Вы тут

130 паказчыкаў стану вады даследуюцца ў Беларусі


Масавы замор рыбы на рацэ Одра, з якім сутыкнуліся Польшча і Германія, ацэньваецца сусветнай супольнасцю як прыродная катастрофа, з прычынамі якой гатовая дапамагчы разабрацца ў тым ліку і Беларусь. У прыватнасці, спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра аналітычнага кантролю ў галіне аховы навакольнага асяроддзя (РЦАК), якія маюць велізарны вопыт пры адборы проб у выпадках масавай гібелі рыбы і могуць вызначыць больш за 130 паказчыкаў у паверхневых водах. Чым дакладна здольныя дапамагчы беларусы і што яны робяць для захавання бяспекі ў рэках уласнай краіны, высвятляла карэспандэнт «Звязды».


Гадзіна на прыезд, 15 хвілін — на аналізы

Беларускія эксперты гатовыя адгукнуцца на першы ж запыт пацярпелых краін, каб дапамагчы ў пераадоленні экалагічнага бедства, запэўніў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй ХУДЫК:

— Мінпрыроды дзейнічае ў духу добрасуседства і пацвярджае, што ахова навакольнага асяроддзя — наш агульны клопат, які павінен ажыццяўляцца на падставе ўзаемнай падтрымкі і дапамогі. Мы гатовыя накіраваць сваіх спецыялістаў для адбору проб і аказання іншай неабходнай дапамогі ў сітуацыі, якая склалася.

РЦАК актыўна супрацоўнічае з лабараторнымі службамі Расіі і Літвы. Штогод гэтымі падраздзяленнямі праводзяцца міжлабараторныя зверкі, спецыялісты розных краін сумесна адбіраюць пробы вады на трансгранічных пунктах кантролю рэк Нёман, Заходняя Дзвіна, Дняпро, расказала намеснік начальніка Рэспубліканскага цэнтра аналітычнага кантролю ў галіне аховы навакольнага асяроддзя Святлана КАСЦЯН:

— У нашага цэнтра ёсць міжнародны атэстат акрэдытацыі. Для пацвярджэння кампетэнтнасці лабараторый цэнтру неабходна на працягу пяці гадоў праводзіць такія міжлабараторныя параўнанні і супастаўляць атрыманыя значэнні для ўдакладнення вынікаў кантролю.

Намеснік начальніка Рэспубліканскага цэнтра аналітычнага кантролю ў галіне аховы навакольнага асяроддзя Святлана КАСЦЯН.

Мае РЦАК і ўласную мабільную лабараторыю для работы на аварыях. У будні яе спецыялісты прыязджаюць на месца здарэння за гадзіну, у выхадныя ці нерабочы час — на працягу трох.

— Эксперты бяруць пробы і адразу на месцы правяраюць тэмпературу вады, узровень кіслароду ў ёй і кіслотна-шчолачны баланс (pH). Праз 15-20 хвілін выдаюцца звесткі і пра наяўнасць у вадзе нітрытаў, сульфатаў і фасфатаў, — расказала спецыяліст. — Забруджвальныя рэчывы, як правіла, нябачныя для вока, але ёсць і заўважныя: пеністыя СПАРы (сінтэтычныя паверхнева-актыўныя рэчывы — групы хімічных злучэнняў, наяўнасць якіх у сцёкавых водах пагражае санітарнаму стану вадаёмаў) і нафтапрадукты. Каб высветліць крыніцу небяспекі, што з'явілася ў вадзе і нябачная воку, трэба браць пробы вышэй па цячэнні на пэўнай адлегласці ад месца выяўлення забруджвання. Нафтапрадукты, разлітыя ў вадзе, абазначаюць загараджальнымі бонамі, якія спыняюць распаўсюджванне небяспечнай плямы па вадзе.

Кісларод, цяжкія металы, вапна

У цэнтры могуць рабіць аналізы больш як па 130 паказчыках у вадзе. Гэта адзіная ў краіне ўстанова, якая здольная выявіць у вадаёме хлорарганічныя пестыцыды, поліцыклічныя араматычныя вуглевадароды і поліхларыраваны біфеніл. Бяруць пробы і на распаўсюджаныя цяжкія металы, у тым ліку ртуць; выяўляюць, ці ўтрымлівае вада нітраты, нітрыты, фасфаты.

— Спецыялісты нашай лабараторыі вызначаюць таксама паказчыкі хімічнага (ХСК) і біяхімічнага спажывання кіслароду (БСК), велічыні якіх адлюстроўваюць расход кіслароду, неабходны для раскладання забруджвальных арганічных злучэнняў. Масавы замор рыбы можа здарыцца, калі ў вадзе нізкі ўзровень О2, — растлумачыла Святлана Касцян. — У вельмі гарачае надвор'е, напрыклад, кісларод актыўна спажываецца, і ў вадзе яго становіцца значна менш, таму ў ваду дадаюць вапну. У моцныя маразы водным насельнікам таксама можа не хапаць кіслароду, таму, каб павялічыць яго ўтрыманне, робяць лункі.

За кожным водным аб'ектам замацаваны пэўны суб'ект гаспадарання: водаканал, «Мінскзелянбуд» і іншыя. Вынікі даследаванняў спецыялісты цэнтра накіроўваюць у тэрытарыяльныя органы Мінпрыроды, дзе ўжо і вырашаюць, чым менавіта трэба дапамагчы пэўнаму аб'екту.

Алеся ПАШКО, вядучы інжынер-хімік РЦАК сочыць за працай газавага храматографа.

Сцёкавыя воды — прамысловыя і паверхневыя

Планавы кантроль стану вады на буйных водных аб'ектах, напрыклад, куды трапляюць сцёкавыя воды ад прадпрыемстваў, праводзіцца раз у адзін ці тры месяцы. Спецыялісты правяраюць пералік рэчываў, на скід якіх у прадпрыемства ёсць дазвол, а па выніках выпрабаванняў выдаюць пратакол, дзе ўказваецца, ці не перавышаны нарматывы для скідваемых у вадаёмы сцёкавых вод, акрэсліла прадстаўніца цэнтра:

— На «Мінскводаканале», напрыклад, вада адбіраецца на даследаванні на выпуску з ачышчальных збудаванняў, вышэй па цячэнні ракі (да ачышчальных збудаванняў) і ніжэй за іх. Такім чынам высвятляецца, ці ўплывае скід на раку. Дакладная перыядычнасць кантролю вызначана ў ЭкаНіП — абавязковых для выканання тэхнічных нарматыўных прававых актаў у галіне аховы навакольнага асяроддзя, згодна з колькасцю скідваемых у пэўны вадаём сцёкавых вод. Найчасцей у такіх скідах сустракаюцца перавышэнні па БСК5 і нітратнай групе забруджвальнікаў.

Даследуюцца ў тым ліку паверхневыя сцёкавыя воды (ліўневая каналізацыя, у якую трапляюць дажджавыя ці снегавыя ападкі). Пробы ў іх таксама адбіраюцца ў трох месцах: на скідзе вады, вышэй за гэты аб'ект і ніжэй за яго.

— Таксама ў вадзе фіксуецца ўтрыманне металаў. Аднак гэта як з аналізам крыві ў чалавека — усё залежыць ад колькасці. У пэўным вадаёме — свае паказчыкі, і калі яны не мяняюцца на працягу дзесяцігоддзяў, нягледзячы на скіды прадпрыемстваў, значыць, яны склаліся натуральным шляхам, — дадала Святлана Касцян.

Свой састаў вады ўвогуле маюць рэкі і азёры ў кожным рэгіёне Беларусі, а калі браць у сярэднім, то стан водных аб'ектаў краіны ацэньваецца як «добры» і «вельмі добры». Паглядзець, якія «адзнакі» маюць аб'екты, можна на сайце https://rad.org.by/monіtorіng/aqua. Аднак ніхто не адмяняў антрапагеннага ўздзеяння на ваду ў межах горада, таму спецыялісты не раяць плаваць у рэках на тых участках, што прыпадаюць на цэнтры гарадоў.

Некаторыя аналізы спецыялісты цэнтра робяць адзіныя ў краіне. Сёлета вось акрэдытаваліся на дыяксіды і фураны. У РЦАК могуць даследаваць пробы не толькі вады, але і глебы, адходаў, выкідаў у атмасфернае паветра ад транспарту і прадпрыемстваў — усяго больш як па 400 паказчыках.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Ірына Старавойтава: За гады суверэнітэту ў Беларусі сфарміравалася свая школа стварэння падручнікаў

Ірына Старавойтава: За гады суверэнітэту ў Беларусі сфарміравалася свая школа стварэння падручнікаў

«Для таго, каб стаць падручнікам, матэрыялы, падрыхтаваныя аўтарамі, праходзяць шмат этапаў экспертызы, абмеркаванняў на дыялогавых пляцоўках з педагогамі, узгадненняў, апрабацыю ва ўстановах адукацыі». 

Рэгіёны

З чым едзе Брэстчына на сёлетні Форум рэгіёнаў

З чым едзе Брэстчына на сёлетні Форум рэгіёнаў

Вобласць падрыхтавала ладны пакет прапаноў удзельнікам форуму.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.