Вы тут

Алесь Жук «Сок манга» і Вірджынія Вулф «Дом з прывідамі»


Алесь Жук «Сок манга»​. Мінск, Выдавецкі дом «Звязда», 2021. 

Маральныя канфлікты, любоўныя перажыванні, крызісныя станы душыпаказаны на старонках кнігі лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Алеся Жука. Разам са сваімігероямі аўтар разважае пра пачуццё і абавязак, шчасце і хуткаплыннасць часу, пра лёс і прызначэнне чалавека.


Людка з апавядання, якое дало назву кнізе, перажывае «незнаёмае, страшнае шчымліва-салодкае» ператварэнне з дзіцяці ў жанчыну. Каханне не прыносіць ёй шчасця, як і герою апавядання «Водсветы зорак», які ахвяраваў працай у лясніцтве дзеля прыгажуні Ліды. Юра Спіцын любіць свайго маленькага сына трывожнай любоўю бацькі, прагне быць з ім побач, каб абараніць, але «на душы даўняя адзінота», бо з жонкай яны адно аднаму чужыя («Ісці доўга...»). 

Рэха вайны гучыць у апавяданнях «Летняя прыгода», «Жонка героя», "Свята Перамогі«.Даўно адгрымела вайна, але не зажылі раны на сэрцы ў беларусаў. Пякельны ўспамін аб забітых карнікамі дзецях адбірае ў дзеда Ляксея ягонае жыццё. Былому партызану Хведару сняцца дні і ночы ў атрадзе, і не можа ён дараваць аднавяскоўцу-паліцаю.

Сустрэча з выпадковай дзяўчынай-правадніцай у вагоне прымушаеяфрэйтара Валожына, шчасліва закаханага, адчуць раптоўную трывогу і сум («Сінія незямныя агні»). «Пінцэт» — пра той складаныперыяд у жыцці чалавека, калі час мяняць штосьці сышоў незваротна, але і жыць, як раней, немагчыма. Герой аповесці «І сніўся сон...» паспяховы канструктар Берасневіч сярод курортных пейзажаў аддаецца ўспамінам і разумее, што «сапраўднае каханне засталося толькі прамінулым спадзяваннем». 

Псіхалагічная проза Алеся Жука пранізана спачуваннем чалавеку, шчымлівай трывогай за яго лёс, за крохкасць нашага свету — пачуццямі, якія выяўляюць сапраўднага пісьменніка.


Вірджынія Вулф «Дом з прывідамі»​. Масква, «Выдавецтва АСТ», 2022. 

Вірджынія Вулф — прадстаўніца літаратуры «плыні свядомасці». Раманы, якімі яна праславілася, маюць складаную форму, у іх пісьменніца перадае праз ланцужкі асацыяцый найтанчэйшыя перажыванні сваіх герояў і гераінь. Вулф вядомая тым, што ў сваіх эсэ адной з першых выказвалася за права жанчын займацца літаратурнай творчасцю. Менавіта ёй належыць вядомы тэзіс пра тое, што кожная жанчына, якая піша, павінна мець свой пакой. 

Калі вы яшчэ не чыталі Вірджынію Вулф, кніга кароткіх апавяданняў — цудоўная нагода пазнаёміцца з яе творчасцю. 

У апавяданні «Дом з прывідамі» мы можам толькі здагадвацца пра вялікае каханне, якое звязвала калісьці жанчыну і мужчыну і працягвае звязваць іх у лепшым свеце. Гераіня іншага твора, убачыўшы пляму на сцяне, раздумвае пра таямнічасць звычайных рэчаў, пра сподні бок свету; яе імкненне схавацца ў гульні ўяўлення зразумелае, бо ў свеце рэальным ідзе вайна («Пляма на сцяне»). У сусветнай літаратуры цяжка знайсці лепшае апісанне псіхалагічнага стану ўразлівай, няўпэўненай у сабе жанчыны, якая пашыла новую сукенку, прыйшла ў ёй на вечарыну і зразумела, што сукенка даўно выйшла з моды і выглядае вартай жалю («Новая сукенка»). 

У апавяданні «Лапін і Лапіна» муж і жонка прыдумалі забаўную гульню ў трусікаў; але вось каханне прайшло, і мілыя дзівацтвы пачалі здавацца чымсьці недарэчным і нават злавесным. Малады палітык знаходзіць кавалак шкла і здзіўляецца таму, што прыгожыя прадметы паўсюль пад нагамі; аскепкі парцаляны, камяні, шкло настолькі заварожваюць яго, што ён пакідае дзеля іх кар’еру («Рэальныя прадметы»). У апавяданні «Спадчына» муж пасля смерці жонкі чытае яе дзённік і высвятляе, што ў яго каханай было патаемнае жыццё.

Апавяданні Вулф шматслойныя і поўныя падтэкстаў, яны падобныя да люстэрка, у якім адбіваецца нябачны воку ўнутраны свет чалавека, таму кожны прачытае іх па-свойму. 

Алена БРАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».