Вы тут

Шыманскі: Трапіўшы ў штат «Звязды», я быў на сёмым небе ад шчасця!


У розныя гады ў «Звяздзе» працавалі вядомыя пісьменнікі і мовазнаўцы, друкаваліся класікі беларускай літаратуры. У штаце найстарэйшай рэспубліканскай газеты знаходзіліся і тыя, каго праз некаторы час назавуць патрыярхамі беларускай журналістыкі. Сярод іх — вядомы публіцыст і пісьменнік Міхаіл Шыманскі.


Ён аддаў журналістыцы звыш 70 гадоў. Друкавацца пачаў у адзін з няпростых перыядаў — у 1940-я. І цяпер, ужо даўно будучы на заслужаным адпачынку, працягвае працаваць са словам. З-пад пяра заслужанага работніка культуры БССР, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры, лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва выйшла каля 30 кніг. Па сцэнарыях Міхаіла Шыманскага знята некалькі дакументальных фільмаў. Напярэдадні юбілею газеты мы сустрэліся з Міхаілам Мікалаевічам, згадалі яго працу ў «Звяздзе» і пагаварылі пра ролю журналістыкі ў сучасным грамадстве.

— Міхаіл Мікалаевіч, хто паўплываў на ваша рашэнне звязаць свой лёс з журналістыкай?

— Мая маці. У дзяцінстве яна чытала мне цудоўныя вершы рускіх паэтаў, якія вывучыла ў бежанцах пад Царыцынам. З трапяткім хваляваннем я ўспрымаў паэтычныя вобразы. Так у мяне нараджалася любоў да мастацкага слова. Дагэтуль люблю, паважаю, цаню слова, а значыць, і кнігу. Такі мой настрой перайшоў у апантаную любоў да журналістыкі. Газетныя радкі на мяне ўздзейнічалі нейкай магічнай сілай. Мая журналістыка пачалася з нясцерпнага жадання што-небудзь напісаць у бярозаўскую раёнку «Пламя». Спрабаваў, перапісваў, пакутаваў, доўга не рашаўся адправіць маленькую заметку ў рэдакцыю. Адправіўшы, не мог прычакаць. І такі цуд — надрукавалі! Ды яшчэ за маім подпісам. Бярозаўская раённая газета, якая пасля называлася «Маяк» (такую назву носіць дагэтуль), стала маім першым працоўным месцам.

— А як вам удалося трапіць у штат найбольш папулярнай і ўплывовай па тым часе газеты «Звязда»?

— Мой творчы шлях у рэдакцыі найстарэйшай і вельмі заслужанай газеты пачаўся ў 1959 годзе і працягваўся 11 гадоў. Час немалы і ў маім журналісцкім лёсе надзвычай адказны, цікавы. У «Звязду» я прыйшоў ужо з журналісцкім вопытам. Да гэтага тры гады праходзіў тэрміновую ваенную службу ў Валагодскай вобласці, на Кольскім паўвостраве, у Кемераўскай вобласці, і ўсюды супрацоўнічаў з рэдакцыямі акруговых ваенных газет, дасылаў матэрыялы пра службу сваю і таварышаў. Калі звальняўся ў запас, з рэдакцыі акруговай газеты мяне пасылалі ў Львоўскае вышэйшае ваенна-палітычнае вучылішча, але камандзір нашай роты адгаварыў мяне, аргументаваўшы гэта тым, што ўсё жыццё прыйдзецца стаяць у вайсковым страі, і параіў паступаць на аддзяленне журналістыкі філфака Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Паступіў! На лекцыі пахадзіў, здаецца, месяц, паслухаў, чаму нас вучаць і, не знайшоўшы канкрэтнай журналістыкі, смела і рашуча пайшоў у «Звязду». У рэдакцыі мяне сустрэлі цёпла і добразычліва. Прывялі ў аддзел прамысловасці, будаўніцтва і транспарту — пачалася рэальная журналістыка. Спачатку пазаштатным карэспандэнтам, на трэцім курсе мяне ўзялі ў штат літсупрацоўнікам.

— Для студэнта — вялікі гонар...

— Безумоўна! Памятаю, як Барыс Міцкевіч, які выкладаў у нас замежную літаратуру, павіншаваў мяне з такой важнай падзеяй у жыцці і спытаў, які ў мяне будзе заробак. Адказаў, што не ведаю. Бясконца адданы журналістыцы, я тады не надаваў асаблівага значэння матэрыяльным пытанням. Трапіўшы ў штат «Звязды», я быў на сёмым небе ад шчасця!

— Што найбольш запомнілася з перыяду працы ў найстарэйшай рэспубліканскай газеце?

— Гэта быў перыяд, калі творчыя сілы рэдакцыі былі вялікія. Імёны «звяздоўцаў» добра ведалі чытачы: Барыс Стральцоў, Раіса Самусенкава, Зіновій Прыгодзіч... Не толькі талент, але і поўная самааддача ў рабоце, прага творчага пошуку, высокая асабістая адказнасць, добрасумленнасць, павага да чытачоў і іншае, што вызначае сутнасць журналістыкі, былі ўласцівы маім калегам па «Звяздзе». Галоўны рэдактар Васіль Пыжкоў рабіў усё, што мог, каб пастаянна ісці ў нагу з жыццём. На рэдакцыйных лятучках ён патрабаваў ад нас, супрацоўнікаў, асвятляць вострыя тэмы. Некаторыя пасля абураліся, што рэдактар патрабуе немагчымага, бо кожны больш-менш крытычны матэрыял патрабаваў узгаднення ў ЦК. Пыжкоў заахвочваў творчы пошук. Ім нават была распрацавана чатырохбальная сістэма ацэнкі матэрыялаў — ад «дрэнна» да «выдатна». Яшчэ Васіль Андрэевіч быў проста неўтаймаваны (у лепшым сэнсе гэтага слова) наконт загалоўкаў. Калі назву матэрыялу не прымаў, а такое здаралася часта, на тэксце адзначаў: «Прадаставіць 5/8/10 варыянтаў загалоўкаў!» Ён хутка выбіраў адзін, яшчэ тры-чатыры падкрэсліваў і раіў захоўваць асобна. Аркушы з гэтымі загалоўкамі я складваў у спецыяльную папку (за час работы ў «Звяздзе» іх назбіралася сотні), і ў далейшым мне ўдавалася хутка і лёгка падрыхтаваць менавіта такі загаловак, які адразу прымаў Пыжкоў.

— Пра журналісцкія эксперыменты Васіля Пыжкова хадзілі легенды...

— Некаторыя з іх былі даволі смелыя, арыгінальныя і, безумоўна, інавацыйныя ў беларускім друку. У прыватнасці, Васіль Андрэевіч стварыў у «Звяздзе» аддзел чацвёртай паласы, гэтым самым паламаўшы афіцыйна ўзаконеную структуру газеты. Задачу паставіў канкрэтную і адпаведную: чацвёртая паласа, хоць па ліку была і апошняя ў «Звяздзе», павінна быць самай цікавай, змястоўнай, каб захапіць як мага больш чытачоў. Менавіта з ёй звязвалі надзеі па павелічэнні падпісчыкаў. Наколькі памятаю, чытачы годна адзначылі гэтую творчую задумку рэдакцыі. Многія пісалі, што чытаць газету пачынаюць з чацвёртай паласы.

— А куды тагачасныя «звяздоўцы» ездзілі ў камандзіроўкі?

— У асноўным па Беларусі. У маім журналісцкім лёсе адметную ролю сыграў Салігорск. У 1963 годзе, выконваючы адпаведную пастанову ЦК КПБ і Савета Міністраў рэспублікі, «Звязда» арганізавала свой спецвыпуск на будаўніцтве чарговага Салігорскага калійнага камбіната. Работа надзвычай адказная і складаная, бо яна непасрэдна датычылася «Вялікай хіміі», якая тады многае вызначала ў эканоміцы Савецкага Саюза. «Звязда» сваім словам садзейнічала паспяховаму будаўніцтву і своечасоваму ўводу ў строй новага гіганта калійнай прамысловасці ў Беларусі, якому ўдзялялася выключная ўвага ў самім ЦК КПСС. Ці трэба казаць, што для газеты значыла арганізацыя гэтага спецвыпуску, адказным за які прызначылі мяне? Рэгулярна спяшаўся з Мінска ў Салігорск, дзе без перапынку хадзіў па велізарнай будоўлі, гутарыў з многімі людзьмі — напрыканцы дня ледзь перастаўляў ногі. А потым ляцеў у Мінск, каб хутчэй усё напісаць, выдаць чарговы нумар спецвыпуску і своечасова прывезці яго ў Салігорск. Цяпер, калі ўспамінаю той час, не верыцца, як вытрымаў. Вопыт «Звязды» быў высока ацэнены ЦК КПБ і Саветам Міністраў. Мяне ў ліку перадавікоў узнагародзілі граматай Вярхоўнага Савета БССР. Галоўны рэдактар адной раённай газеты па маіх спецвыпусках напісаў і паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю.

— Вы працавалі побач з легендамі беларускай журналістыкі. Ці ахвотна яны дзяліліся вопытам з маладымі супрацоўнікамі?

— Самыя прыемныя і памятныя ўспаміны — пра журналіста Аляксандра Матусевіча. У вайну ён быў актыўным удзельнікам Мінскага падполля. Разам з маладым журналістам Рыгорам Страшко знішчыў агента СД, вернага слугу фашыстаў Фабіяна Акінчыца. Калі ў 1958 годзе быў створаны Саюз журналістаў СССР, Матусевіча абралі адказным сакратаром рэспубліканскага праўлення творчай арганізацыі. У рэдакцыі «Звязды» нашы працоўныя кабінеты знаходзіліся побач. І зараз бачу дзядзьку Алеся, як мы яго называлі, перад сабой: валасы на галаве белыя як снег — ад перажытага, а вочы іскрыстыя, у іх яшчэ шмат жыццёвага запалу. Заходзіць да мяне ў кабінет, цікавіцца, над чым працую. Я толькі што вярнуўся з калгаса, вычытваў надрукаваны на машынцы тэкст. «Можна паглядзець?» — пытаецца дзядзька Алесь. Як жа адмовіць, хоць вельмі хвалююся. Ён уважліва чытае мой матэрыял і кажа: «Адчуваецца, што душа ў вас вясковая. І начэй сваіх для гэтага не шкадавалі. У свае маладыя гады я таксама так рабіў. Беражыце, братка, сваю любоў да вёскі, да зямлі-карміцелькі, бо яе лёгка страціць у вялікім горадзе». Інтэлігентны, тактоўны, душэўны дзядзька Алесь усіх супрацоўнікаў «Звязды» называў на «вы» і па бацькоўскім імені. Для нас ён быў прыкладам ва ўсім.

— Сучаснаму пакаленню журналістаў ёсць у чым раўняцца і на вас: вялікі журналісцкі вопыт, у тым ліку ў «Звяздзе» і адной з найбольш папулярных у Саюзе «Известиях», 29 напісаных кніг... Што пажадаеце цяперашнім акулам пяра, якім даводзіцца працаваць у даволі няпросты час?

— Журналістыка, як і само жыццё, пастаянна мяняецца. Цяперашнія СМІ, галоўным чынам, маюць аператыўны, інфармацыйны характар, даволі рашучы і рэзкі, бо гэтага патрабуюць выклікі часу. Наша краіна падвяргаецца пастаяннаму санкцыйнаму ціску, існуе пагроза суверэнітэту і незалежнасці краіны. Многія палітыкі на Захадзе ўсяляк спрабуюць перапісаць гісторыю Вялікай Айчыннай вайны, фальсіфікуюць праўду. І самае абуральнае — за мяжой нацысты дзейнічаюць нахабна і агрэсіўна, у тым ліку і ў суседніх з намі краінах. Беларусы не маўчаць, цяперашняя журналістыка — на пярэднім краі барацьбы з нацызмам і экстрэмізмам. Кожны супрацоўнік дзяржаўных СМІ павінен мець сваю цвёрдую грамадзянскую пазіцыю. Яна і ў тым, каб ведаць і шанаваць наша гераічнае мінулае, упэўнена глядзець у будучыню, любіць і мацаваць родную Беларусь.

Вераніка КАНЮТА

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

Што губляюць работнік і дзяржава?

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.