Вы тут

У лабірынтах мастацтва


У 1920-я гады ўвогуле кожны мінскі мастак вёў сваю асабістую студыю, на рабфаку БДУ — той жа Кругер, у клубе ДПУ — Міхаіл Станюта, у клубе «Дом юнацтва» (стары чырвоны цагляны дом на вул. Караля) — Кудрэвіч, у клубе КіМа — Арон Касцялянскі. Была і «Свабодная акадэмія Міхаіла Філіповіча» ў Доме селяніна... А знакамітыя студыі 1960—1970-х Сяргея Каткова ў Доме піянераў і Васіля Сумарава на Камвольным камбінаце, якія выхавалі дзясяткі будучых мастакоў, увайшлі ў летапіс мастацкага жыцця нашага горада.


Адна з найстарэйшых у горадзе студый працуе ў Палацы прафсаюзаў ужо больш за 65 гадоў — з 1956 года. За гэты час у ёй прайшло навучанне больш за 1000 чалавек, многія з якіх сталі прафесійнымі мастакамі, атрымаўшы старт на занятках. А пачатак яе дзейнасці вядзе да 1904 года, да вядомых Малявальных курсаў Якава Кругера, якія знаходзіліся якраз насупраць параднага фасада Палаца культуры прафсаюзаў на месцы ўваходу ў метро «Кастрычніцкая». Тады, наадварот, жанчыны — сёстры міласэрнасці, гімназісткі, проста аматаркі — былі ў меншасці. Наведвалі яе ў асноўным маладыя і не вельмі мужчыны. З яе выйшлі будучыя зоркі «парыжскай школы» Хаім Суцін і Мішэль Кікоін, народны мастак БССР Іван Ахрэмчык.

У пачатку 1960-х «дарослай» студыяй у Палацы прафсаюзаў кіраваў Уладзімір Карлавіч Міхайлоўскі, ураджэнец Бабруйска, вучань Віталя Цвіркі, які выкладаў там з 1962 года да канца 1970-х гадоў. Улетку студыйцы выходзілі на берагі Свіслачы, якія яшчэ не скоўваў граніт набярэжных, і працавалі на пленэры, часта выязджалі на цэлы дзень у Лошыцкі парк.

Легендай студыі стаў мастак Георгій Уладзіміравіч Камлюк, які выкладаў дзецям больш за паўстагоддзя і літаральна «жыў» у студыі, маючы ўласную майстэрню ў падвальных памяшканнях. Ён любіў ігру на гітары і часта збіраў у сябе сяброў-мастакоў, каб музіцыраваць разам. Быў закаханы ў пейзаж і мог растлумачыць, як перадаць у фарбах найтанчэйшыя станы прыроды. Чулы, інтэлігентны, добрай душы чалавек — такім ён запомніўся сваім вучням, будучым мастакам Давідовічу, Сулкоўскаму, Сташчанюку, Уладзіміру Станюту. Не будучы сябрам Саюза мастакоў, ён стаў легендай сярод мастацкай моладзі, працуючы да 2007 года, амаль да 80 гадоў. Эстафету бацькі падхапіла дачка мастака, якая прапрацавала там некалькі гадоў, затым кіраўнікі студыі мяняліся даволі часта, і кожны прыносіў у яе нешта сваё — сваё разуменне мастацтва і месца ў ім аматара, якія аддае яму свой вольны час.

Работы цяперашніх навучэнцаў студыі сёлета былі прадстаўлены ў парадным фае Дома ветэранаў, на сценах якога вісяць карціны яшчэ мастакоў 1950-х гадоў. Тэмы студыйцаў надзіва разнастайныя: улюбёная котка, галубы ў двары, нацюрморт з гарбузам... Амаль усе аўтары маюць негуманітарныя спецыяльнасці: інжынеры, эканамісты, канструктары.

Я паразмаўляла з кіраўніком студыі Нінай Пачынавай, якая кіруе студыйцамі апошнія тры гады. Яна ў мінулым — выкладчыца па малюнку і кампазіцыі педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, выпускніца Мухінскага вучылішча ў Ленінградзе (цяпер Мастацка-прамысловага імя барона Шцігліца ў Пецярбургу), аўтар дзвюх кніг — унікальных метадычных дапаможнікаў па роспісе і кампазіцыі ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Яна ставіцца да справы вельмі адказна.

— Гэта няпроста: студыйцы розныя — і па ўзросце, і па адукацыі, і па задачах, якія перад сабой ставяць. Для кагосьці заняткі ў студыі — арт-тэрапія, а хтосьці хоча ўпрыгожыць свой дом уласнай творчасцю, падарыць свае карціны сябрам і блізкім, хтосьці не хоча страціць узровень, які набыў калісьці ў мастацкай школе, камусьці цікавае грамадства людзей інтэлігентных, аднадумцаў, якія любяць мастацтва. Так што студыя іграе ролю не толькі навучання асновам малюнка, але і клуба. Узроставая група вельмі розная — ад 16 да 83 гадоў, шмат людзей пенсіённага ўзросту, якіх не бянтэжыць нават тое, што студыя знаходзіцца на апошнім паверсе Дома прафсаюза з крутымі лесвіцамі (для таго, каб проста туды падняцца, трэба пераадолець каля сотні дастаткова высокіх прыступак).

Надзея УСАВА, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

У рамках дзелавой праграмы выставы пройдзе каля 20 тэматычных семінараў і канферэнцый.

Сям'я і дэмаграфія

Надзея Ластоўская: Калі ты багацейшы, дапамажы іншаму

Надзея Ластоўская: Калі ты багацейшы, дапамажы іншаму

Якія прынцыпы закладвае ў выхаванне сваіх дзяцей лаўрэат рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года»?

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.