, Хведара Гурыновіча, Казіміра Камейшы, Міколы Маляўкі... Літаральна тузін цудоўна аформленых дзіцячых кніг — перад вачыма: размова пра творы Жанны Міус, Кацярыны Хадасевіч-Лісавой, Таццяны Дашкевіч, Алеся Жука, Анатоля Зэкава, Генадзя Аўласенкі, Іны Фраловай, Алены Стэльмах, Уладзіміра Ягоўдзіка, Міколы Чарняўскага, Валерыя Кастручына. Безліч пісьменнікаў, чыя творчасць выклікае чытацкую цікавасць. І здараецца часам так, што кнігі і часопісы адкладваю, калі не паспяваю адразу штосьці прачытаць, на пэўны час…

— І якія лічыце ў такім разе галоўнымі кнігамі года, на што сарыентавалі б чытача, які, магчыма, не заўсёды ўважліва сочыць за навінкамі?

— Не хачу даваць канкрэтных рэкамендацый і пераконваць, што, маўляў, трэба чытаць менавіта тое ці іншае... Чытачу можна расказваць, можна падказваць, а рашэнне ён прыме сам. І ўсё ж адзначу: калі цікавіцеся сучаснай прозай, адкрыйце старонкі рамана Мікалая Чаргінца «А ён не вярнуўся з бою». Шукаеце паэтычныя развагі пра жыццё — не абмініце зборнік вершаў Алеся Бадака «Уладар ветру». Таленавіты паэт, ён зазірае ў самае сутнаснае, пры гэтым не адрываецца ад зямлі, не адрываецца ад беларускай паэтычнай традыцыі. У мяне асабіста кнігі Алеся Бадака, яго «Уладар ветру», ляжаць побач з паэтычнымі кнігамі Пімена Панчанкі, Аркадзя Куляшова, Рыгора Барадуліна, Максіма Танка, да якіх даволі часта звяртаюся. А яшчэ мяне ўразіла кніга прозы Алеся Бадака «Ідэальны чытач».

— Вы столькі ўвагі надаяце аднаму пісьменніку…

— А чаму б не?! Алесь Бадак — з тых празаікаў і паэтаў, чыя творчасць вартая, кажучы сучаснай мовай, шырокай рэкламы, добрага прадстаўлення чытачу. Яго творы перакладаюцца і выдаюцца ў Расіі, у постасавецкіх краінах, у краінах Еўропы. «Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца» — класіка!.. Кніга, якую раю прачытаць усім падлеткам, а таксама бацькам, якія ўнікліва ставяцца да іх выхавання. Чытаючы апавяданні Алеся Бадака з кнігі «Ідэальны чытач», я бачу сучаснасць, бачу чалавека ў прасторы і часе, разумею, што напісаны яны з перажываннямі, напоўнены трывогай аб тым, каб чалавек застаўся Чалавекам. Сённяшняя крытыка — гэта не камень у агарод найважнейшага віду мастацтва! — паступова сышла амаль выключна ў літаратуразнаўства. Газетная крытыка, згадкі і абмеркаванні надрукаванага ў сацыяльных сетках — гэта не крытыка! Хаця і добра, што такое ёсць, бо хаця б такім чынам прапагандуецца, разглядаецца кніга. Дык вось хацелася б жыць не толькі марнымі спадзяваннямі на нараджэнне ўважлівай літаратурна-мастацкай крытыкі, а быць перакананым, што нехта ўжо на наступны год прынясе ў тое ці іншае выдавецтва (прынясіце ў Саюз пісьменнікаў — падтрымаем!) нарыс творчасці Алеся Бадака альбо нарыс творчасці Анатоля Казлова. Выдадзім асобнай кнігай, пастараемся данесці яе да зацікаўленага чытача!

— Алесь Мікалаевіч, і, тым не менш, грамадства бачыць мастацкую літаратуру... Мо не так усё і дрэнна?!.

— Чалавек тады можа развівацца, уплываць на станоўчае развіццё грамадства, калі ён болей аптыміст, чым песіміст. Канешне ж, і літаратура ёсць, мы і імёны называлі, і творы згадвалі... Але і праблемы давайце не будзем абмінаць.

— Акрамя праблемы з літаратурна-мастацкай крытыкай, што яшчэ найболей хвалюе, на што хацелася б звярнуць асаблівую ўвагу?

— Сёлета Нацыянальнай літаратурнай прэміяй Беларусі адзначаны дзве публіцыстычныя кнігі — Андрэя Мукавозчыка, якога сёння ўся краіна ведае, і Валерыі Сцяцко ў намінацыі «Дэбют» (кніга «Аляксей Талай. Нязломны»). І пры гэтым, калі зазіраць у статыстыку кнігавыдання за мінулы год, амаль з дзвюх тысяч кніг мастацкай літаратуры публіцыстычных выданняў усяго каля трыццаці... Час патрабуе ўдзелу пісьменніка ў яго ацэнках, у яго разглядзе. І ў публіцыстычным — найперш. Размова — не толькі пра некалі ўнікальную «зброю», як нарыс ці памфлет. Размова — пра тое, што пісьменнік і праз медыя, і праз іншыя фарматы (кнігу, свой мастацкі ці публіцыстычны дзённік) павінен гаварыць пра сучаснасць. Народны пісьменнік Беларусі Іван Шамякін адкладваў у бок старонкі з недапісанымі аповесцямі і раманамі і пісаў свой дзённік сучаснага яму жыцця, сучасных і актуальных перажыванняў. І такія старонкі чытаюцца і зараз. А што і каго прачытаюць пра дзень сённяшні заўтра? І самае важнае пытанне — сёння і ад пісьменніка чытач чакае выказвання пра сучаснасць, ацэнкі сучаснасці. І яшчэ адзін важны клопат. Вельмі мала літаратуры для падлеткаў. Пераходны ўзрост — узрост выхавання маладога чалавека, які заўтра будзе і грамадскую думку фарміраваць, і краінай кіраваць... А мы ўсё яшчэ працягваем гаварыць з імі, падлеткамі, на мове, няхай сабе і добрых кніг, але ці сучасных — «Міколкі-паравоза», «Палескіх рабінзонаў» ці нават «Прынцэсы тусоўкі»... Патрэбна цэлая бібліятэка «Адзінокіх васьмікласнікаў...». У Выдавецкім доме «Звязда», напрыклад, чакаюць такіх рукапісаў. Ёсць і серыя адмысловая — «Пераходны ўзрост». Чакаем аўтараў з новымі рукапісамі для разгляду і выдання новых кніг менавіта ў гэтай серыі! Мы нават у Саюзе пісьменнікаў, параіўшыся з секцыяй дзіцячай літаратуры, якую ўзначальвае першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Алена Стэльмах, прыдумалі такі адмысловы конкурс, хутка яго абвесцім, — сярод школьнікаў…

— Ужо і дзяцей «рэкруціруеце» ў пісьменнікі?..

— Гэта будзе конкурс на найлепшую ідэю ці нават тэму для мастацкага твора. Мы вырашылі не гаварыць пра аналогіі з «Палескімі рабінзонамі» Янкі Маўра, «Жоўтай акацыяй» Уладзіміра Дубоўкі, не праводзіць паралелі з мастацкімі адкрыццямі ў аповесцях Анатоля Алексіна, Анатоля Рыбакова, Альберта Ліханава ці нашых Міколы Гамолкі і Івана Сяркова, а папытацца ў падлеткаў: «Пра што б вы хацелі прачытаць новую кнігу?»

— Застанецца толькі напісаць твор, калі ідэі будуць прымальныя?

— Так, застанецца самае «простае» — напісаць добрую аповесць на сучасную тэму для сучаснага чытача.

— А калі гаварыць усё ж пра галоўную літаратурную, творчую падзею года, то што б вы адзначылі?

— Указам Прэзідэнта краіны Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі ганаровы старшыня Саюза, шматгадовы яго кіраўнік Мікалай Іванавіч Чаргінец адзначаны званнем «Народны пісьменнік Беларусі». Гэта гістарычная літаратурная падзея!

— Сапраўды, паболей бы такіх падзей…

— А я дадаў бы яшчэ: паболей мастацкіх твораў, паболей кніг, вартых высокіх узнагарод!

Гутарыла Святлана ТУРЫНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Амаль усе цеплавыя сеткі падрыхтаваны да ацяпляльнага сезона

Амаль усе цеплавыя сеткі падрыхтаваны да ацяпляльнага сезона

Рамонт катлоў, замена сетак і запас паліва  

Сельская гаспадарка

Манга і маракуя на ўласных сотках

Манга і маракуя на ўласных сотках

Навошта навукоўцы вывучаюць трапічныя культуры?

Грамадства

Навошта праводзіць «Тыдзень мабільнасці»?

Навошта праводзіць «Тыдзень мабільнасці»?

Трэба нагадаць пра негатыўны ўплыў аўтамабіляў на навакольнае асяроддзе.