Вы тут

Леуш Любіч: Удзячны за ўсё і ўсім!


Візітка нашага героя — песня «Акардэон уначы», дзякуючы якой у свой час яму дала зялёнае святло сама Прымадонна. Многія памылкова ўспрымаюць артыста за серба ці літоўца, але ж ён наш. Радзіма яго — прыгожы гарадок Баранавічы. У нашай размове спявак расказаў пра выпрабаванні, якія выпалі на яго лёс, і пра поспехі, што прыносяць радасць.


Хадзіў у храм і займаўся танцамі

— Леуш Любіч — гэта роднае, славянскае, цудоўнае, прыгожае імя, якое проста перакладаецца «ляўша», «умельца», той, які ўмее спяваць, радавацца... У маім родзе шмат леўшуноў, а, як мы памятаем з казак, ляўша мог і блыху падкаваць, і гэтым усё сказана. Вядома, у мяне ёсць афіцыйнае імя, але яно для пашпарта, храма, энергіі, Божай сілы, для падтрымкі анёла-ахоўніка. Я звычайны, просты хлопец, які нарадзіўся ў горадзе Баранавічы, дзе вучыўся, ствараў, танцаваў і спяваў. Спяваў у каталіцкіх храмах, а танцаваў у народных ансамблях «Лялькі», «Юрачка», «Юнацтва». Усё сваё жыццё іду творчым шляхам. Вядома, я і спортам займаўся — і цяжкай атлетыкай, і фехтаваннем, аднак па пэўным прычынам прыйшлося яго пакінуць.

Мая маці Ванда-Марыя Антонаўна вельмі цудоўна спявала, мне голас дастаўся ад яе. Яна не была прафесійнай спявачкай, працавала на фабрыцы мастацкіх вырабаў. А бацька быў дальнабойшчыкам, ён таксама цудоўна спяваў, іграў на баяне. Яго ўсе чакалі з рэйсу, каб запрасіць пабыць сватам на вяселлі ці тамадой. Таму гэты «падвешаны язык» мой крыху ад яго. Скажам так, я рос у нармальнай хрысціянскай творчай сям'і. За маё выхаванне я ім удзячны, бо па сёння не страціў ні душы, ні чалавечнасці.

Пасля перамогі на адным музычным конкурсе з'явілася прапанова накіраваць мяне, шасцігадовага хлопчыка, у музычны інтэрнат у Брэст, але бацькі мяне не аддалі. Мяне больш рыхтавалі да шляху рэлігіі. Я хадзіў у каталіцкі храм, пры гэтым усё роўна танцаваў, абараняў гонар школы, вучыўся ў музычнай школе па класе акардэона. Ды не пашанцавала з педагогам. Галоўнае што ў дзяцінстве? Падтрымаць дзіця, працягнуць руку дапамогі. Мне ж сказалі: ну хочаш — хадзі, не хочаш — не хадзі. Зразумела, мы спявалі ў сямейным коле, я займаўся ў гарадскім Доме культуры ў Баранавічах, пасля мне прапанавалі выступаць у хоры хлопчыкаў, дзе доўгі час быў салістам.

Але важную ролю ў лёсе адыграў мой цудоўны сусед — кампазітар Фёдар Жыляк. Я заўсёды бегаў за гэтым музыкантам, вельмі захапляўся ім. Любіў наведваць вяселлі, глядзеў, як там спяваюць, іграюць. Было і такое: людзі прыходзілі да нас дадому і прасілі ў маці, каб я паспяваў крыху на іх свяце. Канешне, бацькі дазвалялі, і я ішоў на вяселлі і спяваў там рэпертуар Пугачовай, Лявонцьева ды іншых артыстаў. Іншы раз музыканты нават мылілі мне твар, таму што я забіраў іх хлеб (смяецца). Вось такі быў пачатак маёй творчай кар'еры. І прыйшоў такі момант, калі мы пазнаёміліся з Федзем (Жыляком. — Аўт.) — ужо ў іншым узросце, калі мяне не прынялі ў мінскую кансерваторыю: не маглі вызначыцца, хто я: эстраднік альбо акадэміст.

Я рос у сям'і католікаў, з дзяцінства быў у гэтым — пры святарах, епіскапах. Наш хор з Баранавіч неяк паехаў у Чэнстахова, выступалі там перад папам Рымскім Іаанам Паўлам ІІ. Пасля выступлення я спытаў ва ўрсулянак, ці ёсць побач семінарыя ці манастыр. Яны адвялі мяне да францысканцаў... А праз нейкі перыяд прыйшло запрашэнне ў духоўную семінарыю. Бацькі былі ў шоку, у слязах, я ўсіх шакаваў сваім учынкам... Я вучыўся ў духоўнай семінарыі ў польскім горадзе Лодзь, мне падабалася. Але і там ад творчасці не адыходзіў. З нашымі братамі стварылі музычна-інструментальны ансамбль, перакладалі ўсе псалмы на эстрадны лад. На той момант я думаў, што святарства — мой шлях, стасаваўся з духоўнікамі. Гэта быў цудоўны час, бліскучая адукацыя... Я вучыў на чужой мове — польскай — грэчаскую, латынь, англійскую, італьянскую. Але аднойчы, вяртаючыся ў Баранавічы, сустрэў па дарозе святара Кшыштафа. Ён служыў у Астрахані і запрасіў мяне туды. І здарылася так, што ў Астрахані я... пайшоў на праслухоўванне ў музычны, драматычны тэатры і філармонію. Мяне прынялі салістам-вакалістам 12-га разраду ў музычны тэатр, паступіў у тэатральную студыю, пасля чаго працаваў у драматычным тэатры. Пэўны час была работца адміністратара: прадаваў квіткі зорак расійскай эстрады, каб неяк пракарміць сябе... Мае родныя ад мяне адвярнуліся, бо я абраў не рэлігію, а творчасць. Ну нічога — жыў-радаваўся, пасля, калі я ўвайшоў у асноўную трупу, шмат ставілі прэм'ер у тэатры.

Неяк прыехалі крытыкі з Масквы, з Піцера. Быў такі цудоўны чалавек Генадзь Рыгоравіч Дадамян, ён запрасіў мяне ў Маскву. Першы раз я паехаў і спазніўся. Калі пабываў у Маскве, зразумеў, што, акрамя яе, больш нікуды не хачу. Я з'ехаў з Астрахані, дзе скончыў яшчэ і кулінарныя курсы, якія спатрэбіліся мне ў расійскай сталіцы, — працаваў там у рэстаране «Піраміда», на Чаркізаўскім рынку. Дзе я толькі не працаваў, каб сябе пракарміць! Паступіў на навучанне ў Расійскі інстытут тэатральнага мастацтва, якое было платным, а яшчэ трэба было здымаць жыллё, вучыцца і працаваць. Навучанне каштавала немалых грошай. Пачаў займацца менавіта вакалам, запісваў каверы, пайшоў у мюзікл «Метро», пасля ў тэатр Гурвіча «Лятучая мыш», пачаліся здымкі ў кіно, у серыялах і г. д.

Сустрэчы і выпрабаванні

— Пасля сустрэў цудоўнага чалавека, якога пакахаў. Аказалася, што яна таксама з Баранавіч, завуць Вольга. Проста сябравалі, кантактавалі, паступова зразумелі, што створаны адно для аднаго. І ўжо жывём у шлюбе 22 гады, выхоўваем двух цудоўных дзетак. Жонка працуе ў сферы атамнай энергетыкі фінансістам. Нядаўна ездзілі ў Баранавічы: з жыцця пайшла наша любімая бабуля. Воліна мама Ганна Віктараўна, якая замяніла мне родную маці. Яна мяне любіла, за яе я малюся і буду заўсёды памятаць. Дзякуючы аўтару Ларысе Архіпенцы з'явілася кампазіцыя «Далёка за зоркамі», прысвечаная ўсім мамам, абавязкова яе запішу.

Быў вялікі адрэзак часу, калі я адсутнічаў у творчым жыцці. Мне прыйшлося на нейкі час пакінуць усё для таго, каб вылечыць сваіх сынкоў — у іх было генетычнае захворванне. Я зразумеў, што ніхто, акрамя мяне, не выратуе хлопчыкаў. Гэта вельмі цяжка, гэта па восем месяцаў у бальніцы, апарат Ілізарава, інвалідныя каляскі... І мне прыйшлося рабіць для сябе выбар: поспех (а я быў у той час вельмі паспяховым артыстам) ці здароўе дзяцей? Разумеў: ніколі не буду шчаслівым, калі ў мяне дома хворыя дзеці. Быў складаны, цяжкі шлях. Шмат гадоў прайшло — лячэнне, рэабілітацыя, пошук фінансаў — фондаў дапамогі тады не было. З Божай міласцю гэты шлях я пераадолеў.

Вярнуўся ў 2016 годзе з хітом «Магія» (аўтары Ларыса Архіпенка і Яўгеній Крупнік). З гэтай песняй трапіў у расійскую музычную прэмію «Вікторыя». А задоўга да гэтага, у 2008-м, сама Прымадонна дала мне зялёнае святло. У Алы Барысаўны была радыёстанцыя «Ала». І сябры, каб мяне падтрымаць, адправілі туды маю песню «Акардэон уначы», па якой мяне ўсе ведаюць. І песню ўзялі, а я на той момант быў у Ізраілі у рэкламным туры. Памятаю, вяртаюся адтуль, а мне звоняць з прэтэнзіяй: маўляў, што ж ты не сказаў, што гучыш на радыё «Ала»! Я быў у шоку, у мяне тады такая энергія адкрылася!

Мы яшчэ пабачымся!

— Пазалетась з песняй Фёдара Жыляка «Анёл над горадам» я прадстаўляў Беларусь і Расію ў Пецярбургу на фестывалі «Дабро». З песняй «Пажар» выязджаў на розныя конкурсы. Гэтым разам мы перапісалі «Анёл над горадам», крыху перарабілі разам з Гюнеш Абасавай і Ільёй Паляковым. Была надзея, што запросяць на «Славянкі базар», на жаль, пакуль не атрымалася. Аднак мы яшчэ пабачымся абавязкова. Я хацеў гэтай песняй падтрымаць і нашага Прэзідэнта, сказаць, што дзякуючы яму наша краіна квітнее, што мір, каханне і прыгажосць вышэй за ўсё. Мы ўжо не ведаю колькі гадоў сябруем з Гюнеш Абасавай. Гэтая дзяўчына нарадзілася ў Баранавічах, у нас з ёй агульны настаўнік Фёдар Жыляк, ён нас так выхаваў, і мы па жыцці разам з ёй як творчыя брат і сястра. І я ведаю, колькі гэта дзяўчына зрабіла для Беларусі, лічу яе артысткай № 1 у краіне. Ганаруся, што яна мой сябар. Хутка ў нас плануецца прэм'ера песні «Па-французску», якая ўжо гучыць на «Рускім радыё» ў Беларусі.

Мой галоўны дэвіз па жыцці — любі, што робіш, і рабі, што любіш. Жыві, нясі святло людзям, але пры ўсім гэтым, кім бы ты ні быў, заставайся чалавекам і будзь удзячны за ўсё і ўсім. Я ўдзячны Богу за маю жонку Вольгу, яна цудоўная, я вельмі яе кахаю і шаную. Дзякую лёсу, што маю магчымасць супрацоўнічаць з цудоўнымі творчымі людзьмі, кампазітарамі.

А ўвогуле, пачынаючы з 2002-га, у мяне выйшла больш за 45 твораў, альбом 2008-га «Дару табе», некалькі сінглаў, такія песні, як «Кахаю», «Я адзін, ты адна» аўтараў Любові Варапаевай і Мікалая Архіпава, прыгожы сінгл «Пажар» на музыку Tаnіа Wіlsоn і словы Яўгенія Абросімава. Кампазіцыя прынесла шмат перамог на міжнародных і еўрапейскіх конкурсах вакалістаў, выйграў прыз сімпатый гледачоў у міжнародным конкурсе «BUСАС SЕSLЕRІ — 2017» Гагаузія — Балгарыя, у 2019-м прывёз гран-пры з Македоніі (Еvrоfеst 2019).

Удзячнасць

— Мой галоўны дэвіз па жыцці — любі, што робіш, і рабі, што любіш. Жыві, нясі святло людзям, але пры ўсім гэтым, кім бы ты ні быў, заставайся чалавекам і будзь удзячны за ўсё і ўсім.

Я ўдзячны Богу за маю жонку Вольгу, яна цудоўная, я вельмі яе кахаю і шаную. Дзякую лёсу, што маю магчымасць супрацоўнічаць з цудоўнымі творчымі людзьмі, кампазітарамі.

У мяне вельмі шмат ідэй, задум, я перадаю маладым веды акцёрскага і вакальнага майстэрства, у мяне ёсць чым падзяліцца, ведаю, што параіць, я гатовы да любых размоў, стасункаў, сустрэч.

Мне пашанцавала, што Бог мяне пачуў, і, вядома, хочацца, каб Гасподзь і далей падтрымліваў.

Хачу пажадаць усім: беражыце сябе, асабліва ў такі цяжкі час, беражыце гэты маленькі куточак, наш «родны кут», нашу Беларусь. Ведаеце, у песні Гюнеш «Апаліла сэрца» ёсць такія словы — «Маем, ды не беражом, а як страцім — плачам зноў горка». Дык вось я хачу, каб наш цудоўны народ разумеў гэта.

Надзея ЗУЕВА

Фота з архіва спевака

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.