Вы тут

Льготы для профільных класаў, мэтавая падрыхтоўка і алімпіяды


Прыёмная кампанія 2022 года пройдзе ў звыклым для абітурыентаў фармаце з невялікімі карэкціроўкамі. А вось у наступным годзе адбудзецца шмат змен, пра якія цяперашнім дзесяцікласнікам трэба ведаць і рыхтавацца да іх загадзя. Пачынаючы з 2023 года паступленне ў ВНУ будзе ажыццяўляцца на падставе сертыфікатаў цэнтралізаванага экзамену, вынікаў цэнтралізаванага тэсціравання (па профільных прадметах), а таксама сярэдняга бала дакумента аб адукацыі. Мяркуецца, што ўсё гэта павысіць адказнасць настаўнікаў за вынікі сваёй работы і зменшыць нагрузку на вучняў 11-х класаў. Але аб усім па парадку...


Без экзаменаў і па-за конкурсам

— Кропкавыя змяненні, якія адбудуцца сёлета, датычацца дастаткова вузкага кола абітурыентаў, — расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Каспяровіч. — Напрыклад, выпускнікі профільных спартыўна-педагагічных класаў змогуць паступаць без уступных іспытаў пры належным узроўні паспяховасці на профільныя спецыяльнасці ў галіне фізічнай культуры і спорту. Выпускнікі класаў ваенна-патрыятычнай накіраванасці змогуць паступаць ужо па крыху іншай ільгоце — гэта пазаконкурснае залічэнне на спецыяльнасці Ваеннай акадэміі, на ваенныя факультэты і ў Інстытут пагранічнай службы. У ВНУ Мінабароны змогуць пайсці тыя, хто вывучаў праграму факультатыву «Гатовы Радзіме служыць», у ВНУ Дзяржпагранкамітэта — факультатыву «Юны пагранічнік». Для абедзвюх катэгорый устаноўлена квота ў 30 працэнтаў ад лічбаў прыёму.

Без сертыфікатаў беларускага ЦТ змогуць паступаць і абітурыенты, якія здавалі Адзіны дзяржаўны экзамен у Расіі — у тым выпадку, калі яны паступаюць на платную форму навучання на спецыяльнасці, найбольш запатрабаваныя эканомікай. Гэта пэўнае кола спецыяльнасцяў, іх каля 30. Пералік перыядычна карэкціруецца па ўзгадненні з Міністэрствам эканомікі, у яго ўваходзяць спецыяльнасці ў першую чаргу рэальнага сектара эканомікі: сельскай гаспадаркі, лясной гаспадаркі, металургія лёгкай прамысловасці і іншыя. Прычым для такіх абітурыентаў устаноўлена квота ў 20 працэнтаў ад лічбаў прыёму.

У новых рэдакцыях Кодэкса аб адукацыі і Правілаў прыёму істотна пашыраюцца магчымасці мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў як формы дзяржаўнага заказу. Калі раней яна распаўсюджвалася толькі на пэўныя населеныя пункты (чарнобыльскія, сельскія рэгіёны, гарады з насельніцтвам да 20 тысяч), то цяпер такі дагавор можа заключыць арганізацыя —заказчык кадраў, якая знаходзіцца ў любым населеным пункце Беларусі, у тым ліку ў сталіцы. І вось менавіта гэта палажэнне ўступае ў сілу ўжо з гэтага года. Між іншым, магчымасць узяць мэтавае накіраванне ніяк не абмежавана месцам пражывання і прапіскі абітурыента. Так, абітурыент, які жыве ў Мінску, можа ўзяць мэтавае накіраванне ад арганізацый з Віцебскай ці Гродзенскай вобласці і пасля заканчэння вучобы ён будзе менавіта туды размеркаваны.

Усяго беларускія ВНУ плануюць прыняць сёлета на бюджэтную форму навучання каля 27,7 тысячы абітурыентаў. А на платную форму навучання план прыёму складае больш за 25 тысяч чалавек.

У структуры прыёму на бюджэт дамінуе дзённая форма навучання — яна складае больш за 80 працэнтаў ад лічбаў набору. А ў структуры прыёму на платную форму прасочваецца пэўны парытэт: прыкладна каля 50 працэнтаў складае прыём на дзённую форму навучання. Па словах Сяргея Каспяровіча, у параўнанні з папярэднім годам сёлета плануецца павелічэнне прыёму на бюджэтную форму навучання на медыцынскія спецыяльнасці, спецыяльнасці ў галіне тэхнікі і тэхналогіі і педагагічныя спецыяльнасці. Разам з тым скарэкціраваны прыём у бок памяншэння на незапатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці, у тым ліку на тыя напрамкі, дзе работадаўца аддае перавагу больш вопытным спецыялістам з рынку працы: гэта эканоміка і юрыспрудэнцыя.

Прыём на ўзровень вышэйшай адукацыі пачнецца ў традыцыйныя тэрміны — 18 ліпеня. Усе этапы прыёмнай кампаніі захаваюцца. Інфармацыю аб прынятых нарматыўных актах абітурыенты і іншыя зацікаўленыя могуць атрымаць на сайце Міністэрства адукацыі. Таксама будзе традыцыйна працаваць «гарачая лінія» ведамства 8 (017) 222-43-12.

Міждысцыплінарныя спецыяльнасці

У Беларускім дзяржаўным універсітэце план прыёму на мэтавыя месцы вырас удвая ў параўнанні з папярэднім годам.

— Прычым размова ідзе не толькі пра традыцыйныя для мэтавай падрыхтоўкі спецыяльнасці: журналістыка, мытная справа, педагагічныя... Цяпер мы гаворым і аб правазнаўстве, эканамічным праве, менеджменце з напрамкам «Менеджмент у міжнародным турызме», — расказаў першы намеснік адказнага сакратара прыёмнай камісіі БДУ Вячаслаў Малафееў. — Гэта будзе мэтанакіраваная падрыхтоўка ў інтарэсах адпаведных ведамстваў. План прыёму на бюджэтную форму навучання ў БДУ сёлета крыху павялічыўся. На прыродазнаўчанавуковыя факультэты прыпадае 62 працэнты бюджэтных месцаў.

Заўважу, што ў БДУ адкрываюцца дзве прынцыпова новыя спецыяльнасці. Яны акумулююць работу, якую вялі ва ўніверсітэце некалькі факультэтаў. У прыватнасці, у адкрыцці спецыяльнасці «Біяінжынерыя і біяінфарматыка» ўдзельнічалі біялагічны факультэт, факультэт радыёфізікі і камп'ютарных тэхналогій, фізічны факультэт і факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі. Атрымаўся сімбіёз чатырох факультэтаў, а ў выніку з'явілася вельмі важная спецыяльнасць, якая сарыентавана на падрыхтоўку спецыялістаў у галіне біяінжынерыі. Яе адкрыццё абумоўлена адсутнасцю падрыхтоўкі спецыялістаў гэтага напрамку ў Беларусі і высокай запатрабаванасцю прафесіяналаў, якія адначасова валодаюць ведамі ў галіне агульнай біялогіі, геннай інжынерыі, оміксных тэхналогій, інфарматыкі, матэматыкі і статыстыкі.

На факультэце геаграфіі і геаінфарматыкі створана новая спецыяльнасць «Геатэхналогіі турызму і экскурсійная дзейнасць». А на факультэце сацыякультурных камунікацый БДУ на спецыяльнасці «Дызайн» (па напрамках) адкрыецца новы напрамак «Дызайн касцюма і тканін».

На руках — да пяці сертыфікатаў

Цяпер што датычыцца прыёмнай кампаніі 2023 года. У маі наступнага года ўсіх адзінаццацікласнікаў чакае абавязковы цэнтралізаваны экзамен (ЦЭ) па матэматыцы і адной з дзяржаўных моў на выбар.

Цэнтралізаваны экзамен будзе падобны на ЦТ. Школьнікаў арганізавана прывязуць у адзін са 100 пунктаў правядзення ЦЭ (забяспечыць падвоз павінны органы кіравання адукацыяй), ім раздадуць тэсты і лісты адказаў, а таксама пракантралююць, каб падчас здачы іспыту выконваліся ўсе правілы, як і падчас ЦТ. Распрацоўкай экзаменацыйных заданняў будзе займацца Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў. Правяраць работы адзінаццацікласнікаў таксама будуць у інстытуце, як і работы ЦТ. Аб выніках іспыту максімальна аператыўна паведамяць школьнікам, бо атрыманыя на ЦЭ балы будуць улічвацца пры выстаўленні ў атэстат выніковай адзнакі па адпаведным прадмеце.

Як запэўнівае Сяргей Каспяровіч, цэнтралізаваны экзамен будзе лічыцца здадзеным незалежна ад колькасці набраных балаў, і адзнаку ў школьны атэстат выпускнік атрымае з улікам гадавой адзнакі і сваёй паспяховасці. Пры гэтым, калі казаць аб паступленні ў ВНУ, там парогі балаў захаваюцца. Напрыклад, на сёння ЦТ па матэматыцы, калі гэта першы профільны прадмет, трэба здаць на 20 балаў і больш, калі другі — не менш як на 10 балаў.

Выпускнікам, якія збіраюцца паступаць у ВНУ, выдадуць сертыфікаты ЦЭ з іх баламі. Таксама выпускнікі адзінаццатых класаў змогуць здаць цэнтралізаванае тэсціраванне па любых прадметах, якія не здавалі на цэнтралізаваным экзамене: гэта фізіка, хімія, біялогія, гісторыя, замежная мова і г. д. Калі на цэнтралізаваным экзамене здавалася руская мова, на ЦТ можна будзе здаць беларускую і наадварот. У выніку пры паступленні ў абітурыента на руках можа аказацца да пяці сертыфікатаў: тры сертыфікаты ЦТ плюс два сертыфікаты цэнтралізаванага экзамену.

— Гэта забяспечыць маладым людзям шырокі выбар спецыяльнасцяў, — лічыць Сяргей Каспяровіч. — Галоўнае — паставіцца сур'ёзна да прафесійнага выбару...

Новаўвядзенне, удакладніў Сяргей Каспяровіч, не закране выпускнікоў сярэдніх спецыяльных і прафесійна-тэхнічных устаноў, якія паралельна з прафесіяй атрымліваюць і сярэднюю адукацыю: яны, калі захочуць прадоўжыць навучанне, павінны будуць здаваць цэнтралізаванае тэсціраванне.

Дзейнічаць сертыфікаты цэнтралізаванага экзамену будуць два гады. Яшчэ адзін важны нюанс: выпускнікі 2023 года, незадаволеныя баламі ў сертыфікаце ЦЭ па матэматыцы і дзяржаўнай мове, у 2024 годзе змогуць здаць гэтыя прадметы ўжо на ЦТ. Гэта дазваляецца рабіць усе наступныя гады, толькі не ў год заканчэння школы.

У ВНУ — праз алімпіяду

Таксама ў 2023 годзе з'явіцца вельмі магутны прафарыентацыйны фактар — ўніверсітэцкія алімпіяды, якія аўтаматычна адкрываюць дарогу ў ВНУ.

Як расказаў Сяргей Каспяровіч, заданні на такіх алімпіядах будуць знаходзіцца «ў рамках школьных прадметаў», але з уключэннем творчых або звязаных са спецыфікай ВНУ элементаў.

Пераможцы ўніверсітэцкіх алімпіяд без уступных іспытаў змогуць паступіць у тую ВНУ, якая праводзіла спаборніцтвы, на асобныя спецыяльнасці (іх спіс сфарміруюць загадзя).

— Заўважу, што алімпіяда прывязана да канкрэтнай ВНУ. Рэспубліканскія школьныя алімпіяды таксама застануцца. Проста цяпер у абітурыентаў з'яўляецца дадатковая магчымаць трапіць у ВНУ без экзаменаў праз універсітэцкія спаборніцтвы, — дадаў Сяргей Каспяровіч.

З 2023 года паступленне ў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь будзе ажыццяўляцца па асаблівым парадку. Гэта ўстанова зоймецца рэалізацыяй адукацыйнай праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі на павышаным узроўні, яе паспяховае асваенне дасць магчымасць абітурыентам паступіць у акадэмію без уступных іспытаў.

На завочную бюджэтную форму атрымання адукацыі з наступнага года стануць прымаць толькі абітурыентаў з 10-месячным працоўным стажам. Гэта значыць, што паступіць на завочную форму ў год заканчэння школы не атрымаецца. Акрамя таго, выпускнікі Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка пры наяўнасці рэкамендацый Назіральнага савета ўстановы змогуць паступіць па выніках гутаркі, без здачы ЦТ, на тэхніка-тэхналагічныя навуковыя спецыяльнасці ў адпаведныя ВНУ.

У 2023 годзе ў сілу ўвойдуць нормы аб павелічэнні ва ўстановах вышэйшай адукацыі гранічных квот у рамках мэтавай падрыхтоўкі: па сельскагаспадарчых спецыяльнасцях — да 70 працэнтаў ад кантрольных лічбаў прыёму, па медыцынскіх — да 80 працэнтаў і па іншых — да 60 працэнтаў.

Трэба разумець, што 60, 70 і 80 працэнтаў — гэта максімальная планка. І тут ёсць шмат акалічнасцяў. Ці знойдзецца столькі заказчыкаў, гатовых пралічыць свае патрэбы ў кадрах на 4-5 і больш гадоў наперад? Ці будуць гатовыя абітурыенты заключаць дагавор на мэтавую падрыхтоўку? Сёння такія дагаворы заключаюцца на пяць гадоў адпрацоўкі на заказчыка кадраў пасля атрымання вышэйшай адукацыі і на тры гады — пасля атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

На медыцынскіх спецыяльнасцях дастатковая колькасць заказчыкаў кадраў, хутчэй за ўсё, знойдзецца. Пры такім раскладзе на звычайны конкурс для ахвотных паступіць на бюджэт месцаў застанецца менш, таму што мэтавыя месцы — гэта бюджэтныя месцы. І абітурыентам, каб павысіць свае шанцы на паступленне, давядзецца рабіць выбар на карысць мэтавай падрыхтоўкі.


Што трэба зрабіць абітурыентам да 1 чэрвеня? Зарэгістравацца на ЦТ і забраць свае пропускі...

У першы дзень лета завяршаецца рэгістрацыя абітурыентаў для ўдзелу ў ЦТ. Папярэдняя анлайн-рэгістрацыя на цэнтралізаванае тэсціраванне будзе даступная толькі да 12 гадзін 1 чэрвеня. А пасля 12 гадзін і да закрыцця пунктаў рэгістрацыі ў 19 гадзін падаць заяву на ўдзел у ЦТ можна будзе толькі асабіста, завітаўшы ў адзін з пунктаў рэгістрацыі.

У Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў нагадваюць, што працэс рэгістрацыі для ўдзелу ў ЦТ лічыцца завершаным толькі пасля атрымання абітурыентам пропускаў.

Прыйсці па пропуск трэба не пазней за 1 чэрвеня. Пры анлайн-рэгістрацыі ў графе «Абраныя прадметы і пункты тэсціравання» ўказваюцца адрасы пунктаў рэгістрацыі, у адзін з якіх неабходна звярнуцца пасля здзяйснення аплаты. Пры сабе трэба мець пашпарт або від на жыхарства, пасведчанне бежанца. Забраць пропускі замест абітурыента могуць таксама яго законныя прадстаўнікі.

Менавіта ў пропуску ўказваецца інфармацыя, калі і куды трэба прыходзіць у дзень правядзення тэсціравання. Пропуск для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні лічыцца зарэгістраваным, калі на ім маецца пячатка ўстановы, вызначанай пунктам правядзення ЦТ, подпіс упаўнаважанага прадстаўніка пункта рэгістрацыі і рэгістрацыйны нумар. У выпадку страты пропуску выдаецца дублікат.

Абітурыентам дазваляецца зарэгістравацца не больш як на чатыры дысцыпліны. Пры жаданні можна памяняць прадметы для здачы на ЦТ. Да атрымання пропускаў у асабістым кабінеце можна змяніць даныя ў заяве: набор прадметаў, мову тэста і г. д. Калі з'явілася неабходнасць гэта зрабіць ужо пасля атрымання пропуску, трэба звяртацца ў пункт ЦТ асабіста. Аднак усе маніпуляцыі можна будзе зрабіць толькі да 1 чэрвеня (уключна).

Выбар мовы, на якой абітурыент жадае здаваць тэсты, ажыццяўляецца яшчэ на этапе падачы заявы і рэгістрацыі на ЦТ. Заява запаўняецца ўдзельнікам ЦТ на адной з дзвюх дзяржаўных моў — беларускай ці рускай на выбар. Трэба мець на ўвазе, што пазней зона рэгістрацыі бланка адказаў будзе запаўняцца абітурыентам на той жа мове, на якой была пададзена заява пры рэгістрацыі. І сертыфікат удзельніка ЦТ будзе запаўняцца таксама на той мове, на якой падавалася заява.

Цэнтралізаванае тэсціраванне стартуе 14 чэрвеня з беларускай мовы. Самымі масавымі выпрабаваннямі традыцыйна будуць ЦТ па матэматыцы і рускай мове.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА, Ганы ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

Што губляюць работнік і дзяржава?

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.