Аб’ектам капітальнага рамонту і рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу «Хатынь» прысвоены статус Усебеларускай маладзёжнай будоўлі. Адпаведны ўказ нумар 176 падпісаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
Аб’яднацца дзеля добрай справы змогуць юнакі і дзяўчаты ва ўзросце ад 14 да 31 года, у тым ліку ў складзе студэнцкіх атрадаў. Усебеларуская маладзёжная будоўля і яе грамадзяска-патрыятычная ідэя павысіць сацыяльную актыўнасць моладзі, будзе садзейнічаць папулярызацыі і развіццю студатрадаўскага руху.
У студзені 2022 году падчас звароту Прэзідэнта з Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу прадстаўнікі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі звярнуліся да кіраўніка дзяржавы з ініцыятывай надаць аб’ектам у «Хатыні» статус Усебеларускай маладзёжнай будоўлі. Тады першы сакратар ЦК БРСМ Аляксандр Лук’янаў падкрэсліў, што такія аб’екты павінны ўзводзіцца рукамі маладых людзей.
Пабудаваць музей на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу і правесці рэстаўрацыйныя работы Аляксандр Лукашэнка даручыў у сціслыя тэрміны — да 80-годдзя Хатынскай трагедыі. У мемарыяльным комплексе распрацаваны план рэстаўрацыі помнікаў, рамонту падсветкі і гукавога афармлення мемарыяла. Плануецца, што новы будынак музея будзе аднапавярховым, плошчай 1 тыс. кв.м, з шасцю выставачнымі заламі.
Другі сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Аляксандр Прохараў адзначыў, што наданне рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу «Хатынь» статусу Усебеларускай маладзёжнай будоўлі стане дадатковай магчымасцю для маладых людзей унесці асабісты ўклад у захаванне гістарычнай памяці.
«Дзяржаўны мемарыяльны комплекс „Хатынь“ — гэта асаблівы гістарычны аб’ект для кожнага беларуса. У Год гістарычнай памяці маладым грамадзянам краіны важна мець дачыненне і непасрэдна прыняць удзел у патрыятычным праекце па рэканструкцыі святыні. Гэта стане чарговым выразным сігналам як унутры нашага грамадства, так і на знешнім контуры аб тым, што наша моладзь не будзе перапісваць гісторыю, каб дагадзіць камусьці, сігналам аб тым, што мы, беларусы, ніколі не будзем прымаць варварскіх законаў аб зносе помнікаў воінам-вызваліцелям, як гэта робіцца ў сеймах, радах і парламентах краін калектыўнага Захаду, а будзем беражліва захоўваць памяць аб Вялікай Перамозе і яе героях», — падкрэсліў ён.
Аляксандр Прохараў расказаў, што ужо пачаўся адбор найлепшых юнакоў і дзяўчат, фарміруюцца студэнцкія атрады для работы ў «Хатыні».
Традыцыя правядзення маладзёжных будоўляў у Беларусі налічвае некалькі дзесяцігоддзяў. Новы імпульс яна атрымала ў 2005 годзе дзякуючы рашэнню Прэзідэнта падтрымаць адраджэнне і развіццё ў краіне студэнцкіх атрадаў. Маладыя людзі дапамагалі ўзводзіць і рэканструіраваць шэраг значных славутасцей, прамысловых і сацыяльных аб’ектаў.
Валерыя СЦЯЦКО
Фота Анатоля КЛЕШЧУКА
Панядзелак для Львоў — спрыяльны дзень для творчасці і новых ідэй.