Вы тут

Дзеля міру і спакою. Савет Рэспублікі адобрыў шэраг важных законапраектаў


На пасяджэнні восьмай сесіі Савета Рэспублікі быў адобраны шэраг законапраектаў. Прынятыя дакументы закранулі розныя сферы. Але яны выконваюць адну задачу – удасканальваюць заканадаўчую базу і гарманізуюць працу кожнай галіны. Расказваем, з якімі абноўленымі законамі цяпер трэба будзе працаваць.


Сенатары адобрылі законапраект Рэспублікі Беларусь «Аб змяненні Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь». Гэты законапраект карэкціруе падыход да прымянення выключнай меры пакарання — смяротнага.

«Прадугледжваецца, што пакаранне смерцю за падрыхтоўку да злачынства і замах на злачынства не назначаецца. Але гэта не тычыцца злачынстваў, спалучаных з гібеллю людзей. Маюцца на ўвазе замах на ўчыненне забойства прадстаўніка замежнай дзяржавы або міжнароднай арганізацыі ў мэтах правакацыі міжнародных ускладненняў або вайны, замах на ўчыненне акта міжнароднага тэрарызму або акта тэрарызму з прымяненнем аб’ектаў атамнай энергіі, з выкарыстаннем радыеактыўных рэчываў або ядзерных матэрыялаў, хімічных або біялагічных рэчываў, замах на ўчыненне забойства дзяржаўнага або грамадскага дзеяча ў сувязі з яго дзяржаўнай або грамадскай дзейнасцю ў мэтах аказання ўздзеяння на прыняцце рашэнняў органамі ўлады, запалохванні насельніцтва, дэстабілізацыі грамадскага парадку», — расказаў журналістам старшыня Пастаяннай камісіі па заканадаўству і дзяржаўнаму будаўніцтву Сяргей Сівец. Сенатар падкрэсліў, што ў гісторыі чалавецтва ёсць шмат прыкладаў, калі акты тэрарызму былі прычынай ўзнікнення глабальных ваенных канфліктаў.

Члены Савета Рэспублікі таксама адобрылі законапраект аб змяненні закона Рэспублікі Беларусь «Аб асновах сістэмы прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх». Старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Рачкоў расказаў, што ў  дакуменце замацоўваецца прынцып уліку найлепшых інтарэсаў дзіцяці пры прыняцці рашэнняў адносна непаўналетніх. Пяты артыкул гэтага закона дапаўняецца палажэннем, якое прадугледжвае індывідуальную прафілактычную работу з непаўналетнімі, адносна якіх прыменены папярэджанні або меры выхаваўчага ўздзеяння. У артыкул 13 уносяцца змяненні, якія закранаюць вызначэнне пераліку адміністрацыйных правапарушэнняў, пры выкананні якіх з непаўналетнімі праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа.

Адобраны законапраект «Аб змяненні законаў па пытаннях дзейнасці ўнутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў». Сяргей Рачкоў падкрэсліў, што гэты законапраект карэкціруе две законы «Аб унутраных войсках Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь» і «Аб барацьбе з тэрарызмам». «Пашыраюцца задачы ўнутраных войскаў за кошт іх удзелу ў ахове грамадскага парадку, забеспячэнні прававога рэжыму ў зоне правядзення контртэрарыстычнай аперацыі, бяспецы ахоўных асоб і ахоўных аб’ектаў, а таксама ў мерапрыемствах па ўзмацненню аховы Дзяржаўнай граніцы. Міністэрства ўнутраных спраў надзяляецца паўнамоцтвамі па вызначэнні парадку адбору грамадзян, якія прызываюцца ва ўнутраныя войскі і ваеннаслужачых тэрміновай ваеннай службы ўнутраных войскаў для праходжання службы ў органах унутраных спраў», — расказаў ён.

Некаторыя адобраныя сенатарамі законапраекты тычацца міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва. Гэта законапраект «Аб ратыфікацыі Пагаднення аб сумесным матэрыяльна-тэхнічным і медыцынскім забеспячэнні Войск (Калектыўных сіл) Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы і законапраект «Аб ратыфікацыі Пагаднення па пытаннях юрысдыкцыі і аказання прававой дапамогі па справах, звязаных з часовым знаходжаннем фарміраванняў сіл і сродкаў сістэмы калектыўнай бяспекі на тэрыторыях дзяржаў — членаў Арганізацыі».

Члены Савета Рэспублікі адобрылі законапраект аб ратыфікацыі пагаднення паміж урадам Рэспублікі Беларусь і ўрадам Расійскай Федэрацыі аб супрацоўніцтве ў галіне перавозкі ядзерных рэчываў. Гэтае пагадненне неабходнае для ўрэгулявання актуальных пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва ў галіне транспарціроўкі свежага ядзернага паліва Беларускай атамнай электрастанцыі, адпрацаванага ядзернага паліва ад АЭС і прадуктаў перапрацоўкі адпрацаванага ядзернага паліва. А таксама — для выканання міжнародных абавязацельстваў Рэспублікі Беларусь па фізічнай абароне ядзернага матэрыялу.

Узнагароды знайшлі герояў

Пасяджэнне восьмай сесіі скончылася на прыемнай ноце. Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергеенка па даручэнні кіраўніка дзяржавы ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды старшыні Савета Рэспубліцы Наталлі Качанавай і некаторым сенатарам за плённую працу па падрыхтоўцы і правядзенні Канстытуцыйнага рэферэндуму.

«Абмеркаванне праекта Канстытуцыі атрымалася сапраўды ўсенародным. Напэўна, упершыню за гісторыю суверэннай Беларусі такое маштабнае мерапрыемства мы правялі. Сёння відавочна, што ў цэлым мерапрыемства прайшло арганізавана, масава. Людзі з цікавасцю ішлі на выбарчыя ўчасткі і выказвалі сваю волю», — падкрэсліў Ігар Сергеенка.

Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава за шматгадовую плённую работу, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у дзяржаўнае будаўніцтва, актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці удастоена Падзякі Прэзідэнта. Старшыня Пастаяннай камісіі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Сяргей Сівец узнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі». Ганаровай граматай Адміністрацыі Прэзідэнта ўзнагароджаны старшыня Пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Таццяна Рунец, старшыня Пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Міхаіл Русы і начальнік інфармацыйна-аналітычнага ўпраўлення Сакратарыята Савета Рэспублікі Кацярына Рэчыц.

Мы павінны памятаць гэты подзвіг

Старшыня Савета Рэспублікі Наталя Качанава акцэнтавала ўвагу, што пасяджэнне прайшло напярэдадні вялікага свята — Дня Перамогі. «Гэта сапраўды ўсенароднае свята і ў Год гістарычнай памяці яно набывае асаблівае значэнне. Чым далей мы адыходзім ад гэтага дня, тым больш яркім ён становіцца для нас, а ў нашых сэрцах знаходзіць усё большы водгук на тую страшную трагедыю, якая адбылася на нашай зямлі. І абсалютна правамерна Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка сказаў аб тым, што наша Беларусь — гэта помнік той вялікай вайне. Светлая памяць аб тых людзях, якія абаранілі свабоду і незалежнасць нашай краіны, захаваецца ў нашых сэрцах. Няма нічога больш важнага для кожнага чалавека ў гэтым жыцці, чым мір і спакой», — падкрэсліла яна.

Адразу пасля пасяджэння члены Савета Рэспублікі адправіліся да Мемарыяльнага комплексу «Масюкоўшчына», каб у рамках рэспубліканскай акцыі «Беларусь памятае» ускласці кветкі да помніку ахвярам вайны. Мемарыял створаны на месцы, дзе знаходзіўся лагер «Шталаг-352», створаны немцамі ў ліпені 1941 года. У брацкіх магілах тут пахавана каля 80 тысяч чалавек. Наталля Качанава падкрэсліла, што ў сучасным свеце немагчыма не ўсведамляць, што зрабіла старэйшае пакаленне для нас, абараніўшы свабоду і незалежнасць нашай краіны, што значыць мір для кожнага чалавека.

«Нізкі паклон усім тым, хто сёння разам з намі, нізкі паклон тым, хто склаў галовы за незалежнасць нашай краіны. Мы павінны памятаць гэты подзвіг. І мы будзем памятаць. Наш святы абавязак — перадаваць памяць з пакалення ў пакаленне. Вельмі сімвалічна, што на такіх мерапрыемствах заўсёды з намі моладзь — Маладзёжны парламент, хлопцы-сувораўцы. Разам мы зробім усё для таго, каб не дапусціць тых страшных падзеяў, якія былі на нашай зямлі», — адзначыла яна.

У тэму

У маі Урад адкажа на пытанні парламентарыяў

Падчас пасяджэння восьмай сесіі Савета Рэспублікі Наталля Качанава паведаміла, што ў маі ў Авальнай зале ўрад адкажа на пытанні парламентарыяў. У адпаведнасці з арт.103 Канстытуцыі адно з пасяджэнняў сесіі для дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі вызначана для адказаў на пытанні ўрада. Спікер падкрэсліла, што для парламентарыяў гэта ўнікальная магчымасць агучыць тыя пытанні, якія хвалююць, у тым ліку грамадзян на месцах.

«Вы ведаеце, што ва ўрадзе створаны і працуе аператыўна-сітуацыйны штаб, дзе разглядаюцца ўсе пытанні з улікам санкцыйнага ціску на нашу краіну і вельмі аператыўна прымаюцца рашэнні. Мы праводзілі нядаўна сумесны прыём па асабістых пытаннях у Магілёўскай вобласці, потым падводзілі вынікі. Мы бачым, што да нас звяртаюцца кіраўнікі прадпрыемстваў розных форм уласнасці ў пытаннях аказання садзейнічання ў вырашэнні тых ці іншых пытанняў. Таму ў вас ёсць унікальная магчымасць або ў пісьмовым выглядзе, або непасрэдна ў Авальнай зале задаць свае пытанні ўраду», — звярнулася Наталля Качанава да сваіх калег.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.