Вы тут

Як зберагчы і зрабіць даступнай гістарычную спадчыну?


Захоўваць гістарычную памяць у кніжных крыніцах, рабіць яе даступнай і папулярнай ва ўсім свеце — так вызначаюць адну з важных задач у рабоце Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі на сучасным этапе. А ўстанова сёлета святкуе 100-годдзе з моманту свайго ўзнікнення. З нагоды прыгожай даты і ў межах Года гістарычнай памяці рэалізоўваецца і ёсць у планах шмат праектаў. Пра гэта і распавялі нядаўна падчас сустрэчы з журналістамі прадстаўнікі бібліятэкі, выдавецтва «Беларусь» і Нацыянальнага архіва Беларусі.


Фота: pixabay.com

Для Нацыянальнай бібліятэкі ініцыятыва абвяшчэння 2022-га Годам гістарычнай памяці — гэта сапраўдны падарунак, лічаць яе супрацоўнікі. Бо гэта тое, чым яны займаюцца штодня на працягу ўсіх ста гадоў існавання бібліятэкі. Гэта ўстанова, якая арыентуецца найперш на гісторыю, культуру свайго народа. І зберажэнне нацыянальнай дакументальнай спадчыны — яе першы абавязак. Вельмі важнае дасягненне — напярэдадні юбілею ў бібліятэцы перасягнуты 10—мільённы аб'ём дакументаў уласных калекцый.

Сапраўды, у фондах установы можна знайсці самыя розныя крыніцы інфармацыі. Старажытныя рукапісы, летапісы, царкоўныя кнігі... Дарэчы, ужо цяпер больш як тры чвэрці наведвальнікаў Нацыянальнай бібліятэкі — гэта тыя, хто прыходзіць праз вэб-партал, які сёння становіцца галоўнай крыніцай інфармацыі пра Беларусь. Праз інтэрнэт-партал НББ можна атрымаць доступ да мільёнаў вывераных і аўтарытэтных навуковых крыніц пра нашу краіну. Ва ўстанове заўсёды адкрытыя да супрацоўніцтва. Так, летась ўбачыў свет альбом, прысвечаны Напалеону Ордзе і выявам беларускіх гарадоў, мястэчак, замкаў, палацаў ХІХ ст., зробленым гэтым мастаком, а сёлета выйшла кніга, дзе прадстаўлена гісторыя беларускага буквара.

Вядзецца работа і ў рэчышчы таго, каб аднаўляць і вяртаць тую дакументальную спадчыну, што была страчана ў няпростыя перыяды гісторыі. Напрыклад, перад Вялікай Айчыннай вайной у фондах бібліятэкі налічвалася каля двух мільёнаў дакументаў. А пасля яе завяршэння іх колькасць стала складаць каля 320 тысяч. Прыблізна 16 % фонду перажыло вайну. А ўсё астатняе было альбо знішчана, альбо вывезена за межы Беларусі акупантамі. І дагэтуль, на вялікі жаль, пакуль не ўсё здолелі аднавіць і вярнуць. І гэта таксама важная задача для далейшай работы.

Вольга Ваніна, намеснік дырэктара выдавецтва «Беларусь», распавяла пра работу, якую іх структура робіць для таго, каб папулярызаваць і выдаваць кнігі, якія дазволяць кожнаму больш даведацца пра гісторыю нашай краіны і яе герояў.

— Для нас таксама тэма гістарычнай спадчыны з'яўляецца пастаяннай. У нас ёсць шмат серый, прысвечаных гісторыі, і яны адрасаваныя чытачам розных узростаў. Так, мы працягнем выпуск выданняў з серыі «Беларусь памятае: у імя жыцця і міру», «Беларусь. Трагедыі і праўда памяці» — гэта кнігі пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны і пра ахвяры, масавыя ў той час. На чарзе ў нас выпускі, прысвечаныя Віцебскай, Магілёўскай абласцям, Мінскаму гета і Брэсту. Серыя будзе мець яшчэ шмат кніг. Бо такія старонкі гісторыі трэба для сябе адкрываць, і іх нельга забываць. Для юных чытачоў выходзіць серыя «Гісторыя для школьнікаў». Кнігі ў ёй напісаны простай і даступнай мовай, і кожная з іх прысвечана пэўнай падзеі беларускай гісторыі, пачынаючы ад старажытнасці. Сёлета плануем выпускаць кнігу сумесна з Інстытутам гісторыі і Нацыянальным архівам, прысвечаную дэпутатам Вярхоўнага Савета першага склікання БССР. Акрамя таго, у нас выходзяць кнігі пра культуру Беларусі. Цяпер у рабоце — выданні пра вадзяныя млыны, пра бортніцтва, пра народны каляндар беларусаў.

Што датычыцца Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, то і гэтай установай вядзецца актыўная дзейнасць па папулярызацыі і падрыхтоўцы новых выданняў, што захоўваюць праўду і сведчаць дакументальна пра падзеі нашай гісторыі. Як адзначыў Святаслаў Кулінок, загадчык аддзела публікацый Нацыянальнага архіву, яны таксама робяць пэўныя крокі для ўвядзення ў навуковы абарот дакументаў:

— Гістарычная спадчына — гэта дакументальная памяць, што захоўваецца ў архівах. І Нацыянальны архіў — найбуйнейшы захавальнік дакументаў па навейшай гісторыі Беларусі. Для любога архіва, як і для бібліятэкі, адна з найважнейшых задач — гэта захаванне дакументаў. Аднак мы не можам заставацца ў баку і перакананыя, што архівы павінны таксама займацца і папулярызацыяй, і ўвядзеннем у навуковы абарот дакументаў, — кажа Святаслаў Кулінок. — Толькі за апошнія пяць гадоў, з 2017 да 2021 года, архівам выдадзена 19 папяровых зборнікаў дакументаў, 3 электронныя мультымедыйныя зборнікі, адно даведачнае выданне, два буклеты. Для няпрофільнай установы гэта нядрэнны вынік. Апошнім часам мы працуем над вельмі важным для нашай краіны праектам — шасцітомнай серыяй «Без тэрміну даўнасці», дзе адлюстроўваюцца злачынствы нацыстаў і іх памагатых на нашых тэрыторыях супраць мірнага насельніцтва. Ужо ўбачылі свет чатыры кнігі, і сёлета мы плануем завяршыць гэтую серыю. Увогуле мы імкнёмся максімальна разнастаіць нашу публікацыйную работу. Нядаўна актывізавалася работа па падрыхтоўцы манаграфічных даследаванняў. І 2022 год для нас таксама вельмі важны. Напрыклад, плануем прадставіць выданне, прысвечанае творчасці партызанаў, дзе апублікуем шматлікія малюнкі, партрэты, звязаныя з баявой і дыверсійнай дзейнасцю, таксама ў ім знойдзе адлюстраванне партызанская сатыра і гумар. Хочацца таксама анансаваць нашы сумесныя з НББ мультымедыйныя праекты. Так, ідзе работа над серыямі «Перасяленцы з БССР» і «НЭП у БССР».

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.

Здароўе

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

«Апрацоўваць гародніну і садавіну сродкам для мыцця посуду нельга».

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».