Вы тут

Якое месца займае бусел у беларускай традыцыйнай духоўнай культуры


Архаічныя ў сваёй аснове сімвалы і коды, рэтранслюючы ператвораны ў каштоўнасныя ідэалы сацыяльна-культурны досвед, прад’яўляюць кожнаму пакаленню імператывы дзейнасці, спосабы асэнсавання, узнаўлення рэчаіснасці, крытэрыі яе ацэнкі. І такім чынам уздзейнічаюць на сучаснае і будучае гэтай рэчаіснасці. Адсюль — абвастрэнне навуковай і грамадскай цікавасці да механізмаў і сродкаў (разгалінаванай сістэмы кодаў) мадэліравання і рэтрансляцыі жыццёва важных, правераных часам сэнсаў і самабытных формаў беларускай традыцыйнай духоўнай культуры.


Бусел — адзін з самых частотных вобразаў арніталагічнага кода беларускай традыцыйнай духоўнай культуры. У народнай трактоўцы бусел (бацян, буцáн, бáська) — «святая», «божая», «добрая», «найлепшая», а таму вельмі шанаваная птушка. Паходжанне і іншыя асаблівасці бусла звязваюцца з чалавекам: бусел узнік ад мужчыны, бусліха — ад жанчыны, ці буслы з’явіліся ад чалавека пэўнага полу (часцей мужчыны). Паводле беларускіх легендаў, тыпалагічна блiзкiх да класiчнага мiфа пра гаршчок Пандоры, у якім былі схаваны абстрактныя паняццi: няшчасцi, хваробы, людскiя звады і iнш. (Т. Валодзіна, Л. Салавей // Міфалогія беларусаў: энцыклапедычны слоўнік. Мінск, 2011. С. 56—57), Бог даў чалавеку мех або два мяхі (ці гаршчок) з гадамі, забараніў туды зазіраць і загадаў ісці на край свету, не азіраючыся, і выкінуць усё ў мора (ці раку, возера, балота, яму, прорву, пекла, агонь). Але цікаўны чалавек (апостал) парушыў забарону (ці яму цяжка было несці мех, гады яго кусалі), у выніку чаго гады распаўсюдзіліся па зямлі. Бог пакараў непаслухмянага (цікаўнага, нявытрыманага, баязлівага) чалавека тым, што ператварыў яго ў бусла, які павінен ачышчаць зямлю ад змей, вужоў, жаб, насякомых.

Матывы паходжання бусла звычайна ўлучаныя ў тэксты «народнай Бібліі». Вядомыя на сённяшні дзень легенды тлумачаць паходжанне бусла з апосталаў Іаана (у Слуцкім і Мазырскім паветах — Антона); знахара; першых людзей Адама і Евы; мужчыны і жанчыны (мужа і жонкі), якія збіралі па загадзе Бога жывёлу ў каўчэг Ноя; мужчыны ці жанчыны (бабы); добрага даверлівага чалавека (яго спакушальнік стаў катом); шляхціца; мужыка; праклятага маткай сына; душы чалавека.

У легенды пра паходжанне бусла можа пранікаць матыў процістаяння Бога і чорта, падмовы чалавека чортам — уладаром усялякай поскудзі. Паводле сучасных фіксацый, «спакушальнікам» можа лічыцца як д’ябал, так і чалавек. Метамарфоза чалавека ў птушку выступае формай кары чалавека за асабісты грэх у многіх сюжэтах. Так, у Ваўкавыскім павеце бусел — гэта, паводле паходжання, чалавек, які лякаў Бога з-пад моста, у Полацкім павеце — гаспадар, які карміў работнікаў жабамі. У Гродзенскай губерні буслы — душы людзей, якія пакутуюць за свае грахі (Гура А. «Символика животных в славянской народной традиции». Москва, 1997. С. 648—649). Цікава, што Бог можа пакідаць шанец чалавеку, ператворанаму ў бусла, вярнуць свой чалавечы выгляд пры ўмове, што вінаваты ліквідуе наступствы свайго граху — збярэ ўсіх гадаў.

Натуральна, што бусел, які паходзіць ад чалавека, мае ўласнае імя: «Зовуть — бусько, дэколы — бусёк. А чясом по йменню зовуть — то Йван, Іван» (Климчук Ф. Духовная культура полесского села Симоновичи // «Славянский и балканский фольклор. Этнолингвистическое изучение Полесья». Москва, 1995. С. 370). У лакальных версіях імя чалавека, які быў ператвораны ў бусла, вар’іруецца. Звычайна за птушкай надалей замацоўваецца гэтае імя: Іван, Васіль, Рыгор, Яша, Сцяпан, Адам, Кузьма, Якім, Якуб(а), Мікіта, Сімон, Герасім, Антон.

Спецыфіка паводзінаў і знешняга выгляду буслоў часта выводзіцца з роднасці з чалавекам, «адчалавечага» паходжання. Так, лічаць, што буслы маюць душу, клякочуць, як галосіць і ўзносіць да неба малітвы пра пакаянне грэшнік, належаць да хрысціянскай веры (Гура А. С. 650), жывуць каля людзей.

Буслы збіраюцца разам і спраўляюць вяселлі. Кожная сямейная пара манагамная, неразлучная, прывязаная да дзяцей; у выпадку смерці аднаго з пары другі па сваёй волі ідзе на смерць услед за ім. Калі буслы адлятаюць у вырай, то пакідаюць слабых птушак і тых, якія засталіся без пары. А калі яны вяртаюцца і бачаць, што такая птушка перазімавала, забіваюць (Тамсама, с. 650).

Утварэнне буслінай пары апісваецца ў тэрмінах «жаніцьбы навекі»: «Есьлі бацяніха прападзе, бацян далей ужо не ажэніцца. Ён ужо не нойдзе сабе. У нас за лета забіла провад бацяна. Мусі, бацяніцу забіла, жонку гэту. А ён гады тры ляціць на гэнае мейсца і сядзіць. Усе бацяны маюць гняздо, а ён прыляціць да нашай цёткі там і сядзіць, і сядзіць, і сядзіць. І тады ходзя па сенажаці. Адзін, як аблудны. І бацяніца не найдзе пары» («Традыцыйная культура беларусаў». У 6 т. Т. 3: Гродзенскае Панямонне. У 2 кн., кн 2. Мінск, 2006. С. 530). Бусел можа пакончыць сабой з рэўнасці, з роспачы з-за разбуранага гнязда, знішчаных яек, пагібелі партнёра... Самку, якую буслы западозрылі ў шлюбнай здрадзе, судзяць публічна і забіваюць, што таксама сведчыць аб псіхічнай персаніфікацыі, звязанай з уяўленнямі пра паходжанне бусла ад чалавека.

Асабліва цікавыя легенды, у якіх ёсць указанне на тое, што бусліная чарада мае важака, і маркіраваны ён адметным колерам — чорным. Падобныя ўяўленні пра іерархію ў бусліным свеце, вылучанасць менавіта чорнага бусла зафіксаваныя ў розных рэгіёнах Беларусі, у прыватнасці ў Брэсцкім Палессі.

З чалавечым паходжаннем бусла можа быць звязана прымеркаванасць яго прылёту да дня Аляксея чалавека Божага (17/30 сакавіка), у прыватнасці ў Цэнтральным Палессі. У гэтых уяўленнях, як і шматлікіх іншых, бусел збліжаецца з жоравам. У Ваўкавыскім павеце адлёт буслоў таксама тлумачыцца іх паходжаннем ад чалавека: калі снег пакрые зямлю, яны не змогуць збіраць свае пазногці, якія яны выкідвалі, калі былі людзьмі (Гура А. С. 657). На Піншчыне з адлётам буслоў звязваюць з’яўленне на небе Млечнага шляху — «буськовой дорогі» (Тамсама, с. 650).

Колеры афарбоўкі бусла адпавядаюць колерам традыцыйнага беларускага адзення. Паводле запісанага А. Сержпутоўскім тэксту, калі мужык, які павінен быў выкінуць гаршчок з гадамі, заснуў, яго жонка адкрыла пасудзіну, «а адтуль і выскачылі ўселякіе гадзюкі, яшчаркі й жабы. Спалохалася баба нарабіла крыку. Прахапіўся чалавек да так босы, у белай сарочцэ, толькі накінуўшы на плечы чорную світу, давай збіраць тую нечысь. Збіраў, збіраў — нічого не зробіць. Але ось прыходзіць Бог і кажэ тым людзям: “Вы выпусцілі гадаў, вы й збірайце іх”. І абернуў Бог тых людзей у буськоў. Ходзяць з тае пары па балоце босые, з чырвонымі нагамі, у белых сарочках і чорных світах буські да й збіраюць усякую нечысь. Ены й стараютца жыць бліжэ к сваім братом — людзям, знаюць, што іх, як братоў, людзі не будуць біць. От адкуль узеліса буслы» (Сержпутоўскі А. «Казкі і апавяданні беларусаў-палешукоў». Мінск, 1999. С. 49—50). Паводле іншых легендаў, чорна-белая афарбоўка бусла звязана з вопраткай шляхціча, у якога адна штаніна белая, а іншая — чорная, ці з торбай у чалавека за плячыма. У матывах паходжання бусла ад бабы згадваецца чорная спадніца і белая сарочка: У Мастоўскім раёне афарбоўка чорнага бусла ўспрымаецца як жалобнае ці манашаскае адзенне. Трактоўка белага і чорнага колераў можа звязвацца з дваістай прыродай бусла — чалавек, але грэшны перад Богам.

Чырвоная дзюба бусла можа ўспрымацца як знак таго, што яму стала брыдка, калі Бог пакараў яго за непаслухмянства. Паводле іншых легендаў, раззлаваны Бог можа пабіць вінаватага палкаю, адсцябаць яго прутам ці галавешчай, ад чаго ў бусла застаюцца чорныя плямы на крылах, чорныя спіна і хвост, а па нагах і носе цячэ кроў, таму дзюба і ногі птушкі чырвоныя. У сюжэтах пра Ноеў каўчэг чырвоны колер ног бусла асацыюецца з крывёй загінуўшых падчас патопу людзей (Традыцыйная культура беларусаў. У 6 т. Т. 6: Гомельскае Палессе і Падняпроўе. У 2 кн., кн. 2. Мінск, 2013. С. 544).

Стаўшы птушкай, бусел селiцца побач з чалавекам, на стрэхах хат, ходзіць за земляробамі па полі, спрыяе людзям. Паўсюдна на Беларусі лічыцца, што жылое гняздо бусла на даху дома з’яўляецца шчаслівай прыкметай. Калі ж буслы не вярнуліся на весну ў сваё гняздо, то на той сядзібе неўзабаве нехта памрэ (Жыцця адвечны лад. Беларускія народныя прыкметы і павер’і: у 3 кн. Кн. 2. Мінск, 1998. С. 234).

Лічыцца, што буслоўка ахоўвае хату ад маланкі і пажару ўвогуле, ад граду, спрыяе прыбытку ў гаспадарцы. Ад перуна раілася хавацца пад дрэва з буслянкай, бо ў такое дрэва нiколi не ўдарыць маланка. Калі буслы прадчуваюць, што ў хату трапіць маланка, адбудзецца пажар, то пакідаюць хату і пераносяць птушанят. Шкодзіць буслам, асабліва забiваць іх, ужываць у ежу — вялiкi грэх, карай за які можа быць хвароба, слепата, смерць вінаватага, яго дзяцей, немагчымасць працягу роду.

У аповедах пра бусліную помсту можа актуалізавацца матыў сувязі гэтых птушак з хтанічнымі водамі, гадамі. Так, лічаць, што пакрыўджаны бусел можа занячысцiць калодзеж, кiнуўшы ў яго гадзюку, ці нанасіць вужоў у хлеў.

Сувязь бусла з нябеснай сферай светабудовы ўскосна выявілася ў заклічках, скіраваных да гэтай птушкі з мэтай даведацца пра надвор’е. Дзятва, убачыўшы ў небе бусла, крычыць яму: «Бусел-калода, што заўтра будзе: дождж ці пагода?» Калі той працягвае палёт, нерухома разгарнуўшы крылы, значыць, будзе пагода, а калі бусел пачынае махаць крыламі, то трэба неўзабаве чакаць дажджу (Зямля стаіць пасярод свету… Беларускія народныя прыкметы і павер’і: у 3 кн. Кн. 1. Мінск, 1996. С. 204).

Пры першай сустрэчы з буслом, як і пры першым каванні зязюлі, рэкамендуецца мець пры сабе грошы. У Кобрынскім раёне грошы ў кішэні ў гэтым выпадку абяцаюць багацце, ключы — вялікі дастатак, а пустая кішэня — страту (Гура А. С. 652]. Пабачыць першага бусла ў палёце прадказвае шчасце, лёгкасць, хуткасць, здароўе, дабрабыт: «Як бачыш, бусел ляціць, то будзеш лёгка бегаць, а як сядзіць, угледзіш, то кепска» [5, с. 588].

З прыведзенымі ўяўленнямі пра важнасць першай у годзе сустрэчы чалавека з буслом, што прыляцеў, звязаны разнастайныя рытуальныя акты, скіраваныя на забеспячэнне ў наступным годзе здароўя, ураджаю, дабрабыту. Калі бачылі першага бусла, маглі прыгаворваць: «На ціхае лета, на буйнае жыта, а нам на здароўе».

Сакральны статус і медыятыўная функцыянальнасць бусла выяўляюцца і ў іншых кантэкстах. Адзначым, што ў шэрагу запісаў бусел згадваецца ў адным кантэкце з Богам, але не лічыцца птушкай святой, «боскай» у сэнсе знаходжання пад апекай і ўладай Бога. Можа сцвярджацца незалежнасць бусла ад Бога і забарона крыўдзіць гэтую «паганую» птушку з-за боязі помсты. Адмыслова трактуецца і прыпісаная буслу «атрутнасць» — з-за яе птушка шануецца як «свяшчэнная»: «Я Вам скажу, чого вын, [бусел], свяшчэнны. Мы ўсі боімос гадюкі. А вын своім усім ядом гадюку побэждае — бусэл. І вот вын называвса нэ такі. Вын вэльмы ядовіты. Вын кусаты ныкого нэ кусае, алэ ежэлы ўкусыть, то нэ будэ нікакого срэдства» (Традыцыйная мастацкая культура беларусаў. У 6 т. Т. 4. Брэсцкае Палессе. У 2 кн. Кн. 2. Мінск, 2009. С. 587).

Бусел у беларускай традыцыйнай духоўнай культуры звязаны з цэлым комплексам міфалагічных уяўленняў, эксплікаваных ці імпліцытна прадстаўленых у вербальных тэкстах розных жанраў (ад заклічак і клішаваных фальклорных параўнанняў да песень і народна-біблейскіх легендаў), у рытуальнай практыцы (дамінанта вясновай абраднасці — дарча-абменныя адносіны чалавека і бусла), у паўсядзёным сужыцці чалавека з бусламі. На фоне агульнай пазітыўнай трактоўкі бусла, які нібыта паходзіць ад чалавека, суаднесенасці птушкі з боскім пачаткам, нябеснымі стыхіямі, плоднасцю, дзетанараджэннем, дабрабытам, бяспекай, здароўем, вызначаецца і негатыўная семантыка гэтага арніталагічнага вобраза. У шэрагу тэкстаў малых жанраў, сатырычных песень прыпадабненне чалавека і бусла мае на мэце высмейванне першага, а сам бусел можа выяўляцца ў зняважлівым рэчышчы.

Іна ШВЕД, доктар філалагічных навук

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.