Вы тут

Дырэктар Музычнага тэатра Сяргей Пукіта: Жонка займаецца ўтульнасцю ў доме, я — усім астатнім


Кожная сям'я ўнікальная па-свойму. Вядучая актрыса Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра Любоў Пукіта рэалізоўвае сябе творча і як маці траіх дзяцей, прычым яна не скарачала водпуск па доглядзе дзіцяці. Сяргей Пукіта кіруе Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатрам і не абыходзіць увагай і клопатам сваіх блізкіх. Яму падабаецца роля галавы вялікай сям'і. І гэта было відаць нават па нашых папярэдніх перагаворах: «Абавязкова падбяром час, каб жонка магла прысутнічаць». А атрымалася яшчэ лепш: да нашай гутаркі далучылася і дачка Маша.


— Як вы пазнаёміліся?

Сяргей Пукіта: — Вельмі проста, мы — аднакурснікі. Праўда, я быў крыху старэйшы, таму што ў Беларускі ўніверсітэт культуры і мастацтваў прыйшоў вучыцца пасля заканчэння Магілёўскага вучылішча культуры. Уявіце, што на першым курсе ў нас было пяць хлопцаў і пятнаццаць дзяўчат.

Любоў Пукіта: — Мне здаецца, ва ўсіх студэнтаў цікавае і вясёлае жыццё, але ў будучых акцёраў і рэжысёраў — асабліва. У нас быў выдатны курс, да гэтага часу сябруем.

— А хто першы заявіў аб сваіх пачуццях?

С. П.: — На Любу я адразу звярнуў увагу, прыглядаўся, а з другога курса мы пачалі сустракацца. Вяселле згулялі на пятым. Было вельмі весела і душэўна, палова гасцей — нашы аднакурснікі, сябры, палова — радня. У суботу гулялі, у нядзелю з'ехалі ў вясельнае падарожжа.

— Студэнткі творчых ВНУ, выходзячы замуж, часцей за ўсё застаюцца на сваім прозвішчы...

Л. П.: — Мы нават не абмяркоўвалі гэта, неяк само сабой было зразумела, што пераходжу на прозвішча мужа, але мой брат даведаўся пра гэта толькі ў загсе і здзівіўся.

С. П.: — Я лічу, што ў сям'і павінна быць адно прозвішча. І рады, што Люба думае гэтак жа. У яе, дарэчы, прыгожае дзявочае прозвішча — Міцкевіч.

— Люба, актрысы часам абыходзяцца і без водпуску па доглядзе за дзіцем, часам нараджэнне дзяцей адкладваюць на потым. А як вы планавалі з'яўленне дзяцей?

Л. П.: — Універсітэт я скончыла, калі была цяжарная Машай. Зразумела, што ў тэатр на работу мяне ніхто б не ўзяў, таму прафесія адышла на другі план. Была ў мяне мара, каб у сям'і нарадзілася трое дзяцей. Але што гэта здарыцца вось так, адно за адным, не ўяўляла.

Атрымалася, што я сышла ў дэкрэт на дзевяць гадоў запар. Калі нарадзілася Маша, прызнаюся, першыя часы было цяжка. Не догляд дзіцяці, а змена бурнага студэнцкага жыцця на дамаседства аказалася выпрабаваннем. У той жа час Маша расла і кожны дзень дарыла мора эмоцый: вось яна ўпершыню сама села, вось зрабіла першы крок. Ніякіх думак, маўляў, спачатку дзеці, потым — кар'ера, не было, усё ішло так, як атрымлівалася. Але калі я прыйшла ўладкоўвацца на работу, то была вельмі выгаднай актрысай: у дэкрэт ужо наўрад ці пайду.

С. П.: — Не загадваў, колькі ў нас будзе дзяцей, але дакладна ведаў, што адно дзіця — вельмі мала. Сам я са шматдзетнай сям'і, у мяне брат і сястра, і гэта выдатна.

— Маша, мама — актрыса, тата — на кіруючай пасадзе, гэта значыць, людзі яны занятыя. А вам, дзецям, хапала ўвагі бацькоў?

Маша Пукіта: — Ведаеце, яны самі часам могуць убачыць адно аднаго толькі ўвечары, але заўсёды знаходзяць час, каб быць побач з намі, дапамагчы і падбадзёрыць.

— А як складваюцца адносіны з малодшымі братамі?

М. П.: — Тут адносіны ад любові да нянавісці — адзін крок (усміхаецца). У дзяцінстве мы бавілі шмат часу разам, нягледзячы на тое, што шмат біліся. Цяпер мы не так часта нешта робім разам, але калі гэта здараецца, то атрымліваецца вельмі весела.

— Але з братамі немагчыма падзяліцца дзявочымі сакрэтамі...

М. П.: — Так, гэта небяспечна. Сёння я — добрая сястра, а заўтра ў няміласці. Сакрэтнічаю я звычайна з мамай.

— Вы з мужам доўгі час працавалі ў адным тэатры — Маладзёжным. Як гэта, калі муж — намеснік дырэктара, жонка — актрыса?

С. П.: — Спакайней працаваць у розных тэатрах. Муж і жонка ў адным калектыве — гэта і двайная адказнасць. На шчасце, варыянт, калі жонка тупае ножкай — маўляў, хачу ролю! — не наш.

Л. П.: — Мы, акцёры, паглыбленыя ў творчы працэс, захопленыя работай, проста не здагадваемся, колькі часам трэба прыкласці намаганняў, каб у артыста, напрыклад, з'явіўся патрэбны рэквізіт. А колькі сіл, энергіі, настойлівасці і камунікабельнасці трэба для арганізацыі гастроляў! Ёсць яшчэ і такі момант: калі ўсё добра арганізавана, падаецца, што гэта само сабой атрымліваецца, без удзелу адміністрацыі.

— Цяпер вы ў розных тэатрах. У Музычным — мора прыгожых актрыс, у Маладзёжным — цікавыя акцёры. Гэта не нагода для рэўнасці?

Л. П.: — Нават думак такіх не было. Мне здаецца, што сям'я немагчымая без кахання і даверу.

— Як вы размяркоўваеце хатнія абавязкі?

С. П.: — Не згадаю, каб размяркоўвалі. Неяк традыцыйна склалася: жонка займаецца ўтульнасцю ў доме, я — усім астатнім. Нешта магу зрабіць сваімі рукамі, але ёсць такія работы ў быце, якія лепш даручыць прафесіяналам.

Л. П.: — Мне вельмі дапамагае Маша. Часам мы разам гатуем, прыбіраем. Але самае прыемнае, калі прыходзім увечары з работы, а дома — чысціня і прыгатаваная вячэра. Хлапчукі таксама ўдзельнічаюць у хатніх справах. «Мама, ты заўважыла, што я прапыласосіў?» — пытаецца сын. Вядома, заўважыла і ўдзячная.

— А хто ў сям'і галоўны фінансіст?

Л. П.: — Галоўны — Сяргей. Бо муж. Таму што ў яго мысленне больш практычнае і прагматычнае. Гэта не значыць, што ў мяне няма ў кашальку грошай і я пытаюся ў мужа дазволу купіць памаду. Цяпер вось і Маша вырасла. Неяк пасля невялікага шопінгу дачка сказала: «Вось так купіш сабе памаду, а потым падціскаеш рэмень тужэй».

С. П.: — Яшчэ калі працаваў загадчыкам пастановачнай часткі, складаў каштарысы на спектаклі, таму сямейнай бухгалтэрыяй займаюся таксама я. Аплата «камуналкі», вялікія закупкі — гэта на мне. Хоць я і галоўны, але мы ўсё роўна раімся, узважваем, што трэба купіць тэрмінова, што можна адкласці на потым, а дзе і зусім падціснуцца, каб сабраць на адпачынак.

— Дзяцей вучыце рацыянальнаму стаўленню да фінансаў?

С. П.: — Вядома. Дзецям трэба тлумачыць, што грошы зарабляюцца, а не падаюць з неба. Нельга на просьбу дзіцяці адмахвацца і казаць, маўляў, у нас няма грошай. Трэба ўсё абмяркоўваць, калі рэч сапраўды патрэбная, то вызначыць тэрміны, калі можам яе набыць.

— Многія артысты, з якімі я гутарыла, не хочуць, каб дзеці ішлі па іх слядах. А вы?

Л. П.: — Выбіраць, кім быць, яны ўсё роўна будуць самі. Здольнасці і таленты ёсць у кожнага. Машы, напрыклад, падабаецца акцёрства, удзел у пастаноўках, але як прафесію яна гэта не разглядае. Хлапчукі чым больш растуць, тым больш у іх іншых інтарэсаў. Быў такі момант: прыходзіць Маша са школы, кажа, што ім расказвалі пра прафесію культуролага. Так цікава вучыцца... Дачка і нашым меркаваннем
цікавілася. Мы сапраўды адказалі, што вучыцца ёй будзе цікава, а вось потым... Прафесія эксклюзіўная, і месцаў, дзе яе можна ўжыць, няшмат, зарплата сціплая. Маша выбрала лінгвістычны ўніверсітэт, ёй падабаецца вывучэнне моў, яны адкрываюць свет.

С. П.: — Дзеці цяпер больш прагматычныя, чым былі мы. Гэта нядрэнна. Мы павінны разгледзець усе іх здольнасці, дапамагчы даведацца аб розных прафесіях, каб яны выбралі для сябе найлепшае. У свой час бацькі далі мне свабоду выбару прафесіі і ў патрэбны момант падахвоцілі, і я ім удзячны.

— Мяркуючы па вашай багатай фільмаграфіі, адміністратар не забіў акцёра?

С. П.: — Люблю драматычны тэатр, але акцёрскіх работ, сапраўды, больш у кіно. Дапамог удалы збег абставін: калі мы заканчвалі вучыцца, у Мінску пачаў здымаць фільмы Дзмітрый Астрахан. І я ўжо тады трапіў у акцёрскую базу.

— Ці часта ўдаецца зняцца разам у адным фільме?

Л. П.: — Не так часта, як хацелася б, таму што сярод актрыс канкурэнцыя ў разы большая яшчэ са студэнцкіх гадоў. Ёсць некалькі фільмаў, дзе мы разам працавалі, але найчасцей у розных кадрах, і толькі адзін фільм, дзе мы іграем сямейную пару.

— Як вы любіце праводзіць адпачынак?

С. П.: — Для нас сапраўдны адпачынак — гэта падарожжа! Мы садзімся ў машыну і едзем да мора, у горы, проста ў іншую мясцовасць. Па дарозе аглядаем славутасці. Нам вельмі цёпла, камфортна і цікава сваёй сям'ёй. Некалькі разоў былі ў Чарнагорыі, на Балтыцы, аб'ездзілі амаль усю Беларусь. У 2020 годзе, калі з-за каранавіруса прыйшлося адкласці далёкія паездкі, знялі дамок на Браслаўскіх азёрах і выдатна правялі час. У нас у Беларусі шыкоўная прырода, шмат цікавых мясцін, дзе можна цудоўна адпачыць. Наш тэатр праводзіць у Міры музычныя вечары, і мне вельмі прыемна чуць добрыя водгукі гледачоў не толькі аб праграме, але і аб самім гарадскім пасёлку і беларускай гасціннасці.

Л. П.: — Лагістыкай паездак займаецца Сяргей, ён пачынае ўсё планаваць, вывучаць яшчэ ў лютым. Атрымліваецца вельмі цікава і насычана. Нам нідзе не бывае сумна!

— У верасні вы адсвяткуеце фарфоравае вяселле. У чым сакрэт шчаслівага і, як вы адзначалі, нясумнага жыцця?

С. П.: — Шчасце — гэта калі ў цябе і тваіх блізкіх усё добра. А сакрэт...

Мы са звычайных сем'яў. Мая мама — бухгалтар, тата — чыгуначнік, бацькі Любы — настаўнікі. Мы пажаніліся маладымі, калі лягчэй прывыкнуць да тых ці іншых звычак і рыс характару адно аднаго. Сямейнае жыццё, як той казаў, пачыналі з нуля. Спачатку жылі ў інтэрнаце, потым — на здымнай кватэры, нейкі час упяцярых — у аднапакаёўцы. Усё, што сёння ў нас ёсць, мы стваралі разам, гэта вельмі яднае. Вядома, мы ўдзячныя нашым бацькам, якія заўжды дапамагаюць і падтрымліваюць.

Ва ўніверсітэце мы вучыліся рэжысёрскай прафесіі, і наш педагог Мадэст Абрамаў казаў: «Трэба ўмець рэжысіраваць сваё жыццё». Мне здаецца, у нас атрымліваецца.

Маргарыта ДРАЗДОВА

Фота з асабістага архіва сям'і Пукітаў

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.