Вы тут

Летнік традыцыйнай культуры прайшоў у Пагосце


Бывае, наступае час усвядоміць сябе сённяшняга, нават пазнаёміцца з сабой. Для гэтага трэба спыніцца і прыслухацца: а чаго я сапраўды хачу, што для мяне важна і нават чаго я баюся? Сустрэча з сумленнем зазвычай незапланаваная, нават выпакутаваная, і часам да яе трэба ісці паўжыцця. А можна і хутчэй. Дастаткова змяніць атмасферу, акінуць позіркам новае месца і зразумець: тут тое, што патрэбна. Пагост Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці — на першы погляд шараговая вёска, але менавіта тут здарыўся незабыўны шлях да сябе... 


На Тураўскім кірмашы.

Летнік традыцыйнай культуры «Карагоднае кола», арганізаваны Беларускім дзяржаўным універсітэтам культуры і мастацтваў і Жыткавіцкім раённым аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, на пачатку жніўня сабраў шукальнікаў адказаў на галоўныя пытанні. Цэлы тыдзень каля 40 чалавек жылі ў вёсцы Пагост і ў Тураве і паглыбляліся ў традыцыйныя практыкі. Чаму менавіта тут? Здольнасцю быць самімі сабой, багатай напоўненасцю, харызматычнасцю прыцягваюць выдатныя калектывы дадзенага рэгіёна: у Пагосце гэта гурт «Міжрэчча», у Рычове — фальклорны калектыў «Дубравіца», у Хільчыцах — фальклорны калектыў «Хільчанка». А ў вёсцы Запясочча каля Турава ёсць выдатны сямейны музычны калектыў «Абібокі». З імі сустаракаліся, разам спявалі, даследавалі мясцовыя танцы, спевы, кухню. Мясцовыя майстры праводзілі майстар-класы па выцінанцы, саломапляценні. Ездзілі да мясцовых пчаляроў. Гатавалі крышаны, лазянікі, юшку на вогнішчы. 

— Звярнуўшы ўвагу на этнаграфічныя запісы, мы ўбычылі, што па ўсім рэгіёне ёсць свой адметны варыянт такіх танцаў, як падыспань, лысы, сербіянка, «страданія», матлёт. Яны парныя. А таксама ў гэтай мясцовасці ёсць вялікая колькасць карагодных танцаў, у тым ліку лявоніха, «бабуся», дрэма, проса і іншыя, — дзеліцца ўдзельніца летніка Алена Каліноўская, вядучы спецыяліст Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў БДУКМ. — І мы разам з носьбітамі трэніраваліся. І ўрэшце ўсім сваім летнікам прыехалі на Тураўскі кірмаш, апрануліся ў строі — тыя, якія прывезлі з сабой, а таксама тыя, што нам прапанавалі ў мясцовым клубе — там свая адметная калекцыя, яе зрабілі дзякуючы намаганням работнікаў клуба і праграме падтрымкі ЮНЕСКА. 

Саламянага павука зрабілі ўдзельнікі летніка з майстрам Шостак Л.Л.

Той Тураўскі кірмаш запомніўся вялікай фальклорнай этнаграфічнай праграмай, дзе ўсе разам танцавалі і спявалі з калектывамі. Радасна на гэта адгукнуліся жыхары Турава, засталіся, нягледзячы на тое, што гандаль ужо завяршаўся, а некаторыя прыехалі пасля ў вёску Пагост, дзе ўдзельнікі летніка рабілі завяршальную вечарынку з мясцовымі жыхарамі. «Мы ўбачылі, што ёсць людзі, якім гэта вельмі падабаецца, — заўважае Алена Каліноўская. — Больш за тое, гэта аказалася цікава вялікай колькасці людзей: не толькі нейкая аднадзённая акцыя (свята, абрад, турыстычная вандроўка), а менавіта паглыбленне ў практыкі на тыдзень, нягледзячы на нязручныя вясковыя бытавыя ўмовы. 

У Пагосце такі летнік прайшоў упершыню. У 2019 годзе вясновы абрад «Юраўскі карагод» быў уключаны ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, якой патрабуецца тэрміновая ахова, і атрымаў грант на працяг даследаванняў мясцовых традыцый і падтрымку супольнасці жыхароў, якія яго захоўваюць. «Міжнародная арганізацыя выдатна разумее, што справа не толькі ў абрадзе, які адзін дзень у год хтосьці праводзіць. А ў тым, каб гэтая супольнасць носьбітаў магла ў сваёй вёсцы жыць, ладзіць культурныя практыкі, быць запатрабаванай, мець прыстойныя ўмовы ў выглядзе абсталяванага клуба, магла весці актыўныя стасункі з зацікаўленымі асобамі», — пераканана Алена Каліноўская. Была закуплена тэхніка, відэапраектар, мабільныя сталы для дыскусій і майстар-класаў, каб камунікаваць на сучасным узроўні і пры гэтым паглыбляцца ў традыцыі. 

Праграма падтрымкі ЮНЕСКА прадугледжвае тры этапы. І акрамя матэрыяльных укладанняў, накшталт тэхнікі і строяў, летась праведзена грунтоўная этнаграфічная экспедыцыя па ўсім Жыткавіцкім раёне. На наступны год запланаваны міжнародны фестываль: свята Юр’я, акрамя як у Пагосце, адзначаюць у многіх краінах: юраўскія традыцыі агульнаславянскія. І была ідэя запрасіць удзельнікаў з іншых краін, каб усе падзяліліся традыцыямі святкавання. 

Вячэра на вогнішчы.

Што дае акунанне ў традыцыі сучаснікам? Магчымасць адкрыць сябе: я магу спяваць! я магу танцаваць! я магу сам зрабіць павука (падчас майстар-класа)! я магу выразаць выцінанку, хоць нават не ведаў, што гэта такое. І ты заўважаеш сваю каштоўнасць, становішся мацнейшым, адкрываешся, і адыходзяць няўпэўненасці, страх і нявера ў сябе. А гэта крок да канструктыўнай размовы са сваім сумленнем. «Творчыя практыкі, якія ў фальклорнай традыцыі былі паўсядзённымі, актуальныя сёння, — лічыць Алена Каліноўская. — Гараджаніну здаецца, што іх праводзяць дзесьці ў дамах рамёстваў або ў фальклорных калектывах, а аказваецца, гэта форма творчага самавыяўлення для кожнага тут і цяпер. Арт-тэрапія, як скажуць па-сучаснаму. Насамрэч усе нашы практыкі традыцыйнай культуры, фальклорныя і ёсць арттэрапія. І яны створаны для чалавека, каб ён праз іх узаемадзейнічаў, спазнаваў лепш сябе, наладжваў стасункі з іншымі. І людзі адкрываюць для сябе: гэта магчыма, гэта нікуды не знікла». 

Першая палова летнікаўскага дня была прысвечана лекцыйным гадзінкам і дыскусіям. Прыязджалі эксперты з універсітэта культуры, з іншых арганізацый, запрашалі спецыялістаў з роз¬ных устаноў Жыткавіцкага раёна, з дамоў рамёстваў. Танцавальныя практыкі выказалі жаданне наведаць удзельнікі творчых калектываў з іншых устаноў культуры Жыткавіцкага раёна. Актыўна ўключылася студэнцкая моладзь з БДУКМ і БДУ, а яшчэ ўдзельнікі Студэнцкага этнаграфічнага таварыства, вучні школы традыцыйнага мастацтва (прыватная ініцыятыва, дзе вучаць народным спевам і танцам у г. Мінску). 

Вандроўка па старажытным Тураве з Алегам Трусавым.

Падобны летнік дзейнічае ўжо больш чым дзесяць гадоў у Любанскім раёне. Тыя, хто быў там, зацікавіліся і сёлетнім у Пагосце. Яны ўжо дасведчаныя, таму дзейнічалі абсалютна самастойна. Паралельна праводзілі свае праграмы даследаванняў і практык, пакуль усе астатнія чакалі, што ім раскажуць і пакажуць, знайшлі мясцовых бабуль, зацікавіліся іх гардэробам, мясцовымі вырабамі, — адным словам, пачувалі сябе ў сваёй талерцы. Таму летнік — не новая практыка для нашай краіны, ёсць кола людзей, якія ўжо адчулі смак задавальнення ад традыцый. 

— Уразіла запатрабаванасць летніка сярод энтузіястаў, якія цікавяцца традыцыйнымі творчымі практыкамі, — гаворыць удзельніца летніка Алена Гумінская, вядучы спецыяліст Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў БДУКМ. — Мы размясцілі ў інтэрнэт-прасторы форму рэгістрацыі для тых, хто хацеў бы далучыцца да нас па ўласнай ініцыятыве, і праз тыдзень вымушаны былі яе закрыць, бо ахвотных удзельнічаць аказалася вельмі шмат! Яшчэ летнік аказаўся цікавай пляцоўкай для розных відаў камунікацый. Акрамя знешніх стасункаў, адбылася актыўная ўнутраная камунікацыя. Студэнты, будучыя спецыялісты ўстаноў культуры, якія хутка будуць працаваць, пабачылі, што ёсць людзі, якія захацелі прыехаць па сваім жаданні, яны шмат што ўжо ведаюць і ўмеюць і актыўна транслююць веды і ўменні. Гэта тое кола людзей, з якім можна будзе паспяхова супрацоўнічаць у будучыні. 

Гэта можа нагадваць своеасаблівы турызм унутры Беларусі. А пачалося ўсё даўно. Найбольшую колькасць людзей збіраў летнік «Пятровіца», які адбываецца ў Любанскім раёне ўжо больш чым 10 гадоў, адзначае Алена Каліноўская. Пачынаўся як танцавальны летнік. Сяргей Выскварка, які і ў Пагосце вёў танцавальныя заняткі, мае вялікі вопыт вывучэння традыцыйных танцаў. Заўважна, як людзі натхняюць адзін аднаго. Вядомы фестываль традыцыйнага мастацтва «Берагіня» ў Акцябрскім Гомельскай вобласці, закладзены Міколам Козенкам, праводзіў ідэю, што фальклор — з’ява сінкрэтычная. І той, хто па-сапраўднаму займаецца фальклорам, павінен умець і спяваць, і танцаваць, і рукамі нешта рабіць... 

Лекцыйныя гадзінкі і дыскусіі.

Падчас летніка ўдзельнікі хадзілі ў этнаграфічныя экспедыцыі. Летнік, без перабольшання, — найлепшая форма для пераемнасці і спроба звычайнага чалавека паглыбіцца ў традыцыйную культуру. Варта адзначыць, для Пагоста летнік стаў навіной: весела, шумна, цікава правесці разам цэлы тыдзень — такога яшчэ не было ні разу, заўважалі мясцовыя жыхары. 

Пагост, што адметна, калісьці быў вялікай вёскай, і ў памяці жыхароў яшчэ жыве яе магутнасць. Цяпер там усяго некалькі соцень чалавек, і тое ў дачны сезон. Рака Сцвіга ўпадае тут у Прыпяць. Былі раней і лесасплаўныя прадпрыемствы, лесапілка, хадзілі баржы, а яшчэ — свая варта. Уваход у вёску быў зачынены варотамі. І нельга было ў цёмны час нікому сюды трапіць. Дзеля гэтага ўсе па чарзе хадзілі ў варту. Жыхары ганарацца, якой слыннай была вёска. Ды і сёння не здае пазіцый. 

Былая дырэктарка клуба і стваральніца гурта «Міжрэчча» Кацярына Панчэня — чалавек каласальных энцыклапедычных ведаў у плане мясцовых традыцый, да таго ж вельмі таленавітая спявачка, рукадзельніца. У многім дзякуючы ёй Пагост стаў пунктам прыцягнення для фальклорных даследаванняў. Кацярына Аляксееўна вельмі ўкладалася ў культурную дзейнасць. Яна і па сёння выходзіць на Юр’я, на Каляды, актыўна супрацоўнічае з клубам. Роля асобы ў захаванні традыцыйнай культуры вельмі моцная. 

У доме Кацярыны Аляксееўны Панчэні.

— Частка ўдзельнікаў летніка жыла па хатах мясцовых жыхароў, і многія гаспадыні нават зазывалі потым: «Да мяне, да мяне!», — расказвае Алена Гумінская. — Юлія Нікіфараўна Панчэня для нас выпякала хлеб. Бабулі гэтыя як светачы. Ды яны не задумваюцца, што гэта каштоўнасць — яны ж у натуральнай сваёй атмасферы. Кацярына Панчэня лічыць неабходным правесці кожнага госця — «каб вы хутчэй вярнуліся» і кажа: «Дзякуй вам за тое, што не абмінаеце мой дом». 

Прыязджаеш з сучаснасці, дзе ламінат, сюды, дзе ложкі з вышытымі прасцінамі, як на новую планету. І ясна адчуваеш гістарычную ніць пакаленняў: адкуль прыйшлі і куды ідзём. У людзей ёсць патрэба дзяліцца ўнутраным святлом. І хочацца ім сагрэцца. 

Летнік базіраваўся ў Пагосце вакол мясцовага клуба, а ён тут адметны, ды патрабуе ўвагі. 

— Клуб у Пагосце нетыповы: велізарная прастора, ёсць сцэна, зона інтэрактыўнасці, — заўважае Ала Сташкевіч, каардынатар праекта ЮНЕСКА, спецыяліст кафедры гісторыка-культурнай спадчыны БДУКМ. — Хоць вёска зменшылася, палова дачнікаў, маленькая супольнасць, а клуб прапануе платныя паслугі. Падчас летніка сюды ўвесь час прыходзілі людзі. Гэта цэнтр прыцягнення. 

Спалучаючы культурны патэнцыял Пагоста і інфраструктурныя магчымасці Турава, які за 5 км, — лёгка планаваць і арганізацыю летнікаў, іншых актыўнасцей, фестываляў, пераканана Ала Сташкевіч. Да таго ж тут няма праблем з транспартнай камунікацыяй. 

У Нацыянальным парку Прыпяцкі.

Адданая вера ў сваю самабытнасць часам сутыкае сваіх носьбітаў і прымушае нават спрачацца, адстойваючы права на правільнасць толькі свайго меркавання. Цікавым вопытам падзялілася Алена Каліноўская: «У адной вёсцы мне сказалі: „У нас абрад робіцца правільна, а ў іх — не“. Гэта для традыцыйнай культуры характэрна. Але мы не можам такое падтрымліваць, бо, адасабляючыся, ніхто не выжыве ў гэтых ма¬ленькіх вёсачках, палова з іх проста знікне. Трэба шукаць шляхі пераадолення». Перад новым заўсёды ёсць супраціўленне, ды новыя формы ўзаемадзеяння перамогуць: калі нават абрад знікне ў адной вёсцы, культура пераймання спрацуе — перахопіць іншая. 

«Сутнасць нематэрыяльнай культурнай спадчыны ў тым, што мы паважаем каштоўнасці, якія практыкуе пэўная суполка, і ў нас няма падстаў даваць ім ацэнку, адзнаку і казаць «не, гэта няправільна», — пераканана Алена Каліноўская. 

Наша каштоўнасць — у нашай адрознасці. Няма сэнсу быць не сабой і баяцца з-за гэтага, кожны чалавек каштоўны. Насельнікі Палесся нясуць гэта на генетычным узроўні. Ці не таму іх аўтэнтычнасць такая вабная? І насустрач раскрываецца сэрца. 

Наталля СВЯТЛОВА

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Рэктар БДУКМ — пра падрыхтоўку прафесійных кадраў для ўстаноў культуры.

Грамадства

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Прагуляліся па квітнеючым Цэнтральным батанічным садзе: расказваем аб уражаннях

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.