Вы тут

У Латвіі забаранілі святкаваць Дзень Перамогі. Меркаванне экспертаў


Улады гэтай прыбалтыйскай краіны аб'явілі 9 Мая днём памяці ахвяр ва Украіне і забаранілі ўсе ўрачыстасці. Законапраект, зацверджаны парламентам Латвіі ў тэрміновым парадку, прадугледжвае, што ў гэты дзень цяпер забараняецца праводзіць масавыя забавы і святочныя мерапрыемствы. Акрамя таго, 8 і 9 мая нельга будзе запускаць салюты.


Нягледзячы на тое, што пасля распаду Савецкага Саюза ў Латвіі штогод па гарадскіх вуліцах маршыравалі нацысты, або, як яны сябе называюць, ветэраны латвійскага легіёна СС, публічна разбураліся помнікі, якія ўвекавечвалі памяць савецкіх салдат, што вызвалілі Еўропу ад фашызму, кожнае 9 Мая каля абеліскаў у Рызе, Пардаўгаве і іншых латышскіх гарадах збіраліся мясцовыя жыхары. Прыходзілі, здалёк ехалі да помнікаў, каб ушанаваць памяць сваіх продкаў, якія загінулі падчас Другой сусветнай вайны. Схілялі галовы, ускладвалі кветкі — з удзячнасцю да тых, хто пазбавіў іх жудаснага рэжыму акупантаў, іх зверстваў і здзекаў.

Цяпер жа людзей, для якіх Дзень Перамогі меў важнае значэнне, пазбавілі гэтай магчымасці. Афіцыйныя ўлады не проста адабралі ў грамадзян свята. Латвійскі парламент адным дакументам перапісаў усю гісторыю Другой сусветнай вайны, рэабілітаваў нацыстаў і іх памагатых, апраўдаў нацызм.

Карэспандэнты «Звязды» распыталі, што на гэты конт думаюць у нашай краіне, у якой Дзень Перамогі з'яўляецца адным з найважнейшых дзяржаўных свят, дзе ўсё, што звязана з Вялікай Айчыннай вайной і памяццю аб мінулых падзеях, — святое і недатыкальнае.

Мікалай Шчокін, загадчык аддзела сацыялогіі дзяржаўнага кіравання Інстытута сацыялогіі НАН, кандыдат філасофскіх навук:

— Забарона латвійскім урадам святкавання 9 Мая з'яўляецца верхам цынізму і блюзнерствам у адносінах да гістарычнай памяці і праўды аб гераічным мінулым нашых дзядоў. Латвія раскрыла сваю нацысцкую сутнасць і паказала поўную адсутнасць самастойнасці ў сваім выбары. Беларускі народ ведае высокую і жахлівую цану, якую ён заплаціў у Вялікай Айчыннай вайне. Таму наша краіна выступае супраць нацызацыі ідэнтычнасці еўрапейскага народа. Учынкі латвійскага ўрада і некаторых заходнееўрапейскіх краін гавораць аб тым, што, на жаль, карані нацызму да канца не былі знішчаны і што цяпер робяцца ўзмоцненыя спробы перапісаць гісторыю. Беларускі народ абураны гэтай падзеяй, тым самым падкрэсліваючы салідарнасць з тымі, хто 9 мая абараніў нашу незалежнасць, права быць свабоднымі і вырашаць самім, як жыць на нашай зямлі.

Заходнееўрапейскія краіны заўсёды падтрымлівалі нацызм. Гэты законапраект — своеасаблівая помста фашысцкай дэмакратыі Захаду нам, славянам, за тое, што мы знішчылі трэці рэйх. Нацысты цяпер зноў паднялі галаву. Гаворка ідзе аб тым, што яны імкнуцца сваю віну нівеліраваць. Таму аб'явілі 8 мая днём прымірэння. Але пытанне — прымірэння з кім? З фашыстамі? Вось гэта і ёсць перапісванне гісторыі, каб у нас не было магчымасці ўспамінаць аб тым, як яны забівалі нашых продкаў мільёнамі і спрабавалі нас у прынцыпе знішчыць. Нацызм — гэта вельмі «добры» інструмент для правядзення генацыду цэлых народаў і нацый. Што цяпер і робяць з Украінай. У іх не атрымалася падчас Другой сусветнай вайны знішчыць славянства, цяпер жа дзейнічаюць гібрыдным метадам, але зноў іх інструментам і метадам з'яўляецца нацызм.

Фота: БелТА

Ігар Марзалюк, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па адукацыі, культуры і навуцы:

— Мне цікава, калі ўлады Латвіі ўвядуць дзень памяці ахвяр грамадзян Рэспублікі Беларусь, выразаных іх звярынымі батальёнамі ў працэсе аперацыі «Зімовае чараўніцтва» 1943 года, калі яны стварылі 40-кіламетровую зону смерці на тэрыторыі Віцебшчыны і калі гандлявалі беларускімі дзецьмі ў Рызе, прасіўшы за іх па 10 марак? Калі яны гэта ўспомняць?! Калі мярзотнікі, якія займаліся генацыдам беларускага народа на нашай тэрыторыі, пакаюцца і папросяць прабачэння за знішчаныя вёскі, усіх забітых, закатаваных беларускіх дзяцей у канцлагеры «Саласпілс»? Гэта нейкі тэатр абсурду. Дзень Перамогі над фашысцкай Германіяй ніякім чынам не можа быць звязаны з днём памяці ахвяр ва Украіне. Тут адсутнічае фармальная логіка. На 9 мая ва Украіне нікога не знішчалі. Лепш бы яны ўвялі дзень памяці і пакаяння латышскіх калабарацыяністаў, якіх яны лічаць героямі, і папрасілі прабачэння за генацыд супраць беларускага народа, здзейснены на нашай Віцебшчыне.

Вячаслаў Селяменеў, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела публікацый Нацыянальнага архіва, кандыдат гістарычных навук:

— Такое рашэнне латвійскага парламента заканамернае. Да ўлады ў Латвіі прыйшлі ў асноўным выхадцы з эмігранцкіх колаў. Многія з гэтых людзей, відавочна, выхоўваліся на Захадзе, скончылі там навучальныя ўстановы, таму з самага пачатку прыходу да ўлады яны прасякнуты антысавецкім духам. Усё, што было зроблена ў савецкай Латвіі, знішчылі. Дастаткова прывесці ў прыклад Музей латышскіх чырвоных стралкоў, які пераўтварылі ў Музей латышскай СС. Пасля распаду Савецкага Саюза мы не звярталі ўвагі на палітычныя працэсы, якія адбываліся ў Латвіі. Вось што ў выніку атрымалі. Тое, што адбылося, — не першы факт антысавецкай праявы. Падчас праекта «Аб павышэнні статусу выратаваных жыхароў спаленых вёсак» мы сутыкнуліся з тым, што пасля правядзення карнай аперацыі «Зімняе чараўніцтва» на тэрыторыі цяперашняга Верхнядзвінскага раёна (у гады вайны гэта быў Асвейскі і Дрысенскі раёны) карнікі сагналі на прымусовыя работы, у тым ліку ў Латвію, звыш сямі тысяч чалавек. Некаторыя трапілі ў канцлагер «Саласпілс». Улічваючы, што пасля вайны Асвейскі раён поўнасцю быў разбураны (гэта была пустыня), многія засталіся жыць у Латвіі. Пасля распаду Савецкага Саюза ў Латвіі прынялі закон, па якім некарэннае насельніцтва было пазбаўлена грамадзянства. Людзі пацярпелі ў гады вайны, а пасля іх чакаў яшчэ адзін удар. Але ніхто не звярнуў на гэта ўвагі.

Анатоль Баяшоў, эксперт Цэнтра міжнародных даследаванняў факультэта міжнародных адносін БДУ:

— На мой погляд, гэтая ініцыятыва парламента Латвіі звязана з 30-гадовым ушанаваннем легіянераў «Вафен-СС» (латышскі добраахвотніцкі легіён СС. — Заўв. аўт.) латышскімі дзяржаўнымі органамі. Гэты законапраект ідзе каранямі ў мінулае. Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны базу для латышскай дыяспары ў заходніх краінах сфарміравалі калабарацыяністы і іх нашчадкі, якія пасля развалу Савецкага Саюза вярнуліся на тэрыторыю так званай незалежнай Латвіі. І тое, што яны сёння забараняюць святкаванне Дня Перамогі, — крок чаканы. Справа яшчэ і ў тым, што з пачаткам канфлікту на Украіне ў 2014—2015 гадах Латвія заняла пазіцыю радыкалаў, якія выступалі супраць рэспублік Данбаса. Таму прыняцце гэтага законапраекта ў Латвіі — крок у бок радыкалізацыі сітуацыі ў рэгіёне і метад ціску на латышоў, якія яшчэ памятаюць унёсак Латвіі ў перамогу над фашызмам.

Праблема ў тым, што Латвія зрабіла стаўку на перапісванне гісторыі. Мы ў Беларусі фіксуем генацыд беларусаў, вядзём навуковую працу па падліку ўсіх зверстваў фашысцкай Германіі падчас Вялікай Айчыннай вайны. А Латвія абрала пазіцыю замоўчвання фактаў. І тое, што да іх ініцыятывы па перапісванні гісторыі далучаецца радыкалізацыя ўкраінскага канфлікту сведчыць аб тым, што для аўтараў гэтага законапраекта аб'ектыўныя факты і гістарычная рэчаіснасць не з'яўляюцца ніякімі паказчыкамі. І ў дадатак да ўсяго адбываецца аб'яднанне транснацыянальных радыкальных груп, аж да неанацысцкіх. Гэты працэс ідзе ў Прыбалтыцы, у прыватнасці ў Латвіі, і ва Украіне. Спробы аб'яднаць гэтыя групы і стварыць з іх альтэрнатыўную ўладу ў постсавецкіх краінах былі заўсёды. І сёння праблема ў тым, што радыкалізацыя сітуацыі ў нашым регіёне дазваляе гэтым групам зноў аб'яднацца супраць альтэрнатыўных пунктаў погляду. Дадзены законапраект будзе адмяняць усё, што звязана з Днём Перамогі ў Латвіі, унёсак гэтай краіны ў Вялікую Перамогу — такая тактычная задача. А стратэгічная — перапісванне гісторыі і аб'яднанне радыкальных груп.

Вераніка КАНЮТА

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Культура

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Юная артыстка, якая арганічна падае сябе ў розных вобразах і жанрах. 

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.