Жадаючыя пазнаёміцца са спробамі маладых мастакоў да 13 мая могуць наведаць ужо традыцыйны для Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў «Рэктарскі прагляд». Гэта экспазіцыя твораў студэнтаў мастацкага факультэта і факультэта дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў выставачнай зале «KODEX» (вул. Сурганава 14а, 4 паверх).
Рэктарскі прагляд — традыцыйны другі этап галоўнага экзамену па асноўных спецыяльнасцях у мастацкіх ВНУ пры ўдзеле рэктара (прарэктара), які ажыццяўляецца два разы ў навучальным годзе, па выніках зімовай і летняй сесій. На праглядзе, які адбываецца ў фармаце дэманстрацыі выкананых — згодна з адукацыйнымі праграмамі — студэнцкіх твораў у навучальных памяшканнях БДАМ, камісіяй вызначаецца ўзровень дасягненняў кожнага студэнта на абраным шляху.
Звычайна такая выстаўка закранае ўсіх студэнтаў мастацкага факультэта, экспануецца толькі ў вучэбных аўдыторыях (майстэрнях) і працягваецца два дні. Чарговы раз найлепшыя творы па выніках экзаменацыйных праглядаў былі сфарміраваны ў экспазіцыю і пададзены ў прафесійнай выставачнай прасторы. Каардынатарам выступіла Ганна Конанава, прарэктар па вучэбнай рабоце, кандыдат мастацтвазнаўства.
Так, экспазіцыю склалі некалькі дзясяткаў работ, у аснове — жывапіс і графіка, хапае твораў з дрэва і шкла. Некалькі слоў пра найбольш запамінальныя кампазіцыі... А гэта ярка-метафарычная «Лірыка» (2022) Юліі Ураблеўскай, рэалістычнае «Жыццё ў горадзе» (2021) Ганны Раманенкі, манахромны «Пейзаж» (2022) Аліны Парфяновіч, мяккі «Нацюрморт» (2021) Марты Шчэрбіч... Перагукаюцца з традыцыяй многія работы, у тым ліку «Горад» (2021) Карыны Леонавай. На карціне глядач нібы стаіць па-за героем, робіцца выпадковым ці вымушаным — тут як каму падабаецца — суразмоўцам. Асаблівай таямніцы назіральнік не спазнае, наяўны герой, твар якога мы не бачым, углядаецца ў гарадскі краявід. Мяркуючы па вокнах, персанаж знаходзіцца далёка не ў новабудоўлі, аднак разглядае такія, хутчэй за ўсё, мінскія. Тэмы прыроды (герой, магчыма, звык любавацца небам, якое цепер засланяе будоўля) і горада, канфлікту новага і старога, узаемаадносін дзеяння і назірання, відаць, працягваюць хваляваць мастакоў не толькі сталых, але і маладых.
Вылучаюцца ў шэрагу іншых — найперш лаканічнасцю і ледзь адчувальнай незавершанасцю, якая ідзе на карысць, — і скульптуры «Сірын» (2022) Ксеніі Лукерчык і «Катасмоўжык» (2022) Фёдара Каштанава. Другі, што цікава, выкананы з мармуру.
Сапраўднае ўпрыгажэнне выстаўкі — вучэбныя работы (акварэлі 2021 года) Марыі Сыракваш з выявамі Мінска, які добра пазнаецца, бо аўтар часта звяртаецца да знакамітых помнікаў архітэктуры; эксперыменты Анастасіі Чадзій, а яна стварае вельмі цікавыя кампазіцыі, выкарыстоўваючы ляўкас, смальту, алей, эпаксідную смалу; своеасаблівая «дарожная» серыя (2021) Багдана Эйсманта, даволі змрочная і ў нечым нежывая.
Праект «Рэктарскі прагляд» мае статус прафарыентацыйнага. Да агляду экспазіцыі запрашаюцца кіраўнікі, прадстаўнікі і навучэнцы школ, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў. Як адзначаюць арганізатары, прадугледжана магчымасць заказаць экскурсію для арганізаваных груп. Наведванне «Рэктарскага прагляду» — выключна па папярэднім запісе.
Яўгенія ШЫЦЬКА
«Абавязак кожнага беларуса — прагаласаваць за сваю будучыню».
Новая гісторыя гістарычнага факультэта.
Мы змаглі пераадолець наступствы заходняга санкцыйнага ціску.
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.