Вы тут

Па старонках сямейнага альбома


Шмат цікавага пра сваіх дзядоў і прадзедаў можна даведацца, калі ўважліва паглядзець сямейныя фотаздымкі, распытаць пра мінуўшчыну старэйшых людзей

Кім былі мае продкі? Адказ на гэтае пытанне спрабавала я знайсці яшчэ маленькай. Памятаю, была вясна, бацькі прывезлі мяне да бабулі ў веску Лунін: гэта Лунінецкі раён Брэстчыны. Бабуля тады яшчэ працавала настаўніцай і рыхтавалася да класнай гадзіны, прысвечанай тэме “радавод”. На стале я пабачыла разгорнуты альбом з фотаздымкамі. “Хто гэтыя людзі? – запытала ў бабулі. – Раскажы мне пра іх”. Селі разам, я разглядвала фотаздымкі ды ўважліва слухала бабулю. Бачу: вось чалавек з доўгімі вусамі, апрануты ў прыгожы пінжак. Бабуля тлумачыць: гэта мой прапрадзед Канстанцін. А на другой старонцы яго сын, мой прадзед Міхаіл: сядзіць на лаўцы, іграе на баяне… З усіх фотаздымкаў, помніцца, менавіта гэтыя мяне зацікавілі. Пра Канстанціна ды Міхаіла і будзе мой аповед.


Канстанцін Палуян

Канстанцін Палуян, прапрадзед мой па бацькоўскай лініі, нарадзіўся на Палессі ў 1886 годзе ў сялянскай сям’і. Прыкідваю: трохі малодшы за Якуба Коласа (Канстанціна Міцкевіча…), з таго ж пакалення. А з гісторыі вядома, што пасля адмены прыгоннага права (1861) сяляне яшчэ доўга марылі пра набыццё сваёй зямлі: бо праца на ёй давала магчымасць выжыць. Тая псіхалогія – у радках з паэмы Якуба Коласа “Новая зямля”: “Купiць зямлю, прыдбаць свой кут,/ Каб з панскiх выпутацца пут,/ I там зажыць сабе нанова:/ Свая зямля – вось што аснова!” Каб ажыццявіць мару, мой прапрадзед вырашыў адправіцца ў ЗША на заробкі. Яму ўдалося потым і вярнуцца з грашыма на Радзіму. Купіў зямлю, коней, прылады і пачаў гаспадарыць. Збылася мара! Толькі вось, апантаны ёй, прапрадзед мой ажаніўся позна, толькі ў 35 гадоў. Замуж узяў прыгожую, працавітую і маладзейшую за сябе на некалькі гадоў Ганну.

Праз пэўны час ён, упарта працуючы на сваёй зямлі, купіў яшчэ два дамы. А першы ахвяраваў царкве Барыса і Глеба: яна і сёння ёсць у пасёлку Лунін. У запісах гісторыі царквы пазначана падзея перадачы дома: у ім потым жыў святар са сваёй сям’ёй.

Здавалася, відаць, маім продкам, што і далей жыццё будзе такім жа мірным, стваральным. Але ж пачалася Другая сусветная вайна, якая пакінула жорсткія адмеціны ў нашым родзе. Прапрадзеда майго Канстанціна па-зверску забілі фашысты ў 1942-м. Загінуў ён, была знішчана сядзіба, забралі жывёлу. Засталася на пяпялішчы ўдава Ганна ды чацвёра дзяцей. Праўда, ужо немалых. Прыкладам, старэйшы сын, Міхаіл Палуян, родам быў з 1922 года. Закончыў восем класаў, марыў вучыцца далей, аднак жыццё склалася інакш. Мае родзічы як маглі выжывалі ў акупацыі, а калі Чырвоная армія вызваліла Лунінецкі раён (у ліпені 1944-га), то мой прадзед Міхаіл Канстанцінавіч быў мабілізаваны, трапіў на фронт.

Міхаіл Палуян

Ваяваў Міхаіл Палуян, падказваюць дакументы, на першым Беларускім фронце, быў мінамётчыкам. Не аднойчы рызыкаваў жыццём. Удзельнічаў у вызваленні Варшавы, сустракаўся з саюзнікамі на Эльбе, згадваў у размовах з роднымі пра вельмі жудасную бітву за Берлін. Дзякуючы беражлівай маёй бабулі (яна зберагае дакументы) я даведалася, што 16 студзеня 1945 года Міхаілу Палуяну была аб’яўлены падзякі Вярхоўнага галоўнакамандуючага за ўдзел у прарыве абароны немцаў на заходнім беразе Віслы, за ўдзел у баях за Радам: горад у Польшчы, за сто кіламетраў на поўдзень ад Варшавы. Інтэрнэт падказвае: у той дзень Радам і быў вызвалены ад нацыстаў.

А інфармацыю пра ўзнагароды прадзеда я знайшла ў інтэрнэце. Міхаіл Канстанцінавіч быў ушанаваны медалямі, ардэнамі, якімі мы ганарымся, зберагаем і сёння. Самыя значныя – медаль “За адвагу” і ордэн Чырвонай Зоркі. Звесткі пра баявыя заслугі Міхаіла Палуяна ёсць у электроннай базе дадзеных “Подвиг народа”. Медаль “За адвагу” ён атрымаў пры прарыве абароны праціўніка паблізу вескі Старое Радамскага ваяводства. 14 студзеня ён пад моцным артмінамётным агнём праціўніка паднёс 15 скрынь боепрыпасаў і зарадзіў 350 мін. У выніку хуткай стральбы знішчыў адзін станкавы кулямёт і 11 салдат праціўніка. А ордэн Чырвонай Зоркі – за подзвіг у наступальным баі 24 красавіка ў раёне Бад-Зароў (Германія, зямля Брандэнбург). Паставіўшы мінамёт на адкрытую пазіцыю, Міхаіл дзейнічаў рашуча і смела, трапным агнём знішчыў 3 станкавыя кулямёты праціўніка і 12 гітлераўцаў, чым паспрыяў выкананню баявой задачы падраздзялення.

Пасля заканчэння вайны яму прапанавалі прадоўжыць службу ў Германіі, але прадзеду, як у свой час і прапрадзеду Канстанціну, вельмі хацелася на Радзіму. І ён зрабіў свой выбар. Міхаіл Плуян удзельнічаў у аднаўленні гаспадаркі. Ажаніўся. Дарэчы, з будучай жонкай сустрэўся да вайны. У сям’і нарадзіліся дзве дачкі: Ніна і Таццяна – мае бабулі. У 1985-м ветэрана ўзнагародзілі ордэнам Айчыннай вайны II ступені і, як успамінае бабуля Таццяна (яна ж і здымкі мне паказвала), сям’і падарылі міксер, які тады складана было купіць у магазіне.

Лізавета Жылач

Мне падабаецца такое выслоўе: “У добрым родзе – усё ў згодзе”. Яно – пра наш вялікі дружны род. Я ганаруся сваімі продкамі, усе мы – унукі, праўнукі, прапраўнукі… – зберагаем памяць пра іх. А ў Год гістарычнай памяці яшчэ раз хочацца паглыбіцца ў мінулае, зразумець: як жылі нашыя папярэднікі, у што верылі. Што абаранялі. “Дзеля чаго ці каго людзі ахвяравалі жыццямі, часам не задумваючыся?” – пытаюся і я ў сябе. І пасля аповедаў маіх бабуль і дзядуль разумею: дзеля таго, каб прадаўжаўся на зямлі наш род, каб моцнаю ды прыгожаю была наша Радзіма, і каб у шчасці жылі нашчадкі.

Лізавета Жылач, вучаніца 11 “А” класа гімназіі №174 г. Мінска

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.