Вы тут

Варэннем з грэчкай і чарнаслівам частавали падчас раённага «салодкага стола»


У Чэрыкаве прайшоў раённы «салодкі стол»Так тут называюць Свята варэння, якое адзначаецца ў шчодрыя на садавіну і ягады жнівеньскія дні. Хоць чаму толькі садавіна і ягады? У Чэрыкаве ўжо даўно навучыліся рабіць варэнне з гародніны, дзікарослых раслін і нават зусім нетыповых для гэтай стравы інгрэдыентаў. Як вам, напрыклад, варэнне з грэчкай ды чарнаслівам? 


— Для жыхароў раёна Свята варэння — добрая традыцыя сабрацца разам і даведацца пра новыя цікавыя рэцэпты смачнага ласунку, — кажа выконваючая абавязкі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Чэрыкаўскага райвыканкама Яна Шулікова. — Удзельнікаў становіцца ўсё больш. Калі раней было болей прадстаўнікоў сацыяльнай сферы, то зараз далучыліся прадпрыемствы, сярод якіх Бытпаслугі, райспажыўкааперацыя, санслужба. Усяго ў салодкіх баталіях прымалі ўдзел 25 каманд ад устаноў, арганізацый і прадпрыемстваў горада і раёна, а таксама тры індывідуальныя ўдзельнікі. Свята становіцца больш масавым і папулярным, што асабліва падабаецца нашым дзецям. Акрамя варэння на, ім прапануюцца розныя сіропы, печыва, ахаладжальныя напоі — і ўсё раздаецца бясплатна. Атрымліваецца нешта накшталт раённага «салодкага стала». Плюс цікавая канцэртная праграма. Сёлета да нас прыязджалі расійскія артысты з горада Клінцы, што на Браншчыне.

Па традыцыі адбылося шэсце ўдзельнікаў, якое ўзначаліла Каралева. З падарункаў, якія ўручаліся ёй, непасрэдна на свяце варылася «Варэнне сяброўства». Увесь дзень на тэрыторыі гарадскога парку працавалі тэматычныя пляцоўкі, дзе выступалі з канцэртамі, чыталі «салодкія» гісторыі, праводзілі выставы-продажы. 

Самым яркім момантам свята стала дэгустацыя зваранага падчас яго варэння, а таксама ўзнагароджанне пераможцаў, якія нарыхтавалі для конкурсу па некалькі разнавіднасцяў розных варэнняў. Сярод арганізацый пераможцам стала сярэдняя школа Чэрыкава № 2, якая ўразіла тым самым варэннем з грэчкі ды чарнасліву, а таксама чэрыкаўскім варыянтам пуэртарыканскага кактэйлю «Піна Калада» з дыні і розных ягад. На другім месцы — ліцэй № 11 з не менш экзатычным асартыментам, сярод якога варэнне з морквы. На трэцім — Езёрскі сельскі цэнтр культуры, які прапанаваў варэнні з язміну, півоні і зрабіў мікс з вялікай колькасці разнастайных ягад.

У Чэрыкаве ўжо падумваюць стварыць кнігу рэцэптаў свята, бо столькі экзотыкі ў адным месцы яшчэ наўрад дзе знойдзеш. Ёсць і пастаянныя ўдзельнікі, якія на працягу года распрацоўваюць новыя рэцэпты, каб уразіць публіку. Той, хто адзін раз пабываў на свяце, абавязкова вяртаецца ў Чэрыкаў. Наступная сустрэча ў трэцюю пятніцу жніўня. Не прапусціце, будзе цікава. 

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.