Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Таццяна Рунец падкрэсліла, што павышаная ўвага да цэнаўтварэння не можа быць лішняй. Паводле яе слоў, важна з выкарыстаннем усіх даступных інструментаў і каналаў атрымання інфармацыі аператыўна ліквідаваць парушэнні ў фарміраванні цэн на сацыяльна значную групу тавараў і гэтак жа аператыўна ўстараняць недахопы. Бо галоўная мэта — не дапусціць неабгрунтаванага росту цэн і захаваць пакупніцкую здольнасць грамадзян.
«Безумоўна, мы жывём не ў ізаляваным свеце і ўплыў знешняга фактару на рост цэн немагчыма скінуць з рахунку. Разам з тым, у ланцужку «вытворца — пастаўшчык — прадавец — пакупнік» не павінна ўзнікаць спекуляцый. Жаданне падстрахавацца і закласці ў цэннік усе магчымыя рызыкі і песімістычныя прагнозы недапушчальнае. Цана павінна быць сумленнай і справядлівай. Менавіта на гэта накіраваны ўсе ўдзельнікі маніторынгу. Пры гэтым размова ідзе яшчэ і аб тым, каб неабходны пералік сацыяльна значных тавараў і лекавых сродкаў быў у наяўнасці не толькі ў буйных гарадах і пасёлках, але і ў аддаленых населеных пунктах. Людзі павінны адчуваць клопат дзяржавы аб іх інтарэсах», — заявіла Таццяна Рунец.
Сенатар таксама адзначыла, што па выніках праведзенага на мінулым тыдні маніторынгу цэн на аб'ектах гандлю і аптэчнай сеткі істотных адхіленняў сенатарскім корпусам не ўстаноўлена. Гэта сведчыць аб тым, што прадаўцы імкнуцца выконваць устаноўлены парадак цэнаўтварэння і ўлічваюць інтарэсы спажыўца.
Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Кацярына Серафіновіч расказала, што маніторынг цэн на прадукты харчавання і тавары першай неабходнасці ў гандлёвых сетках горада Ліды праводзіць рэгулярна. Дадзенае пытанне таксама знаходзіцца на кантролі ўпраўлення гандлю і паслуг Лідскага райвыканкама. Па яе словах, вельмі важна, каб статысячны горад быў забяспечаны якаснымі і запатрабаванымі таварамі па даступных цэнах. Але не менш важна, каб і ў сельскай мясцовасці людзі мелі магчымасць рабіць неабходныя пакупкі, не выязджаючы для гэтага ў горад. Таму чарговы рэйд па гандлёвых аб'ектах быў праведзены ў населеных пунктах Лідчыны — у аграгарадках Дзітва, Вавёрка, вёсцы Красноўцы.
«Адзначу, што для работнікаў гандлю ён прайшоў «знянацку», гэта значыць без папярэджання. І гэта дазволіла ўбачыць і ацаніць сітуацыю з забеспячэннем харчаваннем і іншымі таварамі такой, якая яна ёсць. У цэлым карціна парадавала: ва ўсіх магазінах, наведаных мной, былі ў наяўнасці малочныя і мясныя вырабы розных вытворцаў, крупы, мука, пладова-агароднінная прадукцыя — ад капусты, ранняй радыскі да мандарынаў і вінаграду. Прадаўцы расказвалі аб тым, што асаблівым попытам карыстаецца прадукцыя мясцовых вытворцаў — на ўра ідуць лідскія малочная прадукцыя, мука, спецыі і паўфабрыкаты, — расказала Кацярына Серафіновіч.
Па яе словах, у некаторай ступені развіццю гандлю садзейнічае і тое, што ў сельскіх населеных пунктах ёсць гандлёвыя пункты розных уласнікаў. На гэтым маніторынг цэн у сельскай мясцовасці не заканчваецца.
Валерыя СЦЯЦКО
Рамонт катлоў, замена сетак і запас паліва
Навошта навукоўцы вывучаюць трапічныя культуры?
Трэба нагадаць пра негатыўны ўплыў аўтамабіляў на навакольнае асяроддзе.