Вы тут

Непараўнальная прырода Вітольда Бялыніцкага-Бірулі


Да 150-годдзя з дня нараджэння вядомага беларускага і расійскага мастака, таленавітага пейзажыста Нацыянальны мастацкі музей падрыхтаваў персанальную выстаўку яго твораў, якая будзе доўжыцца да 10 красавіка ў залах новага (выставачнага) корпуса. Мастак пакінуў багатую спадчыну: каля 2000 яго жывапісных палотнаў, эцюдаў і эскізаў знаходзіцца ў шматлікіх музеях і прыватных зборах свету, аднак самая вялікая калекцыя — больш за 460 эцюдаў і завершаных карцін асноўнага фонду і больш за 160 навукова-дапаможнага — захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім.


«Возера ноччу. Вогнішча», 1930-я гг.

Няхай і са спазненнем, але хочацца сказаць некалькі слоў пра выставачны корпус НММ — новую пляцоўку сталіцы. Установа ў канцы мінулага года прэзентавала два рэканструяваныя карпусы — па адрасах Карла Маркса, 24 і Кірава, 25. Разам з галоўнымі будынкамі па вуліцы Леніна яны літаральна акрэсліваюць будучы музейны квартал. Ідэя стварыць такі праект з’явілася ў кіраўніцтва Нацыянальнага мастацкага шмат гадоў таму.

У корпусе на Кірава размяшчаюцца майстэрні рэстаўратараў, фондасховішчы і навуковая бібліятэка музея, а пляцоўка на Карла Маркса цалкам выставачная і ўжо некалькі месяцаў адкрыта для публікі. На першым паверсе знаходзіцца крама, якую перамясцілі з галоўнага корпуса ў абноўленым выглядзе (тут можна знайсці альбомы беларускіх класікаў і сучасных творцаў, выданні па тэорыі мастацтва, а таксама сувеніры з выявамі знакамітых і не вельмі твораў), на другім размясцілі кабінеты навуковых супрацоўнікаў музея, відэазалу і творчую студыю, якую ў далейшым плануюць выкарыстоўваць для інклюзіўнай работы з дзецьмі і дарослымі. Трэці і чацвёрты паверхі прызначаны для часовых экспазіцый.

Першымі праектамі, якія былі прадстаўлены ў гэтых сценах, сталі «Рух зямлі» і «Выратаваныя мастацкія каштоўнасці». Цяпер жа тут прадстаўлены тры грунтоўныя экспазіцыі — «Анатоль Анікейчык. Агонь душы і сэрца жар», «Ад партрэта да шаржа», прысвечаная творчасці мастака Міхаіла Лісоўскага, і праект да юбілейнай даты Вітольда Бялыніцкага-Бірулі. Пра першыя дзве абяцаем расказаць у наступным нумары, пра трэцюю паразважаем цяпер.

А зрабіць гэта складана. Што новага і арыгінальнага можна сказаць пра выдатнага майстра, чыя творчасць дэталёва вывучана папярэднікамі? Якімі словамі можна суправаджаць настолькі грунтоўную выстаўку ў Нацыянальным мастацкім? Тут справа хіба толькі ва ўражаннях, якія дае блізкае знаёмства як са знакамітымі, так і не вельмі вядомымі пейзажамі мастака. 

«Горкі Ленінскія. Верхняя сажалка», 1946 г.

«У аснове таленту пейзажыста заўсёды ляжыць шчырая любоў да прыроды. Зразумець, адчуць прыроду, здолець падслухаць яе гаворку не ўсім дадзена. Усё сваё жыццё я шмат працаваў, вучыўся, назіраў і прыслухоўваўся да маўчання і гаворкі прыроды», — так творца выказаў сваё стаўленне да пейзажа, свайго любімага жанру, у мемуарах «З запісак мастака», надрукаваных пасля смерці аўтара ў 1958 годзе. Вітольд Каэтанавіч валодаў незвычайным майстэрствам перадаваць прыгажосць самых разнастайных станаў прыроды. Большасць угадвае яго работы па выявах светлай вясны, празрыстага лета, аднак на выстаўцы дэманструюцца карціны, якія паказваюць, напрыклад, яркасць і змрок восені («Унылая пора, очей очарованье», 1936; «Горкі. Любімая алея Ільіча», 1945; «Паўдня палярнай восені», 1951; «Лес задрамаў», 1950). Аднак і яны вызначаюцца светлымі адценнямі і прыглушанымі колерамі. Сярод работ, якія таксама паказваюць хараство пахмурнасці, — «Вечар» (1904), «Каля млына» (1910), «Пачатак вясны» (1905), «Пахмурны дзень» (1892), «Паморская вёска Закамар’е» (1933), «Вёска старых памораў. Запаляр’е» (1933)... 

Як адзначаюць даследчыкі, у тым ліку і арганізатары выстаўкі, вясна, мабыць, часцей за ўсё знаходзіць адлюстраванне ў яго творах: менавіта гэтую пару года адрознівае багацце дзіўных станаў прыроды, якія хутка змяняюць адзін аднаго. І ўсе яе этапы адлюстраваны Вітольдам Бялыніцкім-Бірулем —больш як 200 палотнаў. На выстаўцы можна ўбачыць такія жыццесцвярджальныя і поўныя радасці і надзеі творы, як «Вясна ідзе» (1913), «Сакавіцкае змярканне» (1903), «Квітнеючы сад» (1907), «Хуткая рэчка» (1908), «Пачатак вясны» (1905), «Дні юнага мая» (1950).

Вітольд Бялыніцкі-Біруля — майстар так званага чыстага пейзажа, аднак у яго краявідах заўсёды адчуваецца прысутнасць чалавека, прасочваюцца рысы народнага разумення прыроды, народнага стаўлення да яе. Між тым Вітольд Каэтанавіч быў адным з тых мастакоў, дзейнасць якіх непасрэдна звязвала малады савецкі жывапіс са спадчынай рускага рэалістычнага мастацтва ХІХ стагоддзя. Ён не адасабляўся ад яркіх падзей таго часу, з’яўляючыся актыўным удзельнікам будаўніцтва новай мастацкай культуры. Так, у 1924 годзе творца падышоў да распрацоўкі тэмы, да якой потым неаднаразова вяртаўся ў 1940-х: ленінскія мясціны (на выстаўцы мы бачым, напрыклад, алеі парку, дзе гуляў Уладзімір Ільіч). А ў 1920–1930-я мастак здзейсніў творчыя паездкі ў саўгас «Гігант» (Растоўская вобласць), на «Азоўсталь», у Запаляр’е, наваколлі Архангельска. Вынік — вялікая колькасць карцін і эцюдаў, некаторыя з якіх можна ўбачыць на выстаўцы ў НММ. Асаблівай увагі заслугоўваюць некалькі эцюдаў з краявідамі Архангельскай вобласці, якія датуюцца 1944 годам. Галоўнае месца ў іх займае неба, такое звычайнае, пазнавальнае і кожны раз асаблівае, непаўторнае.

«Квітнеючы сад», 1907 г.

Мастак вельмі любіў у прыродзе пераходныя станы: калі на календары яшчэ зіма, але ўгадваецца вясна, калі сонца асвятляе зямлю, але адчуваецца подых ночы. Ён прыкмячаў самыя тонкія адценні ў зменах прыроды ў розныя моманты дня ці паравіны года і пранікліва адлюстроўваў усё іх багацце, усю складанасць. І, трэба сказаць, стваральнікі экспазіцыі зрабілі шмат для таго, каб гэтая пераходнасць адчувалася гледачамі. Колер фарбаў, тэматыка, настрой кожнай работы — усё гэта ўважліва адсочвалася куратарамі выстаўкі. Безумоўна, вельмі дарэчы ў экспазіцыі адзіны партрэт — выява паляўнічага Вітольда Бялыніцкага-Бірулі (канец 1910-х — 1921). Карціна належыць пэндзлю Мікалая Багданава-Бельскага, рускага мастака-перасоўніка, акадэміка жывапісу. Самастойна або з сябрамі, дома або ў іншых рэгіёнах Вітольд Каэтанавіч рэгулярна адпраўляўся ў лес са стрэльбай. Міжволі задумваешся аб тым, наколькі часта ў яго творчасці сустракаюцца жывёлы ці птушкі... На выстаўцы гэта адзіны твор — «На таку» (1940-я).

Мастак ніколі не вызначаўся разнастайнасцю тэм і матываў, аднак акрамя любімых пейзажаў часам звяртаўся да нацюрмортаў. Так, у экспазіцыі ёсць «Нацюрморт з цыкламенамі» (1940-я) і «Нацюрморт з пярэснай» (1940-я). Абедзве работы чапляюць выбарам колераў (даволі насычаны жоўты і ўмерана ружовы) і самімі адлюстраванымі аб’ектамі, якія вельмі незвычайна выглядаюць у канцэпцыі выстаўкі.

Дарэчы, звяртае на сябе ўвагу і «Пейзаж з капліцай» (1910-я), кампазіцыйна даволі падобны да знакамітага «Зімовага сну» (1911), за які мастак атрымаў бронзавы медаль на Міжнароднай выстаўцы ў Барселоне. Выразныя сродкі абедзвюх карцін лаканічныя, структурна яны складаюцца толькі з некалькіх плоскасцей і нешматлікіх ліній. Цэнтральнае месца ў гэтых творах адведзена храму на фоне неба. І там, і тут усё нібы патанае ў марыве надыходзячага вечара... Мазок жа крыху розніцца: у выпадку з прызнаным шэдэўрам ён амаль нябачны. Галоўнае ж адрозненне — адсутнасць на менш знакамітым пейзажы адзінокага паўмесяца, з-за чаго ён выглядае меней ціхамірным і чароўным.

«Рыбацкі пасёлак. Запаляр’е», 1933 г.

Гісторыкі мастацтва падлічылі, што з 85 гадоў жыцця творца пражыў у Расіі больш за сем дзесяцігоддзяў і толькі каля дзясяці гадоў — на беларускай зямлі. Жыў у Кіеве (наведваў заняткі ў Малявальнай школе Мікалая Мурашкі), Маскве і Цвярской губерні, дзе пабудаваў знакамітую дачу «Чайка». Пахаваны ж на Новадзявочых могілках... Аднак менавіта малая радзіма паўплывала на яго светаадчуванне. «Я — беларус, — казаў Вітольд Каэтанавіч. — Я нарадзіўся ў маёнтку каля Бялынічаў, на Магілёўшчыне. Там прайшлі мае дзіцячыя гады. Бацька быў арандатарам, служыў у Дняпроўскім параходстве. Выпраўляючыся ў рэйсы па Дняпры, Прыпяці, Сожы, часта браў мяне з сабою, што было найвялікшым шчасцем і радасцю, бо якраз тады, у тых паездках, я адкрыў ні з чым не параўнальную прыроду роднай Беларусі...» У 1944 годзе Бялыніцкаму-Бірулю было прысвоена званне народнага мастака БССР, а ў 1947 годзе — ганаровага акадэміка Акадэміі навук БССР. Афіцыйны візіт мастака на радзіму адбыўся ў тым жа 1947-м: «Я не быў больш за сорак гадоў у Беларусі. Але ніколі не забываў яе лясы, рэкі, азёры, бясконца родныя і блізкія майму сэрцу», — успамінаў Вітольд Каэтанавіч. Мастак амаль месяц працаваў у наваколлях Мінска, стварыўшы некалькі дзясяткаў эцюдаў, якія потым былі перапрацаваны ў цыкл карцін пра Беларусь. На выстаўцы ж у Мастацкім музеі экспануецца эцюд «Мінскія аколіцы. Белая дача. Яблыня ў квецені. Беларусь» (1947), вельмі цёплы і шчыры.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Друкуецца ў газеце «Літаратура і Мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пачым галоўны «зімовы прадукт»?

Пачым галоўны «зімовы прадукт»?

Давайце высветлім, пачым сёння наш галоўны прадукт «зімовага рацыёна», што ў асартыменце ў гэтым лістападзе і які від сала карыстаецца цяпер найбольшым попытам.

Грамадства

Не разбегліся падчас рамонту — жыць вам заўсёды разам

Не разбегліся падчас рамонту — жыць вам заўсёды разам

...Як ламае сумеснае актыўнае пераабсталяванне жылля добрыя сем’і, я ведаю не па чутках.

Эканоміка

Адзіны маёмасны плацеж

Адзіны маёмасны плацеж

Яго неабходна заплаціць да 15 лістапада.