Вы тут

Мір і згоду зберагаем як каштоўнасць


На нядаўнім пасяджэнні калегіі апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў было падкрэслена: прыярытэтнымі напрамкамі дзяржаўнай палітыкі ў этнаканфесійнай сферы па-ранейшаму застаюцца падтрыманне ў грамадстве адносін талерантнасці ды ўзаемнай павагі, спыненне любых праяў дыскрымінацыі па рэлігійнай, нацыянальнай прыкметах і звязанай з імі нецярпімасці.


Актывісты беларускіх суполак замежжа на прыёме ва Упаўнаважанага Аляксандра Румака.  Лістапад 2021

Здавалася б, звычайныя палажэнні. Анічога новага? Ды на фоне русафобскіх настрояў у шэрагу краін Еўропы, ваеннай спецаперацыі Расіі ва Украіне, санкцый краін Захаду супраць Беларусі ды Расіі, на фоне глабальнай інфавайны супраць Беларусі такі дзяржаўны курс на стабільнасць, мір і згоду ў беларускім грамадстве — стратэгічна важны. Бо як няма згоды ў грамадстве, то знойдуцца й тыя, хто слабасцю такой абавязкова скарыстаецца. Ёсць сумненні? Пачытайце (ёсць у інтэрнэце) надзвычай актуальную і ў нашым часе кнігу «Третья мировая информационно-психологическая война», выдадзеную ў 1999 годзе. Дарэчы, адзін з яе аўтараў, вядомы расійскі вучоны Уладзімір Лісічкін, мае ў радаводзе і беларускія карані. Бо ён — унук святога Лукі Крымскага (Войны-Ясянецкага), род якога браўся ў сілу калісьці ў вёсцы Ясянец (цяпер — у Баранавіцкім раёне Брэстчыны).

Чытаем у кнізе: «В информационно-психологической войне, войне нового типа, используется канал непосредственного воздействия на общественное сознание, на души людей. Задача состоит в том, чтобы заставить массы действовать в нужном направлении даже против своих интересов, а в стане противника расколоть людей, заставить их встать друг против друга».

Раскалоць і ўстаць адзін супраць другога... Пэўна, тая варварская тэхналогія і была задзейнічана, прывяла ўрэшце да ўзброенага канфлікту ў братняй нам Украіне, які доўжыцца з 2014 года. Па сілавых моўных, этнаканфесійных лініях там удалося раскалоць, расхістаць грамадства да катастрафічных наступстваў. І цяпер звычныя словы «мір і згода» там важаць нават больш за золата: яны на вагу жыцця.

Але вернемся на калегію. На ёй падводзіліся вынікі работы дзяржорганаў па справах рэлігій і нацыянальнасцяў у 2021 годзе, ход рэалізацыі Праграмы развіцця канфесійнай сферы, нацыянальных адносін і супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой на 2021-25 гады. Акрэслены задачы на бягучы год. І дзякаваць Богу, што ў Беларусі няма экстрэмальных сітуацый ў этнаканфесійнай сферы, што вырашыць ўсё можна, як кажуць, у рабочым парадку. Адзначалася: ёсць згода і ўзаемадзеянне ў гэтай сферы мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў улады з рэлігійнымі арганізацыямі ды нацыянальна-культурнымі грамадскімі аб’яднаннямі. Пры тым дзяржава спрыяе, каб сацыяльна-значныя пытанні вырашаліся пры строгім выкананні Канстытуцыі Беларусі, заканадаўства аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях, меншасцях. А між тым «этнаканфесійная гаспадарка» ў нас немалая. Прыводзіліся факты: на 1 студзеня 2022 года зарэгістравана 25 канфесій і рэлігійных напрамкаў. Агульная колькасць рэлігійных арганізацый — 3582, з іх 3409 рэлігійных абшчын, 173 рэлігійныя арганізацыі, якія маюць агульнаканфесійнае значэнне. У іх ліку: 49 рэлігійных аб’яднанняў, 36 місій, 45 манастыроў, 16 брацтваў, 9 сястрыцтваў, 18 духоўных навучальных устаноў. Адзначым, што на тэрыторыі Беларусі цяпер дзейнічае 2829 культавых будынкаў усіх канфесій, яшчэ 201 узводзіцца.

Што да этнасуполак, то на 1 студзеня зарэгістраваны 205 грамадскіх аб’яднанняў ды іх аргструктур 25 нацыянальных супольнасцяў. Практычна ўсе аб’яднаннямі маюць ужо значны досвед статутнай дзейнасці: культурна-асветнай, адукацыйнай, інфармацыйнай, дабрачыннай.

На калегіі адзначалася: вельмі важна сёння інфармаваць грамадскасць пра тое, як рэалізуецца дзяржпалітыка Беларусі ў этнаканфесійнай сферы, пра намаганні дзяржавы на карысць умацавання міжнацыянальнага й міжканфесійнага міру і згоды ў краіне. Таму спрыяе і штогадовы Рэспубліканскі конкурс сярод журналістаў і СМІ на лепшае асвятленне пытанняў міжнацыянальных і міжканфесійных адносін, міжкультурнага дыялогу і супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой: апарат Упаўнаважанага праводзіць яго сумесна з Мінінфармацыі. Летась дыпломы, спецыяльныя прызы, пахвальныя граматы атрымалі 15 рэдакцый СМІ, 10 удзельнікаў. І, дарэчы, супрацоўнікі «Голасу Радзімы», наша рэдакцыя таксама бадай штогод у тых ганаровых спісах.

Што да кантактаў дзяржавы з суайчыннікамі ў замежжы, то дзейнічае Дзяржпраграма «Культура Беларусі» на 2021-25 гады, і ёсць падпраграма «Беларусы ў свеце»: у ёй прадугледжаны сродкі на такую важную работу. Да таго ж рэалізуецца і праект Упаўнаважанага «Адміністрацыйны рэгіён Беларусі — арганізацыя суайчыннікаў за мяжой». І летась па выніках работы 9 рэгіёнаў Беларусі адзначаны дыпломамі, 7 — Ганаровымі граматамі Упаўнаважанага. Гэты важны патэнцыял, адзначалася, варта выкарыстоўваць у стасунках з дыяспарай больш актыўна. І тут, мяркуем, ініцыятыва беларускіх суполак замежжа ў пару, калі ковід нібыта ўжо адступае, будзе ў рэгіёнах вельмі карыснай і запатрабаванай.

Якія асноўныя задачы на перспектыву ставяцца ў этнаканфесійнай сферы перад адпаведнымі дзяржорганамі ды іншымі зацікаўленымі? У ходзе калегіі яны агучваліся: далейшае развіццё супрацы з рэлігійнымі арганізацыямі, нацыянальна-культурнымі грамадскімі аб’яднаннямі ды суайчыннікамі — на аснове нацыянальных каштоўнасцяў беларускага народа. Надаецца ўвага патрыятычнаму выхаванню моладзі «ва ўмовах непарыўнай сувязі свабоды выбару з маральнай адказнасцю» — каб забеспечваць пры тым нацыянальную і стратэгічную бяспеку краіны. І, вядома ж, важна, каб у рабоце рэлігійных арганізацый, нацыянальна-культурных грамадскіх аб’яднанняў не было парушэнняў заканадаўства.

Са свайго боку мы ўдзячны службоўцам апарата, з якімі непасрэдна кантактуем па рабочых пытаннях, самому Упаўнаважанаму Аляксандру Румаку за іх высокі прафесіяналізм, падтрымку газеты «Голас Радзімы», а таксама і актывістаў суполак з беларускага замежжа ў нашай працы на карысць Бацькаўшчыны. Ёсць надзея, што ўзаемадзеянне будзе паглыбляцца, і тое паспрыяе ўмацаванню ўсяго Беларускага Мацерыка. І, вядома ж, міру і згодзе ў беларускім грамадстве, досведам збераджэння якога Беларусь гатовая дзяліцца з іншымі — каму ёсць у тым патрэба.

Іван ЖДАНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.