Вы тут

Новая фішка ІD-карткі — атрыбутны сертыфікат у любы час


Беларусы, якія атрымалі новыя пашпарты, дзе рэалізавана магчымасць электроннага лічбавага подпісу, з дапамогай якога можна не толькі ідэнтыфікаваць сябе анлайн, але і здзейсніць розныя працэдуры, ужо ацанілі яе функцыянал. А з нядаўняга часу ўладальнікі ІD-картак могуць пацвярджаць свае паўнамоцтвы як уладальніка дакумента (з дапамогай атрыбутнага сертыфіката) аўтаматычна, а не штораз для кожнага дзеяння. Як гэта зрабіць і для чаго патрэбна, расказаў начальнік Рэспубліканскага цэнтра сведчання Уладзімір Басько.


ІD-картка з'яўляецца не толькі афіцыйным дакументам, які сведчыць асобу, але і сродкам для здзяйснення юрыдычна значных дзеянняў у лічбавым свеце. І адзін са спосабаў пацвердзіць паўнамоцтвы ўладальніка дакумента — атрыбутны сертыфікат, расказаў спецыяліст:

— Атрыбутны сертыфікат — гэта электронны дакумент, які выдаецца ў Беларусі давераным пастаўшчыком паслуг (Рэспубліканскім цэнтрам сведчання) і ўтрымлівае інфармацыю аб паўнамоцтвах асобы, якая валодае асабістым ключом электроннага лічбавага подпісу (ЭЛП), на падпісанне пэўных відаў электронных дакументаў, а таксама іншых паўнамоцтваў, якія дадзены яму ад імя арганізацыі, у тым ліку індывідуальнага прадпрымальніка.

Раней уладальніку інфармацыйнай сістэмы, дзе адбываліся юрыдычна значныя дзеянні, для работы з атрыбутным сертыфікатам неабходна было атрымаць яго непасрэдна ад уладальніка ІD-карткі. А ўладальнік, каб атрымаць атрыбутны сертыфікат, павінен быў папярэдне скачаць яго з аблокавага сховішча ў сеціве, выкарыстоўваючы ўнікальны логін і пароль (а іх яшчэ трэба ўспомніць ці адшукаць сярод паведамленняў у электроннай пошце), а пасля ўстанавіць атрыбутны сертыфікат на лакальным працоўным месцы ці серверы. Вядома, гэта было нязручна і займала пэўны час, падкрэсліў Уладзімір Басько:

Фота аўтара.

— Новыя паслугі Нацыянальнага цэнтра электронных паслуг (НЦЭП): 6.5.12 «Аказанне доступу да базы даных атрыбутных сертыфікатаў» і 6.5.13 «Аказанне доступу да базы даных атрыбутных сертыфікатаў для падпісчыкаў, якія маюць ліцэнзію на комплекс праграмных сродкаў прыкладной сістэмы (КПСПС)», дазваляюць спрасціць гэты працэс, паколькі патрэбны актуальны атрыбутны сертыфікат з базы даных цяпер аўтаматычна адпраўляецца ў інфармацыйную сістэму ў любы час. Абедзве паслугі можна атрымаць, калі звярнуцца з заявай у НЦЭП.

Першая паслуга (6.5.12) даступная ўсім карыстальнікам. Другая (6.5.13) — спажыўцам, якія раней атрымалі паслугу 122.3 «Выданне тэхналагічнага сертыфіката для КПСПС на адзін год з атрыманнем ліцэнзіі». Пры гэтым доступ да базы даных атрыбутных сертыфікатаў даецца спажыўцу на тэрмін дзеяння атрыманай ліцэнзіі, удакладніў эксперт:

— Новыя паслугі аказваюцца ў аўтаматычным рэжыме па тэхналогіі «сістэма-сістэма», а атрыбутныя сертыфікаты даюцца па запыце, які ўтрымлівае серыйны нумар сертыфіката адкрытага ключа ЭЛП. Каб атрымаць паслугу, спажывец павінен спачатку рэалізаваць у сваёй інфармацыйнай сістэме AP-адрас для ўзаемадзеяння з базай даных атрыбутных сертыфікатаў, арганізаваць доступ да сеткі перадачы даных, заключыць дагавор на аказанне паслуг, арганізаваць абароненае злучэнне і атрымаць рэквізіты для настройкі сваёй інфармацыйнай сістэмы.

Здаецца, патрэбна шмат дзеянняў, затое пасля наладжвання схемы можна атрымліваць электронныя паслугі і не пацвярджаць штораз для кожнай працэдуры ў сеціве атрыбутны сертыфікат.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.  

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».