Вы тут

Удзельнік «Х Фактар» Мікіта Бялько: Любіце сваю справу і верце ў сябе


Ён — кумір соцень тысяч падлеткаў і моладзі, амбіцыйны хлопец і ўзыходзячая зорачка беларускай эстрады. Нягледзячы на юны ўзрост, у свае сямнаццаць юнак ужо паспеў прыняць удзел у папулярных тэлевізійных праектах і прэстыжных міжнародных конкурсах. Сёння Мікіта распавёў нам пра тое, як музыка становіцца часткай жыцця, ці лёгка працаваць у камандзе з зоркамі і якую галоўную параду ён хацеў бы даць нашым чытачам.


— Як музыка з'явілася ў тваім жыцці?

— Яна ўвайшла ў яго фактычна з самага нараджэння. Мая маці — музыкант, заканчвала кансерваторыю, калі я быў маленькі, працавала ў філармоніі. Таму яшчэ ва ўзросце двух-трох гадоў вельмі часта бываў на розных рэпетыцыях і ўліваўся ў артыстычнае жыццё. І ў гэты ж час ў мяне пачалі праяўляцца здольнасці да музыкі.

Таму ў пяць гадоў пайшоў на вакал, а таксама пачаў вучыцца іграць на фартэпіяна.

Першапачаткова мама не моцна хацела, каб я быў музыкантам, таму што ведала, наколькі гэта складана. Але калі ў мяне з'явілася вялікае жаданне займацца гэтым — выбар стаў відавочны.

— Ці памятаеш сваё першае выступленне?

— Яно адбылося, калі мне было пяць гадоў. А ўжо ў шэсць быў першы тэлепраект у маім жыцці «Я спяваю».

Выйшаў на сцэну Палаца Рэспублікі ў суправаджэнні Прэзідэнцкага аркестра, там мы выконвалі песні на розных мовах свету.

Гэта быў каласальны досвед. І менавіта тады я ўпершыню адчуў, наколькі цудоўныя эмоцыі атрымліваеш, выступаючы перад такой колькасцю гледачоў. А мая сям'я на працягу ўсяго выступлення, як і на працягу ўсяго майго творчага шляху, мяне вельмі моцна падтрымлівала. Іх вера ў мяне вельмі дапамагае ў складаныя моманты.

— А калі зразумеў, што музыка — тваё прызванне?

— Дастаткова рана. У больш-менш усвядомленым узросце ўжо цвёрда разумеў, што гэта справа майго жыцця. І не было моманту, калі я думаў: нешта сумна мне зрабілася, а ці не заняцца чым-небудзь іншым?

Нядаўна ўсвядоміў, што самае галоўнае тое, што прымушае займацца і тварыць, — гэта сапраўдная любоў да музыкі, таму што яна — нейкая ўсёабдымная энергія, эмоцыя, стыхія, здольная змяняць жыццё людзей.

— Як вырашыў паўдзельнічаць у шоу «Голас дзеці 5»?

— Туды я трапіў спантанна. Мая бабуля ўбачыла ў інтэрнэце, што да заканчэння падачы заявак на «Голас дзеці 5» застаўся адзін дзень. Мы вырашылі паспрабаваць, асабліва нічога не чакаючы. Але неўзабаве нас запрасілі ў Маскву, і гэта быў цікавы перыяд майго жыцця. Практычна першы раз я пабываў у такім вялікім горадзе. На сляпых праслухоўваннях да мяне павярнуліся Баста і Валерый Меладзэ. Я абраў другога, бо Басту і яго творчасць у тым узросце яшчэ амаль не ведаў. На праекце мы таксама працавалі і з Канстанцінам Меладзэ. Было цікава ўпершыню пасупрацоўнічаць са знакамітымі людзьмі і зразумець, што яны такія ж, як і мы. Першы досвед на такім маштабным праекце прайшоў удала. У тройках мы зрабілі вельмі яркі нумар з песняй «Cryіn» гурта Аerosmіth.

— Калі даведаўся, што ў Беларусі адкрываецца сваё музычнае тэлевізійнае шоу, ці адразу вырашыў паўдзельнічаць?

— Калі толькі анансавалі «Х-фактар», для нашай краіны гэта была сапраўды грандыёзная падзея. Але ў той момант я не падыходзіў па ўзросце, і тады ў мяне яшчэ актыўна праходзіла ломка голасу. На жаль, пачалася пандэмія, і праект прыйшлося перанесці. Даведаўся аб тым, што тэлевізійнае шоу зноў аднаўляецца, зусім выпадкова. На адным канцэрце размаўлялі з Андрэем Коласавым, ён мне і паведаміў гэтую навіну, параіў не ўпускаць магчымасць. Я рашыўся! І зусім не дарэмна.

— Раскажы пра свае ўражанні ад удзелу ў шоу...

— У «Х-фактара» вельмі цікавы фармат. На праекце правяраюцца не толькі твае вакальныя і артыстычныя даныя, але і характар, стойкасць, уменне трымаць сябе падчас стрэсавых сітуацый. Наогул, я лічу, што гэтае шоу вельмі моцна загартавала мяне. Я рады, што ўдалося прабіцца праз чатыры тысячы прэтэндэнтаў, трапіць у трэніровачны лагер, а затым у каманду Вольгі Бузавай. Разам мы прайшлі доўгі шлях на праекце і дабіліся добрых вынікаў.

— Ці складана было працаваць з такой «зорнай» настаўніцай?

— Мне было прыемна пазнаёміцца з Вольгай Ігараўнай Бузавай. Яна адразу пачала праяўляць клопат аб сваіх удзельніках, змагалася за нас, сваю каманду, да канца ў любых сітуацыях. Яшчэ мяне ўражвала яе шчырасць. Якая яна была на камеры ў эфіры, такой жа была за кулісамі пры асабістых стасунках, а гэта каштоўная і рэдкая якасць у людзях. А яшчэ падкупляла яе непадробная цікавасць да гэтага шоу.

— З якімі цяжкасцямі прыйшлося сутыкнуцца?

— Самым складаным і ў той жа момант самым цікавым былі прамыя эфіры. Нервы абвостраныя да мяжы, велізарны ціск як з боку настаўнікаў, так і з боку гледачоў, якія дасылалі сотні паведамленняў падчас шоу кожны дзень. За час праекта былі частыя перапады настрою, бо за тыдзень трэба было вывучыць новую песню, паставіць нумар, а ў апошніх эфірах — два нумары за тыдзень. І ў пэўны момант падавалася, што часу не хопіць, што нічога не атрымаецца. Але я не зламаўся і даказаў сабе і ўсім, на што здольны.

— А што было самым запамінальным?

— Незабыўнымі былі выхады на сцэну ў прамым эфіры, асабліва першы эфір пасля дастаткова доўгага перапынку на вялікай сцэне. Пасля выступлення не мог стрымаць эмоцый — настолькі гэта была неверагодная энергія і шчасце ад працэсу.

— Як змянілася тваё жыццё пасля «Х-фактару»?

— Пасля праекта я актыўна займаюся творчасцю і, спадзяюся, лета атрымалася вельмі прадукцыйным. Выпусцілі адну песню «Крыжыкі-нулікі», яна ўжо некалькі месяцаў гучыць на ўсіх радыёстанцыях. У хуткім часе выйдзе песня «Паўкрока да цябе», кантрасная кампазіцыя ў адносінах да першай песні. Цяпер эксперыментую з рэпертуарам, шукаю сябе. Пачаўся тур па Беларусі, ды і шмат канцэртных выступленняў не толькі ў межах яго. Планую вучыцца новаму і ўзнімаць планку якасці музыкі і індустрыі ў цэлым у Беларусі.

— Якія захапленні, акрамя музыкі, у цябе ёсць?

— Яна займае амаль усё жыццё. Я спяваю, іграю на фартэпіяна, вельмі шмат слухаю музыку. З іншых хобі: люблю кнігі, футбол, кіберспорт, але ў прынцыпе часу на гэта амаль не хапае.

— Якую параду хацеў бы даць моладзі?

— Не слухайце, калі вам кажуць, што тое, што вы робіце, няправільна і ў вас нічога не атрымаецца. Можа, і не атрымаецца, але вы хоць бы паспрабуеце і не будзеце потым шкадаваць пра ўпушчаную магчымасць. Часта бывае, што музыку і артыстаў, якіх не разумеюць сёння, могуць зразумець праз пэўны час, таму набярыцеся цярпення, вучыцеся, любіце сваю справу і верце ў сябе.

Ангеліна НОВІКАВА

Фота дадзены героем

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.