Вы тут

«Праменад» пракладае маршруты па культурным Мінску


Плануючы свае выхадныя, варта ўключыць тэлеканал «Беларусь 1». Кожную пятніцу а шостай гадзіне ў «Навінах рэгіёна» карэспандэнты Агенцтва тэленавін Лідзія Заблоцкая і Дар'я Тарасава будуюць маршрут па культурным Мінску. І, як кажа Лідзія Заблоцкая, «паказваем гледачу, дзе ён можа дыхаць мастацтвам у суботу і нядзелю».


Фота: pixabay.com

Рубрыка «Праменад» уключае, як правіла, тры анонсы запланаваных падзей. «Уся «духоўная ежа» выключна свежая. Гэта новыя выставы, прэм'ерныя пастаноўкі і эксклюзіўныя запісы генеральных рэпетыцый. У адрозненне ад тэлеграм-каналаў, газет, інфармацыі на сайтах мы — з дапамогай відэа — робім своеасаблівае прэв'ю прэм'ер. Мы «папаўняем» падрабязныя аўтарскія назіранні каментарыямі стваральнікаў, куратараў і саміх мастацтвазнаўцаў. Так, за пяць хвілін, якія глядач бачыць у эфіры, ён атрымлівае паўнавартасны «Праменад», — расказвае аўтар рубрыкі Лідзія Заблоцкая.

Журналістка прызнаецца, што гэта работа выключна дзеля задавальнення: «Мы трапляем фактычна на творчую «кухню». Калі карціны «па нітцы» збіраюцца ў выставу, калі куратар яшчэ фармулюе сваю канцэпцыю, калі акцёры толькі пачынаюць іграць, і выходзіць канчатковы прадукт у выглядзе спектакля». Усе гэтыя магічныя працэсы карэспандэнт і аператар фіксуюць першымі. Лідзія жартам называе сябе і сваю калегу піяршчыкамі культурнага жыцця Мінска. «Наша задача: заматываваць гледача ўстаць з канапы. І прэзентаваць яму дастойныя падзеі так, каб ён захапіўся і знайшоў, чым натхніцца», — сур'ёзна тлумачыць яна.

Па словах Лідзіі, працуючы ў аддзеле культуры АТН, не раз даводзілася сутыкацца з меркаваннямі з разраду: «культурнае жыццё сталіцы даўно адкіпела», «абстракцыя мастакоў бессэнсоўная», «перавяліся ўжо Савіцкія ды Азгуры», «ну што ўвогуле глядзець у гэтым тэатры». «У «Праменадзе» мы даём своеасаблівыя аргументы супраць такіх меркаванняў.
З маіх асабістых рэкамендацый — не крытыкаваць Купалаўскі, а самому ацаніць іх ашаламляльную «Жаніцьбу». Як прыклад. А яшчэ зазірнуць у госці ў Нацыянальны мастацкі. Іх канцэптуальныя экспазіцыі не горшыя за тыя, што прадстаўляюць у Траццякоўцы», — раіць Лідзія Заблоцкая.

Дарэчы, тым, хто прывык атрымліваць інфармацыю ў тэлеграм-каналах, варта звярнуць увагу на канал «Что-то на культурном». Лідзія Заблоцкая і Дар'я Тарасава вырашылі запрасіць на свой «Праменад» як мага больш людзей і цяпер, акрамя рубрыкі, расказваюць пра культурныя падзеі і ў тэлеграме. І адначасова даказваюць, што культурнае жыццё ў сталіцы квітнее.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Навука

На што здольныя тэхналогіі трэцяга тысячагоддзя?

На што здольныя тэхналогіі трэцяга тысячагоддзя?

Ад распрацоўкі лекаў да беспілотных аўтамабіляў.

Без рубрики

Як прайшоў фінал конкурсу «Сям’я года»

Як прайшоў фінал конкурсу «Сям’я года»

Самыя таленавітыя, дружныя, крэатыўныя!

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.